БЕЭ́Р-ШЭ́ВА, Беэршэба (араб. Бір-эс-Саба,
грэч. Вірсавія),
горад на Пд Ізраіля. Адм. ц. акругі Беэр-Шэва. 114 тыс. ж. (1990). Гандл.-трансп. ц. паўд. ч. краіны — пустыні Негеў. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Дрэваапрацоўка, машынабудаванне, эл.-тэхн., швейная прам-сць, вытв-сць зборных дамоў, керамікі, шкляных вырабаў; хім. з-д. Ун-т.
Горад на месцы сучаснага вядомы з 4-га тыс. да н.э. У Беэр-Шэве знаходзілася свяцілішча бога Яхве, збудаванае, паводле Бібліі, Ісаакам. Захаваліся рэшткі рым. крэпасці 3—4 ст. н.э., стараж. студні і падземныя цыстэрны для вады.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ПАВЕДЗЬ, дзесяціслоўе, дэкалог,
прадпісанні, павучанні, у якіх выкладзены рэліг.-этычныя прынцыпы, што складаюць аснову іудаізму і хрысціянства. Выкладзены ў Пяцікніжжы (назва 5 кніг Старога запавету). Верагодна, да пісьмовай фіксацыі існавалі ў вуснай перадачы. Сфарміраваліся ў 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. Падзяляюцца на З., якія абвяшчаюць монатэізм Яхве і забараняюць культ інш. багоў; З., якія змяшчаюць нормы маралі і правілы паводзін (прытрымліванне суботняга адпачынку, забарона забіваць, красці, квапіцца на чужое і інш.). Частка іх абумоўлена канкрэтна-гіст. зместам, таму іх нельга лічыць сукупнасцю норм абсалютнай маралі для ўсіх часоў і народаў. У Старым запавеце, напр., сустракаюцца наказы, што супярэчаць хрысціянскім З. (забарона забіваць супярэчыць норме «душа за душу, вока за вока»), старазапаветныя З. часам абвяргаюцца ў Новым запавеце.
т. 6, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАТЭІ́ЗМ (ад мона... + грэч. theos бог),
сістэма рэліг. вераванняў, заснаваная на ўяўленні пра адзінага Бога (адзінабожжа) у адрозненне ад політэізму (мнагабожжа). М. — характэрная асаблівасць хрысціянства, іудаізму і ісламу. Аднак паняцце «М.» адноснае, бо ні адна рэлігія не з’яўляецца паслядоўна монатэістычнай. Культ адзінага Бога ў іх арганічна звязаны з шанаваннем інш. багоў, якія ўтвараюць складаную іерархічную сістэму (анёлы, прарокі, апосталы, святыя і інш.).
М. вынікае з гіст. развіцця рэліг. вераванняў. З 18 ст. існуе думка (К.Ф.Вальней, А.Конт, Дж.Лебак і інш.), што М. ёсць апошняя і вышэйшая форма рэлігіі, якая вырасла з політэізму ў працэсе развіцця абстрактнага мыслення. Элементы М. ўзнікалі ў Стараж. Кітаі (культ вярх. бога Шандзі), у Індыі (вучэнне аб Брахме), Стараж. Егіпце (рэліг. рэформа цара Аменхатэпа IV (Эхнатона), Вавілоне (усе багі — сутнасць адзінага вярх. бога Мардука), Стараж. Перу (культ бога-сонца), у стараж. яўрэяў бог Яхве. Хрысціянства, засвоіўшы культ вярх. бога (Бог-айцец), дапоўніўшы яго верай у Бога-сына, які ўвасобіўся ў «богачалавека» Хрыста, неаплатанічным вучэннем аб адзіным сусв. духу (Бог — Дух святы) не можа лічыцца строга монатэістычнай рэлігіяй: хрысціянскі Бог — Тройца.
т. 10, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КДЗЕНЬ, вяліканне,
веснавое свята стараж. славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў стараж. семіцкіх плямён, называлася яно «Пасха» (стараж.-яўр. passah праходзіць міма). З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта, потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі. На Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод. У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, гульні з велікоднымі яйкамі (біццё і качанне яек з лубка), карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды (гл. Радаўніца). У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, у час якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі велічальныя валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі. Хрысціяне пераасэнсавалі Вялікдзень у свята ўваскрэсення распятага Ісуса Хрыста, якое стала гал. хрысціянскім святам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаванне перамогі над грахом і смерцю. Першапачаткова хрысціянскі Вялікдзень і іудзейская Пасха супадалі па часе. У 325 на 1-м Усяленскім Нікейскім царк. саборы было вырашана святкаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзення даты з іудзейскай Пасхай. Вялікдзень з’яўляецца рухомым святам. Разлічваецца правасл. царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 крас. да 8 мая. Паводле закону «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь» ад 19.12.1991 В. лічыцца святочным (нерабочым) днём.
А.У.Верашчагіна.
т. 4, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)