БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

кліматабальнеалагічны курорт у Беларусі. За 25 км ад г. Брэст. Развіваецца з 1981. Клімат умерана кантынентальны, з параўнальна мяккай зімой і адносна сонечным летам. Крыніца мінер. водаў, радовішчы тарфяных гразяў. Масівы хваёвых і мяшаных лясоў вакол азёраў Белае і Рагазнянскае. Санаторый «Бярэсце» арыентаваны на рэабілітацыю хворых з сардэчна-сасудзістымі і нерв. расстройствамі, нетуберкулёзнымі хваробамі органаў дыхання, аздараўленне пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Турысцкая і інш. базы для доўга- і кароткатэрміновага адпачынку дзяцей і дарослых.

т. 2, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАМАНО́З, краснуха карпаў, інфекцыйная вадзянка, веснавая вірэмія карпаў,

інфекцыйная хвароба карпавых рыб, радзей судака і вугра, якая выклікаецца бактэрыямі з роду Aeromonas. Суправаджаецца гемарагічным запаленнем скуры, унутр. органаў, асцытам і агульнай вадзянкай. Вострая форма хваробы адзначаецца вясной і характарызуецца парушэннем функцыі выдзялення. У хворых лускаватых рыб луска тапырыцца, у голых утвараюцца скурныя пухіры, вочы лупатыя. Хранічная форма адзначаецца летам і восенню, суправаджаецца ўтварэннем паверхневых язваў цёмна-чырвонага колеру з блакітна-шэрым абадком на хвасце і баках.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́БІНА ЛЕ́ТА»,

пара сухога, цёплага (днём) надвор’я ў 2-й пал. верасня — кастрычніку ў Паўн. паўшар’і. У Паўн. Амерыцы наз. індзейскім летам. Прадаўжаецца 2—3 тыдні. На Беларусі бывае амаль штогод пры ўстойлівым антыцыклоне, з якім паступае цёплае паветра з Пд. Пераважае малавоблачнае надвор’е, слабы паўд. вецер. У найб. працяглыя перыяды вяртання цяпла могуць паўторна цвісці яблыні, вішні, чаромха і інш. Доўгае «Бабіна лета» было, напрыклад, у Мінску ў 1975 (цягнулася месяц), калі дзённыя т-ры дасягалі 29 °C.

т. 2, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РБІС,

снежны барс (Uncia uncia), драпежнае млекакормячае сям. каціных. Пашыраны ў высакагор’ях Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Летам жыве каля лініі снягоў на выш. да 5500 м, зімой у поясе хвойных лясоў, ніжэй за 1800 м.

Даўж. цела да 130 см, хваста да 105 см, Maca да 40 кг. Колер дымчата-шэры, амаль белы, з кольцападобнымі цёмнымі плямамі. У вывадку да 5, звычайна 2—3 кацяняці. Асн. корм — капытныя жывёлы. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

Ірбіс.

т. 7, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБУ́Л,

рака ў Афганістане і Пакістане, правы прыток р. Інд. Даўж. 460 км, пл. бас. каля 75 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Гіндукуша (хр. Баба), цячэ пераважна ў яго адгор’ях, перасякае Джэлалабадскую міжгорную ўпадзіну, ад г. Пешавар — па ўзгорыстай раўніне. Летнія паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 700 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння Кабульскага, Джэлалабадскага, Пешаварскага аазісаў. На К. ГЭС Наглу (Афганістан), вадасховішча. Суднаходная летам на 120 км. На К. — гарады Кабул, Джэлалабад (Афганістан), у даліне — Пешавар (Пакістан).

т. 7, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НГЕ (Іван Іванавіч) (1894, г. Пскоў, Расія — 29.3.1919),

удзельнік барацьбы за сав. ўладу ў Беларусі. З 1915 на Зах. фронце. Летам 1915 арганізаваў і ўзначаліў бальшавіцкую ячэйку ў Навабеліцкім гарнізоне. З сакавіка 1917 чл. Гомельскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, з крас. 1917 чл. Палескай арг-цыі РСДРП(б). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 ваен. камісар Гомеля, нач. Гомельскага гарнізона. У канцы 1918 старшыня Слуцкага пав. рэўкома. З студз. 1919 старшыня Гомельскай пав. ЧК. Загінуў у час стракапытаўскага мяцяжу 1919.

т. 9, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІФАРНІ́ЙСКІ ЗАЛІ́Ў (ісп. Golfo de Califomia),

заліў Ціхага ак. каля зах. берагоў Паўн. Амерыкі. Пл. 180 тыс. км². Даўж. 1240 км, шыр. да 220 км, глыб. да 3292 м. Адасоблены п-вам Каліфорнія. Шмат астравоў, найбольшыя — Тыбурон, Анхель-дэ-ла-Гуарда. Упадае р. Каларада. Паводле гідралагічнага рэжыму — мора. Т-ра вады зімой 15—21 °C, летам да 28 °C. Салёнасць да 35,5‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 2,9 м). Рыбалоўства (тунец, камбала, скумбрыя і інш.). Порт — Гуаймас (Мексіка).

т. 7, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДАРЫ́НКА (Aix galericulata),

птушка сям. качыных. Пашырана ў Паўд.-Усх. Азіі. Жыве па лясных вадаёмах.

Даўж. да 43 см, маса да 700 г. У самца ў шлюбным апярэнні на галаве чубок — пурпурова-зялёны зверху і рыжы з белым з бакоў; «люстэрка» на крыле зялёнае; унутр. другарадныя махавыя пёры ўзняты ўверх. Летам і восенню ён бураваты, як і самка. Кормяцца малюскамі, чарвямі, ікрой рыб, насеннем водных раслін і інш. Гнёзды ў дуплах, радзей на зямлі.

Мандарынка: 1 — самка; 2 — самец.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСПАРО́З ЛЁНУ, бурая плямістасць сцёблаў, ломкасць сцёблаў,

хвароба лёну, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду аўрэабазідый. Пашкоджвае сцёблы, лісце, насенныя каробачкі, насенне. Пашыраны на Беларусі ў раёнах ільнасеяння (найб. у гады з вільготным халодным летам). Інфекцыя перадаецца з насеннем, праз глебу, разносіцца ветрам, вадой, насякомымі-шкоднікамі (напр., ільнянымі блошкамі). На раслінах утвараюцца бурыя плямы, сцёблы робяцца кволымі, крохкімі, лёгка ламаюцца. Хворыя пасевы палягаюць, зніжаецца ўраджайнасць, пагаршаецца якасць валакна — яно траціць трываласць, дрэнна адстае ад кастрыцы.

Поліспароз лёну.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

метаві́шча

1. Месца, дзе начуюць летам коні (Смален. Дабр.). Тое ж нашле́г, начле́г (Слаўг.).

2. Месца, дзе сеў пчаліны рой (Смален. Дабр.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)