незбалансаванасць у развіцці асобных галін, узаемазвязаных фаз вытв-сці, якая спараджае парушэнне норм ходу працэсу ўзнаўлення. Адрозніваюць асобныя Д., якія маюць лакальны і кароткатэрміновы характар, і агульныя Д., звязаныя з узрушэннем усёй эканомікі. Вял. значэнне для ўзнікнення і развіцця дыспрапарцыянальнасці мае стан спажывання ў дадзеным грамадстве, яго ўзгадненне з вытв-сцю і плацежаздольным попытам, што абумоўлена адносінамі ўласнасці. Д. паяўляюцца як парушэнне аб’ектыўна неабходнай сувязі паміж вытв-сцю і спажываннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТАЛЁВАЙ РАЎНАВА́ГІ ПРЫ́НЦЫП,
агульнае палажэнне статыстычнай фізікі, паводле якога кожны мікраскапічны працэс у раўнаважнай сістэме працякае з той жа скорасцю, што і адваротны яму. Скорасць працэсу ў гэтым выпадку разглядаецца ў статыстычным сэнсе як сярэдняе значэнне скорасці вял. колькасці аднолькавых мікрапрацэсаў. У квантавай тэорыі Д.р.п. выяўляецца ў роўнасці імавернасцей прамога і адваротнага працэсаў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фіз. і хім. кінетыкі, пры вызначэнні характарыстык квантавых пераходаў і працэсаў сутыкнення атамных і ядз. часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́СНАСЦЬ СУДАВО́ДСТВА,
адкрыты разбор спраў ва ўсіх судах; адзін з асн.дэмакр. прынцыпаў судовага працэсу. Прынцып галоснасці судаводства абвешчаны ў большасці развітых краін. У Рэспубліцы Беларусь замацавана ў Канстытуцыі, законе аб судаўладкаванні і ў інш. прававых актах. Закрыты суд. разбор дапускаецца толькі ў выпадках, устаноўленых заканадаўствам (калі гэтага вымагае неабходнасць захавання дзяржаўнай тайны, па справах аб палавых злачынствах і ў інш. выпадках, дзе закранаюцца інтымныя бакі жыцця асоб, якія ўдзельнічаюць у справе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́НТЫІ ПРАЦЭСУА́ЛЬНЫЯ,
сістэма прававых сродкаў, устаноўленых законам для забеспячэння належнага выканання правасуддзя і ажыццяўлення задач судаводства па крымін. і цывільных справах. Дакладнае захаванне гарантый працэсуальных — неабходная ўмова вынясення судом законнага і справядлівага рашэння (прыгавору) па справе. Заканадаўства Рэспублікі Беларусь дае магчымасць усім удзельнікам суд.працэсу рэалізаваць свае абавязкі і выкарыстаць нададзеныя ім правы. Асобы, якія прымаюць удзел у справе, могуць рэалізаваць свае правы асабіста ці пры дапамозе адвакатаў, законных прадстаўнікоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАМУНІСТЫ́ЧНАЕ ВЫХАВА́ННЕ»,
педагагічны, паліт.-асв. часопіс. Выдаваўся ў 1924—36 у Мінску, друкаваў матэрыялы на бел. і рус. мовах. Да 1929 наз. «Асвета», з 1930 — «К.в.», у 1940—60 — «Савецкая школа», у 1960 аб’яднаны з час. «У дапамогу настаўніку» і атрымаў назву «Народная асвета». Выйшла 110 нумароў. Асвятляў пытанні ўсеагульнага навучання ў БССР, методыкі і арг-цыі навуч.працэсу ў школе, змяшчаў крытыка-бібліягр. агляды кніг на пед. тэмы, школьных падручнікаў, дапаможнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁЛЕР, Малер (Muller) Герман Джозеф (21.12.1890, Нью-Йорк — 5.4.1967), амерыканскі генетык, адзін з заснавальнікаў радыяцыйнай генетыкі. Скончыў Калумбійскі ун-т (1910). З 1925 праф. ун-та штата Тэхас. З 1933 у Ін-це генетыкі АНСССР. У 1937—40 у Эдынбургскім ун-це (Шатландыя). У 1945—64 праф. ун-та штата Індыяна. Навук. працы па храмасомнай тэорыі спадчыннасці, заканамернасцях мутацыйнага працэсу. Даказаў магчымасць штучнага выклікання мутацый пад уздзеяннем рэнтгенаўскага апрамянення. Нобелеўская прэмія 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЯРО́ДАВЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія ўзнікаюць у жанчын у першыя 6—8 тыдняў пасля родаў. Паталаг. працэс можа лакалізавацца ў родавых шляхах, узнікаць ад інфекцый (напр., эндаметрыт) і без інфекцый (гематомы, крывацёк і інш.). Бываюць П.