КРАЧКО́ЎСКІ (Юльян Фаміч) (25.7.1840, в. Азяты Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.7.1903),

бел. фалькларыст, этнограф, гісторык і педагог. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1861). Працаваў настаўнікам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам нар. вучылішчаў Віленскай навуч. акругі, дырэктарам Полацкай і Туркестанскай настаўніцкіх семінарый і Віленскага настаўніцкага ін-та. У 1888—1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Складальнік 16-га і 20-га тамоў, аўтар прадмоў да іх і да 25-га т. Актаў Віленскай камісіі. Пад рэдакцыяй К. і з яго прадмовамі выйшлі 12-ы і 13-ы т. Археаграфічнага зборніка дакументаў (1900—02). Апублікаваў нарыс «Старая Вільна да канца XVII ст.» (1893) і зб. дакументаў «Гістарычны агляд дзейнасці Віленскай навучальнай акругі за першы перыяд яе існавання, 1803—1832» (1903). Аўтар першага грунтоўнага даследавання пра радзінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці «Нарысы быту заходнярускага селяніна» (1869) і фалькл.-этнагр. зб. «Быт заходнярускага селяніна» (1874), прысвечанага сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-агр. абрадам беларусаў, у якім выкарыстаў больш за 300 фалькл. твораў. Распрацоўваў методыкі пед. выхавання ў навуч. установах.

Літ.:

Голуб В. Ю.Ф. Крачковский. Вильна, 1904;

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. Мн., 1964;

Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.

І.​К.​Цішчанка.

т. 8, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

імперыялі́зм

(фр. impérialisme, ад лац. imperium = улада)

1) гістарычны перыяд, які адзначаецца сусветным дамінаваннем некалькіх вялікіх дзяржаў;

2) вышэйшая стадыя развіцця капіталізму, якая характарызуецца панаваннем буйных манаполій, барацьбой паміж буйнымі дзяржавамі за крыніцы сыравіны і рынкі збыту;

3) дзяржаўная палітыка, накіраваная на заваяванне тэрыторый, калоній, устанаўленне палітычнага або эканамічнага кантролю над іншымі дзяржавамі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

адстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.

1. Прастаяць нейкі час. Адстаяць гадзіну ў чарзе. // Прастаяць да канца; адбыць. □ [Люба Лук’янская:] — Наша фабрыка была ў прарыве, трэба было выцягваць. Я тры змены адстаяла на рабоце. Чорны.

2. Разм. Стаміць доўгім стаяннем. Адстаяць ногі на варце.

3. перан. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу ворага; не даць захапіць. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. // Абараніць, засцерагчы ад дамаганняў, замаху, недружалюбных або варожых дзеянняў. Адстаяць заваёвы Кастрычніка. □ [Гальяш і Міхась] цвёрда вырашылі, што калі стараста выдасць каменданту Рыгора, адстаяць яго што б там ні было. Гурскі. // Адхіліць пярэчанні, давесці доказамі што‑н. У барацьбе з рэвізіяністамі У. І. Ленін адстаяў і развіў тэарэтычныя асновы партыі — дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акт м., в разн. знач. акт;

гістары́чны а. — истори́ческий акт;

а. на ве́чнае карыста́нне зямлёй — акт на ве́чное по́льзование землёй;

старада́ўнія а́кты і гра́маты — дре́вние а́кты и гра́моты;

траге́дыя ў трох а́ктах — траге́дия в трёх а́ктах;

А́кты грамадзя́нскага ста́нуА́кты гражда́нского состоя́ния

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),

каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).

Літ.:

Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;

Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.

