канструкцыйныя элементы, якія ўспрымаюць асн. нагрузкі будынкаў і збудаванняў і забяспечваюць іх трываласць, жорсткасць, устойлівасць; адна з асн. разнавіднасцей будаўнічых канструкцый.
Падзяляюцца на вертыкальныя, якія ўспрымаюць пераважна сціскальныя намаганні (сцены, слупы, калоны, пілоны) і гарызантальныя, што працуюць пераважна на выгін і расцяжэнне (бэлькі і панэлі перакрыццяў, рыгелі рам, кроквенныя фермы і інш.). У сукупнасці Н.к. будынка (збудавання) утвараюць яго нясучы каркас. Робяцца з бетону, жалезабетону, прыродных і штучных камянёў, цэглы, сталі, дрэва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́МА (ад ням. Rahmen) у будаўніцтве, стрыжнёвая сістэма, элементы якой злучаны паміж сабой жорсткімі сувязямі ці шарнірамі. Асн. элементы Р. — стойкі (верт. стрыжні) і рыгелі (гарыз. стрыжні). Бываюць плоскія і прасторавыя, адна- і шмат’ярусныя, сіметрычныя, замкнёныя і інш. Большасць Р. — статычна нявызначаныя сістэмы; разлік іх праводзіцца метадамі буд. механікі. Выкарыстоўваюцца як нясучыя канструкцыі прамысл. і грамадскіх будынкаў, мастоў, пуцеправодаў, эстакад і інш.інж.збудаванняў.
Рамы: а — плоскія (бесшарнірная і трохшарнірная); б — прасторавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ СТАРЫ́ ЗА́МАК,
комплекс абарончых збудаванняў, культавых і свецкіх будынкаў 11—19 ст. Узнік як умацаваны дзядзінец на высокім берагавым мысе каля ўпадзення р. Гараднічанка ў Нёман, на месцы паселішча 11 ст. У пач. 12 ст. стаў княжацкай рэзідэнцыяй Гродзенскага княства. Тут былі ўзведзены Гродзенскі княжацкі церам, Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Верхняя царква, інш. жылыя і гасп. пабудовы. У выніку шматлікіх аблог крыжакамі (1284, 1296, 1306, 1311, 1312, 1328, 1361, 1363, 1373, 1375, 1377, 1390, 1393 і 1402) Гродзенскі Стары замак часткова разбураўся, але быў адноўлены. У 1580 княжацкі церам перабудаваны для караля Рэчы Паспалітай Стафана Баторыя. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замкавыя ўмацаванні прыйшлі ў заняпад. У замку размяшчаецца Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей. Да нашага часу зберагліся рэшткі муроў абарончых умацаванняў. Традыцыйна комплекс збудаванняў на Замкавай гары захаваў назву Стары замак. Уваходзіць у склад Гродзенскага гісторыка-археалагічнага запаведніка.
Літ.:
Трусаў А.А., Собаль В.Е., Здановіч Н.І. Стары замак у Гродне XI—XVIII стст.: Гіст.-археал. нарыс. Мн., 1993.
Гродзенскі Стары замак у 14—16 ст. Рэканструкцыя.Гродзенскі Стары замак у 16—18 ст. Рэканструкцыя.Гродзенскі Стары замак. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІКАРНА́С (грэч. Halikarnassos),
старажытны горад у М. Азіі (цяпер г. Бадрум, Турцыя). Засн. каля 1200 да н.э., росквіту дасягнуў пры ўладару Маўсоле (377/376—353/352 да н.э.), калі стаў сталіцай Карыі (гіст. вобласць на ПдЗ М. Азіі). У 334 да н.э. заваяваны і зруйнаваны Аляксандрам Македонскім, але паступова быў адноўлены. У 129 да н.э. ўключаны ў рым. правінцыю Азія. Пад назвай Галікарнас вядомы да 15 ст. Размяшчаўся на схіле ўзгорка і спускаўся да заліва. На вяршыні ўзгорка знаходзіўся акропаль (захаваліся рэшткі збудаванняў): храмы Арэса, Гермеса і Афрадыты, т-р, палац Маўсола. Славуты Галікарнаскі маўзалей (манум. грабніца Маўсола; сярэдзіна 4 ст. да н.э., арх. Піфей і Сатыр, скульпт. Скопас, Брыяксіс, Цімафей, Леахар) спалучаў у сабе рысы стараж.-грэч. і малаазійскай архітэктуры. Лічыўся адным з «сямі дзівосаў свету». Зруйнаваны ў 15—16 ст. (вядомы гал. чынам па апісанні Плінія Старэйшага). Скульптура маўзалея (статуі Маўсола, яго жонкі Артэмісіі і асабліва рэльефы мармуровага фрыза з выявай бітвы грэкаў з амазонкамі) належыць да лепшых твораў грэч. мастацтва 4 ст. да н.э. На тэр. Галікарнаса захаваліся рэшткі стараж.ант. і візант.збудаванняў.
