Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
СУ́ТНАСЦЬ І З’Я́ВА,
філасофскія катэгорыі, якія адлюстроўваюць дыялектычна ўзаемазвязаныя, агульныя і неабходныя бакі ўсіх прадметаў і працэсаў аб’ектыўнай рэальнасці. Сутнасць уяўляе сабой сукупнасць глыбінных, заканамерных, адносна ўстойлівых унутр. сувязей пэўнага прадмета, якія аб’ядноўваюць у адзінае цэлае яго істотныя рысы і тэндэнцыі развіцця, увасабляе якасную акрэсленасць пэўнай з’явы ці працэсу. З’ява служыць формай выяўлення сутнасці ў канкрэтных падзеях, знешніх уласцівасцях прадмета, якія даступны эмпірычнаму пазнанню, нясе ў сабе частковую, няпоўную інфармацыю пра законы, што фарміруюць сутнасць. Паняцці С. і з. цесна звязаны; аб’ектыўная сувязь паміж імі мае характар супярэчнасці дыялектычнай, калі адзін з бакоў пэўнага прадмета абумоўлівае існаванне інш. боку. Працэс пазнання чалавекам навакольнага асяроддзя ўяўляе сабой працэс пераходу мыслення ад разнастайнасці наяўных форм прадмета (з’ява) да іх унутр. зместу і адзінства (сутнасць).
У гісторыі філасофіі да разумення прыроды С. і з. існавалі розныя падыходы. У ант. філасофіі сутнасць разглядалася як крыніца існавання рэчаў, а з’ява — як бачны ілюзорны вобраз рэчаў. У сярэдневяковай філасофіі С. і з. рэзка супрацьпастаўляліся як божая (сапраўдная) рэальнасць і ілюзорнае зямное існаванне. І.Кант разумеў пад сутнасцю непазнавальную «рэч у сабе», а з’яву лічыў суб’ектыўным уяўленнем чалавека. Як дыялектычна звязаныя катэгорыі С. і з. разглядаў Гегель. У неапазітывізме абвяргаецца аб’ектыўнасць сутнасці і прызнаюцца рэальнымі толькі з’явы, у постпазітывізме сутнасць тлумачыцца як тэарэт. канструкт, неабходны для сістэматызацыі фактаў. У фенаменалогіі з’явы разглядаюцца як самавыяўляльнае быццё, а сутнасць — як ідэальнае ўтварэнне. У экзістэнцыялізме катэгорыя сутнасці выцясняецца паняццем існавання (гл.Сутнасць і існаванне).