верхняе літургічнае адзенне рымска-каталіцкага духавенства. Складаецца з 2 палотнішчаў, закругленых унізе і змацаваных плечавымі швамі. Апранаецца паверх інш. адзення. Да эпохі барока арнаты мелі выгляд палярыны; яе перад аздабляўся вертыкальна нашытым пасам, тыльны бок — нашытым крыжам. Барочны арнат меў фігурныя краі пярэдняга палотнішча, якое набыло абрыс віяланчэлі. На Беларусі захаваліся арнаты 17—19 ст., пашытыя з парчовых і шаўковых тканін, атласу, аксаміту адпаведнага канкрэтнай літургіі колеру (зялёнага, фіялетавага, белага, чырвонага, сіняга) і аздобленыя аплікацыяй або гафтам, тасьмой і карункамі з залатымі ці сярэбранымі ніткамі, часта жэмчугам і каштоўнымі камянямі. Выяўлены арнаты, зробленыя са слуцкіх паясоў (у касцёлах вёсак Чарнаўчыцы Брэсцкага і Новая Мыш Баранавіцкага, г.п. Ружаны Пружанскага, г. Косава Івацэвіцкага р-наў). Калекцыі арнатаў 17—18 ст. зберагаюцца ў Нац. музеі Беларусі і Нац.маст. музеі Беларусі; значная калекцыя арнатаў 18—19 ст. — у Музеі стараж.-бел. культуры ІМЭФАН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НТА (польс.: gont),
драўляны матэрыял для крыцця даху і сцен у форме невял. тонкіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам з другога. Робіцца з яловай, хваёвай, асінавай і інш. драўніны, даўж. звычайна 50—60 см, шыр. каля 10 см. Дах з гонты служыць 25—35 гадоў. Вядома ва ўсёй Еўропе. У Беларусі гонта вядома з даўніх часоў, рабілася ўручную (радыяльным расколваннем), пазней — на механізаваных станках (распілоўваннем). Гонтай крылі дахі ўсіх тыпаў будынкаў. Дошчачкі ўваходзілі адна ў адну і прыбіваліся да дахаў. Кожны верхні рад гонты перакрываў ніжэйшы, таму крыццё атрымлівалася шматслойнае — да 4 слаёў (касцёл у Койданаве, 18 ст.). Часам гонты ніжняга, навіслага над карнізам рада рабілі завостранымі, што ўпрыгожвала дах (сядзібны дом у Борках Дзятлаўскага, званіцы ў Белагрудзе Лідскага і Шарашове Пружанскага, касцёл у Жытомлі Гродзенскага р-наў).
С.А.Сергачоў.
Канструкцыя абшыўкі з гонты.Дах з гонты на царкве ў вёсцы Строчыца Мінскага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВЯНЕ́ЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
паўднёва-заходняя частка Мінскага ўзвышша на У Валожынскага і Пн Дзяржынскага р-наў Мінскай вобл. Мяжуе на З з Верхнянёманскай нізінай, на Пд — са Стаўбцоўскай раўнінай, на Пн і У з Мінскім узвышшам. Выш. 210—280 м, найб. 345 м (Дзяржынская гара). Прымеркавана да Валожынскага грабена Бел. антэклізы. Складзена з сярэднедэвонскіх пясчана-гліністых адкладаў (з праслойкамі даламіту, мергелю, гіпсу) і верхнемелавой мергельнай тоўшчы. Антрапагенавыя адклады магутнасцю больш за 150 м. Выраўнаваная хвалістая паверхня, ускладненая невысокімі ўзгоркамі — камамі (адносныя перавышэнні 5—20 м) і буйнымі астраўнымі канцова-марэннымі ўзгоркамі. Фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлення якога значна зменена эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Асабліва моцна былі размыты прыдалінныя ўчасткі водападзельных прастораў. Некаторыя глыбока ўрэзаныя лагчыны занятыя далінамі невялікіх прытокаў Іслачы і Пцічы. Прыдалінныя схілы ўзвышша стромкія (10—25°), астатнія спадзістыя, паступова пераходзяць у водна-ледавіковую раўніну. Глебы дзярнова-падзолістыя супясчаныя, радзей сугліністыя, месцамі эрадзіраваныя. Участкі лясоў (хваёвыя, дубовыя, яловыя). Ёсць сухадольныя лугі. Пад ворнымі землямі каля 60% тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЯ́НСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ (шталаг № 337). Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў вер. 1941 каля чыг. ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных, з канца жн. 1943 — насельніцтва прыфрантавой паласы ў Вял.Айч. вайну. Лагер быў абгароджаны калючым дротам. Тут пастаянна трымалі каля 5,5 тыс.чал., баракі былі перапоўнены, таму большасць вязняў і зімой заставалася пад адкрытым небам. Пры непасільнай фізічнай працы выдавалі на 1 чал. на дзень 125 г хлеба з апілкамі і 1,5 л баланды. Рэгулярна праводзіліся масавыя расстрэлы; у жн. 1942 з-за адмовы вязняў ісці ў фаш. фарміраванні за суткі знішчана 720 чал. У 1942 лагер меў філіял (баранавіцкая турма) і 6 аддзяленняў (у Івацэвічах, Стоўбцах, г.п. Гарадзея і вёсках Пагарэльцы Нясвіжскага, Даманава і г. Косава Івацэвіцкага р-наў). За час існавання (да лета 1944) у лагеры, філіяле і аддзяленнях загублена 88 407 чал. Ахвярам фаш. генацыду на чыг. ст. Лясная пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́ШЫЧЫ,
вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пд ад Карэліч, 209 км ад Гродна, 48 км ад чыг. станцыі Наваельня. 471 ж., 194 двары (1999).
Вядомы з 2-й пал. 15 ст. як сяло ў Навагрудскім пав., належала Свірылю. З 1530 уласнасць кн. Ф.Чартарыйскага, з 1532 — татарскага кн. Ахмета Улана, які заснаваў тут мястэчка. У 18 ст. ўладальнікамі М. былі Есьманты і Багдановічы. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. М. — сяло і 3 фальваркі ў Навагрудскім пав. Мінскай губ. З 1921 у складзе Польшчы у Навагрудскім пав. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Валеўскага, з 25.11.1940 — Карэліцкага р-наў. У 1961—79 у Райцаўскім с/с. У 1972—415 ж., 112 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна мясцовай прам-сці Беларусі па выпуску муз. інструментаў і дэталей да іх. Муз. інструменты з даўніх часоў выраблялі майстры-ўмельцы. У 1920—30-я г. наладжана іх прамысл.вытв-сць. У 1999 дзейнічаюць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Беларускае вытворчае аб’яднанне музычных інструментаў, у т. л.Барысаўская фабрыка піяніна (галаўное прадпрыемства аб’яднання), Бобрскі з-дмуз. дэталей (Крупскі р-н), а таксама Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Асн. прадукцыя: піяніна, цымбалы, баяны, акардэоны, гармонікі, акустычныя гітары і электрагітары. дзіцячыя муз. цацкі. Вырабляюцца таксама індывід.муз. інструменты, у асноўным скрыпічныя. Найб. вядомыя муз. інструменты, створаныя бел. майстрамі: В.В.Богданам з Вілейскага, Б.П.Круглым з Лідскага, І.М.Карнеем з Смаргонскага, М.М.Міронам з Дзяржынскага р-наў, У.А.Крайко з Мінска, М.П.Такушэвічам з г. Маладзечна і інш.
Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Участак зборкі электрагітар на Беларускім вытворчым аб’яднанні музычных інструментаў у г. Барысаў.Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Гатовая прадукцыя Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРУ́СКІ МУР»,
спецыфічны тып агараджальнай канструкцыі будынкаў (фахверка) на Беларусі. Аснову канструкцыі складаў драўляны каркас з верт. стоек, злучаных гарыз. бэлькамі, раскосамі і крыжовымі сувязямі. Прамежкі паміж элементамі каркаса запаўнялі каменем, цэглай або глінай, часта атынкоўвалі і бялілі, а каркас пакідалі адкрытым, і ён утвараў на паверхні сцен характэрны дэкар. малюнак.
