БА́ЛТЫ,

група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.​Ф.​Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на З — славяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.

Літ.:

Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.

В.​І.​Шадыра.

т. 2, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗНЫ ВЕК

Трэцім, завяршальным перыядам гісторыі першабытнага грамадства з’яўляецца жалезны век, або эпоха жалеза. Назва паходзіць ад асн. матэрыялу для вырабу прылад працы і зброі замест ранейшых каменю і бронзы. Жалеза пачалі шырока выкарыстоўваць адносна позна таму, што ў чыстым выглядзе яно амаль не сустракаецца, а руды яго вельмі тугаплаўкія. У 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. металургія жалеза была асвоена ў Егіпце. Месапатаміі, Міжземнамор’і, Малой Азіі, Закаўказзі і Індыі, на мяжы 2-га і 1-га тыс. да н.э. — у Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе.

Перыяд жалезнага веку на тэр. Беларусі датуецца 8—7 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. Узровень развіцця прадукц. сіл грамадства і суседства з кельцкімі і скіфскімі плямёнамі, якія добра асвоілі тэхніку металургіі і апрацоўкі жалеза, садзейнічалі пашырэнню яго і на тэр. Беларусі. На Пд Беларусі металургія жалеза зафіксавана на некалькі стагоддзяў раней, чым на Пн. Развіццё вытв-сці жалеза было забяспечана наяўнасцю мясц. сыравіны — бурых жалезнякоў, драўніны для вуглевыпальвання, гліны для пабудовы пячэй-домніц паўшарападобнай формы. Найб. раннія печы-домніцы выяўлены пры раскопках гарадзішчаў Лабеншчына (Мінскі р-н), Цербахунь (Віцебскі р-н), Свідна (Лагойскі р-н), Клішына (Крупскі р-н) і інш. Практычна на ўсіх паселішчах-гарадзішчах эпохі жалеза сустракаецца металургічны шлак — доказ выпрацоўкі тут жалеза. На буйных гарадзішчах існавалі спец. жалезаробчыя майстэрні, у якіх выраблялі прылады працы і зброю. У працэсе ўтварэння зыходнага металу напачатку атрымлівалі крыцу. Каб атрымаць з яе больш трывалыя вырабы, неабходны былі дадатковыя спосабы апрацоўкі — разнастайныя прыёмы кавання, зваркі, цэментацыі, а пазней і тэрмічнай апрацоўкі — гартавання. Найб. пашыранымі кавальскімі вырабамі былі нажы, сярпы, сякеры. Зробленыя з жалеза прылады працы былі значна мацнейшыя за каменныя і бронзавыя. Жалеза адыграла вял. ролю ў развіцці прадукцыйных сіл грамадства, што садзейнічала ўзнікненню ўмоў для накаплення матэрыяльных каштоўнасцей. З паяўленнем маёмаснай няроўнасці і абвастрэннем супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі паглыбіўся распад першабытнаабшчынных адносін, што спрыяла ўзнікненню прыватнай уласнасці, класаў і дзяржавы.

Найб. старажытныя жал. вырабы на тэр. Беларусі знойдзены на помніках мілаградскай культуры, плямёны якой пазнаёміліся з жалезам праз скіфаў. Нажы мілаградскай культуры напачатку тыпалагічна былі вельмі падобныя да скіфскіх. Трапляюцца і латэнскія тыпы прылад працы. Раннія вырабы з жалеза характэрны і для плямён паморскай культуры, што насялялі цэнтр. раёны Польшчы, бас. Зах. Буга і верхняй Прыпяці. На тэр. цэнтр. і паўн. Беларусі жал. вырабы з’явіліся ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. і належалі носьбітам культуры штрыхаванай керамікі, а таксама плямёнам днепра-дзвінскай культуры, што насялялі паўн. Беларусь, Смаленскую і Пд Пскоўскай абласцей. Росквіт чорнай металургіі і металаапрацоўкі ў гэтых плямён прыпадае на канец 1-га тыс. да н.э. — пач. н.э. У 3—2 ст. да н.э. — 2—5 ст. н.э. на тэр. пашырэння мілаградскай і ва ўсх. частцы арэала паморскай культур рассяляліся плямёны зарубінецкай культуры. У 2-м ст. н.э. на тэр. Бел. Падняпроўя і прылеглых да яго раёнаў вядомы помнікі тыпу Абідні (Адаменка), верхняя храналагічная мяжа якіх дасягае 5 ст. н.э. Некаторыя даследчыкі адносяць іх да верхнедняпроўскага варыянта кіеўскай культуры і лічаць, што асн. кампанентамі фарміравання гэтай культуры быў зарубінецкі субстрат. У зах. Палессі жал. век на завяршальнай стадыі прадстаўлены вельбарскай культурай, якая датуецца 2—4 ст. н.э. Найб. паказальны помнік гэтай культуры на Беларусі — могільнік Брэст-Трышын. На думку некаторых археолагаў, у фарміраванні вельбарскай культуры разам з мясц. насельніцтвам прымалі ўдзел вядомыя па пісьмовых крыніцах герм. плямёны готаў і гепідаў. Этнічныя характарыстыкі плямён жал. веку дакладна не вызначаны. Носьбітаў культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай адносяць да балтаў. Этнічная прыналежнасць мілаградскіх, паморскіх і зарубінецкіх плямён з’яўляецца дыскусійнай. Адны даследчыкі лічаць іх праславянамі, другія — балтамі ці змешаным этнасам. Помнікі кіеўскай культуры большасць археолагаў адносяць да ранніх славян.

