СХО́ВІШЧА вайсковае,

спецыяльнае збудаванне закрытага тыпу, прызначанае для засцярогі людзей ад сродкаў паражэння. Паводле прызначэння падзяляюцца на вайсковыя і грамадзянскай абароны. Вайск. С. класіфікуюцца паводле ступені засцярогі, выкарыстаных матэрыялаў, канструкцый і спосабаў узвядзення. Бываюць лёгкага і цяжкага тыпу. Для засцярогі асабовага складу на баявых пазіцыях, пунктах камандных, назіральных пунктах і інш. С. будуюць катлаванным і падземным спосабамі з мясц. матэрыялаў або элементаў і канструкцый прамысл. вырабу. Найчасцей складаюцца з асн. памяшкання для асабовага складу і 1—2 уваходаў (выхадаў). Звычайна абсталяванне вайск. С. засцерагае людзей ад атрутных і радыеактыўных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. С. грамадз. абароны размяшчаюцца, як правіла, у вытв., дапаможных, жылых, грамадскіх будынках і нар.-гасп. аб’ектах (звычайна заглыбленых). У якасці С. могуць выкарыстоўвацца станцыі метро і аб’екты інш. падземных камунікацый. Гл. таксама Ахоўныя збудаванні.

С.​А.​Фамін.

т. 15, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УДА́ВЫ, несапраўднаногія (Boidae),

сямейства неядавітых змей атр. лускаватых. З падсям.: пітоны, уласна У. — Boinae (15 родаў, каля 60 відаў) і баліерыны — Bolierinae (2 віды). Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Жывуць на зямлі, дрэвах, ёсць паўводныя і рыючыя формы. Найб. вядомыя роды з падсям. уласна У. — У. сапраўдныя [Constrictor (Boa)], вузкабрухія (Corallus), удаўчыкі (Eryx) і інш. 8 відаў і падвідаў У. у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 10—11 м, маса да 100 кг і больш. Анаконда, пітон сеткаваты — найб. буйныя з сучасных змей. Афарбоўка пераважна стракатая. Тулава з моцнымі мышцамі, з дапамогай якіх У. душаць (адсюль назва) здабычу. Косці верхняй сківіцы рухомыя. Вочы з верт. зрэнкай. Захаваліся рудыменты таза і задніх канечнасцей (кіпцюры). Кормяцца млекакормячымі, птушкамі, яшчаркамі, жабамі і інш. Яйцажывародныя, некаторыя (пітоны) адкладваюць яйцы (да 107 шт.). Многія віды — аб’екты промыслу.

т. 16, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМЕ́РЫ, хімерападобныя (Chimaeriformes),

атрад храстковых рыб падкл. злітначарапных, або суцэльнагаловых. Вядомы з юрскага перыяду, пашыраны ў мелавы перыяд. 13 сям. Х. вымерла: 3 сучасныя: хімеравыя (Cnimaeridae), насатыя, або рынахімеравыя (Rhinochimaeridae), і хобатнарылыя, або каларынхавыя (Callorhinchidae). 6 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ў Атлантычным, Індыйскім і Ціхім акіянах. Пераважна глыбакаводныя (да 2500 м) прыдонныя рыбы. Маларухомыя.

Цела голае, сціснутае з бакоў, даўж. да 1,5 м, маса да 10 кг, хвост ніткападобны. Спіна чырв.-бурая, бакі серабрыстыя з жаўтавата-бурымі плямамі. На галаве ў самцоў калючы булавападобны прыдатак. брушныя плаўнікі ператвораны ў капулятыўныя органы (птэрыгаподыі). Размнажаюцца яйцамі, якія змешчаны ў рогападобнай капсуле. Рыла падобнае на тупы конус. Зубы — тоўстыя пласціны. Кормяцца ігласкурымі, малюскамі, ракападобнымі, радзей рыбаю. Некат. — аб’екты промыслу.

Хімеры: 1 — каларынх; 2 — еўрапейская; 3 — насатая.