х. з лакалізацыяй паталаг.працэсу па-за родавымі шляхамі (лактацыйны мастыт, гіпагалактыя, трэшчыны саскоў і інш.). Узбуджальнікі інфекц. П.х. найчасцей стафілакокі, стрэптакокі. Пры інфекц. П.х. высокая т-ра цела, дрыжыкі, паталаг. змены ў хворым органе. Лячэнне тэрапеўт., пераліванне крыві, плазмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДАНТЫ́Т, перыцэментыт,
запаленне тканак (перыядонту), што акружаюць корань зуба. Адрозніваюць востры, хранічны і хранічны ў стадыі абвастрэння. Паводле ступені пашыранасці паталаг.працэсу П. падзяляюць на ачаговы і дыфузны. Узнікае ад інфекцыі (напр., нявылечаны пульпіт), траўмы (напр., пералом зуба ад удару, раскусвання арэхаў), таксічнага ўздзеяння лек. сродкаў (напр., мыш’яковістай пасты). Прыкметы: ныючы боль, які ўзмацняецца пры націсканні на зуб, прыпухласць і пачырваненне дзясны вакол хворага зуба. Запаленчы працэс пашыраецца ад цеплавых працэдур. Лячэнне стаматалагічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУХІРЧА́ТКА,
хвароба з групы дэрматозаў, асн. прыкмета якой — утварэнне пухіроў на скуры і слізістых абалонках. Пухіры хутка павялічваюцца, лопаюцца і ўтвараюць вял. паверхні з язвамі. Адрозніваюць П. сапраўдную (аканталітычную, з дэгенератыўнымі зменамі клетак эпідэрмісу скуры) і неаканталітычную (пухіры ўтвараюцца ў выніку запаленчага працэсу). Сапраўдная П. — хранічная хвароба, пры якой парушаецца сувязь паміж слаямі эпідэрмісу. Да клінічных форм сапраўднай П. адносяцца звычайная, вегетуючая, лістападобная, эрытэматозная. Бывае таксама П. лепрозная, нованароджаных (эпідэмічная і сіфілітычная). Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛАГАВАЯ ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА (АВМ),
вылічальная машына, у якой апрацоўка інфармацыі выконваецца з дапамогай спецыяльна падабранага фіз.працэсу, што мадэлюе выліч. заканамернасць. Звычайна складаецца з суматараў, інтэгравальных і дыферэнцыравальных элементаў і інш. У адрозненне ад электроннай вылічальнай машыны рашэнне атрымліваецца практычна імгненна пасля задання параметраў задачы; мае простую канструкцыю і праграмаванне, але невысокую дакладнасць вылічэнняў і меншую універсальнасць.
Папярэднікамі сучаснай АВМ можна лічыць лагарыфмічную лінейку, графікі і намаграмы (гл.Намаграфія) для вызначэння функцый некалькіх пераменных, упершыню прыведзеныя ў дапаможніках па навігацыі (1971), аналагавую прыладу (планіметр) англ. вучонага Дж.Германа для вызначэння плошчы, якая ўтворана замкнутай крывой на плоскасці (1814). Першая мех. АВМ для рашэння дыферэнцыяльных ураўненняў пры праектаванні караблёў прапанавана рус. вучоным А.М.Крыловым у 1904. Сав. Матэматык С.А.Гершгорын (1927) заклаў асновы пабудовы сеткавых мадэляў АВМ.
Выкарыстоўваюцца АВМ для рашэння задач па апераджальным аналізе, аналізе дынамікі і сінтэзе сістэм кіравання і рэгулявання, у эксперыментальных даследаваннях паводзін сістэмы з апаратурай кіравання ці рэгулявання ў лабараторных умовах, пры вызначэнні ўзбурэння ці карысных сігналаў, што ўздзейнічаюць на сістэму і інш. АВМ, у якой лікавыя характарыстыкі мадэлявальнага фіз.працэсу выяўлены ў лічбавай форме, наз. гібрыднай вылічальнай машынай.