афіцыйная назва Індыі на мове хіндзі. Паходзіць ад стараж.-інд. назвы тэр. племені бхаратаў Бхаратаваршы (міжрэчча Джамны і Сатледж; «краіна ці царства бхаратаў»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЕПА́РХІЯ,
адм.-тэр. адзінка правасл. царквы з цэнтрам у Мінску. Утворана ў крас. 1793 у складзе Грэка-расійскай (Рускай) правасл. царквы. У 1-й трэці 19 ст. ўключала тэр. Мінскай, Віленскай і Гродзенскай губ. З 1840 тэр. епархіі ахоплівала толькі Мінскую губ. У 1921 зах. частка епархіі апынулася ў Польшчы і перайшла пад юрысдыкцыю Польскай аўтакефальнай правасл. царквы. У ліп. 1922 абвешчана Мінская мітраполія, якая падзялялася на Мінскую, Бабруйскую, Мазырскую, Слуцкую епархіі. Мітрапалітам стаў епіскап мінскі Мелхіседэк, які т.ч. узначаліў усю правасл. царкву на тэр.БССР. У выніку рэпрэсій супраць духавенства ў 1930-я г. епархія фактычна спыніла дзейнасць. Ва ўмовах ваен. акупацыі ў кастр. 1941 адноўлена ў рамках Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1950-я г. ў сувязі з тым, што епіскапы на інш.бел. кафедры не прызначаліся, М.п.е. ў рангу мітраполіі заставалася адзінай у Беларусі (кананічна падпарадкоўвалася Маскоўскаму патрыярхату). У 1989 утвораны Бел. экзархат Маскоўскага патрыярхата (Беларуская праваслаўная царква), сталі адраджацца інш. епархіі. З лют. 1992 межы М.п.е. сталі супадаць з адм. граніцамі Мінскай вобл. На 2000 у епархіі 279 царк. прыходаў, 4 манастыры, дзейнічаюць Мінская вышэйшая духоўная семінарыя і Мінскае духоўнае вучылішча. З 1989 адноўлена выданне «Минских епархиальных ведомостей».
Літ.:
Шэйкін Г. Мінская епархія // Бел.правасл. каляндар, 1997. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУША́НСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА, Кушанскае царства,
старажытная дзяржава на тэр. сучасных Узбекістана, Таджыкістана, Туркменіі, Афганістана, Пакістана і Паўн. Індыі ў 1—4 ст.н.э. Узнікла на рубяжы н.э. пасля разгрому Грэка-Бактрыйскага царства качэўнікамі, якія стварылі на яго тэрыторыі шэраг асобных княстваў. Адно з іх у Бактрыі на чале з племем або кланам кушан стала ядром К.дз. Значнага тэр. пашырэння К.дз. дасягнула пры правіцелях Кадфізе I і Кадфізе II (1 ст.н.э.), найб. росквіту — пры правіцелях Канішку і Хувішку. Праз тэр. К.дз. праходзіў Вялікі шаўковы шлях, што спрыяла развіццю гандлю і рамяства. Значнае пашырэнне тут набылі будызм, зараастрызм, маніхейства і хрысціянства. Пры правіцелі Васудэве (сярэдзіна 3 ст.) пачаўся заняпад К.дз., якая ў 4 ст. распалася на дробныя княствы.
Літ.:
Зеймаль Е.В. Кушанская хронология: (Материалы по проблеме). М., 1968;
Дальверзинтепе — кушанский город на юге Узбекистана. Ташкент, 1978;
Шеркова Т.А. Египет и Кушанское царство: (Торговые и культ. контакты). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1795—1924. Цэнтр — г.Бабруйск. Утвораны 5.5.1795 у складзе Мінскай (да 1919) губ.Пл. 12,2 тыс.км², нас. 318,8 тыс.чал. (1897). Падзяляўся на 22 воласці [Азарыцкую, Асавецкую, Бацэвіцкую, Бортніцкую, Брожскую, Гарадоцкую, Гарбацэвіцкую, Глускую, Горкаўскую, Жыцінскую, Забалоцкую (Любанскую), Замошскую, Качэрыцкую, Любоніцкую, Лясковіцкую, Новадарожскую, Парыцкую, Рудабельскую (з 1920 Акцябрская), Свіслацкую, Стэпскую, Тураўскую, Чэрнінскую]. З жн. 1919 да жн. 1920 павет (акрамя Замошскай вол., акупіраванай польск. войскамі) уваходзіў у Гомельскую губ. У 1921 Забалоцкая вол. перададзена Слуцкаму пав. 17.7.1924 павет скасаваны: Горкаўская, часткі Асавецкай, Жыцінскай і Новадарожскай валасцей перададзены Слуцкай, Азарыцкая, Лясковіцкая, частка Акцябрскай валасцей — Мазырскай акр., астатняя тэр. — Бабруйскай акрузе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФСТВА (позналац. comitatus, франц. comté, англ. shire, county, ням. Grafschaft),
1) у сярэдневяковых еўрап. краінах зямля, якая знаходзілася ва ўладанні графа. На тэр.ВКЛ у 16 — канцы 18 ст. неафіц. назва вял. магнацкіх маёнткаў, якія мелі асобны апарат кіравання і перадаваліся ў спадчыну. Назвы графства былі звязаны з графскімі тытуламі, якія былі атрыманы прадстаўнікамі арыстакратыі ад імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» і якімі дазвалялася карыстацца ў ВКЛ. На Беларусі існавалі Глускае, Быхаўскае, Заблудаўскае, Койданаўскае, Копыскае, Лагойскае, Шклоўскае і інш. графствы.
2) Буйная адм.-тэр. адзінка ў некат. сучасных дзяржавах (Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУАДАЛУ́ПЕ-ІДА́ЛЬГА МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1848,
паміж Мексікай і ЗША. Завяршыў амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48. Падпісаны пад націскам ЗША 2.2.1848 у населеным пункце Гуадалупе-Ідальга (на Пн ад Мехіка). Набыў сілу 30.5.1848. Юрыдычна аформіў заваяванне ЗША каля 55% тэр. Мексікі з багатымі зямнымі нетрамі і глебамі (Тэхас, Новая Мексіка, Верхняя Каліфорнія і інш., агульнай пл. каля 2,3 млн.км²), прызнанне паўн. граніцы Мексікі па р. Рыо-Грандэ, кампенсацыю ёй за страчаныя тэр. ў суме 15 млн.дол., адмову ЗША ад фін. прэтэнзій да Мексікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ФЕРНАЯ ЗО́НА,
прыродная тэрыторыя, прылеглая да асабліва ахоўнай (запаведнік, нац. парк і інш.) тэрыторыі, на якой часткова абмяжоўваецца гасп. дзейнасць. Ствараецца з мэтаю лепшай аховы ці падтрымання больш устойлівай экалагічнай раўнавагі на асн. ахоўнай тэр., для змяншэння ўздзеяння на запаведны рэжым антрапагенных фактараў (эксплуатацыя прыродных рэсурсаў, прамысл. і жыллёвага буд-ва, строга рэгламентуюцца паляванне і рыбная лоўля). Асаблівае значэнне мае прадухіленне ўздзеяння на асн. ахоўныя тэр. гідрамеліярацыйных і гідратэхн. работ, што вядуцца ў верхніх участках басейнаў рэк, якія цякуць праз запаведнікі ці закранаюць рэжым падземных вод на іх тэрыторыі.