т. 17, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКЦЫЯНІ́РАВАННЕ,

мэтанакіраванае выяўленне, набыццё і сістэматычнае камплектаванне збораў пераважна аднародных прадметаў. Аб’екты К. — разнастайныя рэчы духоўнай і матэр. культуры (творы выяўл. мастацтва, рукапісы, друкаваныя выданні, манеты і інш.), аб’екты прыроды (мінералы, расліны і інш.). К. вядома са старажытнасці. Прыватнае К. пачалося ў антычнасці, дасягнула росквіту ў Стараж. Рыме і Зах. Еўропе ў эпоху Адраджэння (14—16 ст.). У ВКЛ і Рэчы Паспалітай найб. стараж. калекцыі, у т. л. знакаміты збор габеленаў Жыгімонта II Аўгуста, належалі Ягелонам. Каштоўны збор твораў мастацтва мелі Ян III Сабескі і С.​Патоцкі, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У 19 — пач. 20 ст. ў Расіі збіральніцтвам займаліся П.М. і С.​М.​Траццяковы (выяўл. мастацтва), М.​К.​Ценішава (этнаграфія), А.​В.​Марозаў (кераміка), А.​С.​Увараў (археалогія) і інш. Многія прыватныя зборы ператварыліся ў музеі (Луўр, Траццякоўская галерэя, Эрмітаж і інш.). У Зах. Еўропе ў 15—16 ст., у Расіі з 18 ст. сталі пашыранымі змешаныя зборы — кунсткамеры (у Расіі 1-я створана Пятром 1). У 20 ст. ў К. вылучыліся кірункі: навуковы (займаюцца пераважна музеі), навучальны (як сродак нагляднасці ў навуч. працэсе), аматарскі, які ўключае філатэлію, баністыку, філуменію (К. этыкетак), фалерыстыку (К. ордэнаў, медалёў, значкоў і інш.), філафанію (К. гуказапісу), філакартыю (К. паштовак) і інш. У Беларусі К. зарадзілася ў 12—14 ст. у канфесіянальных установах Полацка, Гурава, Віцебска і інш., прыватнае разгарнулася ў 16 ст. Найб. калекцыі ў 16—18 ст. былі ў Нясвіжскім замку Радзівілаў (рукапісы, кнігі, манеты, зброя і інш.), у маёнтках Храптовічаў Шчорсы (Навагрудскі р-н) і Вішнева (Валожынскі р-н), у пастаўскай галерэі К.​Тызенгаўза (творы італьян., галанд., франц., ням. мастакоў 16—18 ст.). У 19 ст. ўвага збіральнікаў была скіравана пераважна на помнікі айч. даўніны. Сярод калекцыянераў таго часу Я.П. і К.​П.​Тышкевічы ў Лагойску, М.​П.​Румянцаў у Гомелі і інш. Спецыялізаваныя калекцыі ствараюць калекцыянеры-аматары А.​А.​Стуканаў (паштовыя маркі), В.​Н.​Рабцэвіч і А.​П.​Арлоў (манеты), А.​Я.​Белы (бел. выяўл. мастацтва) і інш. З 1990 выходзіць газета «Беларускі калекцыянер».

У.​С.​Цярохін.

т. 7, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМАЎЛЕ́ННЕ,

элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл. Нігілізм).

Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.

Ю.​А.​Харын.

т. 1, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛІКАНО́ГІЯ КУ́РЫ, сметнікавыя куры (Megapodiidae),

сямейства птушак атр. курападобных. 7 родаў, 12 відаў. Пашыраны ва Усх. Інданезіі, на Філіпінах, у Нов. Гвінеі, Аўстраліі, астравах Ціхага ак. Жывуць пераважна ў трапічных лясах, таксама на каралавых астравах з беднай расліннасцю і ў сухіх зарасніках паўпустыняў. Вядуць наземны спосаб жыцця. Найб. вядомыя кустовая індычка (Alectura lathami), плямістая курыца (Leipon ocellata), малеа (Macrocephalon maleo), джунглевая курыца (Megapodius freycinet).

Даўж. 25—65 см. Ногі добра развітыя (адсюль назва). Яйцы (вельмі буйныя) не наседжваюць, а закопваюць у нагрэты сонцам пясок, гнілое лісце (адсюль другая назва). Самец наглядае за т-рай «інкубатара», згортвае і разгортвае пясок і лісце. Птушаняты выбіраюцца самастойна, апераныя, хаваюцца і хутка пачынаюць лётаць. Аб’екты палявання дзеля мяса; яйцы збіраюць. 1 від і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.

Веліканогія куры: 1 — кустовая індычка; 2 — плямістая курыца.

т. 4, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ ПОЛК НАРО́ДНАГА АПАЛЧЭ́ННЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Сфарміраваны 9—12.7.1941. Камандзір Ф.​Я.​Уткін (загінуў), камісар С.​Р.​Шчуцкі. Налічваў 2300 чал., знаходзіўся ў рэзерве 21-й арміі Цэнтр. фронту. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў эвакуацыі з-даў і ф-к, вялі барацьбу з дыверсантамі, ахоўвалі прамысл. аб’екты, лініі сувязі, будавалі абарончыя рубяжы. З 13 да 19 жн. разам з войскамі Чырв. Арміі полк вёў баі за Гомель: трымаў абарону на паўн. подступах да горада, перакрываў шашу Магілёў—Гомель і чыг. Бабруйск—Гомель. Жорсткія баі апалчэнцы вялі каля в. Сямёнаўка і Пакалюбічы, у раёне Навабеліцы (гл. Гомеля абарона 1941). 19 жн. ням.-фаш. войскі прарваліся ў горад. Апалчэнцы ўдзельнічалі ў жорсткіх вулічных баях. У ноч на 20 жн. абаронцы пакінулі Гомель. Многія апалчэнцы працягвалі барацьбу ў Чырв. Арміі, у падполлі, партыз. атрадах.

