самасто́йнасць, ‑і, ж.

1. Незалежнасць, свабода ад чыйго‑н. уплыву, прымусу. Палітычная самастойнасць дзяржавы. □ На палях бітваў вырашаўся лёс сацыялістычных заваёў і дзяржаўнай самастойнасць народаў СССР. «Звязда». // Уласцівасць адрознівацца, вылучацца сваімі асаблівасцямі. Мінскі інтэр’ер ужо набыў права мастацкай самастойнасці. «Маладосць».

2. Уласцівасць і стан самастойнага. Развіццё самастойнасць і ініцыятывы навучэнцаў. □ Трымаўся.. [Янка] заўсёды як дарослы, і самастойнасць гэтая ішла да яго грубаватага сур’ёзнага твару, бліскучых вачэй і крыху сутулай постаці. Чарнышэвіч. // Сур’ёзнасць у паводзінах, адносінах да справы. Зіна, як дзяўчынка, заставалася дома за гаспадыню. Гэта яе прывучыла да работы. Але гэта і надало яе паводзінам залішнюю самастойнасць. Шыцік. Маруся бясконца смяецца. Дзесяты клас канчае, а ніякай самастойнасці. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; незак.

1. Праяўляць клопат, трывожыцца аб кім‑, чым‑н. Круглатварая, кірпаносая, з бялявым тварам, ветлівая і вясёлая,.. [Аўдуля] заўсёды турбавалася аб Міхалу. Лупсякоў. — Работы? Шукай, брат, сам. Сам турбуйся аб сабе, — спакойна адказаў Варановіч. Дуброўскі. «За азімыя можна не турбавацца, — разважае Анатоль. — Цяпер на чарзе новыя клопаты: сяўба яравых». Шымук.

2. Хвалявацца, непакоіцца. — Значыць, турбуешся, куды пайсці вучыцца? — гаворыць дзядзька Ахрэм і знімае з Тараскавай галавы папяровую шапку. Юрэвіч. Такім чынам Грамабой і сам ведаў, што яму рабіць: — яшчэ да сямейнай нарады цішком пераказаў некаторым з радні — няхай не турбуюцца, вяселля заўтра не будзе. Крапіва. Справа амаль скончылася, думалася, што турбавацца, уласна, і не было чаго. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уме́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Той, хто валодае ўменнем, вопытам у якой‑н. справе. Ніхто не нарадзіўся ўмелым, Ніхто не нарадзіўся мудрым, Ніхто не нарадзіўся смелым, Ніхто не нарадзіўся мужным — Усё прыходзіла з гадамі. Жычка. Сын палахлівага краўца становіцца ўмелым і вынаходлівым арганізатарам падпольнай работы ў мястэчку. Хромчанка. // Такі, у якім праяўляецца ўменне (звычайна пра рукі). Ты [майстар] меў не толькі пару ўмелых рук, Ты сціпласць меў яшчэ і светлы розум. Аўрамчык.

2. Які выконваецца, робіцца з уменнем, майстэрствам. Умелае кіраўніцтва. □ Яркім прыкладам умелага выкарыстання Багушэвічам рэфрэна можа быць верш «Калыханка». Ларчанка. Маленькі палетак моока даць большы ўраджай пры ўмелым доглядзе, чым вялікі без догляду. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыфр, ‑у, м.

1. Сістэма ўмоўных знакаў для тайнага пісьма, якое чытаецца з дапамогай ключа. Кастусь быў старшым радыстам: усе сакрэтныя шыфры знаходзіліся ў яго. Ваданосаў. Урэшце прыйшоў [вучоны] на навуковы сход і з гордасцю сказаў: — Я знайшоў ключ да шыфру! Я дабіўся свайго — прачытаў тайнапіс! Дубоўка. // Умоўнае абазначэнне або замена слоў і пад. чым‑н. Думалі, што.. [Луцкевіч] не ведае шыфру перастуквання. Машара.

2. Умоўны знак або знакі на кнігах, рукапісах. падшыўках і пад., якія прымяняюцца пры іх захаванні ў бібліятэцы, архіве і ўказваюць дакладнае месцазнаходжанне. // Умоўнае абазначэнне якога‑н. сакрэтнага дакумента, сакрэтнай работы. Шыфр наверсе стаяў адзін, а работа была розная — для розных цэхаў і гаспадарак. Скрыган.

[Фр. chiffre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́даць, -дам, -дасі, -дасць; -дадзім, -дасце, -дадуць; вы́дай; -дадзены; зак.

1. што. Даць што-н., забяспечыць чым-н.

В. грашовы аванс.

В. даведку.

2. што. Вырабіць, выпусціць (якую-н. прадукцыю), падаць як вынік работы (спец.).

