БАЛЕ́Т (франц. ballet ад позналац. ballare танцаваць),
від сцэнічнага мастацтва, змест якога выяўляецца ў музычна-харэаграфічных вобразах; вышэйшая форма харэаграфіі.
Належыць да сінт. відаў маст. твор-часці. Аб’ядноўвае музыку, харэаграфію (танец і пантаміму), выяўл. мастацтва. Асновай харэагр. вобраза з’яўляецца танец; у балет уключаюць розныя віды танца: класічны, характарны, народна-сцэнічны, гратэскавы, мадэрн, рытмапластычны, свабодную пластыку. Аснова балета — дзейны танец. Пэўную ролю ў балеце адыгрываюць дывертысмент і пантаміма. Вобразна адлюстроўваючы рэчаіснасць, балет з уласцівай яму ўмоўнасцю здольны да паэт. абагульненняў, увасаблення жыццёвых канфліктаў, сцвярджэння ідэалаў прыгожага. Існуюць балеты-трагедыі і балеты-камедыі, балеты-п’есы і балеты-сімфоніі, балеты сюжэтныя (блізкія да драм. спектакля) і бессюжэтныя, або сімфанічныя (у іх аснове сімф. танец), шматактовыя і аднаактовыя, харэагр. мініяцюры.
Як самаст. від мастацтва складваўся ў Еўропе ў 16—18 ст. (першы спектакль «Камедыйны балет каралевы» паст. ў Францыі ў 1581) і пашырыўся ва ўсім свеце. Тэрмін «балет» узнік у канцы 16 ст. ў Італіі і, як правіла, абазначае еўрап. класічны балет; з 20 ст. так называюць і спецыфічныя танц. паказы, што склаліся ў краінах Азіі, Афрыкі, Усходу. Эстэтыка балета ўвабрала рысы розных маст. кірункаў — класіцызму, рамантызму, імпрэсіянізму, сентыменталізму і інш. Станаўленне балета (18—19 ст.) звязана найперш з Францыяй (харэографы Ж.Ж.Навер, Ж.Даберваль, Ф.Тальёні, Ж.Перо), Даніяй (К.Бурнанвіль), Расіяй (І.Вальберх, Ш.Дзідло і А.Глушкоўскі, М.Петыпа, Л.Іваноў, М.Фокін, А.Горскі і інш.). У 20 ст. балетнае мастацтва пашырылася ва ўсім свеце. Вял. ўплыў на яго развіццё зрабілі дзейнасць Фокіна і Рускія сезоны ў Парыжы (з 1909), гастролі Г.Паўлавай, а таксама «свабодны» танец А.Дункан, танец мадэрн (М.Грэхем і інш.), рытмапластычны танец (М.Вігман і інш.). У 1920—30-я г. цэнтрам балетнага мастацтва была Францыя, дзе працавала трупа Рускі балет Дзягілева і створаныя пазней на яе аснове калектывы. У пастаноўках Л.Мясіна, Б.Ніжынскай, Дж.Баланчына, пазней С.Ліфара (1930—50-я г.) атрымалі развіццё фокінскія традыцыі ў спалучэнні з нац. асаблівасцямі. У Вялікабрытаніі ў 1930-я г. пачаў развівацца балет, заснаваны на традыцыях рус. мастацтва, але блізкі да англ.т-ра пантамімы. У ЗША пераважаў танец мадэрн; пастаноўкі Грэхем, Д.Хамфры, пазней Х.Лімона ўзнімалі складаныя сац. і псіхал. праблемы. З 1940-х г. у ЗША і краінах Зах. Еўропы на аснове бессюжэтных балетаў Баланчына пашырыліся т.зв. «сімфанічныя» балеты. Для сучаснага зарубежнага т-ра характэрна разнастайнасць стыляў, жанраў і формаў. Часта балетам наз. харэагр. творы ад бессюжэтнай мініяцюры да шматактовага сінт. відовішча, у якое ўводзяцца спевы, кінакадры, дэкламацыя, шумавыя і светлавыя эфекты, лялькі («татальны тэатр» М.Бежара). Найб. пашыраны аднаактовы балет. Сярод вядомых замежных труп: «Балет XX стагоддзя» на чале з Бежарам, «Балет Елісейскіх палёў» і «Балет Парыжа» (стваральнік абодвух Р.Пці), «Амерыканскі тэатр балета», «Нью-Йоркскі гарадскі балет». У развіццё рас. балетнага мастацтва вял. ўклад зрабілі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, К.Галяйзоўскі, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, А.Ермалаеў, Р.Захараў, Н.Касаткіна і У.Васілёў, Ф.Лапухоў, Л.Лаўроўскі, Б.Эйфман, Л.Якабсон і інш.
Вытокі бел. харэагр. мастацтва ў глыбокай старажытнасці — у гульнях, абрадах, карагодах, дзе танец быў неаддзельны ад песні, гульні, акцёрскага дзеяння. Першыя прафес. танцоры-скамарохі вядомыя на Беларусі з 12 ст.Пач. формы харэагр. мастацтва мелі школьны тэатр, нар. драма, батлейка. Перыяд уздыму танца-балета на Беларусі — 16 ст., калі ў прыватнаўласніцкіх замках і буйных сядзібах дзейнічалі прыватныя балетныя трупы (гл.Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Слуцкі тэатр Радзівіла, Слонімскі тэатр Агінскага, Шклоўскі тэатр Зорыча, Ружанскі тэатр Сапегаў), балетныя школы (Гродзенская музычна-тэатральная школа, Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Шклоўская балетная школа). Найб. таленавітыя бел. прыгонныя танцоры [А.Дарэўская, А.Бжазінскі, М.Малінская, К.Азарэвіч (гл.Азарэвічы), К.Буткевіч, Р.Бекер, М.Рымінскі і інш.] пазней выступалі на варшаўскай і пецярбургскай сцэнах. У 1840-я г.бел. артысты працавалі ў Віцебскім балеце Піёна. Нац. балетны т-р узнік на пач. 1920-х г. Першыя балетныя спектаклі, у т. л. «Капелія» Л.Дэліба, «Зачараваны лес» Р.Дрыга, пастаўлены ў 1920-я г. К.Алексютовічам на сцэне БДТ, які меў і балетную трупу. Беларуская студыя оперы і балета (1930—33) паслужыла асновай для стварэння Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь (першая харэагр. паст. «Чырвоны мак» Р.Гліэра). Значнай вяхой у гісторыі бел. балета стаў першы нац. балет «Салавей» М.Крошнера (паст. 1939, 1940). Пошукі нац. своеасаблівасці працягваліся пры паст.нац. балета «Князь-возера» В.Залатарова (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950), «Падстаўная нявеста» (1958), «Святло і цені» (1963), «Пасля балю» (1971) Г.Вагнера, «Мара» (1961), «Альпійская балада» (1967), «Тыль Уленшпігель» (1974, 2-я рэд. 1978) Я.Глебава, «Страсці» («Рагнеда», 1995) А.Мдывані, «Кругаварот» («Народны трылер», 1996) А.Залётнева і інш. У пастаноўках В.Елізар’ева «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» (2-я рэд., 1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988) на высокім узроўні ўвасабляюцца грамадска значныя філас. тэмы, інтэнсіўна абнаўляюцца сродкі выразнасці, фарміруюцца новыя прынцыпы харэагр. паэтыкі і эстэтыкі. У 1970—90-я г.бел. балет атрымаў міжнар. прызнанне ў час гастроляў у краінах Еўропы, Лац. Амерыкі, ЗША, Азіі і інш. Балеты бел. кампазітараў паст. ў Маскве, С.-Пецярбургу, Ніжнім Ноўгарадзе, Новасібірску, Львове, Самары, Чэлябінску, Хельсінкі. У Мінску працуе Дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Красовская В. Западноевропейский балетный театр: Очерки истории: От истоков до середины XVIII в. Л., 1979;
Яе ж. Русский балетный театр от возникновения до середины XIX в. Л.;
М., 1958;
Яе ж. Русский балетный театр второй половины XIX в. Л.;
М., 1963;
Слонимский Ю. Советский балет: Материалы к истории сов. балетного театра. М.; Л., 1950;
Чурко Ю.М. Белорусскнй балет. Мн., 1966;
Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983;
Яе ж. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Мушинская Т.М. Гармония дуэта. Мн., 1987;
Яе ж. Гаркавы смак ісціны: Партрэты. Мн., 1993;
Гришенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Т.М.Мушынскі.
