ГОМАТАЛІ́ЗМ

(ад гома... + грэч. thallos галінка, атожылак),

двухполавасць у некат. грыбоў і водарасцей, пры якой да зліцця (капуляцыі) здольны гаметы, што паходзяць з аднаго талома (з адной клеткі). Такія віды называюць гоматалічнымі. Гл. таксама Гетэраталізм.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТА...

(ад грэч. autos сам),

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае: 1) словам «свой», «уласны» ці аснове «сама...»; 2) слову «аўтаматычны»; 3) словам «аўтамабільны», «аўтамабіль»; 4) словам «самаходны», «самарушны», напрыклад, аўтабіяграфія, аўтаблакіроўка, аўтадрызіна.

т. 2, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАХРАНІ́ЗМ

(ад ана... + грэч. chronos час),

1) парушэнне храналагічнай дакладнасці, якое прыводзіць да неапраўданага ўнясення ў апісанне якой-н. эпохі рыс, характэрных для інш. часу.

2) З’явы, погляды, думкі, устарэлыя для пэўнай эпохі.

3) Перажытак мінулага.

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКТЭРЫЯТРАФІ́ЗМ

(ад бактэрыі + грэч. trophe ежа, засваенне),

узаемна карысныя адносіны паміж каранямі раслін і бактэрыямі; форма жыўлення вышэйшых раслін. Бактэрыі (напр., клубеньчыкавыя) сінтэзуюць розныя пажыўныя рэчывы, вітаміны, якімі жывяцца расліны. Бактэрыятрафізм характэрны, напрыклад, для бабовых раслін.

т. 2, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІБАЛІ́Я (ад грэч. amphibolia двухсэнсавасць) у літаратуры, двухсэнсавасць выразу, якая ўзнікае ў выніку сінтаксічнай няўзгодненасці асобных частак выказвання. Напр., у радку верша В.Макарэвіча «Гораду», «Былы я лесаруб, каваль» 2 словы «былы я» ўспрымаюцца як адно «былыя».

т. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́ГІКА

(ад грэч. agoge адвод, аднясенне),

у музычным выкананні невялікія, часам не пазначаныя ў нотным тэксце адхіленні ад тэмпу і метра. У вак. музыцы садзейнічае гнуткасці, выразнасці выканання, падкрэслівае матыўнае чляненне, гарманічную структуру твора, сэнсавы змест.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГО́НІЯ

(ад грэч. agōnia барацьба),

згасанне асн. жыццёвых працэсаў у перыяд, які папярэднічае смерці. Суправаджаецца стратай свядомасці, парушэннем дыхання, згасаннем адчувальнасці, рэзкім спадам сардэчнай дзейнасці, памутненнем рагавіцы вока, сінявата-барвовым адценнем скуры. Працягласць агоніі — некалькі мінут, гадзіны.

т. 1, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІНА́К

(грэч. akinakēs),

кароткі (40—60 см) меч ці кінжал, традыцыйная зброя стараж. іранамоўных народаў (персаў, сакаў, саўраматаў, скіфаў). На Беларусі знойдзены 2 акінкі паблізу в. Асарэвічы Брагінскага р-на Гомельскай вобл.

Акінак з залатой абкладкаю ножнаў.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААГО́НІЙ

(ад аа... + грэч. gonē нараджэнне),

«жаночы» орган палавога размнажэння водарасцяў і некаторых грыбоў, якім уласціва аагамія. Звычайна складаецца з 1 клеткі, у якой утвараецца 1 або некалькі яйцаклетак. У харавых і некаторых інш. водарасцяў аагоній шматклетачны.

т. 1, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПЛАЛО́ГІЯ

(ад грэч. haploos адзіночны, просты + ...логія),

выпадзенне ў выніку дысіміляцыі аднаго з двух аднолькавых (ці падобных) складоў, якія стаяць побач; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Часцей узнікае на стыку складоў (напр., мінералогія <мінералалогія, трагікамедыя <трагікакамедыя).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)