А́ТАМНЫ НУ́МАР, парадкавы нумар,

нумар хімічнага элемента ў перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Роўны ліку пратонаў у атамным ядры. Вызначае фіз. і хім. ўласцівасці атама.

т. 2, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ядро́, -а́, мн. я́дры і (з ліч. 2, 3, 4) ядры́, я́дзер і я́драў, н.

1. Унутраная частка плода, семя, пакрытая цвёрдай абалонкай.

Я. слівавай костачкі.

2. Унутраная, звычайна больш шчыльная частка чаго-н.

Я. каметы.

Я.

Зямлі.

Я. атама (цэнтральная, дадатна зараджаная частка атама).

3. Важнейшая частка ўсякай расліннай і жывёльнай клеткі (спец.).

4. перан. Асноўная частка якога-н. калектыву, групы.

Я. атрада, арганізацыі.

5. Даўнейшы гарматны снарад у выглядзе шара.

|| памянш. я́дзерка, -а, мн. -і, -рак, н. (да 1 знач.) і (разм.) я́дзерца, -а, мн. -ы, -аў, н. (да 1 знач.).

|| прым. я́дзерны, -ая, -ае (да 1—3 і 5 знач.) і ядро́вы, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).

○

Ядровае мыла (спец.) — сорт мыла з вялікай колькасцю тлушчавых кіслот.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

я́дзерны, -ая, -ае.

1. гл. ядро.

2. Які мае адносіны да працэсаў, што адбываюцца ў атамным ядры, да іх вывучэння і выкарыстання.

Я. рэактар.

Ядзернае выпрамяненне.

Ядзерная зброя.

Ядзерная фізіка.

Ядзерная рэакцыя (рэакцыя пераўтварэння ядзер атамаў пры іх узаемадзеянні адзін з другім).

3. Які мае адносіны да ядзернай зброі, да валодання такой зброяй.

Ядзерныя запасы.

Ядзерныя краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

фі́зіка, ‑і, ДМ ‑зіцы. ж.

1. Навука, якая вывучае будову, агульныя ўласцівасці і законы руху матэрыі. Электронная фізіка. // Спецыяльная дысцыпліна, якая вывучае гэту навуку. Урок фізікі. Кабінет фізікі. // Разм. Падручнік, па якім вывучаецца гэта навука.

2. Будова, агульныя ўласцівасці і законы руху якой‑н. матэрыі; веды пра такую будову, уласцівасці, законы. Фізіка атмасферы. Фізіка крышталяў.

•••

Атамная фізіка — раздзел фізікі, які вывучае будову і стан атамаў.

Фізіка цвёрдага цела — раздзел фізікі, які вывучае фізічныя ўласцівасці і структуру цвёрдых цел, распрацоўвае тэарэтычныя асновы для іх тлумачэння.

Ядзерная фізіка — раздзел сучаснай фізікі, у якім вывучаюцца атамныя ядры, працэсы, што адбываюцца ў ядры, і элементарныя часціцы.

[Грэч. physike.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРЭХАПЛО́ДНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

дрэвавыя расліны, якія даюць плады пад агульнай назвай арэхі — ядомыя і пажыўныя ядры ў сухой дравяністай абалонцы. Да іх належаць: арэхі (грэцкі, маньчжурскі, пекан і інш.), ляшчына, фундук, міндаль, каштан, бук, дуб, кедравая хвоя сібірская (кедр сібірскі), фісташка, макадамія (аўстралійскі арэх), берталецыя (бразільскі, ці амерыканскі, арэх) і інш. Арэхаплодныя культуры вырошчваюць для атрымання пладоў (ядры арэхаў маюць да 77% тлушчу, да 22% бялкоў) і драўніны (ідзе на сталярныя і такарныя вырабы), як дэкаратыўныя (для зялёнага будаўніцтва). Жалуды дубоў нарыхтоўваюць для вырабу сурагату кавы. Амаль усе арэхаплодныя культуры ў дзікарослым стане растуць на вялікіх плошчах. На Беларусі пашыраны ляшчына звычайная, дубы звычайны і скальны, некаторыя віды арэхаплодных культур інтрадукаваны.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫКАРЫЁН (ад ды... + грэч. karyon арэх, ядро арэха),