Ю.​В.​Бажэнаў, М.​А.​Дабрынін.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МОГИЛЁВСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета; орган Магілёўскага губ. праўлення. Выдаваліся ў 1838—1917 у Магілёве на рус. мове. Складаліся з 2 частак: афіц. (з 2.7.1838; мела агульны і мясц. аддзелы) і неафіц. (з 14.7.1893; у 1904—05 выходзіла як самаст. грамадская і літ. газета). У 1838—49 выходзіла нерэгулярна, у 1849—58, 1864—69, 1905, 1914—17 — штотыднёва, у 1859—63, 1870—1903, 1906—12—2 разы на тыдзень, у 1904—3 разы на тыдзень. У 1897—1903 неафіц. частку рэдагаваў Е.​Раманаў. У афіц. частцы публікаваліся пастановы, указы ўрада, губ. адміністрацыі, аб’явы, у неафіц. — краязнаўчыя матэрыялы па археалогіі і гісторыі, статыстыцы, адукацыі, этнаграфіі, фальклоры, мовазнаўстве, сац.-эканам. пытаннях, літ. і літ.-знаўчыя творы, асвятляла культ. жыццё Магілёва і губерні. Сярод публікацый: «Этнаграфічны нарыс» (1839), «Гісторыя Магілёўскага герба» (1842), «Гістарычны агляд Магілёўскай губерні» С.​Сакалова (1848), «Орша (1250—1683 гг.)» З.​Даўгялы (1898), «Да пытання аб этнаграфічнай карце беларускага племені» Я.​Карскага (1902) і інш. Асобныя матэрыялы надрукаваны з захаваннем асаблівасцей бел. мовы, у т. л. «Магілёўскія прыкметы», «Загадкі», «Дзяды» (1849), «Каляды ў Сенненскім павеце» (1852), «Беларускія тэксты вярцепнага дзейства» Раманава (1898) і інш. Некаторыя матэрыялы газеты друкаваліся ў Магілёўскай губернскай друкарні. Усяго выйшла 25 кніг і брашура «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.​Кісяля (1861) як дадатак (замест неафіц. часткі).

І.​А.​Пушкін.

т. 10, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ГУБЕ́РНСКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў 1833—1917 у Магілёве пры губернскім праўленні. У 1846 ёй перададзена абсталяванне кансісторскай друкарні (гл. Магілёўская друкарня). Друкавала газ. «Могилевские губернские ведомости», штогадовыя даведнікі «Агляд Магілёўскай губерні» (1879—1915) і «Памятныя кніжкі Магілёўскай губерні» (1861—1916), афіц. матэрыялы губернскага праўлення, матэрыялы мясц. дзярж. устаноў і грамадскіх арг-цый і інш. У 1853—55 выдадзена першая кніга «Магілёўская флора» Р.​Пабо і К.​А.​Чалоўскага. Сістэматычнае кнігадрукаванне пачалося з 1861. Усяго выдадзена каля 217 назваў кніг, пераважна свецкай тэматыкі (маст., навук., даведачныя і інш.) на рус. мове (рэліг. л-ра складала 4,6% ад агульнай колькасці). Сярод выданняў краязнаўчыя працы па гісторыі, археалогіі і этнаграфіі: «Гістарычны нарыс Магілёўскай губерні» М.​В.​Фурсава (1882), «Дзённік курганных раскопак, зробленых ... на працягу лета 1892 г. ў паветах Рагачоўскім, Быхаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Мсціслаўскім» Фурсава і С.​Ю.​Чалоўскага (1892), «З хронікі г. Магілёва за час з 1706—09 гг.» (1904), «Бялыніцкі Раства-Багародзіцкі манастыр» Ф.​А.​Жудро (1911), «Гістарычная даведка Магілёўскай мужчынскай гімназіі, 1809—1909» М.​П.​Сазонава (1909), збор гіст. матэрыялаў «Магілёўская даўніна», «Спроба апісання Магілёўскай губерні...» пад рэд. А.​Дамбавецкага (кн. 1—3, 1882—84), «Вясельныя песні беларускія» Дамбавецкага (1884), «Беларускі зборнік» Е.​Раманава (вып. 6, 1901), «Кароткая даведка аб пяцідзесяцігадовым існаванні Магілёўскай жаночай гімназіі (1865—1915)» (1915) і інш. На бел. мове надрукавана кн. «Тарас на Парнасе і іншыя беларускія вершы» (1900—02).

