ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ПРЫКМЕ́ТЫ,
прыкметы, якія прысутнічаюць пры нараджэнні. Адрозніваюць спадчынныя і няспадчынныя. Спадчынныя падзяляюцца на нармальныя П.п. і прыроджаныя хваробы. Нармальныя П.п. (напр., першасныя палавыя прыкметы ў чалавека) з’яўляюцца вынікам уздзеяння аднаго або многіх генаў. Прыроджаныя хваробы абумоўлены геннымі, геномнымі або храмасомнымі мутацыямі, што атрыманы ад бацькоў (напр., праяўленне мутантнага гена, які перадаецца ў спадчыну ў пэўнай сям’і з пашкоджаннем тканак, органаў або сістэм органаў і інш.). Няспадчынныя П.п. развіваюцца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя пры эмбрыягенезе (напр., павышаныя дозы радыяцыі, інфекц. захворванні, ужыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, наркотыкаў) і характарызуюцца адхіленнямі ад нормы, напр., заганы развіцця.
Р.Г.Заяц.
т. 13, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСТЫ́Ж САЦЫЯ́ЛЬНЫ,
параўнальная ацэнка грамадствам і яе членамі сац. значнасці розных аб’ектаў, з’яў, іх становішча ў грамадстве, уласцівасцей і характарыстык; адзін з гал. рэгулятараў сац. паводзін, пераваг, рашэнняў, якія прымаюцца. У аснове П.с. ляжыць пэўная сістэма каштоўнасцей, П.с. выяўляецца ў ацэнках, з дапамогай якіх людзі ранжыруюць аб’екты, а таксама ў дзеяннях, дзе яны паказваюць свае перавагі. Існуе складаная сістэма прэстыжных ацэнак фактараў і бакоў жыццядзейнасці грамадства. Як рэгулятар паводзін П.с. ўплывае на важныя сац. працэсы, напр., прафес. занятак, сац. перамяшчэнні, структуру спажывання і ўлічваецца ў галінах сац. кіравання, пры распрацоўцы сац. палітыкі.
т. 13, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ (ад радые... + адчувальнасць),
адчувальнасць біял. аб’ектаў да іанізавальнага выпрамянення. Мера Р. — велічыня дозы апрамянення, якая выклікае гібель 50% апрамененых аб’ектаў (DL50). Розныя віды жывёл і раслін маюць неаднолькавую (відавую) Р. Індывід. (унутрывідавая) Р. залежыць ад полу, узросту, стану фізіял. сістэм і інш. фактараў. Індывід. адрозненні Р. маюць арганізм, яго тканкі, органы, клеткі і нават малекулы. Напр., марфал. змены ў крывятворнай тканцы выяўляюцца пры параўнальна меншых дозах, чым у мышачнай або касцявой. Маладыя клеткі, якія хутка размнажаюцца, валодаюць большай Р., чым спелыя. Адрозненні ў тканкавай Р. ўлічваюцца пры прамянёвай тэрапіі хворых на злаякасныя новаўтварэнні.
Н.А.Арцёмава.
т. 13, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НАВА (Таццяна Аляксандраўна) (н. 13.4.1925, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне глебазнаўства. Д-р біял. н. (1979), праф. (1989). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыла БДУ (1952). З 1958 у Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (у 1968—88 заг. сектара). Навук. працы па генезісе глеб і заканамернасцях фарміравання глебавага покрыва, форм яго неаднароднасці і эвалюцыі пад уплывам прыродных, антрапагенных фактараў, меліярац. асаблівасцей глеб. Дзярж. прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Структура почвенного покрова и типизация земель. М., 1992 (разам з І.С.Каурычавым, Н.П.Сарокінай);
Опыт количественной оценки биоразнообразия лесов Беловежской пуши // Природные ресурсы. 1997. № 3.
