АКІСЛЯ́ЛЬНА-АДНАЎЛЯ́ЛЬНЫ ПАТЭНЦЫЯ́Л, рэдакс-патэнцыял,

значэнне свабоднай энергіі дынамічна ўраўнаважанай акісляльна-аднаўляльнай сістэмы ў электрахім. Працэсе; раўнаважны электродны патэнцыял. Характарызуе пэўнае электралітычнае асяроддзе. Напр., у водным растворы хлорнага жалеза іоны Fe​3+ захопліваюць свабодныя электроны з электрода з неакісляльнага металу (плаціна, золата) і аднаўляюцца да іонаў Fe​2+. Пасля дасягнення пэўнай канцэнтрацыі Fe​2+ у растворы пачынаецца адваротны працэс. Праз пэўны час скорасці рэакцый акіслення-аднаўлення ўраўнаважваюцца і на электродзе ўстанаўліваецца акісляльна-аднаўляльны патэнцыял, які вызначаецца ў вольтах. Чым большая акісляльная здольнасць асяроддзя, тым вышэйшы акісляльна-аднаўляльны патэнцыял. Карыстаюцца ў электрахім. метадах сінтэзу рэчываў, пры даследаваннях у біял. і аналітычнай хіміі.

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛКА ЗВА́РАЧНАЯ,

1) прыстасаванне, якое пры дугавой зварцы забяспечвае замацаванне электрода, падвод да яго эл. току і падачу ахоўнага газу ў зону зваркі.

2) Прыстасаванне для газавай зваркі і кіслароднай рэзкі, у якім паліва змешваецца з паветрам або кіслародам для атрымання ўстойлівага канцэнтраванага полымя. Адрозніваюць гарэлку зварачную для ручной і паўаўтам., а таксама для аўтам. зваркі.

Гарлка зварачная для электразваркі мае токаправодны муштук са зменным наканечнікам. Праз сапло падаецца газавы струмень, які ахоўвае зварачную ванну і электрод ад уздзеяння паветра. У гарэлцы зварачнай для газавай зваркі гаручыя газы змешваюцца і паступаюць у муштук. Гэтыя гарэлкі бываюць адна-, двух- і шматполымныя, нізкага (з інжэктарам для падсмоктвання гаручага газу) і высокага (у іх газ падаецца з газагенератараў або балонаў) ціску. Гарэлкі зварачныя для рэзання металаў маюць дадатковыя каналы падачы кіслароду.

Гарэлка зварачная для газавай зваркі.
Выкарыстанне гарэлкі зварачнай для электразваркі ў ахоўных газах: 1 — зварачнае шво; 2 — плёнка шлаку; 3 — электродны дрот; 4 — ахоўны газ; 5 — сапло зменнага наканечніка гарэлкі.

т. 5, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТРЫЯ (ад лац. potentia сіла, моц + ...метрыя),

адзін з электрахім. метадаў даследавання і колькаснага аналізу рэчываў. Засн. на залежнасці значэння (ЭП) раўнаважнага электроднага патэнцыялу ад тэрмадынамічнай актыўнасці (канцэнтрацыі) кампанентаў электрахім. рэакцыі (апісваецца ўраўн. Нернста).

Для патэнцыяметрычных вымярэнняў выкарыстоўваюць гальванічны элемент з індыкатарным электродам (яго патэнцыял залежыць ад канцэнтрацыі рэчыва ў растворы) і электродам параўнання. Эрс элемента вымяраюць з дапамогай патэнцыяметра. Адрозніваюць прамую П. і патэнцыяметрычнае цітраванне. Прамая П. дазваляе вызначаць канцэнтрацыю іонаў непасрэдна па значэнні эрс індыкатарнага электрода пры ўмове, што электродны працэс абарачальны (напр., pH-метрыя — метады вызначэння вадароднага паказчыка). Найб. пашырана патэнцыяметрычнае цітраванне, якое ажыццяўляюць у водным і няводным асяроддзях. Пры цітраванні рэгіструюць змяненне ЭП індыкатарнага электрода (напр., шклянога пры кіслотна-асноўным цітраванні); каля пункту эквівалентнасці назіраецца рэзкае змяненне (скачок) ЭП. Выкарыстоўваюць у аналіт. і фіз. хіміі, прам-сці для кантролю тэхнал. працэсаў у хім., нафтахім., харч. і інш. галінах, а таксама для кантролю забруджанасці навакольнага асяроддзя.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)