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

лёс 1, ‑у, м.

1. Ход падзей, якія складваюцца незалежна ад волі чалавека; збег акалічнасцей. [Ігнат:] — Калі ўжо лёс звёў нас у адзін гурт, я іменем партыі патрабую дысцыпліны. Мікуліч. Добры лёс паслаў .. [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам. Чорны.

2. Доля. Людскі лёс. Жаночы лёс. □ Бацькам маім нялёгкі выпаў лёс: Яны ў баях нам здабывалі волю. Свірка.

3. Развіццё чаго‑н.; далейшае існаванне, будучыня. Гістарычны лёс нацыі. Лёс чалавецтва. □ Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. Атрад зрабіў круты і раптоўны паварот на паўднёвы ўсход, назад, у глыб пушчы. Гэты круты паварот ледзь не стаў паваротам у лёсе атрада. Брыль. Косцік ляжаў.. і не ведаў, што сёння вырашаецца яго лёс. Баранавых.

•••

Іронія лёсу гл. іронія.

На волю лёсу гл. воля.

лёс 2, ‑у, м.

Глебаўтваральная рыхлая горная парода светла-жоўтага колеру; жаўтазём.

[Ням. Löss.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перы́яд

(гр. periodos = абход, пэўнае кола часу)

1) адрэзак часу, які ахоплівае пэўны закончаны працэс (напр. п. росквіту);

2) этап грамадскага развіцця (напр. гістарычны п.);

3) адрэзак часу, на працягу якога завяршаецца які-н. паўторны працэс (напр. п. абарачэння Зямлі вакол Сонца);

4) мат. група лічбаў, якія нязменна паўтараюцца ў адной і той жа паслядоўнасці;

5) лінгв. складаны сказ з дзвюма інтанацыйна процілеглымі часткамі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Над1, прыназ., рэдка нада (нада мной); укр. над, надо, рус. над, надо, польск. nad, nade, чэш. nad, nade, славац. nad, nado, в.-луж., н.-луж. nad, nade, nado; славен. nad, серб.-харв. над, нада, балг. над, макед. над. Прасл. *nadъ роднаснае да на; праблему складае паходжанне ‑dъ, якое звычайна трактуецца як узмацняльнае. Найбольш пашыраная версія тлумачыць з’яўленне гэтага элемента пад уплывам антанімічнага podъ (Фасмер, 3, 37; Махэк₂, 387; Бязлай, 2, 210 і інш.). Згодна са Стангам (Scando-Slavica, 3, 236), ‑dъ у nadъ, podъ, perdъ аднолькавага паходжання са ст.-прус. ‑dau у pirsdau ’перад’, sirsdau ’сярод’, pansdau ’пасля’, што разглядаецца як іменная флексія месн. скл., паколькі некаторыя прыназоўнікавыя формы з ‑dъ узніклі на базе назоўнікаў і прыслоўяў; напрыклад, балг. зад ’за’, якому ў іншых славянскіх мовах адпавядаюць толькі назоўнікавыя і прыслоўныя функцыі, развіло прыназоўнікавае значэнне ў гістарычны час на Балканах, гл. ESSJ SG, 1, 127–128 (з л-рай). У народна-дыялектнай мове сустракаюцца выпадкі канкурэнцыі на і над, параўн.: Над сонца надышоў похмарок (ТС).

Над2 у выразе: Як нема на наду, так чорт даў хаду (пра запаслівасць, гаспадарлівасць) (саліг., Нар. сл.). Рэдкая паралель да серб.-харв. на̂д, на́да ’надзея’, параўн. яшчэ славен. nȃda ’тс’, гл. надзея. Аднак не выключана, што тут выступае аддзеяслоўны назоўнік, утвораны ад на́дзіць ’вабіць, прыцягваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)