ДЗЯ́ТЛАЎКА, Дзянцелка, Зітала, Памарайка,

рака ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Моўчадзь (бас. Нёмана). Даўж. 26 км. Пл. вадазбору 151 км². Пачынаецца каля в. Юравічы, у межах Навагрудскага ўзв., цячэ праз г. Дзятлава. На ўсім працягу каналізаваная. Каля в. Нагародавічы створана сажалка.

т. 6, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГНІ́ШЧА,

прыстасаванне, дзе ў старажытнасці распальвалі і зберагалі агонь, які служыў чалавеку для абагравання, прыгатавання ежы і абароны ад дзікіх звяроў. Рэшткі першых агнішчаў знойдзены на стаянках пітэкантрапа ва Усх. Афрыцы (больш за 1 млн. г. таму назад) і сінантрапа ў Кітаі (каля 300 тыс. г. назад). На Беларусі найб. старажытныя агнішчы вядомы з эпохі верхняга палеаліту (Бердыж, Юравічы).

т. 1, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ПТА (ад грэч. krypte крыты падземны ход, тайнік),

1) у Старажытным Рыме скляпеністае падземнае або паўпадземнае памяшканне.

2) У сярэдневяковай зах.-еўрап. архітэктуры — капліца пад храмам (звычайна пад алтарнай часткай), месца ганаровых пахаванняў.

На Беларусі К. вядомы ў культавых збудаваннях 16 — пач. 20 ст.: К. пад касцёламі езуітаў і бенедыкцінак у Нясвіжы (фамільныя скляпы кн. Радзівілаў), брыгітак у Гродне, езуітаў у в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл., у капліцах-пахавальнях у в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. і г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.

Т.​В.​Габрусь.

Крыпта.

т. 8, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСЯНЧУ́К (Анатоль Пятровіч) (н. 25.7.1931, в. Юравічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплатэхналогій. Д-р. тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БПІ (1954). З 1955 у БПА. Навук. працы па кінетыцы тэрмапсеўдазвадкаваных слаёў, тэорыі і разліку прамысл. печаў машынабуд. і металургічнай вытв-сці. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Пламенные печи для нагрева и термообработки металла. Мн., 1973 (разам з М.​П.​Жмакіным, І.​І.​Кальтманам);

Промышленные теплотехнологии. [Ч. 1—5]. Мн., 1995—2000 (у сааўт);

Стальной слиток: В 3 т. Т. 1. Управление кристаллической структурой. Мн., 2000 (у сааўт.).

т. 11, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ю́ра Высокі, адкрыты бераг ракі або ўзгорка (Слуцк. Серб. 1915, 3).

в. Юравічы на л. б. р. Пціч (Серб. 1915, 3).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПЯСЕ́Ц (Alopex lagopus),

млекакормячая жывёла сям. воўчых атр. драпежных. Пашыраны ў тундрах і лесатундрах арктычнага ўзбярэжжа і на астравах, трапляецца ў Сібіры да воз. Байкал, на Д. Усходзе да р. Амур. У ледавіковы перыяд быў пашыраны на тэр. Рускай раўніны (рэшткі знойдзены нават у Крыме). 2 формы: П. белы (футра летам шаравата-бурае, зімою белае) і блакітны ( і летам, і зімою дымчата-шэры). На Беларусі выкапнёвы від; рэшткі выяўлены на палеалітычных стаянках Бердыж Чачэрскага, Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. і каля г. Смаргонь Гродзенскай вобл.

Даўж. цела 75 см, хваста 52 см, маса да 11 кг. Усёедныя, асн. корм — грызуны. Манагамы, часам палігамы. Нараджаюць 7—10, зрэдку да 25 шчанят. Каштоўны пушны звер, аб’ект зверагадоўлі.

Э.​Р.​Самусенка.

Пясец: 1 — белы (а — у зімовым футры; б — у летнім футры); 2 — блакітны.

т. 13, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НЯ (Аляксандр Дзмітрыевіч) (5.3.1895, в. Кашніцы Гродзенскага пав. — 27.8.1937),

бел. археолаг. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1915), БДУ (1929). З 1932 навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН Беларусі. Даследаваў стаянкі палеаліту (Бердыж, Юравічы), гарадзішчы жал. веку (у т. л. Банцараўшчыну), помнікі розных эпох Тураўшчыны. У 1927 вёў раскопкі на гарадзішчы ў Тураве, выявіў першыя матэрыялы, характэрныя для стараж. горада. Вывучаў культуру плямён, якія жылі ў бас. Дняпра, на левых прытоках Прыпяці і Зах. Дзвіны. Збіраў матэрыялы для археал. карты Беларусі. У 1937 беспадстаўна арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958.

Тв.:

Археалагічныя разведкі ў Магілёўскай, Бабруйскай і Мінскай акругах // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930 Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Матэрыялы з дагісторыі Тураўшчыны (разам з С.​С.​Шутавым) // Там жа;

Археалагічныя росшукі ў вярхоўях рэк Друці, Усяж-Бук і Лукомкі // Пр. секцыі археалогіі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

А.​Дз.​Каваленя.