Тэхніка «П.м.» запазычана з Зах. Еўропы. Пашырана ў 15—17 ст. у буд-ве пераважна малапавярховых абарончых збудаванняў (брама замка ў в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на), жылых, гасп. і вытв. будынкаў. У 18 ст.дэкар. матывы «П.м.» выкарыстоўваліся для аздаблення сцен манум. драўляных будынкаў (брама Пінскага замка). У тэхніцы «П.м.» да пач. 20 ст. пабудаваны жылыя дамы ў вёсках Грозаў Капыльскага, Заазер’е Нясвіжскага р-наў Мінскай вобл., гасп. пабудова ў в. Манькавічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл., вадзяны млын у в. Гервяты Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. і інш.
Ю.А.Якімовіч.
Жылы дом, пабудаваны ў тэхніцы «прускага муру» ў вёсцы Заазер’е Нясвіжскага раёна Мінскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРЫ́ПЯЦКІЯ БАЛО́ТЫ»
(«Pripiatsee»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.фаш. захопнікаў супраць часцей Чырв. Арміі, якія трапілі ў акружэнне, партызан і мясц. насельніцтва на тэр. Брэсцкай, Пінскай і Мінскай абл. 19.7—31.8.1941 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі 162-й і 252-й пях. дывізій, 1-й кав. брыгады СС на чале з нач. СС і паліцыі тылу групы арміі «Цэнтр» Бах-Зелеўскім паводле загаду рэйхсфюрэра СС Гімлера. Мэта: расстраляць западозраных у падтрымцы партызан, вывезці жанчын і дзяцей у балота, канфіскаваць жывёлу і прадукты, знішчыць у раёне Прыпяцкіх балот вёскі, дзе будзе аказана супраціўленне. Паводле звестак ням. камандавання, на 13 жн. было загублена 13 788 чал., спалена шмат нас. пунктаў, у т. л. вёскі Вял. Гаць (загублена 123 чал.), Святая Воля (436 чал.) Косаўскага р-на Брэсцкай, Запясочча (300 чал.), Пагост (69 чал.), Чэрнічы (40 чал.) Жыткавіцкага, Асташкавічы (120 чал.), Славань (72 чал.) Парыцкага р-наў Палескай, Хатынічы (73 чал.) Ганцавіцкага р-на Пінскай абл. Гітлер палічыў «надта нязначнай» колькасць загубленых жыхароў.
усё гэ́та ро́зныя звёны аднаго́ ланцуга́ — всё это ра́зные зве́нья одной це́пи
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
АГО́ЎСКІЯ КУ́ФРЫ,
вырабы бел.нар. майстроў з вёсак Агова, Опаль, Іванаўскага, Крамно, Заверша, Хомск Драгічынскага р-наў Брэсцкай вобл. Промысел узнік у пач. 20 ст., найб. росквіту дасягнуў у 1950-я г. Паводле канструкцыі агоўскія куфры традыцыйныя: прамавугольная скрыня памерам 60 × 110 × 80 см з пукатым векам, на 4 метал. ці драўляных колцах, з 2 ручкамі на баках.
У пач. 20 ст. іх фарбавалі ў адзін колер, акоўвалі палосамі бляхі. У 1920—30-я г. размалёўвалі ў розныя колеры. Палосамі фляндроўкі, што замяніла старадаўнюю акоўку, плоскасць куфра падзялялася на некалькі прамавугольнікаў, якія запаўняліся расліннымі, геам. і зааморфнымі кампазіцыямі. Характар дэкору аналагічны інш. відам мясц. размалёўкі (гл.Агоўская размалёўка) ці аздабленню адзення, ручнікоў, дываноў. Традыцыйна існавала раздзяленне вытв. працэсаў: мужчыны выконвалі сталярныя і кавальскія работы, жанчыны — размалёўку. Промысел заняпаў у пач. 1960-х г., у 1970-я г. адроджаны (у 1978 у в. Агова створаны філіял Брэсцкай ф-кі сувеніраў).
Я.М.Сахута.
Да арт.Агоўскія куфры. Куфар. Размалёўка Т. Доўгер. 1950-я г. Вёска Агова Іванаўскага раёна.