Да арт.Галікарнас. Галікарнаскі маўзалей. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЧЭ́ННЕ,
пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.
Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш.Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТАВЫ КА́МЕНЬ,
прыродныя або штучна атрыманыя буйныя кавалкі няправільнай формы (з даўж. рабра 150—500 мм) з вапнякоў, даламітаў, пясчанікаў, радзей з гранітаў. Разнастайнасць — камень для бруку (з даўж. рабра да 300 мм). Бутавы камень бывае нізкатрывалы (трываласць да 100 МПа), сярэднетрывалы (да 400 МПа) і высокатрывалы (больш за 500 МПа); у залежнасці ад умоў эксплуатацыі павінен вытрымліваць ад 15 да 300 цыклаў замарожвання. Выкарыстоўваецца пры буд-ве фундаментаў, сцен, дарог, дапаможных і гідратэхн. збудаванняў, каналізацыйных каналаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫКО́ЎСКІ (Міхаіл Дарымядонтавіч) (10.11.1801, Масква — 21.11.1885),
рускі архітэктар. Акадэмік архітэктуры (1831). Вучыўся ў Дз.І.Жылярдзі (з 1816). Выкладаў у Маскоўскім палацавым арх. вучылішчы (з 1836 яго дырэктар), у 1844 арганізаваў маст. класы (пазней Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства). Працаваў у стылі позняга класіцызму: будынкі біржы (1836—39) і Гарыхвостаўскай багадзельні (1839) у Маскве, у стылі несапраўднай готыкі — ансамбль сядзібы Марфіна пад Масквой (1837—38). Аўтар шэрагу культавых збудаванняў у Маскве і Пецярбургу. Адзін з першых прадстаўнікоў навук. рэстаўрацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБА́Ну архітэктуры,
цыліндрычная або шматгранная (звычайна васьмерыковая) верхняя частка будынка, якая абапіраецца на сцены, слупы, падпружныя аркі, ветразі і завяршаецца купалам або шатром. Бываюць светлавыя (з аконнымі праёмамі, паляпшаюць асветленасць будынка) і глухія (без праёмаў). Барабан — важны элемент кампазіцыі культавых збудаванняў, надае ім дынамічнасць, маляўнічы сілуэт. Пашыраны ў хрысціянскім культавым дойлідстве, у архітэктуры Адраджэння, барока і класіцызму.
Барабаны Успенскай царквы ў вёсцы Чарацянка Гомельскага раёна.Барабаны Петрапаўлаўскага са-бора ў Гомелі (злева), Міхайлаўскай царквы ў Слуцку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛЕЧНІК,
1) буйнаабломкавая горная парода, складзеная з галькі з дамешкамі жвіру, пяску, дробных валуноў. Прамежкі паміж цвёрдымі часцінкамі могуць быць запоўнены гліністым або карбанатным матэрыялам. Пласты галечніку звязаны з прыбярэжна-марскімі, водна-ледавіковымі, рачнымі адкладамі. Галечнік з антрапагенавых адкладаў шырока выкарыстоўваецца для дарожнага буд-ва, баластавання чыгункі, фільтрацыйных збудаванняў і інш. 2) Спецыяльная расчышчаная ў лесе пляцоўка з падсыпаным буйназярністым пяском у месцах зімовага знаходжання глушцоў, рабчыкаў, цецерукоў (неабходная птушкам для лепшага засваення грубага зімовага корму).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,
крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.Максімовіч, арх. В.Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.