Сцэна з балета «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава. 1978.Сцэна з балета «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага. Вялікі балет маркіза дэ Куэваса. Парыж. 1960.Сцэна з балета «Жызэль» А.Адана. Парыжская опера.Сцэна з балета «Князь-возера» В.Залатарова. 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),
галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв.археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.
Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял.франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.Ю.Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.Я.Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.Шліман, А.Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.С.Уварава, Д.Я.Самаквасава, Л.К.Іваноўскага, У.І.Сізова, А.А.Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.
На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.Нарбут, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.П.Тышкевічы, А.Г.К.Кіркор, Е.Р.Раманаў, У.З.Завітневіч, В.А.Шукевіч, М.Ф.Кусцінскі, М.М.Турбін, Г.Х.Татур, Л.Ю.Лазарэвіч-Шапялевіч, З.Глогер, М.В.Фурсаў, С.Ю.Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел.АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.М.Ляўданскі, К.М.Палікарповіч, С.А.Дубінскі, А.Дз.Каваленя, І.А.Сербаў, С.С.Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.Галубовіч, Г.Цэгак-Галубовіч, З.Шмід, З.Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.Дз.Будзько, У.Ф.Ісаенка, М.М.Чарняўскі, У.П.Ксяндзоў, А.Г.Калечыц, Э.М.Зайкоўскі, В.Ф.Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.Р.Мітрафанаў, Л.Д.Побаль, К.П.Шут, В.І.Шадыра, В.С.Вяргей, М.І.Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.Р.Тарасенка, Г.В.Штыхаў, Э.М.Загарульскі, П.Ф.Лысенка, Я.Г.Звяруга, М.А.Ткачоў, З.С.Пазняк, Т.С.Бубенька, В.М.Ляўко, Л.У.Калядзінскі, В.Е.Собаль, Ю.А.Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.У.Дучыц, Я.Р.Рыер, У.У.Багамольнікаў, Т.М.Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.А.Трусаў, А.К.Краўцэвіч, В.У.Шаблюк, І.М.Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.В.Аляксееў, І.І.Арцёменка, Ф.Д.Гурэвіч, Н.М.Гурына, Ю.У.Кухарэнка, В.М.Мельнікоўская, П.А.Рапапорт, Г.Ф.Салаўёва, Э.А.Сымановіч, В.В.Сядоў, П.М.Траццякоў).
Літ.:
Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992;
Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл.Мн., 1993.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Да арт.Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНАЗНА́ЎСТВА,
галіна мастацтвазнаўства; навука, якая вывучае кінамастацтва, яго спецыфіку, заканамернасці развіцця, сацыяльна-эстэт. ролю ў грамадстве, узаемаадносіны з інш. мастацтвамі, віды і жанры кінематографа, выразныя сродкі, працэс стварэння кінафільмаў, іх пракат і ўспрыняцце гледачамі. Уключае таксама гісторыю і тэорыю кіно, кінакрытыку, кінабібліяграфію і фільмаграфію. Развіваецца ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі, асабліва з эстэтыкай, сацыялогіяй, псіхалогіяй.
К. ўзнікла адначасова са з’яўленнем кіно. У 1910-я г. станаўленне сусв. К. адбывалася ў рэчышчы агульнаэстэт. пошукаў: работы К.Ланге, П.Вегенера, Х.Хефкера (Германія), Дж.Папіні, Э. Дэ Амічыса, Р.Кануда (Італія), В.Ліндсея, Г.Мюнстэрберга (ЗША) і інш. У Расіі гэты працэс асэнсоўваўся ў часопісах, у 1916 выдадзены зб. «Уся кінематаграфія». Гэтыя пошукі падсумаваны ў першай кіназнаўчай кнізе Л.Дэлюка «Фотагенія» (1920, Францыя). У канцы 1920 — пач. 1930-х г.найб. значнай тэмай былі дыскусіі пра гукавое кіно (маніфест М.Паньёля «Парыжская сінематургія», 1933). Важныя эстэт. сінтэзы ў кінатэорыі зроблены ў творах Р.Арнгайма, Э.Панофскага, В.Беньяміна (Германія), Х.Рыда (Вялікабрытанія), Я.Мукаржаўскага (Чэхія) і інш. Пытанні сац. адказнасці кіно разглядалі Дж.Грырсан, П.Рота (Вялікабрытанія). У 1930—40-я г. тэорыі авангардызму змяніліся эстэт. і сацыялагічнымі абагульненнямі, падыходам да кіно як да цэласнай сістэмы (Р.Спотысвуд у Вялікабрытаніі, А.Аструк у Францыі і інш.). У італьян. К. пашырылася тэорыя неарэалізму, развіццё якой адзначыла новы этап у зах. К. і станаўленне фенаменалагічнай кінатэорыі ў 1950—60-я г. (А.Эйфр, А.Ажэль, Р.Мюнье). Развівалася тэорыя кінарэалізму (А.Базен, З.Кракаўэр), сцвярджалі тэорыю «прамога кіно» — Ж.Руш, К.Маркер, М.Руспалі, «аўтарскага кіно» — Ж.Даніёль-Валькроз, П.Каст. Ф.Труфо, Э.Рамер, семіётыку кіно — Ж.Мітры і інш. З 1970-х г. у зах. К. склаўся шэраг кірункаў, якія вывучалі кіно праз прызму розных методык. Уклад у развіццё гісторыі кіно зрабілі Дж.М.Куасак, Т.Рэлуі, Рота, М.Бардэш, Р.Бразіяк, Ж.Садуль, Мітры і інш. У СССРдарэв. кіно вывучалі Б.Ліхачоў, М.Іезуітаў, С.Гінзбург, М.Лебедзеў і інш.Сав. кінамастацтва часцей асэнсоўвалі самі яго дзеячы, кіназнаўцы і крытыкі (С.Эйзенштэйн, Л.Куляшоў, У.Пудоўкін, Дз.Вертаў, В.Шклоўскі, Ю.Тынянаў, А.Піятроўскі). У 1950-я г. створана гіст.-метадалагічная праца «Нарысы гісторыі савецкага кіно» (т. 1—3, 1956—61). Перыяд нямога кіно даследаваў Лебедзеў («Нарыс гісторыі кіно СССР», 1947; 2-е выд., 1965). У 1960-я г. выдадзены работы Эйзенштэйна, Пудоўкіна, А.Даўжэнкі, Вертава, Э.Шуб, Куляшова і інш. Даследаваўся замежны кінематограф, выдаваліся творы тэарэтыкаў кіно Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі, ФРГ, ЗША і інш., артыкулы і сцэнарыі рэж. Ф.Феліні, Л.Вісконці, М.Антаніёні, І.Бергмана, манаграфіі пра дзеячаў айч. і замежнага кінематографа. Выкладчыкі Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі стварылі «Кароткую гісторыю савецкага кіно» (1969). У 1969—78 з удзелам кіназнаўцаў рэспублік выдадзена 4-томная «Гісторыя савецкага кіно». У 1970-я г. пачалося выданне серыі гіст.-навук. работ па нац. кінематаграфіі.
