РО́ЗІН (Аляксандр Майсеевіч) (28.11.1881, г. Магілёў — 10.4.1942),

бел. геолаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), праф. (1938). Скончыў Фрайбергскую горную акадэмію ў Германіі (1908). З 1927 нам. нач. горнага аддзела ВСНГ, з 1931 нам. нач. Бел. геолагаразведачнага трэста, з 1933 у Бел. НДІ прам-сці. У 1937—41 у Бел. геал. упраўленні (нам. нач., нач. сектара). У 1909—37 праводзіў геал. даследаванні на Беларусі па пошуку і выкарыстанні фарбавых руд, вогнетрывалай гліны, кварцавых пяскоў, мелу, торфу, фасфарытаў, каменнай солі і інш. Навук. працы па карысных выкапнях Беларусі і перспектывах іх выкарыстання. Дзярж. прэмія СССР 1952.

А.М.Розін.

т. 13, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕКРАШЭ́ВІЧ (Сцяпан Міхайлавіч) (8.5.1883, в. Данілоўка Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 20.12.1937),

бел. мовазнавец. Акад. АН Беларусі (1928). Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1913). З 1918 заг. бел. секцыі пры губ. аддзеле нар. асветы Адэсы. З 1920 заг. літ.-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР, старшыня навук.-тэрміналагічнай камісіі, нам. старшыні Галоўпрафасветы пры Наркамасвеце БССР, старшыня Інбелкульта. З 1926 старшыня аддзела гуманітарных навук Інбелкульта, з канца 1928 віцэ-прэзідэнт АН БССР, старшыня камісіі па ўкладанні слоўніка жывой бел. мовы і арфаграфічнай камісіі, старшыня Галоўнавукі пры Наркамасвеце БССР, дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Беларусі. Асн. даследаванні па лексікаграфіі, правапісе, дыялекталогіі і гісторыі бел. мовы. Разам з М.​Я.​Байковым выдаў «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928). Аўтар артыкулаў «Сучасны стан вывучэння беларускай мовы» (1927), «Мова кнігі Касьяна Рымляніна Ераміты «О уставах манастирских» (1928), «Васіль Цяпінскі. Яго прадмова, пераклад евангелля на беларускую мову і мова перакладу» (не апублікавана), а таксама «Беларускага лемантара» (1922, 6-е выд. 1929), чытанкі «Роднае слова» (1922, 4-е выд. 1925) і інш. У 1930 арыштаваны і высланы ва Удмурцію. У 1937 паўторна арыштаваны і расстраляны. Рэабілітаваны па абодвух абвінавачаннях адпаведна ў 1938 і 1957.

Тв.:

Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак і гаворак, пераходных да суседніх моў. Мн., 1927 (разам з П.​А.​Бузуком);

Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна. Мн., 1929.

Літ.:

Германовіч І.К. Аб навуковай дзейнасці С.​М.​Некрашэвіча // Весн. БДУ. Сер. 4. 1972. № 3.

І.​К.​Германовіч.

С.М.Некрашэвіч.

т. 11, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЦТВА НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНА-ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў 1957 у Мінску на базе аддзела буд-ва і архітэктуры АН Беларусі (з 1954) як НДІ буд-ва і архітэктуры. У 1987—95 НДІ будаўніцтва. Асн. кірункі дзейнасці: архітэктура і новыя канструкцыі шматпавярховых каркасных будынкаў масавага прызначэння з выкарыстаннем традыц. зборных вырабаў; архітэктурна-канструкцыйныя і тэхнал. праблемы рэканструкцыі жылых і грамадскіх будынкаў, інж. збудаванняў; сучасныя канструкцыі і тэхналогіі будовы падмуркаў, інж. камунікацый; беспрагрэўная тэхналогія вытв-сці зборнага і маналітнага бетону і жалезабетону; малапавярховае і індывід. энергаэфектыўнае жыллё хуткага буд-ва з выкарыстаннем мясцовых і інш. сучасных матэрыялаў і канструкцый; сучасныя сістэмы ацяплення і цеплавая ізаляцыя будынкаў.

т. 3, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ (Андрэй Аляксандравіч) (1.11.1883, С.-Пецярбург — 2.9.1968),

расійскі фізіка-географ. Акад. АН СССР (1939). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1907), вывучаў геаграфію ў Берлінскім і Гайдэльбергскім ун-тах. У 1909—16 супрацоўнік аддзела геаграфіі Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона. Арганізатар і кіраўнік (да 1951) Ін-та геаграфіі АН СССР, гал. рэдактар Кароткай геагр. энцыклапедыі (1960—66). Праводзіў даследаванні на поўначы СССР, Урале, у Якуціі. Працы прысвечаны агульнай тэорыі фіз. геаграфіі, прынцыпам і метадам фіз.-геагр. раянавання, характарыстыцы тыпаў геагр. асяроддзя, гісторыі развіцця геагр. думкі. Дзярж. прэмія СССР 1947. Залаты медаль імя М.​М.​Пржавальскага (1928), Вял. залаты медаль Геагр. т-ва СССР (1965).