т. 13, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,
баланс кампанентаў асяроддзя і прыродных працэсаў, які забяспечвае працяглае існаванне экалагічных сістэм і біясферы ў цэлым. Падтрымліваецца сукупнасцю фактараў, што склаліся ў працэсе эвалюцыі: пастаянства біятычнага кругавароту рэчываў, суадносіны аўтатрофаў і гетэратрофаў, адаптацыі арганізмаў адзін да аднаго і навакольнага асяроддзя і інш. Прыродныя згуртаванні арганізмаў здольны процістаяць разнастайным шкодным уздзеянням і вяртацца ў зыходны стан, але пры ваганнях умоў асяроддзя, што выходзяць за пэўныя межы, узнікаюць парушэнні Р.э., якія могуць весці да крызісу экалагічнага ці экалагічнай катастрофы. Захаванню Р.э. і яе падтрыманню спрыяюць рацыянальнае прыродакарыстанне і мерапрыемствы па ахове прыроды.
т. 13, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
клінаста́т
(ад гр. klino = нахіляю + -стат)
прыбор, які выкарыстоўваецца ў доследах па фізіялогіі раслін для пазбаўлення ад аднабаковага ўплыву на іх некаторых фактараў знешняга асяроддзя (у асноўным сілы прыцяжэння, святла).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
экзантэ́ма
(гр. eksanthema, ад eks = звонку + anthema = цвіценне)
скурны высып пры ўздзеянні на скуру фізічных, хімічных, біялагічных фактараў, пры функцыянальным расстройстве нервовай сістэмы, пры інфекцыйных захворваннях і інш. (параўн. энантэма).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),
сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
т. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ ў прыродзе,
прыродныя механізмы, якія забяспечваюць падтрыманне дынамічнай раўнавагі ў экалагічных сістэмах рознага ўзроўню — ад біягеацэнозаў да біясферы ў цэлым. Грунтуецца на прамых і зваротных функцыянальных сувязях паміж асобнымі кампанентамі экасістэм і накіравана на нейтралізацыю ўзрушэнняў, што ўзнікаюць пад уплывам вонкавых абіятычных, біятычных і антрапагенных фактараў, спрыяе самаразвіццю экасістэмы. Пры перавышэнні неспрыяльных для экасістэмы магчымасцяў аўтарэгуляцыя можа пераходзіць у стан дэградацыі і разбурэння. Вывучэнне механізмаў аўтарэгуляцыі дае магчымасць планаваць гасп. дзейнасць чалавека і вызначаць кірункі прыродаахоўных мерапрыемстваў. Аўтарэгуляцыя ўласціва асобным арганізмам і іх папуляцыям (самарэгуляцыя), спрыяе іх адаптацыі да змененых умоў існавання, а таксама біял. сістэмам даарганізмавага ўзроўню (напр., пэўным біяхім. цыклам і працэсам).
т. 2, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯДЭГРАДА́ЦЫЯ (ад бія... + дэградацыя),
працэс раскладання матэрыялаў, рэчываў або аб’ектаў у навакольным асяроддзі пад уздзеяннем жывых арганізмаў (пераважна мікраарганізмаў); адзін з асн. энергет. працэсаў у экасістэме. Біядэградацыя мае месца пры нейтралізацыі забруджванняў прыроднага асяроддзя і утылізацыі адмерлых рэшткаў жывёл і раслін, у раскладанні быт. і прамысл. адходаў, ачыстцы сцёкавых водаў. Негатыўны бок біядэградацыі — біякарозія некаторых матэрыялаў. Зрэдку ў паняцце біядэградацыі ўключаюць працэсы распадання пад уздзеяннем непажаданых біягенных фактараў арган. часткі біягеацэнозаў (фіта- і зоацэнозаў). У больш шырокім паняцці тэрмінам біядэградацыя вызначаюць усякае агульнае пагаршэнне структуры біягеацэнозу; у гэтым сэнсе біядэградацыя можа разглядацца як састаўная частка і адзін з элементаў дэградацыі прыроды.
т. 3, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)