У 1980-я — пач. 1990-х г. выйшла некалькі манаграфій, зборнікаў, даведнікаў. З 1988 НДІ кінамастацтва Кінакамітэта Расіі, Эйзенштэйнаўскі цэнтр даследаванняў кінакультуры і маск. Музей кіно выдаюць час. «Киноведческие записки».
Станаўленне бел. кіно ў 1920—30-я г. асвятлялася ў перыяд. друку. Пасля Вял.Айч. вайны сродкі масавай інфармацыі асвятлялі асн. праблемы бел. кінематографа, выходзілі артыкулы пра кінадраматургію, рэжысуру, тэматычную скіраванасць кінастудыі «Беларусьфільм», экранізацыю твораў бел. пісьменнікаў і драматургаў. Артыкулы па К. змяшчаліся ў навук. зборніках АН Беларусі, выдаваліся брашуры пра пачынальнікаў бел. кіно і інш. У 2-й пал. 1950—60-х г. прыход новых творцаў, пашырэнне кінавытв-сці і павышэнне маст. ўзроўню фільмаў садзейнічалі станаўленню К. У 1957 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі створаны сектар тэатра, кіно і музыкі, на аснове якога ўзнік сектар тэатра і кіно (з 1977 сектар кіна- і тэлемастацтва). У «Весцях АНБССР» і інш. выданнях друкаваліся артыкулы аб фільмах-спектаклях, кінапубліцыстыцы, героіка-патрыятычнай і сучаснай тэматыцы ў даваен. і пасляваен. бел. кінамастацтве (зб-кі «Беларускае мастацтва», 1957, 1962; «Праблемы сучаснага беларускага мастацтва», 1968). Першая манаграфія, прысвечаная гісторыі кінамастацтва Беларусі, — «Беларускае кіно» А.Красінскага, В.Смаля, Г.Тарасевіча (1962). Станаўленне і асн. этапы развіцця бел. кінематаграфіі 1920—60-х г. асветлены ў «Гісторыі беларускага кіно» (ч. 1—2, 1969—70). Спецыфіку вобразнасці ў кінапубліцыстыцы даследавалі Е.Бондарава, Л.Шылава («Нарыс на экране», 1969), Н.Фральцова («Тэлебачанне: хроніка, дакумент, вобраз», 1977), віды і жанры кіно, спецыфіку кінавобраза — В.Нячай, Г.Ратнікаў («Асновы кінамастацтва», 1978). Гісторыя бел. кіно выкладзена ў працы Красінскага «Экран зямлі беларускай» (1973). Розныя бакі кінамастацтва Беларусі, творчасць сцэнарыстаў, рэжысёраў, аператараў, кінамастакоў, асн. праблемы дакумент. і ігравога кіно адлюстраваны ў калектыўных зборніках «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), кнігах «Размовы каля экрана» (1973), Смаля «На экране — герой і народ» (1974), «Чалавек. Вайна. Подзвіг» (1979), «Праз прызму дзесяцігоддзяў» (1980); Красінскага «Беларускія акцёры ў кіно» (1973), «Кінадакумент і вобраз часу» (1980), «Кіно: ігравое плюс дакументальнае» (1987). Заснавальнікам бел. кіно Ю.Тарычу і У.Корш-Сабліну прысвечаны манаграфіі «Юрый Тарыч» Красінскага (1971) і «Кінастужка даўжынёю ў жыццё» Бондаравай (1980). Творчасць В.Турава разглядаецца ў манаграфіі Л.Паўлючыка «Ад споведзі да эпаса» (1985). Здабыткі і праблемы кінамастацтва і кінакрытыкі даследаваны ў працах Бондаравай «У кадры і за кадрам» (1973), «Час, экран, крытыка» (1975), «Экран у розных вымярэннях» (1983), «Кінематограф і літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў на экране» (1993). Узаемадзеянню кінамастацтва з грамадствам і яго ўплыву на гледача прысвечаны манаграфіі Красінскага «Фільмы, героі, час» (1975), С.Міхайлавай «Актыўны экран» (1979). Спецыфіка тэлеэкрана разглядаецца ў кнігах Нячай «Экран і мы» (1971), «Фільм у нас дома» (1974), «Вялікі свет малога экрана» (1976), «Тэлебачанне як мастацкая сістэма» (1981), замежныя фільмы на айч. экранах — у яе працах «Аб густах спрачаюцца» (1986), «Экран выкрывае» (1987). Значным укладам у К. стала даследаванне Ратнікава «Жанравая прырода фільма» (1990). Актуальныя праблемы творчага працэсу асвятляюцца ў час. «На экранах», «Мастацтва», у артыкулах Фральцовай, А.Бабковай, Л.Саянковай, В.Мядзведзевай, Н.Агафонавай, І.Аўдзеева і інш. У 1996 выдадзены даведнік-каталог «Усе беларускія фільмы», складзены Аўдзеевым і Л.Зайцавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ТНАЕ ПІСЬМО́, натацыя (ад лац. notatio запісванне, абазначэнне),
сістэма графічных знакаў для запісу музыкі, а таксама сам запіс.