Распад першабытнаабшчынных адносін, сутыкненні паміж плямёнамі адбіліся на характары паселішчаў таго часу. Для вял. патрыярхальнай сям’і ці роду ствараліся ўмацаваныя паселішчы-гарадзішчы. якія мелі абарончую сістэму з валоў і равоў. На Пд Беларусі жыццё на гарадзішчах, размешчаных у цяжкадаступных месцах, працягвалася да першых стагоддзяў н.э.; на Пн — амаль да сярэдзіны 1-га тыс. н.э. У далейшым асн. формай паселішчаў станавіліся неўмацаваныя адкрытыя селішчы, а былыя гарадзішчы выкарыстоўваліся толькі ў часы небяспекі як сховішчы.

З пашырэннем ворнага земляробства ўзнікла асобная гаспадарка малой сям’і, у аснове аб’яднання якой не кроўныя сувязі, а агульнасць гасп. жыцця. Такія сем’і ўтваралі сельскую (суседскую, земляробчую) абшчыну, члены якой былі звязаны кругавой парукай, адказнасцю за вынікі гасп. дзейнасці, размеркаванне і захаванасць абшчыннай уласнасці, падтрыманне норм традыц. права і рэліг. вераванняў. Узнікла неабходнасць фарміравання пастаяннай дружыны. Распад родавага ладу адбіўся на рэлігіі насельніцтва. Побач з пакланеннем заступнікам роду пашыраўся культ прыродных стыхій. У перыяд ранняга сярэдневякоўя 5—8 ст. на тэр. Беларусі адбываўся пераход да класавага грамадства. Гэты перыяд адпавядаў ваен. дэмакратыі, якая паступова вяла грамадства да феад. адносін і ўтварэння дзяржавы.

У 5—6 ст. н.э. ва Усх. Еўропе пашырыліся помнікі пражскай культуры, якія належалі раннеслав. плямёнам. На тэр. Беларусі яны сустракаюцца з канца 4 ст. н.э. і аб’ядноўваюцца ў мясц. варыянт, вядомы як помнікі культуры тыпу Карчак. Яны прадстаўлены пераважна селішчамі (Петрыкаў, Снядзін) і грунтавымі пахаваннямі (Хорск, Хотамель, Снядзін і інш.). Насельніцтва гэтай культуры жыло ў зрубных паўзямлянках квадратнай формы. Пахавальны інвентар вельмі бедны і абмежаваны. Храналогія помнікаў пражскай культуры на тэр. Беларусі грунтуецца на тэхналогіі керамічнага комплексу і на невял. колькасці метал. і шкляных вырабаў (фібулы, спражкі, пацеркі), якія датуюцца 5—7 ст. н.э. (найб. ранняе селішча каля в. Востраў Пінскага р-на і ў г. Петрыкаў). Узнікненне гарадзішчаў-сховішчаў адносіцца да канца 6—7 ст. н.э.

Да інш. раннесярэдневяковых культур на тэр. Беларусі адносяцца калочынская, банцараўская, ранніх доўгіх і ўсходнелітоўскіх курганоў. Калочынская культура была пашырана ў паўд. частцы Бел. Падзвіння, басейнах сярэдняй Дзясны, Сейма, вярхоўяў рэк Сула і Псёл на Украіне і Расіі. Асн. тып яе пасяленняў — селішчы плошчай 0,5—1 га. Насельніцтва жыло ў дамах (6—24 м²) з драўлянымі сценамі, паглыбленымі ў грунт. Пахавальныя яго помнікі — грунтавыя могільнікі з крэмацыяй. Помнікі гэтай культуры ў Бел. Падняпроўі датуюцца 5—8 ст. Этнічная прыналежнасць культуры дыскусійная. На думку адных даследчыкаў (П.​М.​Траццякоў, Л.​Д.​Побаль і інш.) — гэта помнікі раннесярэдневяковых славян, іншыя (В.​В.​Сядоў, А.​Р.​Мітрафанаў) звязваюць культуру з балцкім насельніцтвам.

Банцараўская культура, ці культура тыпу верхняга пласта гарадзішча Банцараўшчына (каля Мінска), належала плямёнам, якія ў 5—8 ст. н.э. жылі ў цэнтр. і паўн. Беларусі. Асн. тыпам яе пасяленняў на раннім этапе былі селішчы, якія пазней размяшчаліся каля ранніх гарадзішчаў, што ў часы небяспекі ператвараліся ў сховішчы. Жытлы мелі наземны і паўзямлянкавы характар слупавой і зрубнай канструкцыі. Пахавальны абрад — трупаспаленне, рэшткі якога змяшчаліся ў грунтавых ямках у гаршках-урнах і без іх. Большасць даследчыкаў адносяць носьбітаў банцараўскай культуры да балцкага насельніцтва. Культура ўзнікла ў выніку ўплыву кіеўскай культуры на культуры штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскую.