Мартэн выдаў першую плаўку.

Машына выдала інфармацыю.

3. (са словам «замуж» або без яго; разм.), каго за каго. Паспрыяць замужжу, аддаць замуж.

В. дачку за афіцэра.

Удала выдалі дзяўчыну.

4. што. Выпусціць з друку, надрукаваць.

В. кнігу.

5. што. Апублікаваць, абвясціць.

В. пастанову.

6. каго-што. Раскрыць, зрабіць вядомым; удаць.

В. змоўшчыкаў.

В. сакрэт.

В. сябе неабдуманым словам.

7. каго-што за каго-што. Прадставіць, назваць каго-, што-н. не тым, кім, чым яны з’яўляюцца.

В. сябра за брата.

В. чутае за бачанае.

|| незак. выдава́ць, -даю́, -дае́ш, -дае́; -даём, -даяце́, -даю́ць; -дава́й.

|| наз. вы́дача, -ы, ж. (да 1—3 і 6 знач.) і выда́нне, -я, н. (да 4 і 5 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

сарва́ць, -рву́, -рве́ш, -рве́; -рвём, -рвяце́, -рву́ць; -рві́; -рва́ны; зак., што.

1. Рэзкім рухам аддзяліць, зняць, сцягнуць.

С. астру.

С. вароты з завесаў.

Вецер сарваў бялізну з вяроўкі.

С. шапку з галавы.

2. Рэзкім рухам, моцна націснуўшы, сапсаваць (разьбу і пад.).

3. Пашкодзіць здароўе, галасавыя звязкі ад пастаянных празмерных перагрузак.

С. здароўе.

С. голас.

4. перан. Перапыніць ход чаго-н., не даць магчымасці ажыццявіць што-н.

С. графік работы.

С. лекцыю.

С. канцэрт.

5. перан. Атрымаць ад каго-н. у выніку ашуканства, вымагання (разм.).

С. вялікія грошы з каго-н.

6. перан. Са словамі «злосць», «гнеў», «незадавальненне» і пад. ўжыв. ў знач. выказаць, спагнаць злосць, гнеў, незадавальненне на кім-н.

С. злосць на дзецях.

◊

Сарваць галаву каму (разм.) — строга пакараць каго-н.

Сарваць маску з каго — выкрыць каго-н., паказаць сапраўдны твар каго-н.

|| незак. зрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. зрыў, зры́ву, мн. зры́вы, зры́ваў, м.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

страхава́ць, страху́ю, страху́еш, страху́е; страху́й; страхава́ны; незак.

1. каго-што. Праводзіць страхаванне (у 2 знач.), заключаць дагавор аб страхаванні.

С. жыццё.

С. маёмасць.

С. жыллё.

2. перан., каго-што. Засцерагаць ад чаго-н. непрыемнага, непажаданага.

С. сябе ад непатрэбных эмоцый.

3. перан., каго (што). Засцерагаць ад няшчасных выпадкаў пры выкананні гімнастычных практыкаванняў, небяспечнай работы і пад. (спец.).

С. электраманцёра.

|| зак. застрахава́ць, -страху́ю, -страху́еш, -страху́е; -страху́й; -страхава́ны (да 1 і 2 знач.).

|| звар. страхава́цца, страху́юся, страху́ешся, страху́ецца; страху́йся; зак. застрахава́цца, -страху́юся, -страху́ешся, -страху́ецца; -страху́йся (да 1 і 2 знач.).

|| наз. страхава́нне, -я, н. і страхо́ўка, -і, ДМ -ўцы, ж. (да 1 і 2 знач.).

Страхаванне жыцця (на выпадак смерці).

○

Сацыяльнае страхаванне — страхаванне па матэрыяльным забеспячэнні ў старасці, пры інваліднасці, хваробе і пад.

Страхоўка жывёлы.

|| прым. страхавы́, -а́я, -о́е (да 1 і 2 знач.) і страхо́вачны, -ая, -ае (да 3 знач.).

Страхавы выпадак.

Страхавы збор.

Страховачная тэхніка.

Страховачны пояс спартсмена.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

умо́ва, -ы, мн. -ы, умо́ў, ж.

1. Акалічнасць, ад якой што-н. залежыць.

Гэта магчыма пры адной умове.

2. Патрабаванне, якое прад’яўляецца адным з дагаворных бакоў.

Назавіце вашу ўмову.

Умовы міру.

3. Пісьмовая або вусная дамоўленасць, згода.

Выканаць умову.

Парушыць умову.

4. мн. Правілы, устаноўленыя ў якой-н. галіне дзейнасці, жыцця.

Умовы карыстання электрычнымі прыборамі.

5. мн. Абставіны, у якіх працякае або пры якіх адбываецца што-н.

Кліматычныя ўмовы.

