АЛЬПІ́ЙСКІ РЭЛЬЕ́Ф,

тып рэльефу высакагор’яў, якія ляжаць вышэй за снегавую лінію ці зведалі зледзяненне ў плейстацэне. Пашыраны ў Альпах, Гімалаях, на Каўказе, Паміры, Цянь-Шані і інш. Характэрны востраканечныя вяршыні і вострыя грабяні, глыбокае расчляненне, стромкія схілы, скалістасць, ледавіковыя формы рэльефу (кары, цыркі, трогі, карлінгі і інш.). Адбываюцца актыўныя працэсы снегавой і ледавіковай эрозіі.

т. 1, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАКАВА́Я ЭРО́ЗІЯ,

падмыванне водным патокам схілаў рачной даліны, якое выклікае адступанне берагоў, расшырэнне даліны і міграцыю рэчышча ракі з утварэннем меандраў. Адбываецца адначасова з глыбіннай, звычайна пераважае тады, калі базіс эрозіі высокі, профіль ракі выраўноўваецца, набліжаецца да профілю раўнавагі. На тэр. Беларусі бакавая эрозія найбольш уласціва рэкам басейнаў Прыпяці, Дняпра і вярхоўям Нёмана (гл. таксама Эрозія).

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАНЦЫ́,

ізаляваныя (астраўныя) узвышаныя элементы рэльефу (асобныя масівы), уцалелыя ад разбурэння. Адрозніваюць астанцы: выветрывання (скалістыя масівы вычварнай формы са стромкімі схіламі, у пустынных і паўпустынных абласцях); абцякання (складзеныя з рыхлага алювіяльнага матэрыялу, у далінах рэк); масівы з больш цвёрдых парод у працэсе эрозіі платопадобных тэрыторый утвараюць своеасаблівыя астанцы — сталовыя горы.

Астанец на месцы былых гор у Манголіі.

т. 2, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎЦЫХЕ́ВІЧ (Васіль Мікалаевіч) (23.3.1911, в. Свяцілаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 22.10.1980),

бел. географ, глебазнавец. Канд. геагр. н. (1940). Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1937). У 1958—75 у Магілёўскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы эрозіі глебагрунтоў, аховы прыроды, методыкі выкладання геаграфіі.

Тв.:

Эрозия почвогрунтов и борьба с ней. Мн., 1973;

Каков ты, хозяин земли? Мн., 1977;

Зямля — наш дом. Мн., 1981.

т. 6, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАВЫ́ПАС, празмерны выпас,

перагрузка кармавых угоддзяў выпасам жывёлы; адзін з фактараў негатыўнага ўздзеяння на раслінныя комплексы лугоў і пашы. Вядзе да дэградацыі і эрозіі глебы, зніжае прадукцыйнасць кармавых угоддзяў, разбурае біягеацэнозы. У выніку П. каштоўны травастой замяшчаецца пустазеллем, пагаршаюцца ўмовы ўзнаўлення папуляцый лугавой і балотнай дзічыны, са складу травяністых раслінных фармацый знікаюць каштоўныя харч., лек., дэкар., рэдкія і інш. расліны, значныя тэрыторыі выключаюцца з гасп. абароту.

т. 12, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРЫ́Ў,

схіл рачной даліны, берагоў мора, ракі, возера, вадасховішча, яра стромкасцю больш за 55°, вышынёй (глыб.) ад некалькіх да дзесяткаў метраў. На фарміраванне абрыву ўплываюць тэктанічныя рухі, працэсы абразіі (кліф), эрозіі (рачныя тэрасы) і інш. Пры замаруджванні ці спыненні гэтых працэсаў абрыў траціць стромкасць і паступова ператвараецца ў пакаты схіл. На Беларусі абрывы часцей бываюць на сугліністых і лёсападобных грунтах, радзей на месцах знаходжання былых вял. прыледавіковых азёраў.

т. 1, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛУЖЭ́ННЕ,

зарастанне зямельных участкаў травяністай расліннасцю. Адрозніваюць прыроднае (самазарастанне травяністай расліннасцю высечак, закінутай раллі і інш.) і штучнае З. (засяванне поля шматгадовымі злакавымі і бабовымі травамі ці травасумесямі для стварэння культ. пашы ці сенажаці для паляпшэння прыродных кармавых угоддзяў). На забалочаных мінер. і тарфяных глебах З. праводзяць пасля выканання меліярац. і культуртэхн. работ. Праводзяць З. таксама пры азеляненні населеных пунктаў, буд-ве стадыёнаў, аэрадромаў, замацаванні адхонаў дарог, дамбаў, для барацьбы супраць эрозіі глебы.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЬЁН (ад ісп. cañon труба, цясніна),

глыбокая рачная даліна са стромкімі, часам вертыкальнымі або ступеньчатымі схіламі і вузкім дном, звычайна занятым рэчышчам ракі. Утвараецца ў выніку інтэнсіўнай глыбіннай эрозіі і падмывання падэшвы схілаў рэчышчавым патокам у межах высокіх плато або ў гарах, складзеных з водапранікальных парод (вапнякоў, пясчанікаў, лёсаў) і лававага (звычайна базальтавага) покрыва. Адзін з самых вял. і вядомых К. — Вялікі Каньён у ЗША на р. Каларада. На дне мораў і акіянаў трапляюцца падводныя К.

Вялікі Каньён.

т. 8, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАЧО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 9.9.1941, г. Горкі Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Д-р тэхн. н., праф. (1994). Скончыў БСГА (1965). У 1967—71 і з 1975 у БСГА. Навук. працы па аўтам. кіраванні глебавай вільгаццю, тэорыі грунтавой вады, кавітацыі. Распрацаваў тэорыю і сістэмы аўтам. кантролю і кіравання глебавай вільгаццю, тэорыю кавітацыйнай эрозіі матэрыялаў і спосаб стварэння кавітацыі.

Тв.:

Устойчивость нелинейной гидромелиоративной системы регулирования водного режима почвы // Водное хозяйство и гидротехническое строительство. Мн., 1987. Вып. 16.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЗАДВА́ЛЬНАЯ АПРАЦО́ЎКА глебы,

рыхленне глебы спец. прыладамі без пераварочвання яе пластоў; адзін з агратэхн. прыёмаў глебаахоўнай сістэмы земляробства. Уключае апрацоўку глебы безадвальнымі чызельнымі плугамі і глыбокарыхліцелямі-пласкарэзамі, мелкую апрацоўку — культыватарамі-пласкарэзамі, супрацьэразійнымі і штангавымі культыватарамі. Выкарыстоўваецца пераважна ў зонах недастатковага ўвільгатнення, у стэпавых раёнах, на землях, схільных да ветравой эрозіі, і на схілах. Безадвальная апрацоўка знішчае пустазелле, павялічвае акультураны ворны слой без перамешвання яго, найменш разбурае структуру глебы, назапашвае вільгаць. Ва ўмовах Беларусі ўжываецца пры восеньскай асн. (глыбокай і мелкай) і перадпасяўной веснавой апрацоўцы глебы.

т. 2, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)