БЕЛАНО́ВІЧ (Іосіф Іосіфавіч) (н. 9.5.1920, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). У 1967—82 выкладаў малюнак і жывапіс у БПІ. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, а таксама графікі. Героі яго твораў надзелены рысамі грамадз. значнасці, духоўнай чысціні, лірычныя і летуценныя. Асн. творы: «Брэсцкая крэпасць» (1959), «Героі бессмяротныя» (1961), «Памяць» (1969), «Салдаты» (1975), «Хлеб партызанам», «Сустрэча з мінулым» («Поле памяці»; абодва 1978), «Сейбіты» (1980), «Зямля мужнасці» (1981), партрэт М.Багдановіча (1990), «Змоўклі залпы гармат» (1993), «Агрэсія» (1995).
А.С.Наркевіч.
І.Белановіч. Сустрэча з мінулым (Поле памяці). 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТКО́ЎСКАЯ (Вераніка Рыгораўна) (н. 5.6.1957, Мінск),
бел. мастак. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, графікі, жывапісу. Выканала люстры для кафэ «Вянок» (1984), вітраж і люстры для кафэ «Церамок» (1986), вітражы «Сонца» і «Вясёлка» для Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (1992; усе ў Мінску). Сярод графічных работ: «Каляды ў бабулі» (1987), «Развітанне», «Сон» (абедзве 1989); жывапісных — «Вянчанне», «Ноч», «Узрушанне» (усе 1991), «Вецер», «Двое» (абедзве 1993), «Бабульчына гарышча», «Пад час чытання Евангелля», «Раніца» (усе 1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАСЕ́ЛЬСКІ (Канстанты) (каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),
бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у т. л. ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.Враніцкага, «Ладаіска» Л.Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ АКАДЭМІ́ЧНЫЯ ТВО́РЧЫЯ МАЙСТЭ́РНІ.
Засн. ў 1981 у Мінску як творчая майстэрня жывапісу Акадэміі мастацтваў СССР. З 1983 сучасная назва. Кіраўнік М.Савіцкі. Створаны таксама майстэрні скульптуры (з 1983, кіраўнік З.Азгур, з 1994 — Л.Гумілеўскі), графікі (з 1987, кіраўнік Г.Паплаўскі). У майстэрнях маладыя мастакі з вышэйшай адукацыяй на працягу 3 гадоў удасканальваюць сваё прафес. майстэрства. Сярод выпускнікоў: В.Альшэўскі, В.Баранаў, І.Бархаткоў, А.Грышкевіч, А.Дранец, Л.Журавовіч, А.Задорын, Р.Заслонаў, У.Кожух, В.Ксяндзоў, П.Лук, А.Савіцкі, А.Фралякоў, Ф. і В.Янушкевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАРЭ́СКУ ((Grigorescu) Нікалае Іон) (15.5.1838, с. Пітару, пав. Дымбавіца, Румынія — 21.7.1907),
румынскі жывапісец. Вучыўся ў Бухарэсце (да 1885) і ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы. У 1861—87 (з перапынкамі) жыў і працаваў у Францыі; прыхільнік барбізонскай школы жывапісу. З 1887 пераважна ў Бухарэсце. Пісаў пейзажы, партрэты, гіст., батальныя і жанравыя кампазіцыі. Яго творы («Сялянка з Мусчэла», 1877; «Штурм Смырдана», 1885; «Воз, запрэжаны валамі», каля 1890, і інш.) вызначаюцца рэаліст. формай, свабоднай маст. манерай, свежым каларытам і стрыманасцю светлай колеравай гамы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЗІ, Гуардзі (Guardi) Франчэска (хрышчаны 5.10.1712, г. Венецыя, Італія — 1.1.1793), італьянскі жывапісец, пейзажыст. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Знаходзячы натхненне ў простых матывах паўсядзённага жыцця горада, яго залітых сонейкам дворыках, каналах, шматлюдных набярэжных, Гвардзі стварыў новы тып пейзажу, адзначанага паэтычнасцю зрокавых уражанняў («Венецыянскі дворык», «Рыо дэі Мендыканці. Венецыя», «Архітэктурная фантазія» і інш.). Яго жывапісная манера вызначаецца віртуознасцю, мігатлівасцю колеравых плям, якія тонка імітуюць рух паветра і святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІМІ́ТРАЎ-МА́ЙСТАРА (Уладзімір) (1.2.1882, с. Фролаш, Кюстэндзілская акруга, Балгарыя — 29.9.1960),
балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1952). Вучыўся ў маст. вучылішчы ў Сафіі (1903—10). Аўтар партрэтаў людзей з народа, сцэн сял. жыцця: «Нявеста» (1935), «Сям’я» (1938), «Дзяўчына з с. Шышкаўцы» (1937), «Дзяўчына» (1952) і інш. У яго карцінах з франтальнымі, нібыта распластанымі на плоскасці адлюстраваннямі, абагульненай манерай жывапісу, кантрастамі яркіх колеравых тонаў набылі маст. гучанне традыцыі балг.нар. мастацтва. Іл.гл. ў арт.Балгарыя.
Літ.:
Колев Б.В. Димитров-Майстора: Пер. с болг. М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЛЕ́ ((Gillet) Нікала Франсуа) (2.3.1709, г. Мец, Францыя —7.2.1791),
французскі скульптар. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1745), у Франц. акадэміі ў Рыме (1746—52). Выкладаў ў Пецярб.АМ (1758—77), значна паўплываў на развіццё рас. скульптуры; сярод вучняў Ф.І.Шубін, М.І.Казлоўскі, Ф.Ф.Шчадрын, Х.П.Пракоф’еў і інш. Удзельнічаў у аздабленні Зімняга палаца ў Пецярбургу (1758—77). У 1778 вярнуўся ў Парыж. Працаваў у станковай і арнаментальна-дэкар. скульптуры, дзе спалучаў рысы ракако з асобнымі элементамі класіцызму («Парыс з яблыкамі», 1757, партрэт вял.кн. Паўла Пятровіча, 1765, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЦМАН (Яўген Аляксандравіч) (8.7.1890, г. Харкаў, Украіна — 1976),
расійскі жывапісец і графік. Нар.маст. Расіі (1969). Чл.-кар.АМСССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1909—16) у К.Каровіна і С.Малюціна. Адзін з заснавальнікаў Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. Працаваў пераважна ў жанры партрэта. Работам уласцівы старанная мадэліроўка форм, дакладнасць перадачы знешняга аблічча: партрэты К.Я.Варашылава (1933), Б.А.Лаўранёва (1947), Н.Золатавай (1958—60) і інш. Аўтар жанравых кампазіцый: «Калязінскія каруначніцы» (1928), «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1949) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ ХАНДО́ (псеўд.Тан Вон, Тан Гу, Са Нын, Камін, Каса Сахо, Кадза; 1760, Карэя — 1820),
карэйскі жывапісец. Рабіў партрэты, пейзажы і жанравыя кампазіцыі на тэмы нар. жыцця ў традыцыях нац.жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі, выкарыстоўваў вопыт еўрап. мастацтва. Творам уласцівы лінейна-графічная манера, вастрыня жыццёвых назіранняў: «Вадаспад дзевяці драконаў», «Скалы ў моры», «Вяртанне кітайскага навукоўца Му-і», «Месяц над кустамі», «Хлопчык іграе на флейце», 2 альбомы «Пейзажы, ажыўленыя персанажамі, жывёламі і птушкамі», аўтапартрэт, васьмістворкавая шырма «Групавая выява бессмяротных» і інш.
Кім Хандо. Вадаспад дзевяці драконаў. Канец 18 ст.