карабо́к, ‑бка, м.
1. Невялікі кораб (у 1 знач.). Ссыпаць зерне ў карабок.
2. Невялікая стандартная каробка для запалак, алоўкаў і пад. Пачулася шорганне запалкі аб карабок. Пальчэўскі. На стале ляжала ў кардонным карабку даміно. Марціновіч.
3. Тое, што і каробка (у 2 знач.). Адзін цагляны карабок нагадваў, што некалі тут, на беразе Дняпра, узвышаўся прыгожы будынак. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жыццяра́дасны, ‑ая, ‑ае.
Які радуецца жыццю, любіць яго. Прыборны быў вясёлы, жыццярадасны чалавек. Рэдка якая няўдача засмучала яго. Шамякін. Марылька гэтакая была жыццярадасная, гэтакая вясёлая. Чорны. // Які выражае жыццярадаснасць; вясёлы. Смех, вясёлыя галасы, шорганне ног, музыка, лёгкае шапаценне кранутага вячэрнім ветрам лісця ліп і каштанаў — усё злівалася ў невыразную, але жыццярадасную сімфонію. Хадкевіч. Вясёлы і жыццярадасны твар Ілонкі раптам спахмурнеў, як быццам на яснае сонца набегла воблачка. Краўчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шо́рах, ‑у, м.
1. Глухі гук, шамаценне, шорганне ад лёгкага руху, дотыку, сутыкнення чаго‑н. з чым‑н. Са сваёй бакоўкі Веньямін прыслухоўваўся да шорахаў, што даляталі з Асінага пакойчыка. Навуменка.
2. перан. Дрыжыкі ад страху. Чуваць, як у вёсцы нехта крычыць, — нема, як толькі можа... Пасля стукае кулямёт — як хто, не перастаючы, б’е каменнем у шчыты. Ад гэтага па спіне ідзе шорах і дранцвеюць рукі. Пташнікаў. Успомніўшы чорта, у Юстапа бывала аж шорах па целе пойдзе. Калюга.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чаргава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; незак.
1. Паслядоўна, па чарзе заменьваць адно другім. Мы вывучылі .. кожны крок [вартавых], ведалі, як яны чаргуюцца на пастах: ведалі, хто калі патрулюе за агароджай, калі стаіць ля ўваходу, калі адпачывае. С. Александровіч. Непаўторныя ап’яняючыя часіны шчасця чаргаваліся з часінамі роспачы і душэўнага болю. Краўчанка. // Перыядычна паўтарацца. Шорганне чаргавалася размерна і рытмічна — раз-два! раз-два! Колас. // Размяшчацца паслядоўна адно за другім. Сасновыя бары чаргаваліся з забалочанымі хмызнякамі. Няхай.
2. У лінгвістыцы — заканамерна замяняцца адзін другім (пра гукі) у каранях або афіксах роднасных слоў або форм.
3. Зал. да чаргаваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шо́мпал, ‑а, м.
Спецыяльны стрыжань, прызначаны для чысткі і змазвання канала ствала ручной агнястрэльнай зброі, а таксама — у старажытнай зброі — для забівання з дула зарада ў пісталеты і стрэльбы. Перапынілася шорганне шомпала ў ствале, і за дашчанай перагародкай, чуваць, мякка спыніўся крок цяжкага і злога чалавека. Паўлаў. // звычайна мн. (шо́мпалы, ‑аў). Кара, пакаранне такім стрыжнем. Гітлераўцы прапанавалі.. [Шаройку] стаць старастам. Ён адмовіўся. Яго арыштавалі, усыпалі шомпалаў, тыдні тры пратрымалі ў склепе. Шамякін. — Я загадаю сваім салдатам — і яны ўсыплюць кожнаму, хто не паслухаецца, па дваццаць пяць шомпалаў! — пагражаў палкоўнік. Хадкевіч.
[Ад ням. Stempel.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сімфо́нія, ‑і, ж.
1. Вялікі музычны твор для аркестра, звычайна з 3–4 частак, якія адрозніваюцца адна ад другой характарам музыкі і тэмпам. Малады кампазітар.. запрасіў мяне паслухаць сваю новую сімфонію. Бядуля. Трэцяя сімфонія Бетховена — грандыёзны па задуме і філасофскай глыбіні твор. «Звязда».
2. перан. Гарманічнае спалучэнне розных з’яў — гукаў, фарбаў, тонаў і пад. А ў гэтых дрэвах, лістах і былінках пераклікаюцца птушкі, кузуркі, і іх галасы зліваюцца ў адну сімфонію дзівоснай музыкі жыцця. Колас. Смех, вясёлыя галасы, шорганне ног, музыка, лёгкае шапаценне кранутага вячэрнім ветрам лісця ліп і каштанаў — усё злівалася ў невыразную, але жыццярадасную сімфонію. Хадкевіч.
[Ад грэч. symphōnia — сугучча.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адку́ль, прысл.
1. пытальнае. З якога месца? — Адкуль самі будзеце, дзядуля? — запытаўся я. Скрыган. Баян замоўк. Да баяніста Падходзіць дзед. — Скажы, браток, Адкуль ты? Дзе твой край-куток? Колас. Выраз яўнага здзіўлення мільгануў на тварах: што гэта за чалавек, адкуль з’явіўся ён у такую пару... Лынькоў. // З якой крыніцы? ад каго? — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы! А. Астапенка. — Адкуль у цябе гэтулькі дабра? — пытаецца багаты брат у беднага. Якімовіч. // Ужываецца ў клічна-пытальных сказах пры выказванні нязгоды, адмаўлення чаго‑н. [Суседка:] — А я казала свайму: не сёй у панядзелак. Пільнуйся старога Юстыня! Не паслухаў. Ну і вырас лянок... Толькі адна кудзеля і будзе. Адкуль той кужаль! Чарнышэвіч.
2. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова: а) для падпарадкавання даданых сказаў месца (часта ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «там», «туды», «адтуль» у галоўным сказе). Крамарэвіч ускінуў руку, і граната разарвалася там, адкуль крычалі. Чорны. Маша хітра ўсміхнулася і глянула туды, адкуль усё мацней і мацней даносіўся стукат матацыкла. Кулакоўскі. [Лабановіч:] — Унь там Мікуцічы, а вось дарога на станцыю. Ідзіце, адкуль прыйшлі. Колас; б) для падпарадкавання даданых азначальных сказаў (часта ў адпаведнасці з суадносным словам «той» у галоўным сказе). Дзед прытаіўся за дубам і стаў углядацца ў той бок, адкуль даносілася.. шорганне ног невядомага чалавека. Колас. Мы з бацькам стаім і глядзім у той бок, адкуль да нас ідзе, па лугавой дарозе чалавек. Брыль. Каця.. згладжвае крайкі зляжалае зямлі, адкуль толькі што выняла мадэлі. Скрыган; в) для падпарадкавання даданых дапаўняльных сказаў. [Дзед Бадыль:] Пакутуем, чалавеча. Проста гінем і не ведаем, адкуль паратунку чакаць. Крапіва. Адкуль у старой бяруцца сілы, цярплівасць, прывет — ніхто з нас не дзівіцца. Брыль.
•••
Адкуль (толькі) ногі ўзяліся гл. нага.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)