Жыллёвыя ўмовы.

Падрыхтоўка прадпрыемства да работы ў зімовых умовах.

Праца ў добрых умовах.

Для спецыялістаў — усе ўмовы (гэта значыць добрыя ўмовы для жыцця; разм.).

6. звычайна мн. Даныя, патрабаванні, з якіх неабходна зыходзіць.

Умовы доследу.

◊

Ва ўмовах чаго, у знач. прыназ. з Р — пры наяўнасці чаго-н. навакольнага, спадарожнага.

Працаваць ва ўмовах пастаяннага напружання.

Пры ўмове чаго, у знач. прыназ. з Р — пры залежнасці ад чаго-н., абумоўленасці чым-н.

Гэта можна выканаць пры ўмове добрага надвор’я.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

са́мы (род. са́мага, дат. са́маму, вин. са́мы, са́мага, твор., предл. са́мым; ж. са́мая, ср. са́мае; мн. са́мыя) мест. опред., м., в разн. знач. са́мый;

той с. лес — тот са́мый лес;

ля са́май сцяны́ — у са́мой стены́;

у с. разга́р рабо́ты — в са́мый разга́р рабо́ты;

с. сумле́нны — са́мый че́стный;

с. смак — са́мое вку́сное;

са́мая гу́шча — са́мая гу́ща;

у са́мую бе́здараж — в са́мую распу́тицу;

◊ на са́май спра́ве — в са́мом де́ле;

па са́мыя ву́шы — по са́мые у́ши, по у́ши;

пе́рад са́мым но́сам — пе́ред са́мым но́сом;

с. раз — в са́мый раз;

с. час (са́мая пара́) — са́мое вре́мя;

у с. час — в са́мое вре́мя, во́время;

с. той! — ирон. не на того́ напа́ли;

с.-с. — са́мый-са́мый;

па (пад) са́мую завя́зку — по са́мую завя́зку, под завя́зку

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

АЎТАМАТЫЗАВА́НАЯ СІСТЭ́МА КІРАВА́ННЯ (АСК),

сістэма, заснаваная на комплексным выкарыстанні тэхнічных, матэматычных, інфармацыйных і арганізацыйных сродкаў кіравання складанымі тэхн. і эканам. аб’ектамі (напр., прадпрыемствамі), частку функцый кіравання ў якой выконвае чалавек; адзін з кірункаў аўтаматызацыі вытворчасці. Распрацоўка і ўкараненне АСК абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення сістэмы кіравання і планавання нар. гаспадаркі і павышэннем эканам. эфектыўнасці вытв-сці. У залежнасці ад аб’екта кіравання бываюць АСК тэхнал. працэсамі (АСКТП) і аўтаматызаваныя сістэмы арганізацыйнага кіравання (АСАК) розных класаў: кіравання прадпрыемствамі, галіновыя, тэрытарыяльныя, спецыялізаваныя і інш.

Асн. функцыі АСАК: планаванне вытворча-эканам. дзейнасці, аператыўнае кіраванне вытв-сцю, арганізацыя матэрыяльна-тэхн. забеспячэння і збыту прадукцыі, кантроль якасці і інш. АСКТП вырашаюць задачы выканання тэхналогіі вытв-сці вырабаў, тэхнал. рэжымаў, правілаў эксплуатацыі абсталявання, правілаў бяспекі і інш.; забяспечваюць прынцып спецыялізацыі вытв-сці. АСКТП уздзейнічае на кіроўныя аб’екты ў тым жа тэмпе, што і тэхнал. працэсы, якія ў іх працякаюць, і кіруе сістэмай як адзіным цэлым (яе тэхн. і праграмныя сродкі ўдзельнічаюць у распрацоўцы кіроўных рашэнняў). Аб’яднаныя АСКТП і АСАК утвараюць інтэграваныя АСК. Пры стварэнні і выкарыстанні АСК выкарыстоўваюцца экстрэмальныя мадэлі, матэматычнае праграмаванне, дынамічнае праграмаванне, сеткавае планаванне, статыстычныя мадэлі і інш.

На Беларусі першая АСК укаранёна на Мінскім трактарным з-дзе (1966). Работы па тэарэт. праблемах АСК праводзяцца ў БДУ, Бел. політэхн. акадэміі, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі; па стварэнні і ўкараненні ў вытворчасць — навукова-вытв. аб’яднанні «Цэнтрасістэма».

Літ.:

Автоматизация управления. М., 1984;

Технические средства управления в АСУ. М., 1985;

АСУ сегодня и завтра. Мн., 1988;

АСУ на промышленном предприятии: Методы создания: Справ. 2 изд. М., 1989.

Г.​В.​Рымскі, Р.​С.​Сядзегаў.

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)