ГУ́РЫЧ (Соф’я Якаўлеўна) (н. 29.12.1919, Мінск),

бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл. драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел. рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.​Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.​Коласа.

т. 5, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГІСТО́РЫЯ ПРА АПАЛО́НА ЦІ́РСКАГА»,

помнік перакладной бел. л-ры, свецкая аповесць блізкаўсходняга паходжання. Бытавала на Беларусі ў 17—18 ст.

У аснове твора — апісанне прыгод гал. героя, чалавека знатнага паходжання, які шмат гадоў блукае па розных краях, трапляе ў незвычайныя і складаныя сітуацыі і гісторыі, а пасля шчасліва вяртаецца ў родны горад, дзе становіцца царом. На Беларусі распаўсюджвалася ў складзе вядомага зб. навел «Рымскія дзеянні». Адзін з яго рукапісаў перапісаны ў Магілёве ў 1688. Мова магілёўскага спіса — сумесь старабел. і рус. моў 17 ст.

Публ.:

Римские деяния: Вып. 1—2. СПб., 1877—78.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 5, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДЭМА́Н (Ота Магнусавіч) (29.4.1887, в. Мнішчызна Рэчыцкага пав. Мінскай губ. — 16.5.1937),

бел. гісторык, краязнавец, прыродазнавец, педагог. Скончыў Гомельскую гімназію; з Кіеўскага ун-та выключаны за ўдзел у рэв. руху. З 1922 працаваў настаўнікам у Браславе, з 1928 у Вільні. Збіраў матэрыялы па гісторыі Браслаўшчыны, вывучаў магдэбургскае права, развіццё гандлю і рамёстваў, сац. структуру і маёмасныя адносіны насельніцтва ў гарадах Сярэдняга Падзвіння, лясныя промыслы і водныя шляхі на Беларусі 17—18 ст., гісторыю Белавежскай пушчы. Даследаваў гісторыю гарадоў і мястэчак Беларусі.

Тв.:

Historja powiayu Brasławskiego. Wilno, 1930;

Dawne puszcze i wody. Wilno, 1934.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 5, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖОЎТАГАЛО́ВЫ КАРАЛЁК (Regulus regulus),

птушка сям. каральковых атр. вераб’інападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве пераважна ў яловых лясах. Увосень і зімой вандруе ў мяшаных і лісцевых насаджэннях. На Беларусі трапляецца па ўсёй тэрыторыі. Аселы і вандроўны від.

Самая маленькая птушка Беларусі, вядомая пад назвай «еўрап. калібры». Даўж цела 9—11 см, маса 5—7 г. Апярэнне мяккае, пушыстае. Спіна шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае, хвост цёмна-буры, на крылах па 2 белыя палоскі, на галаве жаўтавата-аранжавы чубок з цёмнымі падоўжанымі палоскамі па баках. Гнёзды пераважна на елках. Корміцца насякомымі і іх лічынкамі.

Жоўтагаловы каралёк.

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Валерый Іванавіч) (н. 25.7.1949, в. Паўстынь Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1985). Скончыў Маскоўскі ун-т (1973). У 1973—76 выкладчык Грозаўскай школы-інтэрната (Капыльскі р-н Мінскай вобл.). З 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі (з 1992 вучоны сакратар). Даследуе дэкар.-прыкладное мастацтва. Аўтар кніг: «Сучасная беларуская кераміка. Тэндэнцыі развіцця» (1984), «Традыцыі і наватарства ў беларускім савецкім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве» (1985) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1996 (за ўдзел у выданні «Гісторыі беларускага мастацтва», т. 1—6, 1987—94).

