ПРЫ́ПЯЦКІ САЛЯНО́СНЫ БАСЕ́ЙН Размешчаны ва ўсх.ч.Беларускага Палесся, у межах Прыпяцкага прагіну. Пл. каля 32 тыс.км², даўж. да 260 км, шыр. да 130 км. Разведаныя запасы каменнай солі 22 012,8 млн.т, калійнай — 7171,7 млн.т. Перспектыўныя запасы калійнай солі — 4229,8 млн.т. Першае Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей (разведана ў 1949) эксплуатуецца з 1963. На калійныя солі разведаны Петрыкаўскае радовішча калійных солей і Акцябрскае, выяўлена 5 перспектыўных плошчаў: Драздоўская, Светлагорская, Навадубраўская, Капаткевіцкая і Жыткавіцкая. Разведаны радовішчы каменнай солі: Давыдаўскае радовішча каменнай солі, Мазырскае радовішча каменнай солі і Старобінскае. Мазырскае радовішча эксплуатуецца шляхам падземнага растварэння каменнай солі і здабычы расолу праз свідравіны штогод да 180—360 тыс.т; на Старобінскім радовішчы каменная саль здабываецца шахтавым спосабам (500—520 тыс.т за год). У П.с.б. сярод сярэдне- і верхнедэвонскіх і ніжняпермскіх адкладаў выяўлена 5 саляносных фармацый: эйфельская, верхняфранская, ніжнефаменская, сярэдняверхнефаменская і ніжняпермская, якія залягаюць на глыб. 300—4695 м. У эйфельскай фармацыі лёгкарастваральныя ў вадзе солі прадстаўлены каменнай соллю, якая ўтварае ў паўн.ч. Прыпяцкага прагіну пласт магутнасцю да 31 м. Верхняфранская саляносная фармацыя пашырана на пл. каля 20 тыс.км², магутнасць 150—800 м, у раёнах праяўлення салянога тэктагенезу (Ельская, Маладушынская, Залатухінская і інш. структурныя плошчы) дасягае 1000—1500 м. Фармацыя прадстаўлена пераслойваннем пластоў і пачкаў каменнай солі, даламітавых мергеляў і глін, сульфатна-гліністых, карбанатна-сульфатна-гліністых парод, пясчанікаў, алеўралітаў, ангідрытаў, вулканічных туфаў і туфітаў. На З і Пд басейна ў асобных пластах каменнай солі развіты калійныя гарызонты (да 4) магутнасцю 1—1,5 м. Ад верхняфранскай і ніжнефаменскай саляносных фармацый сярэдневерхнефаменская фармацыя аддзяляецца магутным (да 900 м і больш) міжсалявым тэрыгенна-сульфатна-карбанатным комплексам, у якім на асобных участках у цэнтр. і паўд.ч. Прыпяцкага прагіну адзначаны адзінкавыя пласты каменнай солі магутнасцю 1—17 м. Сярэдневерхнефаменская саляносная фармацыя пашырана на пл. больш за 26 тыс.км², магутнасцю 100—3000 м. Паводле літалагічнага складу яна падзяляецца на ніжнюю, або галітавую (соленасычэнне да 85—95%) і верхнюю, або каліяносную субфармацыі. Каліяносная прадстаўлена пераслойваннем пластоў каменнай і калійных солей, карбанатна-гліністых і тэрыгенных парод. Калійныя солі пашыраны на пл. каля 14 тыс.км², выяўлена каля 60 гарызонтаў сільвінітавага, сільвін-карналітавага і карналітавага саставу. Фарміраванне саляносных адкладаў звязана з рыфтавым этапам развіцця Прыпяцкага прагіну. Дыферэнцыраваныя рухі па разломах з амплітудай да 2 км і больш абумовілі працэсы салянай тэктонікі, што асабліва праявіліся ў сярэдняверхнефаменскай галітавай субфармацыі ў выглядзе працяглых саляных валоў і сінклінальных зон субшыротнага напрамку. На З Прыпяцкага прагіну разломы з фундамента пранікаюць у каліяносную субфармацыю, што абумовіла плікатыўна-блокавую яе будову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНЯ́НКА,
радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу каля в. Ліцвінкава Лагойскага р-на Мінскай вобл. Паклад звязаны з канцова-марэннымі ўтварэннямі сярэднеплейстацэнавага зледзянення. Разведаныя запасы больш за 36 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 5—21 м, ускрышы 0,2—10,5 м. Жвір і пясок прыдатныя для буд. работ. Распрацоўваецца з 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МА-РЫ́ВЕР (Imo River),
газанафтавае радовішча на Пд Нігерыі. Уваходзіць у Гвінейскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1959, распрацоўваецца з 1961. Пачатковыя прамысл. запасы нафты 82 млн.т, газу — 50 млрд.м³. Прадукцыйныя паклады на глыб. 1,7—3 км. Шчыльн. нафты 865—910 кг/м³. Нафтаправод да г. Порт-Харкарт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАДО́РСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет на паўд. схіле Вял. Каўказа, паміж далінамі рэк Кадоры і Інгуры, у Грузіі (Абхазія). Даўж. каля 75 км. Выш. да 3313 м. Складзены пераважна з вулканічных парод, гліністых сланцаў і пясчанікаў. На схілах хвойныя і шыракалістыя лясы. Горныя лугі. У паўд. адгор’ях радовішча каменнага вугалю (Ткварчэлі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ УРЭНГО́Й,
горад у Расіі, у Ямала-Ненецкай аўт. акрузе, на р. Еваяха (прыток р. Пур), за 60 км на Пд ад Паўн. палярнага круга. Горад з 1980. Узнік у сувязі з асваеннем Урэнгойскага радовішча. 90 тыс.ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. ВА «Урэнгойгазпрам» (здабыча і перапрацоўка газу і нафты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІ́К,
горназдабыўное прадпрыемства ў асноўным з падземным спосабам распрацоўкі радовішча карысных выкапняў. Уключае сумежныя шахты, кар’еры і інш.горныя вырабаткі па здабычы і перапрацоўцы сыравіны, аб’яднаныя агульным комплексам наземных збудаванняў. Горныя работы на Р. вядуцца на глыбіні да 3 км і больш. Часам Р. наз. прадпрыемствы з адкрытай распрацоўкай карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́ШКАВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Светлагорскім раёне Гомельскай вобласці. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на Пд ад Светлагорска, 148 км ад Гомеля, 6 км ад чыг. ст. Асташкавічы. 1629 ж., 798 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, Дом культуры, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі Асташкавіцкае радовішча нафты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУЛЯ́Р (ад назвы радовішча ў гарах Адула ў Швейцарыі),
мінерал, адносна чыстая разнавіднасць артаклазу. Бясколерны, паўпразрысты да празрыстага. Трапляецца ў выглядзе крышталёў, часта ўтварае друзы. Характэрны для кварцавых жылаў альпійскага тыпу, сустракаецца ў пегматытах, рудных жылах. Адуляр з ірызацыяй у блакітнавата-сініх тонах (месяцавы камень) — каштоўны камень. Выкарыстоўваецца ў шкляной і керамічнай вытв-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́КЕН-ХІЛ (Broken Hill),
поліметалічнае радовішча ў Аўстраліі, унікальнае па колькасці свінцу і цынку. Адкрыта і распрацоўваецца з 1883. Складзена з кварц-палевашпатавых гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў, амфібалітаў ніжнепратэразойскага ўзросту. Гал. рудныя мінералы галеніт і сфалерыт, ёсць таксама халькапірыт, арсенапірыт, самароднае серабро і інш. Здабываюць свінец, цынк, серабро, кадмій, як спадарожныя — золата, медзь, сурму, кобальт.