ро́сны 1, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты расой. Любіў ён [бацька] свіст касы ў росных травах, Звон тапара на зрубе, шолах ніў... Непачаловіч. Як хораша выглядае ў ціхую раніцу росная лотаць на роўнай, як стол, сенажаці! Паслядовіч. З правага боку блішчыць на сонцы росны авёс. Калюга. // Які суправаджаецца выпадзеннем расы. Вось паважны і ўрачысты, Раніцою роснай, Гаспадар вядзе турыстаў. Гілевіч.
ро́сны 2, ‑ая, ‑ае.
У выразе: росны ладан — араматычная смала, якая дабываецца з кары паўднёваазіяцкіх дрэў (выкарыстоўваецца ў медыцыне і парфумерыі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слёзка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.
1. Памянш.-ласк. да сляза (у 1, 2 і 4 знач.). Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі Сціраючы яму, штось пачала казаць. Багдановіч.
2. толькі мн. (слёзкі, ‑зак). Злакавая расліна з суквеццем, якое складаецца з буйных каласкоў; дрыжнік. І мядунка і герань, Слёзкі, мята, кашка! Сто букетаў назбіраць Тут за дзень няцяжка. Гілевіч. На світанні выходзіць за вёску Па іскрыстай халоднай расе, І чабор, і рамонкі, і слёзкі У прыполе дадому нясе. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
удзя́чнасць, ‑і, ж.
Пачуццё, якое ўзнікае ў адказ за зробленае дабро (увагу, паслугу, дапамогу і пад.); падзяка. Я шчырае слова Удзячнасці братняй Пакінуць у кнізе хачу. Гілевіч. Высокі, танклявы, яшчэ малады, няйначай студэнт, чалавек глядзеў дабрадушна, выказваючы шчырую ўдзячнасць за паслугу. Скрыган. — Давай твой чамадан. Я вынесу, — прамовіў Федзя, — а вы, хлопцы, чакайце тат... — Ну добра, — сказала Наташа і з удзячнасцю зірнула яму ў вочы. Каваль. Паходня прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я з удзячнасцю згадзіўся. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уну́к, ‑а, м.
1. Сын дачкі або сына. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.
2. толькі мн. (уну́кі, ‑аў). Нашчадкі. Хто высаджваў ля бруку Сотні дрэўцаў густых? — Мы, Мічурына ўнукі, Тут вырошчваем іх. Нядзведскі. — Трэба, .. каб гэтую казку [пра прыгажуню-Алёну] заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што і без дап.
1. Зашываць дзірку ў якой‑н. тканіне, вырабе, не сцягваючы краі ў рубец, а пераплятаючы ніткі тым або іншым спосабам. [Маці] падняла Алесевы шкарпэткі з падлогі і .. пачала іх цыраваць. Броўка. Колькі год рукі зналі адно: Жалі, есці варылі, Бульбу чысцілі, ткалі радно, Цыравалі ды шылі. Гілевіч. / у перан. ужыв. У смутку Марыля штоноч цыравала Нядоляй працёртыя дні. А. Александровіч.
2. Рамантаваць сетку (у 1 знач.), звязваючы разарваныя канцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цэх, ‑а, м.
1. Уст. У сярэднія вякі ў Заходняй Еўропе — гарадская арганізацыя рамеснікаў адной прафесіі. Да нашых часоў дайшлі статуты цэхаў металістаў, краўцоў, шаўцоў, муляраў. «Полымя».
2. Асноўнае вытворчае падраздзяленне прамысловага прадпрыемства. Друкарскі цэх. Кацельны цэх. □ На заводзе закрылі ўсе цэхі, дзе вырабляліся электрапрыборы для ўжытку. Шамякін. Павіншавалі мы яго І па-ранейшаму, папросту. Калегі цэха аднаго, Дзялілі радасць, боль і роздум. Гілевіч. // Памяшканне, дзе размяшчаецца такое падраздзяленне. Для ўліку расходу электраэнергіі ў цэхах устаноўлены лічыльнікі. «Звязда».
[Ням. Zeche.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
яскра́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Выразны, ясны; яркі. Выйду, выйду, дзе горада грукат, дзе афішы ў фарбах яскравых. Дубоўка. Шчодра ліло цяпло яскравае красавіцкае сонца. Шамякін. Лагодны летні дзень сеяў сонечныя, яскравыя зярняты на поле і лес. Бядуля.
2. перан. Пераканаўчы; яркі. Сам зборнік «Дзень паэзіі» ёсць дастаткова яскравае сведчанне таго, што нашы паэты жывуць вельмі разнастайным і ў той жа час багатым і змястоўным жыццём. Гілевіч. Яскравым прыкладам бурнага росквіту эканомікі і культуры з’яўляецца наша рэспубліка. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запа́л 1, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Прыстасаванне і сродак для запальвання выбуховага рэчыва. [Коля] узяў гранаты, хутка ўставіў запалы і папоўз. Мележ.
2. ‑у. Гарачнасць, парыў. Ці росцім сад мы на пясках пустыні, Ці ў стэп асмужаны вядзём канал — Ніколі ў сэрцах маладых не стыне Свяшчэнны той кастрычніцкі запал. Гілевіч. Баявы настрой, што панаваў у пачатку сходу, хутка апаў, загаварылі пра дробязі, і то без запалу, абы не маўчаць. Хадкевіч.
запа́л 2, ‑у, м.
Пашкоджанне раслін ад засухі, сухавею.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
засто́лле, ‑я, н.
1. Разм. Месца за сталом, вакол стала. Чачык кіўнуў ад парога ў знак прывітання, накіраваўся да застолля і сеў на другі край лавы, на якой сядзеў і Нетра. Пташнікаў. Гаспадыня падняла на ногі ўсіх сваіх кватарантаў. Людзей набралася поўнае застолле. Гаўрылкін. // Усе тыя, хто сядзіць за сталом. Агрыпіна, седзячы побач з Малашкіным, адчувала настроі свайго застолля. Пестрак. Гамоніць застолле, Мацнее гаворка. Гілевіч.
2. Святочнае частаванне, бяседа. Застолле было не вельмі раскошнае, але шчырае, па-сапраўднаму вясёлае. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па́ранка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм.
1. Запраўленая паранай бульбай ці мукой і завараная кіпнем сечка або мякіна на корм жывёле. [Гаспадар:] — Трэба карове паранкі ў апошні раз зрабіць,.. дык я мякіну бяру... Галавач. Гарэла газнічка, трашчаў за печчу цвыркун, пахла паранкаю і падгарэлаю бульбай. Грахоўскі.
2. Параная бульба ў лушпінах. Бацька мой служыў калісьці У пана за парабка. Век галодны, рад быў лыжцы Саладухі з паранкай. Гілевіч. Увайшлі [Галя і Васіль] у цёмныя сенцы — запахла бульбай-паранкай, нечым кіслым, але прыемным. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)