У 5—7 ст. н.э. на Пн Беларусі, гал. чынам на правабярэжжы Зах. Дзвіны, склалася культура доўгіх курганоў (ранні этап). Доўгія курганы — валападобныя насыпы (даўж. ад 20 да 100 м і болей) з пахаваннямі паводле абраду трупаспалення (Янкавічы, Дарахі, Субаўшчына і інш.). Пахавальны інвентар нешматлікі: бляшкі-шкарлупінкі, шпоры з кручкамі, жал. спражкі, кераміка гладкасценная, падобная да пасудзін банцараўскай культуры. Адзінкавыя селішчы культуры вядомы на Пд Пскоўскай вобл. і вярхоўях р. Вялікая. Дакладна этнічная прывязка невядома. Найверагодней культура ранніх доўгіх курганоў адлюстроўвае складаныя этнакультурныя ўзаемаадносіны славянскага (пракрывічы), балцкага і фінамоўнага насельніцтва.

Помнікі культуры ўсходнелітоўскіх курганоў Беларусі (найчасцей курганныя могільнікі) сустракаюцца ў вярхоўях Віліі і на правабярэжжы Нёмана ўздоўж мяжы з Літвой. У найб. ранніх курганах (4—5 ст. н.э.) трупапалажэнне ў падкурганнай яме. З 5 ст. н.э. пашырыўся звычай крэмацыі памерлага і пахаванне рэшткаў у кургане на ўзроўні дзённай паверхні, у ямках, зрэдку ў насыпе. Пры ямкавых пахаваннях сустракаюцца канструкцыі ў выглядзе каменных вымастак ці асобных камянёў. Пахавальны інвентар — зброя, жан. ўпрыгожанні, прылады працы. Фарміраванне насельніцтва культуры звязана з прыходам новых плямён і змешваннем іх з насельніцтвам культуры штрыхаванай керамікі. Большасць даследчыкаў адносіць носьбітаў гэтай культуры да продкаў літоўцаў (аўкштайты).

Вывучэнне жал. веку на Беларусі пачалося ў канцы 19 ст. Напачатку яно абмяжоўвалася фіксацыяй археал. помнікаў і іх картаграфаваннем. Першыя канцэпцыі аб гісторыі плямён эпохі жалеза з’явіліся ў 1920-я г. ў выніку палявых даследаванняў С.​А.​Дубінскага, А.​Дз.​Кавалені, А.​М.​Ляўданскага, А.​А.​Рынейскага, І.​А.​Сербава, В.​Р.​Тарасенкі і інш. Ляўданскі правёў даследаванні па гісторыі чорнай металургіі і металаапрацоўкі. Сістэматычныя даследаванні па вывучэнні жал. веку ў 1950—60-я г. аднавілі супрацоўнікі Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі В.​Б.​Караткевіч, А.​Р.​Мітрафанаў, Л.​Д.​Побаль, Г.​В.​Штыхаў, К.​П.​Шут і інш. Жал. век даследуюць таксама В.​І.​Шадыра, з 1980-х г. В.​С.​Вяргей, М.​Ф.​Гурын, А.​І.​Драбушэўскі, А.​А.​Егарэйчанка, М.​І.​Лашанкоў, Ю.​У.​Каласоўскі, А.​М.​Мядзведзеў, з 1990-х г. В.​Г.​Белявец, А.​М.​Бяліцкая, Н.​М.​Дубіцкая, А.​У.​Ільюцік, П.​М.​Падгурскі, А.​А.​Седзін. Даследаванні жал. веку на Беларусі ў розныя часы вялі рас. археолагі Л.​В.​Аляксееў, К.​В.​Каспарава, Ю.​У.​Кухарэнка.

Літ.:

Археалогія Беларусі. Т. 2. Мн., 1999;

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке М., 1967;

Поболь Л.Д. Славянские древности Белоруссии. Т. 1—3. Мн., 1971—1974;

Митрофанов А.Г. Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э.). Мн., 1978;

Шадыро В.И. Ранний железный век северной Белоруссии. Мн., 1985.

В.​І.​Шадыра.

т. 18, кн. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІЯ ВЫСОКАМАЛЕКУЛЯРНЫХ ЗЛУЧЭННЯЎ

Высокамалекулярныя злучэнні пачалі вывучаць у 1936 у Ін-це хіміі АН Беларусі. Даследаваліся растворы палімераў і калоідаў. Вывучаны заканамернасці набракання каўчуку і гумы ў змешаных растваральніках, структура макрамалекул прыродных бялкоў, штучныя матэрыялы на аснове высокамалекулярных злучэнняў лубіну; распрацаваны інгібітары працэсаў акіслення натуральнага і сінт. каўчуку (М.​Ф.​Ярмоленка). У 1940 створана першая лабараторыя высокамалекулярных злучэнняў, дзе даследаваны тэрмадынамічныя ўласцівасці раствораў высокамалекулярных злучэнняў, кінетыка і раўнаважнасць набракання палімерных матэрыялаў, тэмпературныя залежнасці скорасці набракання, цеплавыя эфекты (С.​М.​Ліпатаў).

