ДУБРО́ЎШЧЫК (Вольга Ільінічна) (н. 27.3.1944, в. Вялікая Сліва Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1995). Скончыла Гродзенскі мед. ін-т (1972) і працуе ў ім. Навук. працы па пытаннях лячэння тромбааблітэрыруючых хвароб, рэканструктыўна-аднаўленчай страўнікавай хірургіі і метадам зніжэння аперацыйнага стрэсу.
Тв.:
Методы снижения величины и продолжительности операционной стресс-реакции у больных с тяжелой хирургической патологией (новые направления предоперационной подготовки). Гродно, 1990 (разам з І.Я.Макшанавым, Я.А.Тамашчыкам);
Calcium pantothenate and antioxidant vitamins in prevention of surgical stress (у сааўт.) // Natural antioxidants and food quality in atherosclerosis and cancer prevention. Helsinki, 1996.
т. 6, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ,
муж і жонка, рэвалюцыянеры.
Сяргей Аляксеевіч (19.5.1874, г. Шчыгры Курскай вобл., Расія — ?). У 1894—98 вучыўся ў Маскоўскім ун-це. За рэв. дзейнасць выключаны і жыў у Курску пад наглядам паліцыі. Разам з жонкай арганізаваў гурток, наладзіў выпуск лістовак. З 1903 у Мінску, пам. юрысконсульта на Лібава-Роменскай чыгунцы. Далучыўся да Мінскай групы РСДРП і вёў агітацыю сярод чыгуначнікаў. З 1905 у складзе Мінскага кааліцыйнага савета. У 1905 арыштаваны, вызвалены ў 1906, ад рэв. дзейнасці адышоў. У 1917—20 уваходзіў у Маскоўскую арг-цыю меншавікоў. Да 1933 працаваў юрысконсультам у Маскоўскім саюзе металістаў.
Вера Ільінічна (13.2.1878, в. Гусарка Краснаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — ?). Скончыла Харкаўскую гімназію (1897). У рэв. дзейнасць уключылася ў Курску. У Мінскай групе РСДРП выконвала абавязкі сакратара і касіра, падтрымлівала сувязі з друкарняй. Пасля Курлоўскага расстрэлу арганізавала к-т дапамогі параненым. Наладзіла выпуск лістовак і іншых матэрыялаў, якія перадаваў ёй з турмы муж.
Н.В.Назарава.
т. 3, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)