ВАРАНЦО́Ў Васіль Паўлавіч (літ. псеўданім В.В.; 1847, г. Екацярынаслаў — 9.12.1918),

рускі эканаміст, сацыёлаг і публіцыст, ідэолаг ліберальнага народніцтва. У працах «Лёс капіталізму ў Расіі» (1882), «Прагрэсіўныя плыні ў сялянскай гаспадарцы» (1892) і інш. ацэньваў развіццё капіталізму ў Расіі як з’яву шкодную, рэгрэсіўную, ідэалізаваў сял. абшчыны, абараняў дробную таварную вытворчасць. Лічыў немагчымай рэалізацыю ідэй марксізму ў Расіі.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́БДЭН (Cobden) Рычард (3.6.1804, Данфард, каля г. Мідхерст, Вялікабрытанія — 2.4.1865),

палітычны дзеяч Вялікабрытаніі. Прыхільнік эканам. лібералізму, ідэолаг прамысл. буржуазіі. Фабрыкант. У 1838 разам з Дж.​Брайтам заснаваў Лігу супраць хлебных законаў і пачаў барацьбу з агр. пратэкцыянізмам, які выражаў інтарэсы зямельнай арыстакратыі. У 1841—57 і 1859—65 чл. палаты абшчын. З пазіцый пацыфізму выступаў за скарачэнне ўзбраенняў, міжнар. арбітраж, крытыкаваў знешнюю палітыку Г.​Дж.​Пальмерстана.

т. 8, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́НСТЭНЛІ (Winstanley) Джэрард (1609, г. Уіган, графства Ланкашыр, Вялікабрытанія — пасля 1660),

англійскі сацыяліст-утапіст, ідэолаг руху дыгераў перыяду Англ. рэвалюцыі 1640—60. Кіраўнік дыгерскай калоніі ў 1649—50. Аўтар шматлікіх памфлетаў («Новы закон справядлівасці», 1649, і інш.), утопіі «Закон свабоды» (1652), у якіх, абапіраючыся на Біблію, даказваў неабходнасць увядзення бяскласавага грамадства без прыватнай уласнасці, заснаванага на калект. працы, а свабоду грамадзяніна характарызаваў найперш як свабоду ад галечы.

т. 16, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЛЬЧЫЦКІ (Chelčický) Пётр (каля 1390 — каля 1460),

ідэолаг памяркоўных табарытаў Чэхіі ў час гусіцкіх войнаў 1-й пал. 15 ст. У сваіх творах (на чэш. мове) крытыкаваў феад. лад, выступаў за стварэнне грамадства, засн. на роўнасці і абавязковай працы ўсіх яго членаў, супраць царк. іерархіі, багацця і паліт. улады каталіцкай царквы (ідэальнай царквой лічыў абшчыну вернікаў на чале з выбарным святаром). Ідэі Х. паўплывалі на абшчыны Чэшскіх братоў.

т. 17, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н (Washington) Букер Тальяфера (5.4.1856, Хейлс-Форд, штат Віргінія, ЗША — 14.11.1915),

палітычны і грамадскі дзеяч ЗША, ідэолаг негрыцянскай буржуазіі. З 1881 дырэктар індустр. ін-та для неграў у Таскігі (штат Алабама). У 1890-х г. выступіў з праграмай навучання неграў с.-г. навукам і рамёствам. Адначасова заклікаў неграў адмовіцца ад барацьбы за сац. і паліт. правы і пагадзіцца з перавагай белых. У 20 ст. рух за грамадз. правы неграў абверг пастулаты Вашынгтона.

т. 4, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ГЕРЫ (англ. diggers літар. капальнікі),

прадстаўнікі сялянскага руху ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Рух створаны ў 1649 беззямельнымі сялянамі, якія занялі пустэльныя землі ў графстве Сюрэй і заснавалі с.-г. абшчыну. Кіраўнік і гал. ідэолаг Дж.Уінстэнлі абвясціў праграму стварэння бяскласавага грамадства, ідэал калект. уласнасці і калект. працы. У 1650 камуну разагналі мясц. землеўладальнікі. Падобныя абшчыны ўзніклі таксама ў інш. графствах. Д. называлі сябе таксама сапр. левелерамі, але кіраўнікі левелераў не прымалі іх камуніст. ідэі. Рух. Д. канчаткова быў задушаны ў 1653 О.Кромвелем.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРНО́ЛЬД БРЭШЫЯ́НСКІ, Арнальда Брэшыянскі (лац. Arnoldus de Brixia, італьян. Arnaldo da Brescia; каля 1100, г. Брэша, Італія — 18.6.1155),