У наш час даследаванні па хіміі высокамалекулярных злучэнняў вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі, Ін-це агульнай і неарган. хіміі, Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі, БДУ, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Іх умоўна можна падзяліць на тры асн. групы: сінтэз, хім. пераўтварэнні, атрыманне кампазіцыйных палімерных матэрыялаў. Сярод работ па сінтэзе важнае месца належыць даследаванням працэсаў атрымання поліімідаў, а таксама полімерызацыя розных манамераў, у т. л. з выкарыстаннем металаарган. каталізатараў. У гэтым кірунку вылучаюцца работы па сінтэзе поліцыклагексадыену, звышвысокамалекулярнага поліэтылену, палімераў вінілтэтразолаў і нафтапалімерных смол. Найб. актыўна вывучаюцца працэсы хім. мадыфікавання прыродных і сінт. палімераў, у т. л. цэлюлозы, з мэтай стварэння на іх аснове новых матэрыялаў тэхн. і мед. прызначэння. Устаноўлена, што ў аснове змянення ўласцівасцей палімераў пры мадыфікаванні іх метадамі прышчэпачнай полімерызацыі, палімераналагічных пераўтварэнняў і сшывання ляжыць змяненне энергіі міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў элементах мікрагетэрагеннай структуры.

Распрацаваны сінтэтычныя палімерныя іаніты, якія выкарыстоўваюцца ў якасці іонаабменнай глебы, а таксама валакністыя іонаабменнікі, сарбенты; магн. і электрэтныя пластыкі для мед. тэхнікі; інгібіраваныя плёначныя матэрыялы для аховы металаў ад электрахім. і біял. карозіі і інш.

Шляхам хім. мадыфікавання цэлюлозы фосфарнымі к-тамі атрыманы вогне- і біяахоўныя драўняныя матэрыялы і баваўняныя тканіны. Фасфатацэлюлозныя матэрыялы выкарыстоўваюцца ў медыцыне для стабілізацыі донарскай крыві. Хім. мадыфікаванне цэлюлозы аксідамі азоту пакладзены ў аснову метадаў атрымання розных лекавых прэпаратаў пралангаванага дзеяння, а таксама растваральных у арган. растваральніках цалкам ці часткова замешчаных ацэтатаў цэлюлозы, водарастваральных нізказамешчаных сульфатаў поліцукрыдаў і інш. Пры вывучэнні ўзаемадзеяння азотнай к-ты з цэлюлозазмяшчальнай расліннай сыравінай распрацаваны эфектыўны спосаб атрымання радыеактыўна чыстых цэлюлозы і нітралігніну з забруджанай сыравіны. Для працэсаў асвятлення, стэрылізацыі і канцэнтравання раствораў біялагічна актыўных рэчываў, перапрацоўкі малочных прадуктаў, асвятлення пладова-ягадных сокаў і він, ачысткі сцёкавых вод выкарыстоўваюцца мікра- і ультрафільтрацыйныя мембраны на аснове ацэтату цэлюлозы і рэгенерыраванай цэлюлозы, супалімераў акрыланітрылу, араматычнага поліаміду і полісульфону. На аснове мадыфікаваных водарастваральных палімераў (у т. л. поліцукрыдаў і прадуктаў шчолачнага гідролізу адходаў вытв-сці поліакрыланітрыльных валокнаў) створаны дэпрэсары пустой пароды для флатацыйнага абагачэння хлорыстага калію, звязвальныя рэчывы для фарбаў і буд. матэрыялаў, поліэлектралітныя комплексы і гідрагелі, заменнікі плазмы крыві. На аснове мадыфікаваных сінт. палімераў атрыманы электраізаляцыйныя матэрыялы з лабільнай трохвымернай структурай, тэрмаклеявыя парашкі, кляі-расплавы, паляроідныя плёнкі для вадкакрышталічных прылад.

У галіне кампазіцыйных палімерных матэрыялаў вывучаюцца заканамернасці змянення структуры і ўласцівасцей палімераў пры ўзаемадзеянні з электрычнымі і магн. палямі, патокамі іанізуючых часціц, лазернымі выпрамяненнямі, мех. ўздзеяннямі, знешнімі агрэсіўнымі асяроддзямі. У выніку даследаванняў сумесей і сплаваў на аснове палімераў вывучаны механізмы кіравання міжфазнымі ўзаемадзеяннямі і сумяшчальнасці макрамалекул, атрыманы новыя віды кампазіцыйных матэрыялаў на аснове поліаміду і поліэтылентэрэфталату. Распрацаваны безазбеставыя фрыкцыйныя матэрыялы на палімернай аснове і вырабы з іх. Створаны палімерныя кампазіцыі з павышанай устойлівасцю да працэсаў тэрмічнай і тэрмаакісляльнай дэструкцыі, а таксама са зніжанай гаручасцю.

