ГОРНАВЫРАТАВА́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,

галіна горнай справы, якая займаецца даследаваннямі, распрацоўкай тэхнікі і тэхналогіі, арганізацыяй работ па выратаванні людзей, ліквідацыі аварый у шахтах, рудніках і інш. горных прадпрыемствах. Найб. небяспечныя аварыі — падземныя выбухі, пажары, раптоўныя выкіды вугалю і руднічнага газу (гл. Горны ўдар), самаадвольнае абвальванне парод, прарывы ў горныя вырабаткі падземных вод і плывуноў. Горнавыратавальнай справай займаюцца спец. горнавыратавальныя часці (ГВЧ), яна кантралюецца органамі горнага надзору. Дзеянні ГВЧ па выратаванні людзей і ліквідацыі аварый падпарадкаваны агульнаму плану ліквідацыі аварыі, распрацаваным на прадпрыемстве пры ўдзеле ГВЧ.

ГВЧ ваенізаваны, іх першасная аператыўная адзінка — узвод (3—9 аддзяленняў звычайна па 7 чал.), які абслугоўвае групу блізка размешчаных шахтаў, руднікоў. ГВЧ аснашчаны спец. абсталяваннем (руднічнымі рэспіратарамі, вогнетушыцелямі, пенагенератарамі, парагазагенератарнымі ўстаноўкамі, сродкамі сувязі і інш.). Участкі, дзе ўзнік пажар, ізалююць перамычкамі; пры небяспецы выбуху вугальнага пылу выкарыстоўваюць пылавыбуховую ахову (з інертнага пылу, які ўзрываецца і перашкаджае пашырэнню выбуху). Горныя выпрацоўкі расчышчаюць ад парод і падземных плывуноў звычайнымі горнымі машынамі і механізмамі, спец. горнапраходчымі ўстаноўкамі і інш.

Літ.:

Соболев Г.Г. Горноспасательное дело. М., 1972.

П.Я.Антонаў.

т. 5, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУКАПАГЛЫНА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

матэрыялы (вырабы, канструкцыі), якія паглынаюць гукавыя хвалі і тым самым зніжаюць узровень шумаў; разнавіднасць акустычных матэрыялаў. Уласцівасці гукапаглынальных матэрыялаў характарызуюцца рэверберацыйным каэф. гукапаглынання — адносінамі паглынутай гукавой энергіі да ўсёй энергіі гукавой хвалі, што падае на матэрыял. Бываюць штучныя (блокі, пліты), рулонныя (маты, паласавыя пракладкі, палотны), рыхлыя і сыпкія (мінер. і шкляная вата, керамзіт); порыста-валакністыя, -ячэістыя і -трубчастыя (з мінер. і шклаваты, ячэістага бетону, керамзіту і перліту, пенапластаў, гумы); мяккія (маты і рулоны на аснове шкловалакна і мінер. ваты), паўшорсткія (драўнянавалакністыя пліты, мінерала- і шклаватныя пліты, пліты з базальтавага валакна, парапласты) і шорсткія (пліты з грануляванай або суспензіраванай мінер. ваты, з газабетону, гіпсавыя, а таксама пліты і тынкавальныя растворы на аснове пемзы, успучаных вермікуліту і перліту). Гукапаглынальныя матэрыялы выкарыстоўваюць для гукаізаляцыі памяшканняў, ва ўстаноўках вентыляцыі і кандыцыяніравання паветра, гукавымяральных камерах і інш. З гукапаглынальных канструкцый найб. пашыраны спец. абліцоўкі ўнутр. паверхняў (сцен, шахтаў, кажухоў і інш.), канструкцыі ў выглядзе шчытоў, конусаў, прызмаў для зніжэння шумаў ад тэхнал. абсталявання, элементы актыўных глушыцеляў шуму (устанаўліваюцца пераважна ў паветраводах аэрадынамічных установак). Гл. таксама Гукаізаляцыйныя матэрыялы.

М.М.Кунцэвіч.

т. 5, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНДЛЯ́РНЯ,

устаноўка (печ, шафа, апарат, камера) для вэнджання мясных прадуктаў, сала, рыбы, сыру і інш. ўздзеяннем дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей. Прамысл. вяндлярні бываюць перыядычнага (камерныя, пралётныя) і неперарыўнага (тунэльныя, вежавыя, шахтавыя) дзеяння.

