ВА́ЗА,

Васа (швед. Vasa, польск. Wasa), шведская каралеўская дынастыя, якая правіла ў Швецыі (1523—1654) і Польшчы (1587—1668). Засн. Густавам І [1523—60]. Каралямі Швецыі былі яго сыны Эрык XIV [1560—68], Юхан III [1568—92], Карл IX [1604—11], сын апошняга Густаў II Адольф [1611—32], дачка апошняга Крысціна [1632—54]. У Польшчы правілі Жыгімонт III (1587—1632, у 1592—1604 і кароль Швецыі), які ўстанавіў шведска-польскую асабістую унію [1592—99], яго сыны Уладзіслаў IV [1632—48] і Ян Казімір [1648—68].

т. 3, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СПЛУНД

(Asplund) Эрык Гунар (22.9.1885, Стакгольм — 20.10.1940),

шведскі архітэктар. Вучыўся ў Каралеўскім тэхнал. ін-це і ў АМ у Стакгольме (да 1909). Збудаванні Асплунда 1920-х г. (Гар. б-ка ў Стакгольме, 1924—27) — узоры неакласіцызму. У 1930-я г. пачынальнік функцыяналізму ў Швецыі (Бактэрыялагічны ін-т у Стакгольме, 1933—37). Асплунд спалучаў класічную раўнавагу кампазіц. вырашэнняў будынкаў і ансамбляў з выкарыстаннем сучасных канструкцый і буд. Матэрыялаў.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУН

(Bruhn) Эрык [сапр. Эверс (Evers) Бельтан; 3.10.1928, Капенгаген — 1.4.1986], дацкі артыст балета, балетмайстар, педагог; адзін з самых вядомых прадстаўнікоў дацкай балетнай школы. Скончыў школу Каралеўскага дацкага балета (1947),

у 1947—51 у яго трупе. У 1947—72 выступаў у розных трупах Еўропы і Амерыкі. У 1967—71 маст. кіраўнік Каралеўскага швед. балета. Выконваў вядучыя партыі ў балетах класічнага і сучаснага рэпертуару. Сярод пастановак у Каралеўскім дацкім балеце: «Маленькі канцэрт» на муз. Г.Гулда (1953), новая рэд. «Жызэлі» А.Адана (з Н.Б.Ларсенам, 1959); у рымскай Оперы — «Сільфіда» Ж.Шнейцгофера (1966), у Нац. балеце Канады — «Сільфіда» і «Капелія» Л.Дэліба (1975). Прапагандаваў стрымана-вытанчаную, але мужную манеру танца, уласцівую школе А.Бурнанвіля. Аўтар кн. «Бурнанвіль і балетная тэхніка» (з Л.Мур). Прэмія В.Ніжынскага (Парыж, 1968).

т. 3, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГАЎ Яўген Багратыёнавіч

(13.2.1883, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 29.5.1922),

рускі рэжысёр, акцёр, педагог. З 1901 удзельнічаў у аматарскіх драм. гуртках Уладзікаўказа і Масквы. У 1911 скончыў Школу драмы А.Адашава (Масква) і быў прыняты ў МХТ, працаваў у яго 1-й Студыі. Дакладнасць і строгасць сцэн. формы, псіхал. глыбіня выявіліся ў ролях Тэкльтона («Цвыркун на печы» паводле Ч.Дзікенса), Блазна («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра) і інш., у пастаноўках «Свята міру» Г.Гаўптмана (1913), «Патоп» Ю.Бергера (1915, і роля Фрэзера). У 1913 заснаваў і быў кіраўніком Студэнцкай драм. студыі (з 1921 3-я Студыя МХТ, з 1926 Тэатр імя Я.Вахтангава). У акцёрскай і рэжысёрскай дзейнасці выкарыстоўваў Станіслаўскага сістэму. Абвясціў праграму «фантастычнага рэалізму», які ствараў асаблівую тэатр. рэальнасць; імкнуўся пранікнуць у сутнасць з’явы і адлюстраваць свае перажыванні ў яркай форме, раскрыць унутраны сэнс драм. твора сродкамі гратэску: «Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка (1916, 2-я рэдакцыя 1921), «Вяселле» А.Чэхава (1920), «Эрык XIV» А.Стрындберга (1921), «Гадзібук» С.П.Рапапорта (1922). Апошняя пастаноўка Вахтангава — «Прынцэса Турандот» К.Гоцы (1922) азнаменавала сабой узнікненне цэлай школы ў тэатр. мастацтве, стала своеасаблівым маніфестам Вахтангаўскага т-ра (і цяпер у рэпертуары). Гэтую казку Вахтангаў ператварыў у сучасны па светаадчуванні, прасякнуты жыццярадаснасцю, паэзіяй і гумарам святочны спектакль. Асноўныя прынцыпы рэжысёрскага мастацтва Вахтангава знайшлі свой працяг і развіццё ў творчасці яго вучняў і паслядоўнікаў.

Л.І.Паўловіч.

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)