Значны ўклад у хімію і фізіку высокамалекулярных злучэнняў зрабілі акад. Нац. АН Беларусі У.​Я.​Агабекаў, У.​А.​Белы, Ф.​М.​Капуцкі, А.​І.​Лесніковіч, У.​С.​Салдатаў, А.​І.​Свірыдзёнак, І.​М.​Ярмоленка; чл.-кар. П.​І.​Бялькевіч, М.​П.​Круцько, Ю.​М.​Плескачэўскі, М.​Р.​Пракапчук, А.​І.​Рацько, Р.​Л.​Старобінец; д-ры навук А.​В.​Більдзюкевіч, А.​І.​Валожын, П.​М.​Гапонік, Б.​Э.​Гелер, В.​А.​Гальдадэ, А.​А.​Івашкевіч, Л.​С.​Карэцкая, Л.​П.​Круль, Э.​Ц.​Круцько, М.​А.​Ксенафонтаў, Б.​І.​Купчынаў, М.​Р.​Лін, А.​У.​Макарэвіч, С.​У.​Маркевіч, П.​А.​Матусевіч, С.​Ф.​Навумава, Л.​С.​Пянчук, С.​С.​Пясецкі, А.​В.​Рагачоў, М.​М.​Равяка, Дз.​В.​Свірыдаў, В.​В.​Смірноў, В.​А.​Струк, У.​А.​Тарасевіч, А.​І.​Шадыра, Я.​І.​Шчарбіна, А.​Р.​Юркевіч, М.​І.​Ягоранкаў і інш.

Літ.:

Солдатов В.С. Химия высокомолекулярных соединений // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. хім. навук. 1998. №4;

Химические проблемы создания новых материалов и технологий: Сб. ст. к 20-летию НИИ физ.-хим. проблем БГУ. Мн., 1998;

Солдатов В.С. Полимерные и композиционные материалы // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002;

Плескачевский Ю.М., Савицкий В.Н. Полимерные и композиционные материалы и их применение // Там жа;

Химические проблемы создания новых материалов и технологий. Вып. 2. Мн., 2003.

Л.​П.​Круль.

т. 18, кн. 2, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛО́ГІЯ (ад археа... + ...логія),

галіна гістарычнай навукі, якая вывучае станаўленне чалавека і гісторыю чалавечага грамадства па матэрыяльных рэштках жыцця і дзейнасці людзей — рэчавых (археал.) помніках. Даследуе ў комплексе стараж. помнікі (стаянкі, паселішчы, могільнікі, свяцілішчы, майстэрні і інш.), рэчы і іх катэгорыі (прылады працы, прадметы побыту, матэрыялы духоўнай культуры), выяўленыя ў час археалагічных раскопак; узнаўляе сац.-эканам. гісторыю эпох, што недастаткова або зусім не адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах, даследуе шэраг пытанняў, якія вывучаюцца і сумежнымі навукамі — этнаграфіяй, антрапалогіяй, палеанталогіяй і інш.; цесна звязаны з дапаможнымі гіст. дысцыплінамі — нумізматыкай, сфрагістыкай, эпіграфікай. Археалогія падзяляецца па эпохах (каменны век, бронзавы век, жалезны век, сярэднявечча), часам па крыніцах, культурна-гіст. абласцях, этнічных прыкметах (скіфскі перыяд, антычныя дзяржавы, славянская археалогія). Паводле храналаг. і тэр. падзелу своеасаблівых рыс помнікаў вылучаюцца т.зв. археалагічныя культуры. Важным пытаннем з’яўляецца класіфікацыя і датаванне здабытых пры раскопках рэчаў. У археалогіі выкарыстоўваюць спецыфічныя метады даследавання: параўнальна-тыпалагічны метад (вызначэнне культ. прыналежнасці і храналогіі рэчаў шляхам параўнання з аналагічнымі, але ўжо вядомымі), стратыграфія (умовы залягання культ. пласта археал. помнікаў адносна геал. напластаванняў і інш. пластоў), статыстычны (улік масавых знаходак аднолькавага прызначэння), а таксама розныя метады археалагічнага датавання. Важны метад даследавання археал. помнікаў — картаграфаванне. Асобная галіна археалогіі — падводная археалогія — вывучае стараж. і сярэдневяковыя помнікі, што апынуліся пад вадой (у азёрах, рэках, морах). Археал. матэрыялы дапаўняюцца пісьмовымі крыніцамі.

Як навука археалогія аформілася ў 19 — пач. 20 ст. (да гэтага яна вывучала антычнасць і мела мастацтвазнаўчы кірунак). У краінах Зах. Еўропы цікавасць да нац. гісторыі, у т. л. да археалогіі, асабліва ўзмацнілася пасля Вял. франц. рэвалюцыі 1789—93, якая спрыяла абуджэнню нац. самасвядомасці. З павелічэннем колькасці археал. матэрыялаў пачаліся спробы іх класіфікацыі. У 1836 дацкі археолаг К.​Ю.​Томсен падзяліў помнікі першабытнай эпохі на каменны, бронзавы, жал. вякі, Дж.​Лебак падзяліў каменны век на палеаліт і неаліт. Гэту класіфікацыю паглыбіў Е.​Я.​Ворса, які вызначыў храналогію бронзавага веку паводле абрадаў пахавання. З гэтага часу археалогія становіцца навук. дысцыплінай. З 2-й пал. 19 ст. ва ўсіх краінах свету праводзіліся археал. даследаванні; распрацаваны храналагічная і перыядычная сістэмы, навук. метады раскопак; адбываліся археал. з’езды і кангрэсы. У 1869—83 франц. археолаг Г. дэ Мартылье падзяліў палеаліт на перыяды: шэльскі, ашэльскі, мусцьерскі, салютрэйскі, мадленскі. У Еўропе адкрыты эгейскія цывілізацыі дагамераўскай Грэцыі (Г.​Шліман, А.​Эванс), на Усходзе — шумерская і вавілонская культуры. Шведскі археолаг А.​Мантэліус размеркаваў стараж. рэчы па тыпах, якія пазней звязаў у эвалюц. рады, і, такім чынам, стаў заснавальнікам параўнальна-тыпалагічнага метаду. У пач. 20 ст. чэшскі археолаг Л.​Нідэрле надрукаваў збор славянскіх старажытнасцяў і даказаў агульныя рысы культуры славян. Дзякуючы даследаванням А.​С.​Уварава, Д.​Я.​Самаквасава, Л.​К.​Іваноўскага, У.​І.​Сізова, А.​А.​Спіцына ўзнікла славяна-руская археалогія.