Дым атрымліваецца ў топцы печы або ў спец. дымагенератары (часцей размешчаны па-за печчу) пры няпоўным згаранні драўніны ці пілавіння пераважна лісцевых парод. Перад паступленнем у зону вэнджання дым праходзіць праз фільтры для ачысткі ад канцэрагенных рэчываў. Для цеплавой апрацоўкі выкарыстоўваюць дым у сумесі з паветрам або толькі паветра, якія награюцца ў каларыферах і перамяшчаюцца вентылятарамі. Выкарыстоўваюць і інфрачырвоныя прамяні. Вяндлярныя вадкасці (іх наносяць на прадукты, дадаюць у фарш або ў сумесь для салення) атрымліваюць у асн. дыстыляцыяй, перагонкай і адсорбцыяй з воднага канцэнтрату дыму. Эфектыўныя і эканамічныя эл. вяндлярні, напр. вертыкальнага тыпу з сістэмай шахтаў, канвеерам і эл. прыстасаваннямі. У іх падсушка і прапяканне (рыбы) робяцца інфрачырвоным выпрамяненнем, само вэнджанне — дымам ад дымагенератара (часцінкі дыму іанізуюцца ў эл. полі і асаджваюцца на паверхні прадукту).

На Беларусі здаўна былі пашыраны вежавыя пераважна двух’ярусныя вяндлярні. На іх 1-м ярусе распальвалі агонь, на 2-м на жэрдках падвешвалі прадукты. Палілі сырую яблыню, галлё ядлоўцу, граба, дуба, тырсу і інш. У апошні час будуюць цагляныя або каменныя кампактныя вяндлярні, выкарыстоўваюць міні-вяндлярні, заводскія і самаробныя, падручныя прыстасаванні (бочкі, бітоны, каністры, вёдры без дна, трубы, скрыні і г.д., апрача пакрытых лакам, палімернымі смоламі і зробленых з ДСП).

К.В.Фамічэнка.

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛОК (англ. block) у тэхніцы, 1) асобны механізм або дэталь грузапад’ёмных машын у форме кола з жолабам па акружнасці для каната, ланцуга, троса, шнура. Выкарыстоўваецца для змены напрамку дзеяння сілы (нерухомы блок), выйгрышу ў сіле ці шляху (рухомы блок), часам для перадачы вярчальнага моманту. Для атрымання значнага выйгрышу ў сіле выкарыстоўваюць камбінацыю блокаў — паліспаст.

2) Сукупнасць вузлоў, збудаванняў, якіх-н. частак, аб’яднаных па прызначэнні, размяшчэнні і інш. (напр., турбінны блок, энергаблок кацёл-турбіна-генератар).

3) Частка механізма, прыстасавання, якая складаецца з функцыянальна аб’яднаных, часта аднатыпных элементаў (напр., блок цыліндраў, блок сілкавання).

4) У будаўніцтве — зборны (сценавы) ці мантажны (аб’ёмны) элемент, што выкарыстоўваецца пры ўзвядзенні будынкаў.

Блокі сценавыя бываюць суцэльныя і пустацелыя (у т. л. з цеплатэхн. эфектыўнымі пустотамі) Вырабляюцца з лёгкіх, ячэістых ці цяжкіх бетонаў, цэглы і прыроднага каменя; выпускаюцца таксама керамічныя пустацелыя (шчылінныя) і сілікатабетонныя. Адрозніваюць блокі дробныя (сценавыя камяні) стандартнага памеру (напр., 19 х 19 х 38 см), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве 2—3-павярховых будынкаў, і буйныя (напр., фундаментныя), што вырабляюцца па спец. нармалях і ідуць на буд-ва тыпавых шматпавярховых будынкаў. Блок аб’ёмны выкарыстоўваецца найчасцей у выглядзе сан.-тэхн. кабін, частак ліфтавых шахтаў, трансфарматарных падстанцый, часам — пакояў і кватэр. Бываюць: з жалезабетону (найб. пашыраны), азбестацэменту, металу, дрэва, пластмасы; маналітныя (суцэльнафармаваныя) і састаўныя (з асобных панэляў).

5) У суднабудаванні — частка аб’ёму судна, якое будуецца паточным спосабам. Блокі збіраюць і зварваюць з секцый у кандуктарах, а секцыі робяць на стэлажах і стэндах. Корпус судна і надбудовы падзяляецца на асобныя блокі па ўмовах эканамічнасці вытв-сці, трываласці і інш. 6) Блок кніжны — лісты кнігі, змацаваныя ніткамі, дротам ці клеем і падрыхтаваныя да ўстаўкі ў пераплётную накрыўку.

т. 3, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна машынабудавання. Асн. прадукцыя: аўтамабілі, вузлы, агрэгаты, цягачы, прычэпы, паўпрычэпы, матацыклы, веласіпеды, мапеды і запасныя часткі да іх. Характарызуецца высокім узроўнем спецыялізацыі, шырокім каапераваннем, перадавой тэхналогіяй, цеснымі сувязямі з металургічнай, металаапр., электратэхн., прыладабуд., хім., нафтахім. і інш. галінамі прам-сці.

