ПРАФА́ЗА (ад грэч. pro раней, перад + phasis з’яўленне),
першая фаза дзялення клеткі і яе ядра шляхам меёзу ці мітозу. Найб. складаная і працяглая фаза. Важныя адзнакі П. — кандэнсацыя храмасом, спыненне сінтэзу РНК, растварэнне ядзерка і пачатак фарміравання верацяна дзялення. У клетках жывёл і некат. ніжэйшых раслін верацяно дзялення ўтварае мітатычны апарат разам з цэнтрыёлямі, у клетках вышэйшых раслін і некат. прасцейшых — без іх. У П. меёзу I, якая мае 5 стадый, акрамя таго адбываецца кан’югацыя гамалагічных храмасом. П. меёзу II адбываецца аналагічна П. мітозу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫЯЛО́ГІЯ (ад карыя... + ...логія),
навука пра будову і функцыі, эвалюцыю і асобныя структуры клетачнага ядра (храмасом, ядзерка, ядзернай абалонкі); раздзел цыталогіі. Даследуе мікраскапічную і субмікраскапічную будову і паводзіны ядзерных структур пры розных формах дзялення ядра клеткі (амітоз, мітоз, меёз, эндамітоз) і ў прамежку паміж дзяленнямі (інтэрфаза), будову і заканамернасці рэпрадукцыі (гл.Рэдуплікацыя храмасом). Выкарыстоўваюць метады аптычнай і электроннай мікраскапіі, цытахіміі, аўтарадыяграфіі, морфаметрыі. К. ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. пасля выяўлення вядучай ролі ядра клеткі ў спадчыннасці. На Беларусі даследаванні па К. праводзяцца з 1960-х г. У БДУ на кафедры генетыкі вывучаюць механізмы дзялення клетак пры мітозе і меёзе, у Ін-це генетыкі і цыталогіі Нац.АН Беларусі вядуць работы па К. культурных раслін і ракавых клетак жывёл, у Бел.НДІ жывёлагадоўлі — па К. с.-г. жывёл, у Мінскім мед. ін-це — па К. чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
абало́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Рмн. ‑нак; ж.
1. Покрыва ў выглядзе шкарлупіны, скуркі (у пладах), тканіны або проста верхні слой чаго‑н. Ядзерка арэха захавана пад моцнай абалонкай. Зямны шар мае цвёрдую абалонку — зямную кару. Абалонка аэрастата.// Назва некаторых покрыўных тканак. Слізістая абалонка. Рагавая абалонка. Сеткавая абалонка. Радужная абалонка.
2.перан. Форма вонкавага выяўлення якога‑н. унутранага зместу. Пад знешняй фантастычнай абалонкай падання мы бачым яе [легенды] рэальную аснову.Івашын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КЛЕ́ТКА,
элементарная жывая сістэма, асноўная структурна-функцыянальная адзінка жывых арганізмаў (гл.Клетачная тэорыя). Можа існаваць як асобны арганізм (бактэрыі, прасцейшыя, некат. водарасці і грыбы) або ў складзе тканак шматклетачных жывёл, расл ш, грыбоў. Кожная К. складаецца з 2 асн.ч. — цытаплазмы і ядра (эўкарыёты) ці нуклеаіда (пракарыёты), дзе знаходзіцца генет. апарат. Саматычныя К. ўтвараюцца шляхам мітозу, палавыя — меёзу. Шматлікія функцыі К. (абмен рэчываў, раздражняльнасць, рух, дзяленне, самааднаўленне і інш.) выконваюцца спецыялізаванымі ўнутрыклетачнымі структурамі — арганоідамі (напр., сінтэз бялку — на рыбасомах, клетачнае дыханне — на мембранах мітахондрый). У К. бесперапынна падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя іонаў, якая адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў навакольным асяроддзі. Абалонка К. (клетачная мембрана) у жывёл рухомая, здольная абвалакваць у асяроддзі кроплі з буйнымі малекуламі (пінацытоз) ці вірусы і невял. К. (фагацытоз). Раслінныя К. пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі). Памеры К. — ад 0,1—0,25 мкм (некат. бактэрыі) да 155 мм (яйцо страуса ў шкарлупіне). Найменшая працягласць жыцця К. чалавека 1—2 дні (К. кішэчнага эпітэлію), інш. жывуць на працягу жыцця арганізма (нейроны, валокны шкілетных мышцаў). У арганізме К. адрозніваюцца па велічыні, форме, колькасці арганоідаў, наборы ферментаў, што абумоўлена каапераваннем К. і выкананнем імі спецыялізаваных функцый (напр., узбудлівыя К. — нервовыя, скарачальныя — мышачныя). Многія К. шматфункцыянальныя, напр. К. печані сінтэзуюць бялкі плазмы крыві і жоўць, назапашваюць глікаген і перапрацоўваюць яго ў глюкозу, акісляюць чужародныя рэчывы. Фактары рэгуляцыі ўнутры К. — метабаліты К., іоны, якія ўздзейнічаюць на гены (што прыводзіць да змянення колькасці ферменту) ці на сам фермент (змяняецца яго актыўнасць), і рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі (прадукт рэакцыі вызначае яе інтэнсіўнасць). Фактары рэгуляцыі па-за К. — прамыя кантакты паміж К. і змяненне актыўнасці К. нерв. або гумаральнымі сігналамі. Надзейная і дакладная рэгуляцыя працэсаў унутры і па-за К. забяспечвае эвалюцыю арган. свету на Зямлі. Навука, якая вывучае К. — цыталогія.