Н.​В.​Грэская.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВІНАГРО́ДСКІ (Барыс Фёдаравіч) (14.3.1896, г. Артвін, Турцыя — 29.9.1982),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1956). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1917—19). З 1925 у Гомелі; выкладаў малюнак у школах і тэхнікумах (1926—37), выяўл. студыях (1948—57), гал. мастак Дзярж. т-ра лялек Беларусі (1940—48). Ствараў сціплыя, без вонкавых эфектаў, лірычныя пейзажы: «Каля прыстані» (1947), «Баржы на Сажы» (1949), «Сож каля суднарамонтнага завода» (1951), «Сож. Лёд прайшоў» (1960), «Прыцемкі на Прыпяці» (1963), «Мірнае неба» (1964), «Зеляніна. Май» (1967), «Уборка сена» (1972) і інш.

Б.Звінагродскі. Баржы на Сажы. 1949.

т. 7, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НЧАНКА (Валянцін Мацвеевіч) (н. 7.5.1937, в. Александрыя Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі, біяхіміі і біяфізікі раслін. Д-р біял. н. (1977), праф. (1995). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1960 у Ін-це біялогіі АН Беларусі, з 1977 у Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах фотасінтэзу (у сувязі з мінер. жыўленнем і вільгацезабеспячэннем, прадукц. працэсам), па малекулярна-мембранных механізмах рэгуляцыі.

Тв.:

Фотосинтез и структурное состояние хлоропластов. Мн., 1974;

Регуляция функций мембран растительных клеток. Мн., 1979 (разам з У.​М.​Юрыным, Ст.Г.​Галакціёнавым).

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВА́НЧАНКА (Яўген Іванавіч) (н. 27.6.1943, г. Глазаў, Удмурція),

бел. спартсмен (плаванне). Д-р пед. н. (1993), праф. (1994). Засл. трэнер БССР (1976), СССР (1981). Чэмпіён і рэкардсмен Беларусі 1961—63 па плаванні. Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1966). Трэнер зборных каманд Беларусі (1966—67), СССР (1975—84) па плаванні. З 1989 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. З 1995 прарэктар. Аўтар навуч. і метадычных дапаможнікаў, у т. л. «Плаванне ў комплексе ГПА» (1976, з Г.​Э.​Васілеўскім), «Навука пра спартыўнае плаванне» (1993), «Тэорыя і практыка спорту» (ч. 1—3, 1996—97).

т. 7, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ИНЖЕНЕ́РНО-ФИЗИ́ЧЕСКИЙ ЖУРНА́Л»,

навукова-тэхнічны часопіс. Засн. ў 1958 у Мінску як усесаюзны штомесячны часопіс Дзярж. к-та СМ СССР па навуцы і тэхніцы і АН БССР. З 1992 часопіс Нац. АН Беларусі. Выдаецца Акадэмічным навук. комплексам «Інстытут цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава Нац. АН Беларусі». Асн. навук. кірункі: цеплафізіка, цепла- і масаабмен, тэорыі цеплаправоднасці і сушкі, тэрмадынаміка неабарачальных працэсаў, буд. цеплафізіка, структурна-мех. характарыстыкі дысперсных сістэм, рэафізіка, нізкатэмпературная плазма. У складзе рэдакцыйнага савета вучоныя Расіі, Украіны, Польшчы, ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі, Японіі, Канады, Індыі і інш. Часопіс перавыдаецца на англ. мове ў ЗША.

т. 7, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІПА́ЦЬЕЎ (Аляксандр Мікалаевіч) (30.6.1911, г. Растоў, Расія — 8.8.1969),

бел. вучоны-генетык і селекцыянер. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р с.-г. н. (1959), праф. (1960). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1934). У 1948—61 заг. кафедры пладаводства БСГА, з 1961 заг. аддзела радыяцыйнай генетыкі Ін-та біялогіі АН Беларусі, з 1962 у Бел. ун-це. Навук. працы па селекцыі, насенняводстве садова-агародных культур, дыферэнцыйнай сістэматыцы раслін. Вывеў некалькі сартоў памідораў.

Тв.:

Частная селекция овощных культур. Мн., 1965;

Овощные растения земного шара. Мн., 1966;

Помология БССР Атлас плодов яблони. Мн., 1972 (у сааўт.).

А.М.Іпацьеў.

т. 7, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)