На Беларусі археал. раскопкі пачаліся ў канцы 18 — пач. 19 ст., археал. помнікі даследавалі Т.​Нарбут, З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, К.П. і Я.​П.​Тышкевічы, А.Г.​К.​Кіркор, Е.​Р.​Раманаў, У.​З.​Завітневіч, В.​А.​Шукевіч, М.​Ф.​Кусцінскі, М.​М.​Турбін, Г.​Х.​Татур, Л.​Ю.​Лазарэвіч-Шапялевіч, З.​Глогер, М.​В.​Фурсаў, С.​Ю.​Чалоўскі і інш. На актывізацыю археал. даследаванняў паўплываў 9-ы археал. з’езд у Вільні (1893). У 1925 пры Інбелкульце створана гісторыка-археал. камісія, у 1927 адкрыта кафедра археалогіі (з 1929 археал. камісія ў Ін-це гісторыі Бел. АН, з 1932 секцыя археалогіі). У даваенны час археал. даследаванні праводзілі А.​М.​Ляўданскі, К.​М.​Палікарповіч, С.​А.​Дубінскі, А.​Дз.​Каваленя, І.​А.​Сербаў, С.​С.​Шутаў і інш. У 1930-я г. многія археолагі рэпрэсіраваны і загінулі (Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя і інш.). У Зах. Беларусі археал. раскопкі праводзілі У.​Галубовіч, Г.​Цэгак-Галубовіч, З.​Шмід, З.​Дурчэўскі і інш. У 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі створаны сектар археалогіі, з 1980 — аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 сектары пераўтвораны ў аддзелы. У 1973 створана кафедра археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гіст. дысцыплін у БДУ. Бел. археолагі выявілі каля 1300 помнікаў каменнага і бронзавага вякоў, вызначылі іх прыналежнасць да археал. культур (У.​Дз.​Будзько, У.​Ф.​Ісаенка, М.​М.​Чарняўскі, У.​П.​Ксяндзоў, А.​Г.​Калечыц, Э.​М.​Зайкоўскі, В.​Ф.​Капыцін і інш.), праводзілі мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў, культур і этнічных утварэнняў жал. веку (А.​Р.​Мітрафанаў, Л.​Д.​Побаль, К.​П.​Шут, В.​І.​Шадыра, В.​С.​Вяргей, М.​І.​Лашанкоў і інш.). Даследаванні бел. археолагаў дапамаглі ўзнавіць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў (дрыгавічоў, крывічоў, радзімічаў), гісторыю стараж. гарадоў (В.​Р.​Тарасенка, Г.​В.​Штыхаў, Э.​М.​Загарульскі, П.​Ф.​Лысенка, Я.​Г.​Звяруга, М.​А.​Ткачоў, З.​С.​Пазняк, Т.​С.​Бубенька, В.​М.​Ляўко, Л.​У.​Калядзінскі, В.​Е.​Собаль, Ю.​А.​Заяц і інш.), матэрыяльную культуру сельскага насельніцтва (Л.​У.​Дучыц, Я.​Р.​Рыер, У.​У.​Багамольнікаў, Т.​М.​Каробушкіна і інш.). У апошняе дзесяцігоддзе актыўна вывучаліся познасярэдневяковыя помнікі 14—18 ст. (А.​А.​Трусаў, А.​К.​Краўцэвіч, В.​У.​Шаблюк, І.​М.​Чарняўскі і інш.). Археал. даследаванні на Беларусі праводзілі супрацоўнікі Ін-таў археалогіі і гісторыі матэрыяльнай культуры Расійскай АН (Л.​В.​Аляксееў, І.​І.​Арцёменка, Ф.​Д.​Гурэвіч, Н.​М.​Гурына, Ю.​У.​Кухарэнка, В.​М.​Мельнікоўская, П.​А.​Рапапорт, Г.​Ф.​Салаўёва, Э.​А.​Сымановіч, В.​В.​Сядоў, П.​М.​Траццякоў).

Літ.:

Очерки по археологии Белоруссии. Ч. 1—2. Мн., 1970—72;

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Белорусская археология: Достижения археологов за годы Советской власти. Мн., 1987;

Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

Г.​В.​Штыхаў.

Да арт. Археалогія. Раскоп на паселішчы Бароўка ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.
Да арт. Археалогія. Пантыкапей, рэшткі збудавання 2 ст. да н.э.