італьянскі паліт. і царкоўны рэфарматар. Вучань П.Абеляра. У 1137 узначаліў барацьбу жыхароў Брэшы супраць епіскапа — сеньёра горада. Рашэннем Усяленскага сабора 1139 выдвараны з Італіі. За крытыку духавенства выгнаны з Францыі, Цюрыха. Вярнуўшыся ў Рым (1145), удзельнічаў у кіраванні Рымскай рэспублікай (1143—55), створанай у выніку антыпапскага паўстання, выступіў як ідэолаг барацьбы рымлян за захаванне рэспублікі, пазбаўленне духавенства ўласнасці і свецкай улады. Паводле распараджэння папы пакараны смерцю.

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЙРТАН (Ireton) Генры (1611, Атэнбара, графства Нотынгемшыр, Англія — 28.11.1651),

дзеяч англійскай рэвалюцыі 17 ст., ідэолаг памяркоўных індэпендэнтаў. Генерал парламенцкай арміі, паплечнік О.Кромвеля. З пач. грамадз. вайны ў 1642 выступіў на баку парламента супраць раялістаў, стаў адным з арганізатараў новай арміі. У 1645 выбраны ў Доўгі парламент. На канферэнцыі ў Патні (1647) гал. апанент левелераў, выступаў за захаванне караля і палаты лордаў, супраць ідэі «народакіравання». У 1648 дзеля захавання ўлады індэпендэнтамі стаў адным з арганізатараў і ўдзельнікаў суда над Карлам I, падпісаў яму смяротны прыгавор. У 1649 удзельнічаў у Ірландскім паходзе, лорд-правіцель Ірландыі (з 1650).

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАРБА́ТАЎ Міхаіл Міхайлавіч (22.7.1733—12.12.1790),

расійскі грамадскі і дзярж. дзеяч, гісторык, публіцыст, ідэолаг карпаратыўных імкненняў дваранства. Князь. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1776). Атрымаў рознабаковую хатнюю адукацыю. Да 1762 на ваен., з 1762 на цывільнай службе. У 1760-я г. працаваў у Камісіі па складанні новага Улажэння. Напісаў шэраг артыкулаў, у якіх крытыкаваў палітыку ўрада. Аўтар твораў «Пра псаванне нораваў у Расіі» (выд. 1858), «Падарожжа ў зямлю Афірскую» (выд. 1896), «Гісторыя Расійская ад старажытных часоў» (т. 1—7, выд. 1901—04).

Літ.:

Федосов И.А. Из истории русской общественной мысли XVIII ст.: М.​М.​Щербатов. М., 1967.

т. 17, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВЕКАНА́НДА Свамі (сапр. Нарэндранатх Дат; 12.1.1863, г. Калькута, Індыя — 4.1.1902),

індыйскі мысліцель-гуманіст, рэлігійны рэфарматар і грамадскі дзеяч. Вучань Рамакрышны. У 1880—84 вывучаў філасофію ў Калькуцкім ун-це. З мэтаю прапаганды веданты ў 1893 наведаў ЗША, Вялікабрытанію, Японію; у 1897 заснаваў рэліг.-рэфарматарскае т-ва «Місія Рамакрышны».

Вівекананда — буйнейшы прадстаўнік ёгі, ідэолаг інд. Адраджэння, якое выяўляла імкненне Індыі да нац. незалежнасці і сац. росквіту. Прапагандаваў самавыхаванне і самаўдасканаленне чалавека на аснове індуізму і маральна-фізічных прынцыпаў ёгаў. Яго дэмакр. і рэфармісцкія ідэі паўплывалі на нац.-вызв. рух у Індыі.

Тв.:

The complete works. Vol. 1—8. Mayavati, 1947—51.

Літ.:

Роллан Р. Жизнь Вивекананды // Собр. соч.: Пер. с фр. Л., 1936. Т. 19.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)