У.​І.​Лемяшонак.

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯЦІНО́ГІЯ РАКАПАДО́БНЫЯ (Decapoda),

атрад беспазваночных падкл. вышэйшых ракападобных. 2 падатр. — Natantia (крэветкі) i Reptantia (рачныя ракі, амары, лангусты, крабы, ракі-пустэльнікі). Больш за 8500 відаў. Больш пашыраны ў морах, менш — у прэсных вадаёмах і на сушы. На Беларусі жывуць рачныя ракі; рак шыракапальцы занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела да 80 см, размах клюшняў да 3 м. Характэрная прыкмета Дз.р. — зліццё сківічных сегментаў галавы з груднымі і пераўтварэнне 3 пярэдніх пар канечнасцей грудзей у нагасківіцы, якія ўдзельнічаюць у перадачы корму да ротавай адтуліны; 5 пар задніх грудных ног хадзільныя (адсюль назва); на некат. часта развіваюцца клюшні. Галава і грудзі ўкрыты зверху галавагрудным шчытом (карапаксам). Вочы сцябліністыя, фасетачныя. Раздзельнаполыя. Самкі (акрамя крэветак) выношваюць яйцы на брушных ножках. Лічынкі рэзка адрозніваюцца ад дарослых; у многіх развіццё прамое. Кормяцца жывёльным і раслінным кормам. Некат. — аб’екты промыслу і развядзення.

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ГЕНАФО́НДУ,

комплекс мерапрыемстваў па захаванні, узнаўленні і рацыянальным выкарыстанні ўсёй сукупнасці відаў жывых арганізмаў з іх выяўленымі і патэнцыяльнымі спадчыннымі задаткамі. Кожны жывы арганізм на Зямлі — унікальны і непаўторны феномен эвалюцыі, у якім ёсць генет. інфармацыя (генет. рэсурс) навук. і прыкладнога значэння. Ахова генафонду — адна з формаў аховы прыроды і пашыраецца на ўсе віды жывых арганізмаў, акрамя асабліва небяспечных хваробатворных. Уключае мерапрыемствы па ахове раслін і жывёл, прапаганду унікальнасці ўсяго жывога і неабходнасці зберажэння ўсёй генет. разнастайнасці арганізмаў. Ахова генафонду неабходная для гасп., навук., экалагічных, этычных і эстэт. мэтаў. Значную ролю ў ахове генафонду адыгрываюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты, генет. рэзерваты і генет. калекцыі (бат. сады, дэндрарыі, гадавальнікі, заапаркі, калекцыі насення, спораў, пылку, спермы, зародкаў і тканак арганізмаў, калекцыі мікраарганізмаў, спец. сховішча разнастайнага генет. матэрыялу і гэтак далей). Гл. таксама Ахоўныя расліны і Ахоўныя жывёлы.

т. 2, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫЕНТА́ЦЫЯ [французскае orientation ад лацінскага oriens (orientis) усход] у матэматыцы, абагульненне паняцця напрамку на прамой на геаметрычныя аб’екты больш складанай структуры. Арыентацыя на прамой задаецца выбарам аднаго з двух магчымых напрамкаў. Замкнутую крывую можна арыентаваць па гадзіннікавай стрэлцы ці супраць яе. На плоскасці можна выбраць пэўную арыентацыю для ўсіх замкнутых крывых, якія ёй належаць і самі не перасякаюцца. Калі ўсе такія крывыя арыентаваць супраць або па гадзіннікавай стрэлцы, то ўся плоскасць будзе арыентаваная супраць або па гадзіннікавай стрэлцы. Аналагічна вызначаюць арыентацыю паверхні, якая мае 2 бакі. Аднабаковыя паверхні, напрыклад Мёбіуса ліст, не арыентуюцца. Паверхні, якія абмяжоўваюць частку прасторы, заўсёды належаць да арыентаваных. Арыентацыя прасторы задаецца выбарам Арыентацыі ўсіх замкнутых паверхняў, якія абмяжоўваюць вызначаныя часткі прасторы. Арыентацыя прасторы (плоскасці) задаюць таксама выбарам дэкартавай сістэмы каардынат (правай ці левай). Паняцце Арыентацыі пашыраецца і на мнагамерныя прасторы.

Арыентацыя замкнутай крывой: 1, 2 — па гадзіннікавай стрэлцы; 3 — супраць яе.

т. 2, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)