т. 5, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ШЫН (Сяргей Уладзіміравіч) (18.3.1917, в. Фаміно Дарагабужскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 25.6.1994, адзін з кіраўнікоў партыз. барацьбы на Смаленшчыне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1943). Канд. ваен. н. (1964). Скончыў Дарагабужскае пед. вучылішча (1935),

ваен. акадэміі імя Фрунзе (1947) і Генштаба (1955). З 1939 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце, камандзір танк. ўзвода. З чэрв. 1942 камандзір партыз. палка (з чэрв. 1944 злучэння) «Трынаццаць», які з крас. 1943 дзейнічаў на тэр. Беларусі. Пасля вайны на выкладчыцкай рабоце ў ваен. навуч. установах, у 1955—58 нач. аддзела штаба арміі.

т. 5, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕБАЗНА́ЎСТВА І АГРАХІ́МІІ ІНСТЫТУ́Т (Навукова-даследчае дзяржаўнае прадпрыемства «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі») Акадэміі аграрных навук.

Засн. ў 1958 у Мінску на базе аддзела глебазнаўства і лабараторыі фізікахіміі глеб і радыеактыўных ізатопаў Бел. НДІ земляробства (з 1927), лабараторыі тарфяна-балотных глеб Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі (з 1930) як Бел. НДІ глебазнаўства. У 1969—96 Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі. Асн. кірункі навук. даследаванняў: вывучэнне глебавага покрыва Беларусі і распрацоўка навук. асноў павышэння ўрадлівасці глеб, аховы іх ад воднай і ветравой эрозіі, забруджвання; распрацоўка сістэм выкарыстання мінер. макра- і мікраўгнаенняў пад с.-г. культуры; займаецца пытаннямі аграхім. абслугоўвання сельскай гаспадаркі і інш.

т. 5, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў [свецкае імя Бруцкі Іван (Ян); н. 22.1.1926, в. Белавуша Столінскага р-на Брэсцкай вобл.],

бел. эмігранцкі рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Манітобскі ун-т (1954) у г. Вініпег (Канада), Укр. правасл. семінарыю ў г. Баўнд Брук (ЗША). У 1943 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З 1947 у Канадзе. З 1957 старшыня Згуртавання беларусаў Канады. З 1962 у ЗША, старшыня аддзела Беларуска-амерыканскага задзіночання ў Дэтройце, член рады Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) за мяжой. У 1979 прыняў сан свяшчэнніка, з 1981 епіскап, з 1984 мітрапаліт БАПЦ. Узначальвае кансісторыю БАПЦ, прымае ўдзел у выданні час. «Царкоўны пасланец».

Л.​У.​Языковіч.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЧУ́Н (Юрый Аляксандравіч) (27.12.1931, Мінск — 11.6.1997),

бел. графік, мастацтвазнавец. Засл. дз. маст. Беларусі (1992). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Маск. паліграф. ін-т (1965). Працаваў гал. мастаком выд-ва «Ураджай» (1964—69), нач. аддзела ў Мін-ве культуры Беларусі (1972—75). З 1977 дырэктар Нац. маст. музея Беларусі. Работы ў станковай («Хвоі», 1965; «Ружовая сядзіба», 1969; «Жнівень», 1980; «Сакавік», 1982, і інш.) і кніжнай графіцы, паліграф. дызайне. Аўтар-складальнік альбомаў «Янка Купала ў творчасці мастакоў» і «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982).

Тв.:

Евгений Зайцев. Мн., 1988;

Музей В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі. Мн., 1988.

М.​М.​Паграноўскі.

Ю.Карачун. Сакавік. 1982.

т. 8, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЙТЭЛЬ, Кайтэль (Keitel) Вільгельм (22.9.1882, Гельмшэродэ, цяпер у складзе г. Бад-Гандэрсгайм, Германія — 16.10.1946), германскі ваен. дзеяч, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1934 зблізіўся з нацыстамі. У 1935—38 нач. ваен.-паліт. аддзела ваен. мін-ва. З 4.2.1938 да 8.5.1945 нач. штаба вярх. галоўнакамандавання вермахта. У 2-ю сусв. вайну кіраваў ням.-франц. перагаворамі аб перамір’і (1940), падпісаў акт аб капітуляцыі вермахта (8.5.1945). Пакараны смерцю паводле прыгавору Нюрнбергскага працэсу.

Літ.:

Митчелл С.В., Мюллер Д. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫНІ́ЦКІ Арон Маркавіч [парт. псеўд. Бампі; 14.12.1896, Мінск — 21.2.1971], удзельнік камуніст. падполля ў гады грамадз. вайны ў Мінску. Скончыў БДУ (1925), Ін-т чырв. прафесуры (1931). У час ням. акупацыі Беларусі (1918) адказны сакратар Мінскага падп. парт. к-та, адзін з арганізатараў партыз. руху, чл Краявога к-та камуніст. арг-цый Беларусі і Літвы. Пасля вызвалення Мінска нам. старшыні Мінскага Савета, чл. Мінскага рэўкома, чл. ЦВК БССР. У 1920 нач. аддзела РВС Зах. фронту, удзельнічаў у падпісанні Дэкларацыі пра абвяшчэнне незалежнасці Беларускай ССР. У 1921—24 у Мінскім гарсавеце. З 1931 у Наркамасветы РСФСР, з 1933 на выкладчыцкай рабоце ў Маскве.

П.​А.​Селіванаў.

А.І.Крыніцкі.

т. 8, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)