т. 7, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКАРПО́ВІЧ (Канстанцін Міхайлавіч) (18.3.1889, в. Белая Дуброва Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1963),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1951). Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1909). Настаўнічаў у школах Чэрыкаўскага пав. У 1925—26 чл. гісторыка-археал. камісіі Інбелкульта. З 1929 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (навук. супрацоўнік, заг. сектара; у 1941—42 у Казахстане). На Беларусі і ў Бранскай вобл. адкрыў і вывучаў палеалітычныя (Бердыж, Елісеевічы, Падлужжа, Юдзінава, Юравічы) і мезалітычныя (Журавель, Крыжы) стаянкі, помнікі неаліту і бронзы (Крывіна, Страліца). Вёў разведвальныя работы з мэтай выяўлення новых археал. помнікаў на Беседзі, Дняпры, Іпуці, Сажы, Случы і інш. Першы выказаў думку пра засяленне тэр. Беларусі першабытным чалавекам у стараж.-каменным веку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш. вял. касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі. Вывучаў касцярэзнае мастацтва першабытных людзей.

Тв.:

К вопросу о мустьерской культуре в Верхнем Поднепровье // Материалы по археологии БССР. Мн., 1957. T. 1;

Палеолит Верхнего Поднепровья. Мн., 1968.

Т.​М.​Каробушкіна.

К.М.Палікарповіч.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НКАВІЦКІ РАЁН,

у цэнтральнай частцы Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 24.3.1960). Пл. 2,8 тыс. км². Нас. 32 тыс. чал. (1997; без г. Калінкавічы), гарадскога 5,3%. Сярэдняя шчыльн. 11,4 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Калінкавічы; г.п. Азарычы, 130 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Бярозаўскі, Вялікааўцюкоўскі, Гарбавіцкі, Гарочыцкі, Даманавіцкі, Дудзіцкі, Зеляноцкі, Казловіцкі, Капліцкі, Крукавіцкі, Ліпаўскі, Малааўцюкоўскі, Міхнавіцкі, Нахаўскі, Прудоцкі, Савіцкі, Сыродскі, Хобненскі, Чкалаўскі, Шыіцкі, Юравіцкі, Якімавіцкі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Да зоны з перыяд. кантролем аднесена 66 нас. пунктаў (19,2 тыс. чал.), да зоны пражывання з правам адсялення — 12 нас. пунктаў (3,3 тыс. чал); з абароту выведзены 3157 га с.-г. угоддзяў.

Раён размешчаны ў межах Прыпяцкага (зах. ч.) і Гомельскага (паўн. і ўсх. часткі) Палесся. Паверхня пераважна нізінная. На ПдУ Юравіцкае ўзвышша. 99% тэр. на выш. да 150 м. Найвыш. пункт 167,5 м (на У ад в. Юравічы). Карысныя выкапні: нафта, торф, мінер. фарбы, гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 575 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. На ПдУ працякае р. Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа (з Вішай), Ненач, Закованка, Віць. Найб. меліярац. каналы: Ненач, Абедаўка, Гарочыцкі, Дубнянская канава. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (34,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (27,4%) і дзярнова-падзолістыя (22,5%). Пад лесам 50,4% тэр. Пашыраны хваёвыя і бярозавыя лясы. Балоты займаюць 2,4% тэр.; найб. з іх Васілевічы-2, Іпа-Вішанскае, Сухавіцкае і Вял. Мох.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 107 тыс. га, з іх асушаных 54,2 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 21 калгас, 11 саўгасаў, 5 дапаможных і 20 фермерскіх гаспадарак, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу і кармавыя культуры. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Жлобін—Оўруч (Украіна) і Гомель—Лунінец, аўтадарогі Гомель—Брэст, Бабруйск—Оўруч, нафтаправод «Дружба», газаправод. У раёне 24 сярэднія, 16 базавых, 6 пач. школ, 1 школа-інтэрнат, 32 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры, 24 клубы, 6 бальніц, амбулаторыя, радзільны дом, 46 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзіба з пейзажным паркам (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ліпава, касцёл і калегіум езуітаў (1717—46) у в. Юравічы. Помнік гісторыі — мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці (1965). Выдаецца газ. «Калінкавіцкія навіны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала са жн. 1941 да кастр. 1942 у г. Полацк і Полацкім р-не пад кіраўніцтвам падп. Віцебскага абкома КП(б)Б і Полацкага райкома КП(б)Б. Аб’ядноўвала 11 груп (каля 160 чал.): 3 групы ў Полацку (кіраўнікі С.​Я.​Арцем’еў, П.​Ф.​Самародкаў, Я.​Х.​Сташкевіч, С.​В.​Сухавей), у вёсках Домнікі (А.​М.​Філіпаў), Дрэтунь (М.​Д.​Свірыдзенка), Залессе (К.​М.​Макараў), Казімірова (Ф.​Дз.​Максімаў), Палата (П.​Ф.​Сташкевіч), Пруды (А.​Я.​Марчанка), Узніцы (П.​Я.​Кірыленка), Юравічы (Дз.​А.​Зублеў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, разведданыя, ратавалі сав. ваеннапалонных, перапраўлялі людзей у партызаны, праводзілі дыверсіі, у т. л. падарвалі нафтабазу і паравознае дэпо, знішчылі 2 паравозы і 4 вагоны. Група «Бясстрашныя» выратавала ад холаду і голаду дзяцей дзіцячага дома, пераправіла іх у Бельчыцы, потым у партыз. зону. Падпольшчыкі ў маі 1942 удзельнічалі ў стварэнні партыз. атрада, які ў чэрв. разгарнуўся ў 3-ю Бел. партыз. брыгаду. За час дзеяння загінулі 24 падпольшчыкі.

В.​А.​Касцюкова.

т. 12, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)