клетка грыба, якая мае збліжаныя, але не злучаныя паміж сабой гаплоідныя мужч. і жан. ядры. Узнікае пры палавым працэсе ў аскаміцэтаў (гл. Сумчатыя грыбы) і базідыяльных грыбоў.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыпло́іднасць

(ад дыплоід)

наяўнасць у ядры расліннай або жывёльнай клеткі парнага набору храмасом.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад радые... + лац. activus дзейны),

уласцівасць некаторых атамных ядраў самаадвольна мяняць свой састаў (зарад Z, масавы лік А) у выніку вылучэння элементарных часціц ці фрагментаў ядраў (лёгкія ядры, асколкі дзялення), а таксама жорсткага электрамагн. выпрамянення (гама-выпрамянення); самаадвольнае ператварэнне нестабільных атамных ядраў у інш. ядры (стабільныя або радыеактыўныя). Тэрмін «Р.» выкарыстоўваецца толькі ў адносінах да ядраў, што радыеактыўныя ў асн. стане; пры дастаткова высокіх энергіях узбуджэння стабільныя ядры таксама становяцца радыеактыўнымі. Некаторыя радыеактыўныя нукліды існуюць у прыродзе (гл. Радыеактыўныя рады), але большасць радыенуклідаў атрымана штучна (гл. Ядзерныя рэакцыі), што і вызначае межы (па A і Z) іх існавання. Натуральную Р. (Р. прыродных ізатопаў) адкрыў у 1896 А.​А.​Бекерэль, штучную — у 1934 адкрылі І. і Ф. Жаліо-Кюры.

Тыпы Р.: альфа-распад, бэта-распад, спантаннае дзяленне ядраў, пратонная, двухпратонная і двухнейтронная Р. (радыеактыўныя ядры пры распадзе вылучаюць, адпаведна, 1 ці 2 пратоны, 2 нейтроны), двухстадыйная Р. Паводле асн. закону Р. колькасць радыеактыўных ядраў N убывае з часам t: N(t) = N exp(−Xt), дзе N0 — зыходная колькасць ядраў, λ — пастаянная распаду, значэнне якой звязана з перыядам паўраспаду Τ1/2: λΤ1/2 = ln2. Скорасць распаду ядраў практычна для ўсіх тыпаў Р. пры змене знешніх умоў (т-ра, ціск і інш.) не мяняецца. Колькасная характарыстыка Р. — актыўнасць — колькасць радыеактыўных распадаў за адзінку часу. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль (Бк); карыстаюцца таксама вытворнымі адзінкамі — удзельная (Бк/кг), малярная (Бк/моль), аб’ёмная (Бк/м​1) і паверхневая актыўнасць (Бк/м²). Выкарыстоўваюць Р. у ядзернай энергетыцы і вытв-сці ядз. зброі, у сельскай гаспадарцы, біялогіі, медыцыне (гл. Ізатопныя індыкатары. Прамянёвая тэрапія), тэхніцы (метады неразбуральнага кантролю) і інш.

Літ.:

Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ. Вып. 1—4. М., 1969;

Учение о радиоактивности: История и современность. М., 1973.

Э.​А.​Рудак.

т. 13, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САВЫ ЛІК,

колькасць нуклонаў (пратонаў і нейтронаў) у атамным ядры. Абазначаецца A і звычайна паказваецца індэксам уверсе злева ад сімвала хім. элемента, напр., запіс ​32S адпавядае ізатопу серы з A = 32 (ізатопы аднаго хім. элемента маюць розны М.л.). Гл. таксама Атам, Ядро атамнае.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГО́ТА (ад грэч. zygotos злучаны разам),

клетка, утвораная зліццём мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет) у жывёльных і раслінных арганізмах; пачатковая стадыя развіцця зародка. Ядры гамет зліваюцца ў адно, але храмасомы кожнай гаметы зберагаюць сваю індывідуальнасць. З. мае двайны набор храмасом — дыплоідная фаза развіцця арганізма. Гл. таксама Дыплоід, Апладненне.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)