канчатко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не будзе больш пераглядацца, змяняцца; беспаваротны. Канчатковае рашэнне. Канчатковы вывад. □ Канчатковай канструкцыі касмічнай ракеты яшчэ не было. Гамолка. // Які з’яўляецца завяршэннем або ажыццяўленнем чаго‑н. Канчатковая мэта. Канчатковы вынік. □ Выканаў тут ён [Гукай] акон свой Апошні, часовы — заўтра адгэтуль ён пойдзе На штурм канчатковы. Куляшоў. Вечар і ноч прайшлі ў канчатковай падрыхтоўцы абароны. Брыль.

2. Даведзены да канца, поўны. Канчатковая перамога. □ Шчаслівая немка давяла свядомасць гэтых двух чалавек да канчатковай яснасці, быццам толькі цяпер іх вочы да канца раскрыліся на тое, што адбылося за ўсе гэтыя дні. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карка́с, ‑а, м.

1. Унутраная апорная частка збудавання, канструкцыі, на якой трымаюцца астатнія часткі. Рабочыя паставілі каркас, абшылі яго плітамі, накрылі дах, і праз пяць дзён на будаўнічай пляцоўцы ўжо ўзвышаўся новы прыгожы дом. «Звязда». [Антон Цярэнцевіч] зняў шкурку з забітай чаплі, потым зрабіў з дроту каркас, абкруціў яго ватай і цяпер нацягвае на каркас шкурку. В. Вольскі. // Астаткі якога‑н. прадмета, што захоўваюць яго першапачатковыя абрысы. Там і сям на полі дыміліся шкілеты разбітых аўтамашын, каркасы абгарэлых танкаў. Дудо.

2. Паўднёвае дрэва сямейства ільмовых з вельмі цвёрдай драўнінай, якая ідзе на выраб духавых інструментаў; каменнае дрэва.

[Іт. carcassa.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія круцяцца. У другой грамадзе народ акружыў чалавека з круцёлкаю і пазіраў, як прабаваў хто шчасця. Колас. Сям-там скрыпеў журавель або тарахцела круцёлка над студняй. Брыль. [Шыковіч] дасканала ведаў усе старажытныя канструкцыі сялянскіх замкоў — круцёлак, засовак, зашчэпак. Шамякін.

2. Легкадумны, ветраны чалавек (пераважна пра жанчыну). Збіраўся нават раскрычацца [Арцём Ісакавіч] на гэтую бессаромную круцёлку, якая — на табе — знайшла час распытваць аб розных глупствах, ды ў каго распытваць! Лынькоў. [У Веры Андрэеўны] ўжо складаўся вобраз Тамары — хлуслівай круцёлкі, якая хоча ашукаць яе сына. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шта́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

1. Спец. Металічны стрыжань, які выкарыстоўваецца як састаўная частка многіх інструментаў, механізмаў, канструкцыі і пад. Буравая штанга. □ Галіна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сціснула яе. Шамякін. Эластычна ўзлятае ў .. неба баскетбольны мяч, рытмічна паскрыпваюць штангі турнікоў. Мікуліч.

2. Перакладзіна або брус футбольных, хакейных варот. Мяч адляцеў ад штангі варот.

3. Спартыўны снарад для заняткаў цяжкай атлетыкай, які складаецца з металічнага стрыжня, на канцах якога прымацоўваюцца здымныя дыскі. Там у .. [рэдактара] былі гіры і штанга, і ён прыступіў да гімнастычных практыкаванняў, а потым заняўся туалетам. Колас.

[Ням. Stange.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

элеме́нт м.