т. 1, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛОГІЯ

Археал. раскопкі на Беларусі пачаліся ў 1-й чвэрці 19 ст. Курганы паміж Магілёвам і Рагачовам, пазней каля Навагрудка і Ліды даследаваў Т.​Нарбут. З.​Даленга-Хадакоўскі склаў «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў», у якім сярод некалькіх тысяч археал. помнікаў каля 200 зафіксаваны на Беларусі (гарадзішчы ён лічыў свяцілішчамі). У сярэдзіне 19 ст. Я.​П.​Тышкевіч вывучаў курганы на Міншчыне, у 1855 на аснове сабраных матэрыялаў ён стварыў Віленскі музей старажытнасцей і пры ім Віленскую археалагічную камісію. Яго брат К.​П.​Тышкевіч даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчы і замчышчы Мінскай губ., склаў тапаграфічныя планы, першы сфармуляваў канкрэтныя задачы раскопак. Археал. раскопкі праводзілі А.​Г.​Кіркор, Е.​Р.​Раманаў, У.​З.​Завітневіч, Ф.​В.​Пакроўскі, В.​А.​Шукевіч, К.​А.​Гаворскі, І.​І.​Далгоў, М.​Ф.​Кусцінскі, М.​М.​Турбін, Р.​Г.​Ігнацьеў, Г.​Х.​Татур, М.​П.​Авенарыус, Ф.​Л.​Вярэнька, З.​Глогер, М.​В.​Фурсаў, С.​Ю.​Чалоўскі і інш. На развіццё археал. даследаванняў на Беларусі істотна паўплываў 9-ы археал. з’езд, які праходзіў у Вільні ў 1893. Нягледзячы на пэўныя поспехі, тагачасныя археал. даследаванні на Беларусі мелі аднабаковы характар: вывучаўся амаль выключна адзін від помнікаў — курганы, характэрнай рысай археалогіі быў яе краязнаўчы характар.

Інтэнсіўныя археал. даследаванні пачаліся ў 1920-я г. У 1921 пры Наркамаце асветы БССР створана навукова-тэрміналагічная камісія, якая займалася выяўленнем і ўлікам археал. помнікаў. Іх планамернае вывучэнне ў 1925 пачала гісторыка-археал. камісія Інстытута беларускай культуры, дзе ў 1927 адкрыта кафедра археалогіі. У 1929 яна пад назвай археал. камісіі ўвайшла ў склад Ін-та гісторыі АН Беларусі, у 1932 перайменавана ў секцыю археалогіі. Археал. даследаваннямі на Беларусі ў 1920—30-я г. кіраваў А.​М.​Ляўданскі. К.​М.​Палікарповіч выявіў і даследаваў стаянкі эпохі палеаліту (у Бердыжы. Падлужжы і Юравічах), мезаліту, неаліту і бронзавага веку. Значны ўклад у развіццё археалогіі Беларусі зрабілі С.​А.​Дубінскі, А.​Дз.​Каваленя, А.​І.​Сербаў, М.​М.​Улашчык, С.​С.​Шутаў і інш. Асобныя археал. даследаванні праводзіліся і на тэр. Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут найб. значныя вынікі пры раскопках атрымалі У.​Антаневіч, У.​Галубовіч, Г.​Цэгак-Галубовіч, Я.​Савіцкі, С.​Крукоўскі, Ю.​Ядкоўскі, З.​Шміт, З.​Дурчэўскі, М.​Федароўскі, Р.​Якімовіч і інш. Вял. страты панесла навука ў 1930-я г., калі былі рэпрэсіраваны і загінулі вядучыя бел. археолагі, у т. л. Ляўданскі, Дубінскі, Каваленя.

У пасляваенны час археал. вывучэнне Беларусі праводзілі супрацоўнікі сектара археалогіі, створанага ў 1944 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Бел. вучоныя ўстанавілі, што засяленне тэр. Беларусі пачалося з сярэдняга палеаліту, г.зн. 100—40 тыс. г. назад, выявілі каля 640 помнікаў каменнага і 670 бронзавага вякоў гал. чынам на Палессі, Пасожжы і Панямонні, дэталёва даследавалі 30 мезалітычных, 78 неалітычных помнікаў, 18 могільнікаў бронзавага веку ў Верхнім Падняпроўі; вылучылі археал. культуры: свідэрскую, грэнскую, сожскую, нёманскую, днепра-данецкую, верхнедняпроўскую, дзяснінскую, нарвенскую, грабеньчата-ямкавай керамікі; шнуравой керамікі і інш. (У.​Дз.​Будзько, Э.​М.​Зайкоўскі, У.​Ф.​Ісаенка, А.​Г.​Калечыц, В.​Ф.​Капыцін, М.​М.​Крывальцэвіч, У.​П.​Ксяндзоў, В.​Я.​Кудрашоў, В.​Л.​Ліпніцкая, М.​М.​Чарняўскі, І.​М.​Язэпенка і інш.).

