МІГА́Й (Сяргей Іванавіч) (30.5.1888, г. Магілёў — 8.12.1959),
расійскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. Расіі (1939). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1911), вучыўся ў М.Батыстыні (1911—13), у Опернай студыі пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага (1918—20). З 1911 саліст Вял. т-ра, з 1924 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. У 1927—41 выступаў у Маскве і Ленінградзе, з 1941 саліст і кіраўнік вак. групы Усесаюзнага радыёкамітэта. З 1948 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Меў насычаны галас цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), дасканала валодаў вак. тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, граф ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж.Вердзі) і інш. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У 1920-я г. часта спяваў з Л.Собінавым. Сярод яго вучняў Ю.Мазурок, А.Саўчанка. Аўтар метадычных прац па пытаннях вак. выканальніцтва.
Літ.:
Гусев П.С. И.Мигай. Л., 1975.
т. 10, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
абро́к 1, ‑у, м.
Гіст. Натуральны або грашовы падатак, які спаганяўся памешчыкамі з прыгонных сялян; чынш. Збіраць аброк. □ Пранюхаў князь: мужыкі багацей сталі жыць, Маюць хлеб ды з бярозавым сокам. Загадаў аканомам сваім аблажыць Мужыкоў цяжэйшым аброкам. Танк.
абро́к 2, ‑у, м.
Корм для коней, звычайна авёс. Мужчыны павыпрагалі коней, далі ім аброку і таксама пайшлі да гурту. Сачанка. Не даўшы аброку, не бі кіем па боку. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяскры́ўдны, ‑ая, ‑ае.
Які не робіць крыўды, не прыносіць непрыемнасцей; мірны, нявінны. Але да яе [Машы] непакою за пасевы азімых аднесліся з бяскрыўднай сялянскай іроніяй. Шамякін. // Няздольны пакрыўдзіць; няшкодны. Разам з другімі рагатаў і «князь». Смяяўся шчыра, да слёз, і на хвіліну здаўся бяскрыўдным дзіцем, якому яшчэ патрэбна нянька. Карпюк. // Няздольны пакрыўдзіцца, някрыўдны; вельмі дабрадушны. [Павел] быў настолькі бяскрыўдны і бездапаможны, што з ахвотай адклікаўся, калі мы яго клікалі барабаншчыкам. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
санаві́ты, ‑ая, ‑ае.
Уст.
1. Які мае высокі чын, сан. І пад’ехаў князь той сакавіты, Серабром і золатам расшыты, Зіхаціць, як ясная зара. Бялевіч. [Валуеў] любіў пагаварыць пра карысць Расіі, асабліва, калі слухаюць санавітыя людзі. Караткевіч.
2. Паважны; важны з выгляду. Сама Гертруда з роўнай усмешкай на сціснутых губах абняла санавітага чалавека. Чорны. // Які ўласцівы такому чалавеку. Людзі ходзяць урачыста. У святочных строях, А з павагай, з сакавітай, — Ходзяць, як героі. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВАСІ́ЛЬ I Дзмітрыевіч
(30.12.1371, Масква — 27.2.1425),
вялікі князь маскоўскі [1389—1425]. Старэйшы сын Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Жанаты з Соф’яй, дачкой вял. князя літ. Вітаўта. Да Маскоўскага княства далучыў у 1392 Суздальска-Ніжагародскае і Мурамскае княствы, у 1397—98 — Волак Ламскі, Бежацкі Верх, Волагду, Вялікі Усцюг і землі комі. Для барацьбы з татарамі заключыў з ВКЛ саюз (1392), які распаўся ў сувязі з захопам Вітаўтам у 1403—04 Смаленска і Вязьмы.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ II Васілевіч Цёмны
(10.3.1415—27.3.1462),
вялікі князь маскоўскі [1425—62]. Сын Васіля I Дзмітрыевіча і Соф’і, дачкі вял. князя літ. Вітаўта. Амаль 30 гадоў ваяваў з кааліцыяй удзельных князёў, якою кіраваў галіцкі кн. Юрый Дзмітрыевіч і яго сыны. У 1446 аслеплены адным з іх, Шамякам (адсюль прозвішча Цёмны). Ліквідаваў большасць удзелаў у Маскоўскім княстве, умацаваў велікакняжацкую ўладу. Пры ім выбраны мітрапаліт (1448), рус. царква стала незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛА АЛЯКСА́НДРАВІЧ (1261 — сак. 1303),
князь Маскоўскага вялікага княства (да 1283—1303). Родапачынальнік маск. князёў. Сын Аляксандра Неўскага і полацкай князёўны Аляксандры Брачыслаўны. З 1280-х г. удзельнічаў у барацьбе за права княжыць ва Уладзіміры і Ноўгарадзе. У 1300 далучыў да сваіх уладанняў Каломну і шэраг валасцей, у 1302 — Пераяслаў-Залескі, што дало пачатак росту тэр. Маск. княства. Пасля смерці кананізаваны, перапахаваны ў заснаваным ім каля 1298—99 Данілавым манастыры.
т. 6, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗЯСЛА́Ў ВАСІ́ЛЬКАВІЧ,
князь полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст. Адзін з герояў «Слова аб палку Ігаравым», дзе гаворыцца пра яго гераічную гібель у баі з літоўцамі. Дзедам І.В. названы кн. Усяслаў Брачыславіч. На падставе «Слова...» некат. даследчыкі лічаць, што І.В. быў князем у Гарадзені, які часам атаясамліваецца з сучасным Гроднам. Адзіны герой «Слова...», які не ўпамінаецца ў летапісах, што ставіць пад сумненне яго гіст. сапраўднасць.
М.І.Ермаловіч.
т. 7, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШТВАН I Святы
(István 1 Szent),
Стэфан I (каля 975—15.8.1038), князь (з 997), першы кароль Венгрыі [1001—38]. З дынастыі Арпадаў. Увёў у Венгрыі хрысціянства ў якасці дзярж рэлігіі, каля 1000 засн. першае архіепіскапства. Ліквідаваў племянны падзел краіны, увёў адм.-тэр. акругі — каралеўскія камітаты. У 1030 адбіў уварванне ням. войска ў Венгрыю. У 1083 кананізаваны каталіцкай царквой.
Літ.:
Краткая история Венгрии: С древнейших времен до наших дней. М., 1991.
т. 7, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУТЫ́, Крут (Krut; ? — 1093),
князь Вендскай дзяржавы [1066—93]. Паходзіў, верагодна, з княжацкай дынастыі, якая ў 10—12 ст. правіла на в-ве Руяна (цяпер в-аў Руген, Германія). Узначальваў супраціўленне прыбалтыйскіх і палабскіх славян іх прымусовай хрысціянізацыі з боку ням. герцагаў. У час аслаблення «Свяшчэннай Рымскай імперыі» пры Генрыху IV пашырыў межы Вендскай дзяржавы да Паўн. мора, падпарадкаваў Нордальбінгію. Загінуў у барацьбе з Генрыхам, сынам Готшалка, які дзейнічаў у саюзе з саксонцамі.
т. 8, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)