1. в разн. знач. элеме́нт;

перыяды́чная сістэ́ма ~таў — периоди́ческая систе́ма элеме́нтов;

найважне́йшыя ~ты драматы́чнага тво́ра — важне́йшие элеме́нты драмати́ческого произведе́ния;

э. канстру́кцыі — элеме́нт констру́кции;

гальвані́чны э. — гальвани́ческий элеме́нт;

злачы́нныя ~ты — престу́пные элеме́нты;

2. только мн. (основные начала чего-л.) элеме́нты;

~ты матэма́тыкі — элеме́нты матема́тики

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

АНГА́Р

(франц. hangar),

закрытае збудаванне для трымання, тэхн. абслугоўвання і рамонту лятальных апаратаў. Бываюць наземныя (найчасцей), падземныя і на вадзе; стацыянарныя (на аэрадромах, будуюцца з метал. або жалезабетонных нясучых канструкцый), часовыя (звычайна драўляныя) і зборна-разборныя для палявых аэрадромаў (канструкцыі са сталі, лёгкіх сплаваў і пластмас). Аснашчаюцца пад’ёмна-трансп. абсталяваннем, сродкамі сувязі, аўтам. пажаратушэння і інш. Пралёты ангараў да 150 м, выш. да 40 м. Вял. ангары складаюцца з некалькіх секцый.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДДЗЕ́ЛАЧНЫЯ РАБО́ТЫ ў будаўніцтве,

работы, звязаныя з выкарыстаннем аддзелачных матэрыялаў у мэтах павышэння даўгавечнасці, паляпшэння эксплуатацыйных, санітарна-гігіенічных і архітэктурна-маст. якасцяў збудаванняў. Да аддзелачных работ належаць малярныя работы, абліцовачныя работы, шкляныя работы, шпалерныя і штукатурныя работы, устаноўка сталярных вырабаў і дэталяў, насціланне падлогі (у тым ліку паркету). Паслядоўнасць і сумяшчэнне з інш. буд. работамі залежаць ад асаблівасцяў канструкцыі і тэхналогіі ўзвядзення збудаванняў, часткова выконваюцца пры вытв-сці буйнапамерных зборных элементаў.

т. 1, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІСЯ́ЧАЯ СІСТЭ́МА ў будаўнічай механіцы, сістэма нясучых канструкцый, асн. элементы якой (тросы, кабелі, ланцугі, ліставыя элементы) успрымаюць гал. чынам расцягвальныя намаганні. Адрозніваюцца адносна малой жорсткасцю і наяўнасцю вонкавых і ўнутр. распораў (гарыз. рэакцый апор). Бываюць плоскія (адна- і шматпаясныя вісячыя фермы) і прасторавыя (вісячыя абалонкі, мембраны). У разліковых схемах вісячыя сістэмы разглядаюцца як гнуткія ніці, шарнірна-стрыжнёвыя многавугольнікі або гнуткія абалонкі. Разнавіднасць вісячых сістэм — вантавыя сістэмы. Гл. таксама Вісячыя канструкцыі.

т. 4, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛАМЕ́Р,

1) прылада для вымярэння кантактным метадам вуглоў дэталей машын і інш. вырабаў. Бываюць ноніусныя (з дапаможнай шкалой — ноніусам) і аптычныя. Пры вымярэннях вугламер непасрэдна датыкаецца да ўтваральных вугла або па ім настройваецца адліковае прыстасаванне кантрольнай прылады.

Для больш дакладных вымярэнняў выкарыстоўваюць сінусныя лінейкі, вымяральныя мікраскопы і інш. 2) Прылада для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў і адлегласцей пры маркшэйдэрскай здымцы, калі не патрабуецца высокая дакладнасць (гл. Маркшэйдэрыя), тэадаліт спрошчанай канструкцыі.

т. 4, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІЛЬКО́ЎКА,

археалагічныя помнікі (гарадзішча, курганны могільнік) штрыхаванай керамікі культуры (7—6 ст. да н.э. — 4—5 ст.) каля в. Васількоўка Лагойскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы, умацаваным 2 кальцавымі валамі і ровам паміж імі, выяўлены рэшткі жылых і гасп. пабудоў слупавой канструкцыі; сярод знаходак фрагменты гліняных пасудзін, прасліцы, жал. сярпы, шылы, абломкі каменнай сякеры і грузіка дзякоўскага тыпу. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; знойдзены невял. гаршчок конусападобнай формы.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)