Узнікла ў старажытнасці. Першапачаткова перададзеныя па слыху мелодыі абазначаліся піктаграфічным спосабам (з дапамогай выяў) або на аснове алфавітаў, ідэаграфічнага (іерагліфічнага) пісьма і лічбаў (вызначалі ў асн. вышыню гукаў, зрэдку рытм). Найб.стараж. сістэмы натавання кітайская (1300 да н.э.), вавілонская (800 да н.э.), індыйская і грэч. (400 да н.э. — 400 н.э.). У сярэднія вякі для натавання літургічнай музыкі найб. карысталіся неўменным пісьмом (спец. знакі — неўмы — пісаліся над словамі тэксту для напаміну мелодыі песнапенняў). Паступова для больш дакладнага абазначэння вышыні неўмаў пачалі карыстацца лініямі, якія не паказвалі дакладную вышыню гукаў, але дазвалялі адрозніваць гукі адносна больш нізкія і больш высокія. Колькасць такіх ліній дасягала 18; яны як бы ўзнаўлялі на паперы струны муз. інструмента. У 11 ст.Гвіда д ’Арэца ўвёў 4 нотныя лініі (прататып сучаснага нотнага стану). У пачатку ліній ён змяшчаў літарныя знакі (прататыпы сучасных ключоў), што пазначалі дакладную вышыню запісаных на лініях гукаў. Пазней неўменныя знакі заменены квадратнымі або ромбападобнымі нотнымі галоўкамі (пазначалі толькі вышыню гукаў). Неўменным Н.п. найчасцей запісвалі грыгарыянскі харал (адсюль назва харальная натацыя). У канцы 12 ст. пачалі пазначаць працягласць гукаў, узнікла мадальная натацыя. вытокам якой былі старагрэч. стопы — модзі (адсюль назва). У пач. 14 ст. ўзнікла т.зв.мензуральнае Н.п. Яно адначасова фіксавала вышыню і працягласць гукаў (апошнюю вызначала форма нотных галовак) і служыла пераважна для запісу ансамблевай музыкі. Знакі мензуры, якія ўстанаўлівалі 3- або 2-дольнасць кожнай нотнай працягласці, змяшчаліся ў пачатку нотнага радка. пры змене мензуры — у сярэдзіне нотнага тэксту. Знакі паўз адпавядалі мензуральным працягласцям і насілі іх назвы. У 15—17 ст. існавала таксама літарная. або лічбавая сістэма, т.зв. табулатура, для запісу сольнай інстр. музыкі, якая мела шмат разнавіднасцей адпаведна асаблівасцям асобных інструментаў (напр., клавішная. або арганная, лютневая, гітарная, скрыпічная, для цытры, флейты і інш.). Існавалі і нац. табулатуры: ням.. ісп., франц., італьян. і найб.стараж. — англійская (каля 1325). Ва. Усх. Еўропе існавалі самаст. візантыйская (10—18 ст.) і стараж.-руская неўменныя сістэмы натацыі. Найб.стараж. візантыйскія помнікі запісаны экфанетычным Н.п. (9—11 ст.), якое пазначала акцэнты і муз.-рэчытатыўныя інтанацыі літургічных тэкстаў. рытарычныя фігуры (пытанне, вокліч, сцвярджэнне), у пач. 12—15 ст. — вышыню кожнага гуку і акцэнтна-рытмічную структуру мелодыі. У 15 ст. ўведзены дадатковыя знакі для запісу мелізматычных формул. Стараж.-рус. безлінейная сістэма знаменнага Н.п., як і сам знаменны спеў (роспеў), была ўласціва помнікам пісьмовай муз. культуры рускіх, беларусаў, украінцаў, балгар, сербаў, харватаў і інш. У Расіі ў канцы 11—17 ст. існавала безлінейнае знаменнае, стаўпавое або крукавое Н.п. (гл.Крукі). Напачатку яно ўяўляла сабой разнавіднасць ідэаграфічнага неўменнага пісьма — знакі паказвалі асобныя інтанацыі або матывы, а не дакладную вышыню і працягласць гукаў. У 2-й пал. 16 ст. ўведзены кінаварныя паметы, якія паказвалі не толькі вышыню. але і колькасць гукаў, іх напрамак і працягласць. Знакі знаменнага Н.п. адпавядалі 1, 2, 3. 4 і больш гукам, часам цэлым папеўкам, т.зв. какізам. Найб. развітыя мелодыі былі звязаны з тайназамкнёнымі знакавымі зваротамі — ліцамі і фітамі (дайшло больш за 900). Зберагліся фітнікі — зборнікі, дзе змешчаны фіты ў іх графічным абрысе і назве, а таксама з разводам (перакладам на больш даступныя і агульнаўжывальныя знакі безлінейнага Н.п.). Існавалі таксама стараж.-рус. безлінейная кандакарная муз. сістэма (ад грэч. кандак — кантак — палачка, на якую нагортвалі скрутак пергаменту), дзямественная, пуцявая і казанская сістэмы Н.п. (канец 16—17 ст.). У сярэдзіне 17 ст. ўзнікла 5-лінейнае квадратнае кіеўскае Н.п. (занесена ў Расію выхадцамі з Беларусі і Украіны). У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі існавала лічбавая нотная сістэма — цыфір, дзе ноты замяняліся лічбамі. Цыфір’ю надрукаваны 2 зб. «Лепта» (1890, 1914), дзе змешчаны рус., бел. і ўкр.канты і псальмы.
На Беларусі ўжо з 2-й пал. 15 ст. вядома квадратная лінейная натацыя на ўзор ранняй чэшскай, якою запісаны Істэбніцкі канцыянал Яна Гуса (1420). У 1-й пал. 16 ст. паявіліся друкаваныя зборнікі з 5-лінейнай неўменнай зах.-еўрап. натацыяй (гл.Канцыяналы). Першы бел. рукапісны зборнік з 5-лінейным кіеўскім Н.п. — «Супрасльскі ірмалагіён» (1598—1601). Зборнік бел. музыкі «Полацкі сшытак» (16—17 ст.) напісаны квадратнай кіеўскай і круглай італьян. нотай, што ляжыць у аснове сучаснага Н.п. Перавага сучаснага Н.п. ў нагляднасці абазначэння гукавышыннага становішча нот і іх метрарытмічных суадносін, у наяўнасці ключоў, якія дазваляюць карыстацца нотным станам для запісу розных дыяпазонаў муз. гукарада, абмежавацца 5-лінейнай нотнай сістэмай і толькі зрэдку звяртацца да дадатковых ліній і вызначэнняў. Элементы сучаснага Н.п. — 5-лінейны нотны стан, ключы, якія паказваюць вышыннае значэнне яго ліній, нотныя знакі — ноты і іх розныя элементы, што выяўляюць адносную працягласць гукаў паводле матэм. прынцыпу дзялення на 2 кожнай нотнай (часавай) долі; знакі альтэрацыі пры ключы, якія фіксуюць вышыню дадзенай ступені на працягу ўсяго твора, і пры асобных нотах (выпадковыя) для змены вышыні ступені толькі ў дадзеным такце і актаве; вызначэнні метра, ці колькасці часавых долей у дадзеным такце і іх працягласці; дадатковыя знакі для павелічэння працягласці гуку (кропка. фермата. ліга), аб’яднання некалькіх нотных станаў у агульную нотную сістэму ў адпаведнасці з магчымасцямі інструмента, ансамблевых, хар. і аркестравых складаў. Існуе і развітая сістэма дадатковых абазначэнняў — нюансаў тэмпавых (allegro, andante, adagio, presto і ў лічбах ваганняў маятніка метранома), дынамічных і тых, што ўказваюць на прыёмы выканання, характар выразнасці і інш., што дае магчымасць фіксаваць музыку больш дакладна. З паяўленнем новых муз. плыней 20 ст. адбываецца. з аднаго боку, далейшае ўдакладненне і ўзбагачэнне выканальніцкіх пазначэнняў, пашырэнне іх комплексу, з другога — адмаўленне ад дакладнай пісьмовай фіксацыі муз. твораў, магчымасць нотнага запісу ў выглядзе шэрагу накідаў, свайго роду муз. графікі, спецыфічныя формы запісу, прызначаныя для абазначэння ў тэксце асобых эфектаў гучання і інш.
