булава́, ‑ы; мн. булавы, ‑лаў; ж.
1. Гіст. Дубінка з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара або васьмігранніка, якая служыла даўней зброяй; паліца. [Мікола:] — Гэта, брат, тая самая булава, з якой яшчэ асілак Машэка ваяваў з панамі. Брыль.
2. Гіст. Кароткая палка з шарападобным патаўшчэннем на канцы, якая ў казакоў, на Украіне і ў Польшчы служыла знакам вярхоўнай улады. Гетманская булава. □ І сказаў Багдан Хмяльніцкі, Узмахнуўшы булавой: — Слава рускаму народу, Шлях наш з роднаю Масквой. Астрэйка.
3. Гімнастычная прылада, якая мае выгляд бутэлькі з патаўшчэннем на вузкім канцы.
4. перан. Лаянк. Пра някемлівага, неразумнага чалавека. [Сымон:] — Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куто́к, ‑тка, м.
1. Тое, што і кут. Здаць куток. □ [Бешчат] устаў і пачаў хадзіць з кутка ў куток. Бажко. У самыя глухія куткі дайшла вестка пра Леніна, які хоча вызваліць людзей з няволі. Гурскі. Яна з мужам марылі аддзяліцца ад сям’і, каб абзавесціся ўласным кутком. Лынькоў.
2. Зацішная, прыгожая, маляўнічая мясцовасць. Прыемна прайсціся, падыхаць свежым паветрам. Ды і куток тут маляўнічы. Астрэйка. Зачаравана глядзеў я маладымі вачамі на прыгожы куток Магілеўшчыны. Кавалёў.
•••
Жывы куток — кабінет прыроды, дзе знаходзяцца жывыя жывёліны, а таксама іх чучалы.
Чырвоны куток — памяшканне ва ўстанове, інтэрнаце і пад., адведзенае для культурна-асветніцкай работы.
Мядзведжы куток — тое, што і мядзведжы кут (гл. кут).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няста́ча, ‑ы, ж.
1. Адсутнасць каго‑, чаго‑н. у неабходнай колькасці, недахоп. Нястача рабочых. Нястача грошай. □ Баец пачаў задыхацца. Грудзі распірала ад нястачы паветра, — здавалася, вось-вось хрусне горла. Быкаў. Шмат гора давялося перажыць.. [Анастасіі Фамінічне] у першыя гады замужжа. Зямлі мелі мала, і заўсёды ў чым-небудзь была нястача. Сіняўскі.
2. Недастача грошай, тавараў, выяўленая пры праверцы магазіна, установы і пад. Калі ў краме ёсць нястача, Дык «усушка» там няйначай. Крапіва. Правяраючы касу, Зіна выявіла нястачу. Васілёнак.
3. Адсутнасць дастатковых сродкаў для існавання; беднасць. Васіль .. чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлеба і прыйдзе да яго. Колас. Мой край па царскаму закону Быў краем гора і нястач. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
па-над, прыназ. з Т.
Спалучэнне з прыназоўнікам «па-над» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на каго‑, што‑н., над якімі ў пэўным кірунку адбываецца рух, дзеянне. Песні плывуць па-над гаем. □ Праплыве гук баязліва Па-над лугам, па-над нівай У знямелы свет, Ды зноў ціха-ціха стане. Колас. // Пры ўказанні на каго‑, што‑н., зверху над якімі што‑н. адбываецца. Гучыць голас міру па-над светам. □ Лісце пажоўклае, шэрае Ціха шасціць пад нагамі, Толькі дубы па-над Свіцяззю Меднымі звоняць лістамі. Броўка. А яна [зямля] дымілася абапал Першым парам, Першай цеплынёй Ад дажджу, што толькі што пракапаў Па-над красавіцкаю зямлёй. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рука́ў, ‑кава, м.
1. Частка адзення, якая пакрывае руку ці частку рукі. Ціха падпоўз Міколка да машыніста, асцярожна таргануў яго за рукаў. Лынькоў. [Тамаш] схаваў пальцы рук у рукавы і зарагатаў. Чорны.
2. Адгалінаванне, якое адыходзіць ад галоўнага вусця ракі. З рукава рэчкі, падхопленая струменем, плыла некім сарваная галоўка лілеі. Арочка. Яшчэ дзесятак метраў быстрыні і рукавы рэчкі, вырваўшыся з-за вострава на шырыню, злучыліся. Брыль.
3. Труба ці кішка для адводу вадкасцей, газаў, сыпучых целаў. Пажарны рукаў. □ Па рукаве з каменных жорнаў Плыла бялей за снег мука. Астрэйка.
•••
Закасаўшы рукавы гл. закасаўшы.
Рукавом закусіць гл. закусіць.
Смяяцца ў рукаў гл. смяяцца.