Аўтамабільная прамысловасць узнікла ў канцы 19 ст. (Германія, Францыя, Вялікабрытанія, ЗША), з пач. 20 ст. развіваецца ў Расіі. Першыя легкавыя аўтамабілі выпушчаны ў Рызе ў 1908—15 (з-д «Руса-Балт»), грузавыя — у 1924 [з-д АМО («Аўтамабільнае Маскоўскае таварыства») у Маскве] і ў 1925 (Яраслаўскі аўтамаб. з-д). У 1931—32 закончана рэканструкцыя АМО (цяпер ЗІЛ, аўтамаб. з-д імя Ліхачова) і пабудаваны Горкаўскі аўтамаб. з-д (Ніжні Ноўгарад), з 1940 выпускаюцца малалітражныя аўтамабілі на Маскоўскім аўтазборачным з-дзе (цяперашні АЗЛК). У час Вял. Айч. вайны створаны Уральскі (г. Міяс) і Ульянаўскі з-ды, пасля вайны прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці пабудаваны ў розных рэгіёнах б. СССР [у гарадах Мінск, Крамянчуг, Кутаісі, Жодзіна, Саранск, Запарожжа, Бішкек (б. Фрунзе)], створаны заводы па выпуску аўтобусаў [Львоў, Паўлава (на р. Ака), Лікіна ў Маскоўскай вобл.], мікрааўтобусаў у Рызе і інш. У 1970 даў прадукцыю Волжскі аўтамаб. з-д (ВАЗ), у 1976 — комплекс заводаў у г. Набярэжныя Чаўны (КамАЗ).

У 1991 на прадпрыемствах б. СССР выпушчана 1657 тыс. аўтамабіляў, у тым ліку легкавых 1059 тыс., грузавых 524 тыс., аўтобусаў 74 тыс. Найб. ўзровень вытворчасці быў дасягнуты ў 1980 (выпушчана 2199 тыс. аўтамабіляў). Сусв. аўтамабільная прамысловасць вызначаецца высокай канцэнтрацыяй вытв-сці і збыту ў адносна невял. колькасці канцэрнаў-манапалістаў. У ЗША 90% аўтамабіляў выпускаюць з-ды «вялікай тройкі» — «Джэнерал мотарс», «Форд мотар» і «Крайслер». Японскія фірмы «Таёта мотар» і «Нісан мотар» выпускаюць больш за 60% аўтамабіляў краіны, «вялікая чацвёрка» Германіі — «Фольксвагенверк», «Мерседэс-Бенц», «А. Опель» і «Форд» — 75%, італьянскія фірмы «ФІАТ», «Альфа Рамео» і «Лянчыя» — 80% аўтамабіляў, у Францыі вядучыя фірмы «Рэно» і «Пежо». Штогод у свеце вырабляецца 45—50 млн. аўтамабіляў, з іх каля 25% грузавых і аўтобусаў, 50% ідзе на замену старых і зношаных машын. Дынаміку вытворчасці аўтамабіляў у свеце гл. ў табліцы.

На Беларусі аўтамабільная прамысловасць развіваецца з 1944, калі пад Мінскам пачалася зборка грузавых аўтамабіляў з прывазных вузлоў і дэталяў. У 1945—47 на гэтым месцы пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), у 1958 у г. Жодзіна — Беларускі аўтамабільны завод (БелАЗ). У 1975 створана ВА «БелаўтаМАЗ», цэнтры аўтамабільнай прамысловасці: Мінск, Жодзіна, Магілёў, Пінск, Ліда, Гродна, Бабруйск, Баранавічы і Асіповічы. Асн. прадукцыя: велікагрузныя аўтамабілі і аўтапаязды поўнай масай да 40 і 50 т, грузавыя аўтамабілі высокай праходнасці, самазвалы, лесавозы, гар. турысцкія аўтобусы (МАЗ), кар’ерныя самазвалы грузападымальнасцю ад 30 да 200 т, шлакавозы, аэрадромныя цягачы (БелАЗ), пазадарожныя аўтамабілі «Волат», трубавозы, колавыя цягачы грузападымальнасцю да 50 і 65 т (Мінскі завод колавых цягачоў), самазвалы грузападымальнасцю 23 т, самазвальныя паязды для шахтаў, аўтабетонамяшалкі, дарожна-будаўнічыя машыны (Магілёўскі аўтамабільны завод), дарожныя веласіпеды і матацыклы (Мінскі матацыклетны і веласіпедны завод) і інш. За год вырабляецца 21,3 тыс. грузавых аўтамабіляў (1994, макс. вытворчасць была дасягнута ў 1985 — 42,5 тыс.), 128 тыс. матацыклаў і 603 тыс. веласіпедаў (1991). У 1994 наладжаны выпуск аўтобусаў «Амкадор-Ікарус» (зборка) акцыянерным т-вам «Амкадор-Пінск», аўтобусаў ЛіАЗ-5256 на доследным з-дзе «Нёман» у г. Ліда, эксперым. зборка малалітражных аўтамабіляў «Ака» на Гродзенскім заводзе карданных валоў. Прадпрыемствы аўтамабільнай прамысловасці Беларусі кааперуюцца і супрацоўнічаюць з заводамі Расіі, Германіі, Чэхіі і інш. краін.

А.С.Рукцешэль.

т. 2, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)