Літ.:
Ластоўскі В.У. Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926;
Нюрнберг М. Нотная графика. Л., 1953;
Бражников М.В. Древнерусская теория музыки. Л., 1972;
Rybaric R. Vývoj európskeho notopisu. Bratislava, 1982.
Л.П.Касцюкавец.
Да арт.Нотнае пісьмо. Неўменная натацыя.Да арт.Нотнае пісьмо. Італьянская лютневая табулатура. 1507.Да арт.Нотнае пісьмо. Фрагмент трохрадковага песнапення з пеўчага рукапіснага зборніка 1-й пал. 17 ст. Дзямественная натацыя.Да арт.Нотнае пісьмо. Сучасная натацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСЦІ́НА,
гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.
Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т. л.Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч.тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.
У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале з Макавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст.н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах. бераг р. Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах. бераг р. Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі з б.ч.араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю 3/4тэр.Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.
Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст.н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). З арх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст.яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв.яўр. стыль (сюжэты з яўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.Мансур, Н.Сумі, У.Тамары, І.Шамут, М.Хаграс і інш.). У традыц.нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт.Іарданія, Ізраіль.
Літ.:
Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.
У.С.Кошалеў (гісторыя).
Да арт.Палесціна. У.Тамары. Жывыя карані. 1974.Да арт.Палесціна. Н.Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.Да арт.Палесціна. С.Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),
1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт.Літаратуразнаўства).
2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.
3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв.літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.
Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.Буало, В.Традзьякоўскага, М.Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас.рэв. дэмакратаў (В.Бялінскага, М.Дабралюбава, М.Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.Весялоўскі, А.Патабня, С.Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.Тынянаў, Б.Эйхенбаум, В.Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.Жырмунскага, В.Вінаградава, Дз.Ліхачова, М.Храпчанкі, М.Гаспарава і інш.
На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.Чачот і пра нар. вершаскладанне І.Насовіч.
У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел.функцыян. П. папоўнілася працамі А.Вазнясенскага («Паэтыка М.Багдановіча», 1926), Я.Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.Акушкі, публікацыях А.Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.Грынчык, А.Кабаковіч, В.Рагойша, І.Ралько, В.Славецкі, В.Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.Шпакоўскі, А.Яскевіч), П. празаічных твораў (В.Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.Матрунёнак), стылю (М.Арочка, В.Бечык, Л.Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.Барташэвіч, Н.Гілевіч, А.Ліс, Л.Салавей, А.Фядосік. І.Цішчанка, М.Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.Гутараў, М.Лазарук, А.Ленсу, А.Майсейчык, М.Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.Макарэвіч, Рагойша).
Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.
Літ.:
Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;
Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;
Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;
Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;
Рагойша В.П. Паэтыка М.Танка. Мн., 1968;
Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;
Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;
Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;
Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А. Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;
Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;
Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;
Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ДНА,
плывучае збудаванне для перавозкі грузаў і пасажыраў, воднага промыслу, здабычы карысных выкапняў, навук. даследаванняў, спорту, ваен. мэт. Рухаюцца па вадзе (надводныя С., у т. л.глісеры), пад вадой (падводныя лодкі, батыскафы) і над вадой (судны на паветранай падушцы, судны на падводных крылах). Бываюць самаходныя (прыводзяцца ў рух суднавымі рухавікамі з дапамогай суднавых рухачоў) і несамаходныя (ліхтэры, баржы). Паводле тыпу гал.энергет. устаноўкі (ЭУ) падзяляюцца на параходы (з котлатурбіннай або котла-машыннай ЭУ), цеплаходы (з дызельнай ЭУ), пара- і газатурбаходы (з парасілавымі ўстаноўкамі, газатурбіннымі рухавікамі; гл.Турбаход), электраходы (з эл. рухавікамі, што сілкуюцца ад уласных крыніц электраэнергіі, у т. л. турба- і дызель-электраходы) і атамаходы (з ядзернай сілавой устаноўкай).
Транспартныя С. бываюць грузавыя (сухагрузныя судны, у т. л. кантэйнеравозы, рэфрыжэратары, С. з гарыз. грузаапрацоўкай — ролкеры для перавозкі колавай тэхнікі, кантэйнераў і інш. штучных грузаў з пагрузкай і выгрузкай па апарэлях; наліўныя — танкеры і сухагрузна-наліўныя), пасажырскія і грузапасажырскія. Прамысл. С. абсталёўваюць для лоўлі рыбы, здабычы марскіх звяроў, крабаў, для перапрацоўкі здабычы (рыбапрамысловыя судны, сейнеры, траўлеры). Да прамыслова-здабыўных С. адносяць золатаздабыўныя драгі, кабельныя судны, нафтабуравыя, лесасплаўныя. Да навукова-даследчых адносяць С. для комплексных акіянічных, геафіз., гідрабіял. і інш. даследаванняў. Сярод спартыўна-турысцкіх С. адрозніваюць вёславыя судны, ветразевыя судны і маторныя; трэніровачныя, гоначныя, прагулачныя (гл.Спартыўныя судны). Абслуговыя С. забяспечваюць работу С. інш. прызначэння. Гэта буксірныя судны, брандвахты, ледаколы, плывучыя докі і маякі, выратавальныя, гідраграфічныя, днопаглыбныя, бункеровачныя. Ваен. С. падзяляюцца на баявыя (гл.Карабель ваенны), ваенна-транспартныя і забяспечвальныя, у т. л. дапаможныя. Асн.ч. С.: корпус (з каркаса, у т. л.набору, і абалонкі — вонкавай абшыўкі і насцілу верхняй палубы); суднавыя прыстасаванні (рулявое, якарнае, швартовае, буксірнае, шлюпачнае, грузавое, выратавальнае і інш.); суднавыя сістэмы (трубаправоды і арматура для вадкасцей і газаў, якія забяспечваюць жывучасць судна, эксплуатац., бытавыя і інш. патрэбы, у т. л. проціпажарную бяспеку, водазабеспячэнне, вентыляцыю); сродкі сувязі (візуальныя — флагі, пражэктары; гукавыя — сірэны, тыфоны; радыётэхн. — перадатчыкі, прыёмнікі, тэлекамеры, унутр. радыётрансляцыйная сетка, тэлефоны, перагаворныя трубы і г.д.); навігацыйныя сродкі (аўтарулявы, компасы, курсографы, лагі, лоты, радыёлакацыйныя станцыі, секстанты і інш.навігацыйныя прылады). Спецыфічныя ўласцівасці С. — мараходныя якасці, якія характарызуюць паводзіны С. ў плаванні і яго бяспеку. Памеры С. вызначаюць яго даўжыня, шырыня, вышыня борта, асадка, водазмяшчэнне і ўмяшчальнасць, у грузавых таксама грузападымальнасць і грузаёмістасць. Тэарэт. і практычныя пытанні ваджэння С. вывучае суднаваджэнне.
