ГРЭНЛА́НДСКА-ІСЛА́НДСКІ ПАРО́Г,

падняцце дна Атлантычнага ак. ў Дацкім праліве, паміж падводнымі схіламі Ісландыі і Грэнландыі. Даўж. Каля 90 км. Найб. глыб. каля 300 м. Перашкаджае глыбіннаму водаабмену паміж Грэнландскім морам і Атлантычным акіянам.

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КЛА, Хекла (Hekla),

дзеючы вулкан на Пд Ісландыі. Выш. 1491 м. Гекла — стратавулкан, які ўтварыўся ў выніку шматлікіх вывяржэнняў з лінейнай трэшчыны. Складзены з андэзітавых і базальтавых лаў. За апошнія 700 гадоў было 20 буйных вывяржэнняў (найб. разбуральныя 1766—68, 1947—48).

т. 5, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ САВЕ́Т (англ. Nordic Council),

рэгіянальная кансультатыўная міжпарламенцкая арг-цыя дзяржаў Паўн. Еўропы для садзейнічання іх супрацоўніцтву ў эканам., сац., культ. і прававой галінах; з 1990-х г. абмяркоўвае і пытанні міжнар. палітыкі. Засн. ў чэрв. 1952 паводле рашэння Паўн. міжпарламенцкага савета (створаны ў 1907, члены: Данія, Нарвегія, Швецыя). Штаб-кватэра ў г. Осла. Уваходзяць прадстаўнікі Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Ісландыі (з 1952) і Фінляндыі (з 1955) — усяго 87 чал. (з 1984), якіх на прапарцыянальнай аснове выбіраюць на 1 год нац. парламенты краін-удзельніц: 16 ад Даніі (яшчэ па 2 ад Фарэрскіх а-воў і Грэнландыі), 18 ад Фінляндыі (яшчэ 2 ад Аландскіх а-воў), 7 ад Ісландыі, па 20 ад Нарвегіі і Швецыі. П.с. выносіць рэкамендацыі ўрадам і Паўн. савету міністраў (дзейнічае з 1971). У рабоце арг-цыі ўдзельнічаюць і прадстаўнікі ўрадаў дзяржаў-удзельніц з правам дарадчага голасу.

т. 12, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́РМІНГЕРА ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне ў Атлантычным ак. каля паўд. берагоў Ісландыі, зах. адгалінаванне Паўночна-Атлантычнага цячэння. Скорасць 0,2—0,5 км/гадз. Т-ра вады каля 5 °C зімой, 10—12 °C летам. Салёнасць 34,8—35‰. Названа прозвішчам дацкага мараплаўца К.​Ірмінгера, які абазначыў і апісаў яго ў 1853—54.

т. 7, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДЫ,

у сярэдневяковых сканд. краінах назва ўсіх вольных людзей (земляробы, жывёлаводы, паляўнічыя, рыбакі), якія не належалі да знаці; вольныя сяляне. Мелі сваю гаспадарку, жылі на адасобленых хутарах (у Нарвегіі, Ісландыі і некаторых раёнах Швецыі) ці ў невялікіх вёсках (у Даніі і б.ч. Швецыі) і, акрамя дацкіх бондаў, захоўвалі асабістую свабоду на працягу ўсяго сярэдневякоўя.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЦКІ ПРАЛІ́Ў,

праліў паміж а-вамі Грэнландыя і Ісландыя. Злучае Грэнландскае м. з Атлантычным ак. Даўж. каля 530 км, шыр. 287 км, найменшая глыб. на фарватэры 120 м. Праз Д.п. уздоўж берагоў Грэнландыі з Пн на Пд праходзіць халоднае Усх.-Грэнландскае цячэнне, уздоўж берагоў Ісландыі з Пд на Пн — галіна цёплага Ірмінгера цячэння.

т. 6, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ТНАЁКУДЛЬ, Ватна-Ёкуль (Vatnajökull),

самы вялікі покрыўны ледавік Ісландыі. Укрывае вулканічны масіў на ПдУ краіны. Пл. 8390 км², магутнасць лёду да 1000 м; ледавіковыя языкі апускаюцца да ўзбярэжжа Атлантычнага ак. Выш. пакатага купала 600—2000 м. Над Ватнаёкудлем узнімаецца самая высокая вяршыня вострава — г. Хванадальсхнукур (2119 м). Вывяржэнні вулканаў, у т. л. падлёдавых, выклікаюць катастрафічныя паводкі.

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

запасы глыбіннага цяпла Зямлі, эксплуатацыя якіх эканамічна выгадная. Адрозніваюць гідрагеатэрмальныя (тэрмальныя воды) і петрагеатэрмальныя рэсурсы (акумуляваныя ў блоках горных парод, нагрэтых да 350 °C і больш). Практычнае значэнне маюць гідратэрмальныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць для цеплазабеспячэння (пры т-ры ад 40 да 100—150 °C) і атрымання электраэнергіі на геатэрмальных электрастанцыях пры т-ры 150—300 °C. Прымеркаваны яны да трэшчынных воданапорных сістэм у раёнах сучаснага вулканізму, маладых складкавых гор, зон тэктанічных разломаў. Геатэрмальныя рэсурсы выкарыстоўваюць у ЗША (самае буйное ў свеце радовішча Вялікія Гейзеры), Італіі, Новай Зеландыі, Японіі, Мексіцы, Расіі, Ісландыі і інш.

т. 5, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыплы́сці і прыплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. прыплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

Плывучы, дасягнуць якога‑н. месца, прыбыць куды‑н. У тыю ж ноч, пад раніцу, прыплылі на лодцы са старым рыбаком дзедам Лаўрэнам Цімох Бураў і Алена Рыгораўна. Шамякін. Шмат год таму назад, калі яшчэ на месцы сённяшняй сталіцы Ісландыі было голае месца, першымі сюды прыплылі нарманы. Матрунёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГЕ́ЙЗЕР (ісл. geysir ад geysa хлынуць),

крыніца, якая перыядычна выкідвае гарачую ваду і пару да выш. 20—40 м і больш. Пашыраны ў абласцях сучаснага ці нядаўняга вулканізму. Мае выгляд невял. конусаў, спадзістых паглыбленняў, катлавінак, ям з трубка- ці шчылінападобнымі каналамі. Адрозніваюць рэгулярныя гейзеры, працягласць цыкла якіх амаль пастаянная, і нерэгулярныя, са зменлівым цыклам. Існуюць у ЗША (найб. ў Йелаўстонскім нац. парку гейзер Стары Служака, выш. вывяржэння 42 м), Расіі (Даліна Гейзераў на Камчатцы, найб. Велікан, 40 м), Ісландыі, Канадзе, Новай Зеландыі, Японіі, Кітаі. Вадзяная пара і гарачая вада гейзера выкарыстоўваюцца для ацяплення будынкаў, цяпліц, на геатэрмальных электрастанцыях.

Гейзер Стары Служака ў Йелаўстонскім нацыянальным парку, ЗША.

т. 5, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)