Спусціўшы рукавы гл. спусціўшы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Цярпліва вынесці, вытрымаць (што‑н. страшэннае, непрыемнае. нясцерпнае). Стрываць боль. □ Як цяжка ні будзе, — стрываем. Радзіма, не зганьбім цябе! Астрэйка. Колькі перанесла .. [маці] гора — ні адна жывая душа не стрывала б. Ваданосаў. // без дап. (звычайна з адмоўем). Стрымацца, утрымацца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. слоў, учынкаў). Хлопчык не стрываў і, калі дзядзька выйшаў з хаты, спытаўся ў бацькі, навошта той гаварыў гэтак з Анісімам. Сачанка. Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Брыль. Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Акцызнік не стрываў — сышоў да Парыпанавай студні. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тост, ‑у, М ‑сце, м.
Застольная прапанова выпіць віно ў гонар каго‑н., за што‑н.; здравіца. [Будыка:] — Сяргей Пятровіч, я чалавек не красамоўны і тостаў гаварыць не люблю. Шамякін. [Пракоп] раз-пораз абвяшчае тосты, цалуе старшыню калгаса Якуба Таўкача, цягнецца цераз стол, каб чокнуцца поўнай чаркай з Аленай Антонаўнай. Жычка. // Бакал віна, які выпіваецца ў гонар каго‑н., за што‑н. Калі прыгатаванне было скончана, .. [Анатоль] падняў сваю чарку і сказаў: — Першы тост я падымаю за цудоўных гаспадынь гэтага райскага кутка на зямлі! Ваданосаў. Паходны дом, Салдацкі дом ты наш — ..У сэрцах ты жывеш І не памрэш, І за цябе мы п’ём свой тост да дна. Астрэйка.
[Англ. tost.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
упрыго́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
Надаць каму‑, чаму‑н. прыгожы выгляд, зрабіць больш прыгожым, яркім; аздобіць. А колькі розных стужак, грабянёў, Хусцінак яркіх, завушніц прыгожых! Якіх яны красуняў упрыгожаць! Танк. Гарадоў нашых вуліцы, плошчы Упрыгожыла мора сцягоў. Машара. Багата і шчодра ўпрыгожыла вясна зямлю, адзеўшы яе зелянінаю, ярыною і жытамі. Колас. І зноў работа закіпела — аж дух займае ў хлопцаў. Спачатку ля краёў столь узорамі ўпрыгожылі, пасля да сярэдзіны дабраліся. Нядзведскі. // Стаць сведчаннем якіх‑н. заслуг (пра ордэны, медалі і пад.). Ордэн Чырвонага Сцяга ўпрыгожыў сцяг камсамола рэспублікі. «Звязда». // перан. Зрабіць больш поўным, багатым па зместу (жыццё, існаванне). Каб зноў жыццё сваё ўпрыгожыць, — За працу возьмемся хутчэй. Астрэйка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.
1. Прастаяць нейкі час. Адстаяць гадзіну ў чарзе. // Прастаяць да канца; адбыць. □ [Люба Лук’янская:] — Наша фабрыка была ў прарыве, трэба было выцягваць. Я тры змены адстаяла на рабоце. Чорны.
2. Разм. Стаміць доўгім стаяннем. Адстаяць ногі на варце.
3. перан. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу ворага; не даць захапіць. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. // Абараніць, засцерагчы ад дамаганняў, замаху, недружалюбных або варожых дзеянняў. Адстаяць заваёвы Кастрычніка. □ [Гальяш і Міхась] цвёрда вырашылі, што калі стараста выдасць каменданту Рыгора, адстаяць яго што б там ні было. Гурскі. // Адхіліць пярэчанні, давесці доказамі што‑н. У барацьбе з рэвізіяністамі У. І. Ленін адстаяў і развіў тэарэтычныя асновы партыі — дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падзя́ка, ‑і, ДМ ‑дзяцы, ж.
Пачуццё ўдзячнасці за што‑н. добрае. Выказаць падзяку. □ Відаць, у падзяку за давер Саша хацеў расказаць пра дзяўчыну як можна больш харошага і прыемнага. Кулакоўскі. У .. вялікіх карых вачах [Лазарэўскай] была ціхая падзяка і даверлівасць. Паслядовіч. // Словы або іншы знак выражэння гэтага пачуцця, а таксама што‑н. матэрыяльнае, што даецца ў знак удзячнасці. Адчуўшы ў руках жаданыя кнігі, Ігнась прамармытаў нейкую падзяку і выйшаў. Мурашка. За радасць, шчасце наша Маскве падзяку шлём. Астрэйка. [Міхал:] А прынясеш што — без падзякі Ужо не выпусціць, заплаціць, А на дарэмшчыну не квапіць. Колас. // Афіцыйная высокая ацэнка чыёй‑н. работы. Абвясціць падзяку. □ Алесю Голубу ад мясцовых органаў за пільнасць і аказаную дапамогу ў выяўленні злачынцаў была вынесена падзяка. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)