Першымі С. былі плыты з дрэў, чароту ці папірусу. З часоў неаліту вядомы драўляныя лодкі. У 3-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце будавалі С. з прыгнаных і прасмоленых кавалкаў дрэва. У 10 ст. да н.э. ў фінікійцаў ужо меліся асн. элементы канструкцыі С.: кіль, шпангоўты, штэўні, абшыўка з дошак. На Пн лёгкія чаўны выраблялі з дрэва, кары, косці і абцягвалі іх скурай (напр., каякі). У Міжрэччы з 8 ст. да н.э. вядомы круглыя лодкі (карзіны, абцягнутыя скурай або пакрытыя смалой). У народаў узбярэжжа Індыйскага ак., астравоў Акіяніі і інш. былі пашыраны плыты, вёславыя і ветразевыя С. тыпу катамаранаў, у індзейцаў-карыбаў — пірогі, у Паўд.Усх. Азіі — джонкі. Ва Усх. Еўропе з 4 ст. будавалі т.зв. набойныя ладдзі, з 11 ст. — насады, з 16 ст. — казацкія чайкі, з 19 ст. — астраханскія бударкі. Суднавымі рухачамі напачатку былі шасты (жэрдкі) і вёслы, з 3-га тыс. да н.э. — ветразі (са скуры, трысняговых цыновак, драўляных планак). На вёславых С. ветразі былі дапаможнымі (выкарыстоўваліся толькі пры спадарожным ветры). У 10—13 ст. у Міжземнамор’і, Скандынавіі і Кітаі з’явіліся чыста ветразевыя судны. Яны маглі рухацца і супраць ветру, зменьваючы галсы. У 7 ст. з’явіліся універсальныя вёславыя С. — галеры, у 16 ст. — галеасы, у 17 ст. — яхты. З 12—13 ст. у Зах. Еўропе будавалі С., прыдатныя для акіянскіх плаванняў (каравелы, брыганціны, нефы і інш.). Найвышэйшага развіцця ветразевыя С. дасягнулі ў 2-й пал. 19 ст.: іх даўжыня да 90 м, грузападымальнасць да 5 тыс.т., скорасць 33 км/гадз і больш (гл.Барк, Брыг, Шхуна). Апошнім тыпам ветразевага С. быў кліпер. Першае жалезнае С. пабудавана ў 1787 у Вялікабрытаніі (Дж.Уілкінсан). Пазней карпусы пачалі рабіць са сталі (на пачатку кляпаннем, потым зваркай). У пач. 19 ст. з’явіліся параходы, у 1-й пал. 19 ст. на марскіх параходах замест грабных колаў пачалі ставіць грабныя вінты. На мяжы 19 і 20 ст. пачалі выкарыстоўваць паравыя турбіны і рухавікі ўнутр. згарання (у 1903 у Расіі пабудаваны першы дызель-электраход «Вандал»). Да сярэдзіны 20 ст. з’явіліся С. з энергет. ўстаноўкамі на ядз. паліве (атамаходы).
На Беларусі са стараж. часоў выкарыстоўваліся разнастайныя рачныя С.: лодкі, выдзеўбаныя са ствала дрэва (камяга, човен, дуб), з 7 ст.ладдзі, з 15 ст.віціны, з 17 ст.баркі, з канца 19 ст.баржы і інш.Розныя тыпы С. (байдаркі, брандвахты, яхты, барліны, баржы, параходы, цеплаходы, С. тыпу «рака-мора» і інш.) выпускалі: Крычаўская суднаверф, Пінскі, Рэчыцкі, Гомельскі, Петрыкаўскі суднабудаўніча-суднарамонтныя з-ды (гл. адпаведныя арт. і Суднабудаванне). Рамантавалі С. суднарамонтныя майстэрні ў Віцебску, Гомелі, Бабруйску, Петрыкаве. Гл. таксама Рачны транспарт, Суднаходства.
Літ.:
Рябчиков П.А. Морские суда. М., 1959;
Нойкирхен Г. Мореплавание вчера и сегодня: Пер. с нем. Л., 1977;
Допатка Р., Перепечко А. Книга о судах: Пер. с нем. Л., 1981;
Шапиро Л.С. Самые быстрые корабли. 2 изд. Л., 1989;
Бережных О.А. Самые большие корабли: С древнейших времен до наших дней. Л., 1985;
Материалы по истории деревянного судостроения, XVIII—XIX вв. М., 1991;
Шитарев В.С. Паруса над океаном: Из глубины веков — до наших дней. М., 1996;
Макливи Р. Суда на подводных крыльях и воздушной подушке: Пер. с англ.Л., 1981;
Суда и судоходство будущего: Пер. с нем. Л., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАГРАФІЯ
Першыя на Беларусі даследаванні па этнаграфіі, статыстыцы і рассяленні насельніцтва пачаліся ў 18 ст. Этнаграфічныя асаблівасці Беларусі ў канцы 18 ст. даследавала экспедыцыя Рас.АН пад кіраўніцтвам І.І.Ляпёхіна. У 19 ст. крыніцай звестак пра колькасць і дынаміку насельніцтва былі даныя рэвізій (рэвізскіх сказак), найб. дакладнымі лічаць звесткі рэвізій 1834, 1850, 1859, штогадовыя справаздачы губернатараў (зберагаюцца ў архівах, часткова апублікаваныя), даследаванні афіцэраў Генеральнага штаба. З 1857 губ. статыстычныя камітэты пачалі складаць штогадовыя ведамасці пра колькасць і склад насельніцтва па губернях, паветах, гарадах. У сярэдзіне 19 ст. складзены заўвагі да карт, апублікаваных у шматтомным выданні «Ваенна-гістарычны агляд Расійскай імперыі» (1843—52), дзе побач з інш. пытаннямі вывучалася насельніцтва ў яго сувязі з гаспадаркай. У 1860-я г. апублікаваны «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, складзеныя афіцэрамі Генеральнага штаба», у якіх грунтоўна разглядалася насельніцтва Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Смаленскай губ. У 2-й пал. 19 ст. дэмаграфічнымі даследаваннямі на тэр. Беларусі займаліся Паўночна-Заходні аддзел Рус. геаграфічнага т-ва (засн. ў 1867 у Вільні, для збору інфармацыі залучаў выкладчыкаў нар. вучылішчаў), сацыяльныя медыкі-гігіеністы А.А.Бекарэвіч, Л.І.Галынец, В.В.Кошалеў і інш. У 1920-я г. дэмаграфічныя даследаванні ў БССР пашырыліся, аналізаваліся матэрыялы перапісаў 1923, 1926. У 1923—28 праблемамі агульнай і мед. дэмаграфіі займаўся спецыяліст у галіне сац. гігіены і сан. статыстыкі Б.Я.Смулевіч (яго найб. вядомая манаграфія «Захворванне і смяротнасць насельніцтва гарадоў і мястэчак БССР», 1928). Асаблівасці натуральнага руху насельніцтва рэспублікі вывучаў статыстык Д.М.Паслаўскі, пытанні сям’і і шлюбу — С.Я.Вальфсон. У перыяд рэпрэсій 1930-40-х г. і Вял.Айч. вайны дэмаграфічныя даследаванні перапыніліся, адноўлены пасля перапісу 1959.
