КУЗАЎКО́ВЫЯ (Ostraciontidae),

сямейства марскіх рыб атр. іглабрухападобных. 7 родаў, каля 20 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных мораў, найб. колькасць відаў у Аўстраліі і Інда-Малайскім архіпелагу.

Даўж. да 50 см. Галава і цела ўкрыты панцырам з нерухома з’яднаных касцявых пласцінак, кіляў (грабянёў) і шыпоў. Рухомыя плаўнікі на кароткай мясістай аснове. Хвост доўгі. Большасць відаў ярка афарбаваныя. Кормяцца доннымі беспазваночнымі, водарасцямі, губкамі. Маюць у сабе таксіны, пасля спец. апрацоўкі ядомыя. Аб’екты промыслу.

Да арт. Кузаўковыя. Кузаўкі: 1 — чатырохрогі; 2 — бязрогі.

т. 8, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІРАХВО́СТЫ, птушкі-ліры (Menuridae),

сямейства вераб’інападобных. 1 род, 2 віды. Пашыраны ў лясах Паўд.-Усх. Аўстраліі, завезены на в-аў Тасманія (1934).

Даўж. цела да 90, хваста да 70 см. Афарбоўка цёмна-бурая зверху, шэрая знізу, з рыжаватым горлам. У самцоў у хвасце 16 пёраў, 2 з іх своеасабліва сагнуты і нагадваюць ліру (адсюль назва). Крылы акругленыя. Ногі доўгія, моцныя. Палігамы. Гнёзды на зямлі ў бураломе, радзей на дрэвах. Нясуць 1 яйцо. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі, насеннем. Самцы спяваюць, здольныя імітаваць розныя гукі.

Лірахвост.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДАВЫЯ ПЯСКІ́,

масівы пяскоў у выглядзе вузкіх паралельных град, найчасцей арыентаваных у напрамку пераважных вятроў; адна з гал. формаў рэльефу пясчаных пустынь. Даўж. град да некалькіх дзесяткаў кіламетраў, шырыня да некалькіх соцень метраў, вышыня ад некалькіх да 80—200 м, адлегласць паміж грабянямі град да 4,5 км. Фарміруюцца віхравымі рухамі, якія ўзнікаюць у ветравых патоках, а таксама ў выніку нераўнамернага награвання схілаў рознай экспазіцыі. Пашыраны ў пустынях Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Аўстраліі, Афрыкі, на ўзбярэжжы Балтыйскага м., трапляюцца на Бел. Палессі.

т. 5, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ ГРЫБ, падгрыб (Xerocomus badius),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у хвойных, радзей у лісцевых, лясах.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка падушкападобна-пукатая, дыям. 4—12 см, гладкая, сухая, у вільготнае надвор’е клейкая, бліскучая, бурая або шакаладна-карычневая. Пласцінкі слаба прырослыя. Ножка звужаная або расшыраная каля асновы, шчыльная, выш. 6—10 см. Мякаць жаўтаватая або белаватая, мяккая, тоўстая, на зломе сінее. Споры гладкія, жоўта-бурыя, верацёнападобныя. Ядомы.

Польскі грыб.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

акраклі́нум

(н.-лац. acroclinium)

травяністая расліна сям. складанакветных з белымі або ружовымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ў Аўстраліі і Паўд. Афрыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рапс

(ням. Raps)

травяністая расліна сям. крыжакветных з шыза-зялёным лісцем і дробнымі жоўтымі кветкамі, якая культывуецца ў Еўропе, Індыі, Кітаі, Канадзе, Аўстраліі; алейная і кармавая.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сіцые́з

(н.-лац. sicyos)

травяністая расліна сям. гарбузовых з доўгачаранковым лісцем і буйнымі жаўтавата-белымі кветкамі, пашыраная ў Амерыцы і Аўстраліі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАМБА́Т (Vombatus),

род млекакормячых атр. сумчатых. 1 від — вамбат звычайны, або караткашэрсны (V. ursinus). Жыве калоніямі ў паўд.-ўсх. Аўстраліі, на а-вах Тасманія і Фліндэрс у Басавым прал. ў лясах, саваннах.

Даўж. цела 67—105 см, маса да 40 кг. Галава вялікая, круглаватая. Нос чорны, безвалосы, вушы кароткія, круглыя. Тулава валікападобнае, нізкае, з кароткай шыяй. Валасяное покрыва густое, нізкае, грубое жоўта-шэрае або пясчанае да чарнаватага. Канечнасці з вял. кіпцюрамі. Зубы растуць увесь час, разцы вялікія. Рые норы даўж. да 30 м. Нараджае 1 дзіцяня. Раслінаедны. Колькасць скарачаецца.

Вамбат.

т. 3, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́К, губа авечая,

хрушч (Albatrellus ovinus),

шапкавы базідыяльны грыб з роду альбатрэлус сям. скутыгеравых. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі трапляецца ў хвойных лясах (пераважна ў старых ельніках). Расце групамі, зросткамі і адзіночна.

Шапка дыям. 5—10 см, пукатая, потым пляскатая, гладкая або слабатрэшчынаваталускаватая, белая, часта са светла-жоўтымі плямамі. Мякаць шчыльная, сырападобная, белая або крыху жаўтаватая, з грыбным пахам і смакам, пры высыханні жаўцее. Ножка даўж. 3—4 см, аднаго колеру з шапкай. У маладым узросце ядомы грыб (спажываецца свежы, сушаны).

Бяляк.

т. 3, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАВЯ́НЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць волава ў злучэннях і канцэнтрацыях, дастатковых для прамысл. здабычы. Прамысл. мінералы касітэрыт (каля 78% Sn) і станін (22—28% Sn). Падзяляюць на эндагенныя (карэнныя) і экзагенныя (россыпныя). Карэнныя радовішчы сфарміраваліся ў пародах алюмасілікатнага саставу і прадстаўлены касітэрыт-кварцавымі і касітэрыт-сульфіднымі рудамі (прамысл. колькасць Sn 0,1—0,2%). Важнае прамысл. значэнне маюць россыпы (сярэдняя колькасць каля 300—500 мг/м³, у іх каля 70% сусв. запасаў волава, даюць да 75% усёй здабычы металу). Асн. рэсурсы — у Інданезіі, Малайзіі, Тайландзе, Балівіі, Бразіліі, Нігерыі, Аўстраліі.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)