З 1963 у Вылічальным цэнтры пры Дзяржплане (пазней НДІ эканоміка-матэматычных метадаў планавання, цяпер НДІМін-ва эканомікі) праводзіліся дэмаграфічныя даследаванні пад кіраўніцтвам А.А.Ракава. У розныя гады тут працавалі А.У.Багдановіч, Л.І.Маськоў, А.М.Мацвеева, А.Н.Пешкава, С.А.Польскі, Я.І.Рубін, Л.І.Спіжанкоў, Л.Я.Ціханава, Л.П.Шахоцька і інш. Распрацоўвалася сістэма дэмаграфічных мадэлей і матэм. праграм для прагназіравання насельніцтва ў асобных рэгіёнах, абгрунтоўваліся асн. перадумовы і складаліся прагнозы насельніцтва рэспублікі, абласцей, гарадоў і раёнаў, вывучаліся праблемы суадносін эканам. развіцця і дэмаграфічных працэсаў, палітыкі народанасельніцтва, сацыяльна-эканам. аспекты нараджальнасці, смяротнасці і працягласці жыцця насельніцтва, яго старэнне, міграцыі. Вывучаліся праблемы вял. і малых гарадоў, сельскага насельніцтва і працэсаў урбанізацыі ў рэспубліцы. Аналізаваліся погляды розных школ сучаснай дэмаграфіі ў розных краінах. У 1969 апублікавана праца А.А.Ракава «Насельніцтва БССР», выдаюцца зб-кі «Праблемы народанасельніцтва і працоўных рэсурсаў» (1970—76). У 1960—70-я г. ў Ін-це эканомікі АН Беларусі вывучаліся уплыў сац.-эканам. фактараў на міграцыю насельніцтва (А.Н.Пешкава), сістэмы гар. паселішчаў БССР метадамі матэм. статыстыкі (Г.Ц.Максімаў); на кафедры палітэканоміі Бел. політэхнічнага ін-та — праблемы развіцця сям’і, занятасці жанчын і нараджальнасці (І.В.Насонава, З.М.Юк); у БДУ — шлюбу і сям’і (М.Р.Юркевіч), тэр. даследаванні праблем народанасельніцтва і працоўных рэсурсаў БССР (Б.А.Манак). Бел. медыкі-гігіеністы даследавалі асобныя праблемы дэмаграфіі і агульныя пытанні ўзнаўлення насельніцтва (А.П.Скалыжэнка), дзіцячую і перынатальную смяротнасць (М.К.Зубрыцкі); этнографы — праблемы міграцыі (Г.А.Каспяровіч). У 1980-я г. група дэмографаў на чале з А.А.Ракавым перайшла ў Ін-т эканомікі, пазней у Ін-т сацыялогіі АН Беларусі.
У сярэдзіне 1990-х г. створаны аддзел дэмаграфіі ў НДІ статыстыкі пры Мін-ве статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь (заг. аддзела Л.П.Шахоцька). Тут даследуюцца праблемы: дэмаграфічнае прагназіраванне, тэндэнцыі смяротнасці і працягласці жыцця, нараджальнасць і развіццё сям’і, праблемы дэмаграфічнай бяспекі, уплыў Чарнобыльскай катастрофы на дэмаграфічныя працэсы, распрацоўка дэмаграфічнай палітыкі, падрыхтоўка праграмы і аналіз вынікаў перапісу насельніцтва 1999, пытанні міграцыі, шлюбнасці, нац. і моўнай структуры насельніцтва, адукацыйны ўзровень насельніцтва, метадалагічныя пытанні пабудовы табліц шлюбнасці, смяротнасці насельніцтва і інш. (А.У.Бурачэўская, В.А.Крашэўская, Дз.М.Кудзелка, Л.Ф.Ляшковіч, А.А.Рубанава, В.У.Філіпава). Выдаюцца зб-кі прац ін-та «Актуальная статыстыка» (1999—2002). У 1990-я г. дэмаграфічнымі даследаваннямі займаліся таксама ў НДІМін-ва эканомікі (Г.І.Хмяльніцкая, Н.М.Прывалава), НДІ працы Мін-ва працы (Л.М.Анісаў, С.С.Ткачэнка), на геагр. ф-це БДУ (К.А.Анціпава, І.В.Загорац, Б.А.Манак, Л.Дз.Мельнікава). У Ін-це мацярынства і дзяцінства вывучаюцца мед. праблемы дзіцячай смяротнасці, уплыў вынікаў Чарнобыльскай катастрофы на здароўе дзяцей (І.А.Ваніловіч). У Бел.дзярж.эканам. ун-це на кафедры статыстыкі вывучаюцца статыстычныя праблемы дзіцячай смяротнасці, гендэрныя праблемы (Н.У.Агабекава, Л.І.Карпенка). Этнадэмаграфічнымі даследаваннямі займаюцца: па г. Мінску Н.Г.Бялкоўская, па Віцебскай вобл. М.І.Бобрык; праблемамі гар. паселішчаў Брэсцкай вобл. — К.К.Красоўскі, дэмаграфічнага развіцця Гомельскай вобл. ў сувязі з вынікам катастрофы на Чарнобыльскай АЭС — А.Г.Злотнікаў.
Літ.:
Вольфсон С.Н. Социология брака и семьи. Мн., 1929;
Раков А.А. Население БССР. Мн., 1969;
Яго ж. Белоруссия в демографическом измерении. Мн., 1974;
Яго ж. Демографические основы народохозяйствемного планирования Мн., 1990;
Пешкова А.Н. Миграция населения Белорусской ССР. Мн., 1970;
Юркевич Н.Г. Советская семья, функции и условия стабильности. Мн., 1970;
Юк З.М. Труд женщины и семья. Мн., 1975;
Польский С.А. Демографические проблемы развития. Мн., 1976;
Шахотько Л.П. Воспроизводство населения Белорусской ССР. Мн., 1985;
Яе ж. Население Республики Беларусь в конце XX века. Мн., 1996;
Яе ж. Экономическая демография. Перепись населения. Мн., 2002;
Демографическое развитие и трудовые ресурсы БССР. Мн., 1988;
Трудовой потенциал Белорусской ССР в условиях интенсификации. Мн., 1988;
Манак Б.А., Антипова Е.А. Экономико-географический анализ демографической ситуации и размещения населения на территории Республики Беларусь. Мн., 1999;
Тенденции заболеваемости, смертности и продолжительности жизни населения Республики Беларусь. Мн., 2003;
Трудовая миграция в СНГ: социальные и экономические эффекты. М., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАНАМІЧНАЯ ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
Эканам. гісторыя Беларусі вывучаецца на аснове разнастайных па форме, змесце і па дакладнасці інфармацыі гіст. крыніцах. Гэта помнікі археалогіі і матэрыяльнай культуры, пісьмовыя крыніцы (летапісы, хронікі, граматы, статуты, судзебнікі, акты заканад. і выканаўчых органаў улады і інш.), розныягасп. дакументы (інвентары маёнткаў, рэвізіі і інш.). Асобны тып дакументаў — комплекс эканоміка-геагр. і статыст. апісанняў 16—20 ст., працы Вольнага эканам.т-ва (1766—1915), Пецярбургскай археаграфічнай камісіі (1846—92), матэрыялы губернскіх ведамасцей, зборнікі гіст. дакументаў аб гасп. і эканам. жыцці, мемуарная л-ра (Ф.Еўлашоўскі, А.Філіповіч, Ф.Міркавіч, І.Сямашка і інш.), творы бел. мысліцеляў і асветнікаў Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Гусоўскага, Сімяона Полацкага, Ф.Багушэвіча, В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, М.Багдановіча, Я.Коласа, М.Гарэцкага і інш. Першымі прафес. гісторыкамі, якія даследавалі праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі, былі прафесары Віленскага ун-та І.С.Анацэвіч, М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, Ф.Я.Нарбут, І.Б.Ярашэвіч і інш.
Асновы эканам. гісторыі Беларусі як навукі распрацаваў М.В.Доўнар-Запольскі. У сваіх працах «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII ст.» (1891), «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах» (1901), «Сацыяльна-эканамічная структура Літоўска-Беларускай дзяржавы ў XVI—XVIII стст.» (1927), «Народная гаспадарка Беларусі. 1861—1914» (1926) ён адзін з першых звярнуў увагу на выгаднае геагр. размяшчэнне тэр. і спрыяльныя прыродна-кліматычныя ўмовы Беларусі, дзякуючы чаму яе насельніцтва актыўна ўступала ў гандл. і эканам. сувязі з інш. народамі і краінамі. У.І.Пічэта ў працы «Аграрная рэформа Сігізмунда Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве» (1917) на падставе багатага фактычнага матэрыялу разгледзеў пытанні, звязаныя з развіццём сельскай гаспадаркі, станаўленнем новай сістэмы земляробства і яе эфектыўнасцю. Гісторыя гарадоў, мястэчак і вёсак, развіцця рамяства, гандлю і культуры розных рэгіёнаў Беларусі раскрыта ў працах М.В.Без-Карніловіча, Д.А.Дудкова, Ф.В.Кліменкі, К.І.Кернажыцкага, В.К.Стукаліча, П.М.Шпілеўскага.
Выкладанне эканам. гісторыі Беларусі пачалося ў 1921 на ф-це грамадскіх навук БДУ, дзе рыхтаваліся кадры эканамістаў вышэйшай кваліфікацыі. Адначасова з заснаваннем Бел. ін-та нар. гаспадаркі (1933) уведзены і курс эканам. гісторыі, у 1968—88 там існавала адпаведная кафедра, дзе выкладаўся курс гісторыі нар. гаспадаркі СССР, краін сацыялізму і капіталізму. У якасці дадатковай л-ры рэкамендаваліся «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй А.І.Сідарэнкі (1966), «Эканамічная гісторыя БССР» пад рэдакцыяй К.І.Шабуні і С.М.Малініна (1969). Даследаваліся праблемы сац.-эканам. развіцця Беларусі (В.Р.Гняўко, В.А.Мілаванаў, Б.Ф.Нікановіч). У 1988 асобная секцыя эканам. гісторыі Беларусі створана ў складзе кафедры размяшчэння прадукц. сіл. На большасці ф-таў вывучалася «Гісторыя народнай гаспадаркі СССР і замежных краін», а таксама спец. курс «Гісторыя народнай гаспадаркі Беларусі».
Спец. навук. даследаванні праводзіліся ў Ін-це эканомікі АН Беларусі (засн. ў 1931), дзе ў 1959—81 існаваў сектар эканам. гісторыі. Выдадзеная ў 1937 кніга М.Р.Матусевіча і С.М.Малініна «Асноўныя этапы развіцця прамысловасці БССР» стала першай спецыялізаванай навук. працай у галіне эканам. гісторыі Беларусі. У 1963 выдадзена кн. «Эканоміка Беларусі ў эпоху імперыялізму. 1900—17», пазней — некалькі манаграфій па гісторыі эканам. развіцця Беларусі за гады сав. улады (М.Ф.Болбас, З.І.Гіяргідзе, В.А.Мілаванаў, Л.М.Міхневіч, В.І.Дрыц і інш.). У 1991 адноўлена кафедра эканам. гісторыі Беларусі ў Бел.эканам. ун-це. Былі падрыхтаваны і выдадзены навуч. дапаможнікі «Эканамічная гісторыя Беларусі 1917—92 гг.» (1992), «Эканамічная гісторыя Беларусі» (1993, перавыдадзена ў 1996, 1999, 2001), якая ахоплівае перыяд са стараж. часоў да сучаснасці. У 2004 апублікавана 3-е, дапоўненае выданне гэтага дапаможніка на рус. мове. У Бел.эканам. ун-це распрацавана праграма параўнальнага вывучэння эканам. гісторыі Беларусі і замежных краін, створаны шэраг аўтарскіх дапаможнікаў па спец. праблемах, у т. л. «Эканамічны стан, побыт і гандаль старажытнай Беларусі (IX—XIII стст.)» В.І.Галубовіча (1997), «Прамысловасць Беларусі ў XX стагоддзі» А.М.Сасіма (2001), «Гісторыя развіцця грашова-крэдытнай сістэмы Беларусі» Ю.Л.Грузіцкага (2002); навук.-метадычныя зб-кі «З гісторыі эканамічных рэформаў на Беларусі» (вып. 1—2, 1994—97), калект. праца «Эканамічная гісторыя замежных краін» (3-е выд., 2002). Каштоўныя матэрыялы па сац.-эканам. гісторыі Беларусі ў манаграфіях М.І.Біча, М.А.Бяспалай, В.Ф.Голубева, Э.М.Загарульскага, А.П.Ігнаценкі, П.А.Лойкі, Ф.С.Марцінкевіча, І.Я.Марчанкі, А.М.Сарокіна, В.У.Чапко, К.І.Шабуні, З.В.Шыбекі і інш. Вынікам шматгадовай навук.-даследчай працы вялікага калектыву гісторыкаў, эканамістаў і інш. вучоных стала выданне «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), у якой шырока прадстаўлены матэрыялы аб сац.-эканам. развіцці Беларусі, стане яе эканомікі, навукі, тэхнікі на розных этапах гісторыі. У 2002 у Ін-це эканомікі Нац.АН Беларусі створаны сектар гісторыі эканам. вучэнняў (кіраўнік В.М.Бусько). Навук. даследаванні па эканам. гісторыі Беларусі праводзяцца ў цеснай сувязі з асэнсаваннем катэгорый рыначнай эканомікі, міжнар. вопыту эканам. развіцця, ролі і месца краіны ў сусв. эканоміцы, выбару канкрэтных мер павышэння яе эфектыўнасці, экалагічнай бяспекі, сац.-эканам. салідарнасці бел. грамадства.
Літ.:
Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861). Мн., 1966;
Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;
Чепко В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в. Мн., 1966;
Экономика Белоруссии в период послевоенного возрождения. Мн., 1988;
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;
Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі. Мн., 1994;
Гісторыя беларускага сялянства. Т. 1. Мн., 1997;
Шыбека З.В. Гарады Беларусі (60-я гады XIX — пач. XX ст.). Мн., 1997;
Бяспалая М.А. Беларуская вёска ў першыя гады нэпа (1922—23). Мн., 1999;
Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917—90-я гг.). Мн., 1999;
Новикова И.В. Глобализация и рынок: поиски стратегии экономического развития в XXI в. М., 2001;
Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспективы. Мн., 2003;