У 1950—2000-я г. мэтанакіраванае вывучэнне помнікаў ранняга жалезнага веку праводзілі В.​Г.​Белявец, Г.​М.​Бяліцкая, В.​С.​Вяргей, М.​Ф.​Гурын, А.​І.​Драбушэўскі, Н.​М.​Дубіцкая, А.​А.​Егарэйчанка, А.​У.​Ільюцік, Ю.​У.​Каласоўскі, В.​Б.​Караткевіч, М.​І.​Лашанкоў, А.​Р.​Мітрафанаў, А.​М.​Мядзведзеў, П.​М.​Падгурскі, Л.​Д.​Побаль, В.​І.​Шадыра, К.​П.​Шут і інш. Выказваюцца розныя меркаванні пра засяленне тэр. Беларусі ў жалезным веку: на думку адных вучоных, на мяжы нашай эры тут фарміраваліся славяне, на думку другіх, да 6—8 ст. н.э. тут жылі балцкія плямёны.

Даследаванні бел. археолагаў у 1960—80-я г. далі магчымасць прасачыць працэс фарміравання ўсх.-слав. племянных аб’яднанняў — дрыгавічоў, полацкіх крывічоў, радзімічаў, якія сталі этнічнай асновай бел. народнасці. Бел. даследчыкі вывучалі гарады эпохі Кіеўскай Русі — Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск, Тураў, Друцк, Брэст, Ваўкавыск, Лукомль, Слуцк, Клецк, Заслаўе, Гродна, Гомель, Крычаў і інш. (Т.​С.​Бубенька, Ю.​І.​Драгун, Э.​М.​Загарульскі, Я.​Г.​Звяруга, Л.​У.​Калядзінскі, П.​Ф.​Лысенка, А.​А.​Макушнікаў, А.​А.​Мяцельскі, В.​С.​Пазднякоў, В.​Р.​Тарасенка, Г.​В.​Штыхаў і інш.); сельскія пасяленні і курганы (У.​У.​Багамольнікаў, А.​А.​Башкоў, А.​В.​Вайцяховіч, С.​Дз.​Дзярновіч, Л.​У.​Дучыц, А.​В.​Іоў, Т.​М.​Каробушкіна, А.​В.​Квяткоўская, В.​І.​Кошман, Г.​В.​Ласкавы, С.​А.​Піваварчык, А.​М.​Плавінскі, Я.​Р.​Рыер, Г.​М.​Семянчук). З сярэдзіны 1970-х г. пачалося спец. археал. вывучэнне матэрыяльнай культуры бел. гарадоў 14—18 ст. (Д.​У.​Дук, Ю.​А.​Заяц, В.​М.​Ляўко, В.​Е.​Собаль, С.​В.​Тарасаў, М.​А.​Ткачоў, З.​С.​Пазняк). Даследаваны археал. помнікі 14—18 ст., замкі, гарады і мястэчкі Езярышча, Ашмяны, Свіслач, Сураж, Смаляны, Стрэшын, Магілёў, Ліда, Лоск, Маладзечна, Дзісна, Глуск, Мір, Горы і інш. (Р.​В.​Баравы, Ш.​І.​Бекцінееў, Ю.​М.​Бохан, І.​У.​Ганецкая, В.​Я.​Зайцава, Н.​І.​Здановіч, М.​В.​Клімаў, А.​К.​Краўцэвіч, А.​М.​Кушнярэвіч, І.​А.​Марзалюк, П.​А.​Русаў, Г.​А.​Сагановіч, І.​І.​Сінчук, А.​А.​Трусаў, І.​М.​Чарняўскі, В.​У.​Шаблюк).

У 1980 на базе сектара археалогіі ў складзе Ін-та гісторыі АН Беларусі створаны аддзел археалогіі з сектарамі, у 1986 3 сектары пераўтвораны ў аддзелы: першабытнай археалогіі, сярэдневяковай археалогіі і археалогіі даследаванняў зон новабудоўляў; у 1991 створаны аддзел археалогіі жалезнага веку. Археал. помнікі Беларусі даследавалі таксама супрацоўнікі аддзела археал. даследаванняў НДІ «Белспецпраектрэстаўрацыя», БДУ, Гомельскага, Гродзенскага і Магілёўскага ун-таў, Нац музея гісторыі і культуры Беларусі, Гродзенскага гісторыка-археал. музея, Ваўкавыскага ваенна-гіст. музея, Віцебскага, Брэсцкага, Гомельскага, Магілёўскага абл. краязнаўчых музеяў і інш. Археал. помнікі Беларусі розных перыядаў вывучалі супрацоўнікі Ін-та археалогіі Рас. АН (А.​М.​Абломскі, Л.​В.​Аляксееў, І.​І.​Арцёменка, М.​М.​Варонін, Ф.​Д.​Гурэвіч, Н.​М.​Гурына, М.​К.​Каргер, У.​Ю.​Кухарэнка, М.​А.​Лапацін, М.​У.​Малеўская, В.​М.​Мельнікоўская, П.​А.​Рапапорт, Г.​Ф.​Салаўёва, Э.​А.​Сымановіч, З.​М.​Сяргеева, К.​В.​Паўлава, В.​Б.​Перхаўка, У.​Я.​Яроменка і інш.), кафедры археалогіі С.-Пецярбургскага ун-та (В.​А.​Булкін і інш.). В.​В.​Сядоў стварыў тэорыю субстратнага паходжання беларусаў у працэсе асіміляцыі балтаў славянамі, які пачаўся ў 7—8 ст. н.э. Дасягненні археолагаў у вывучэнні мінулага Беларусі абагульнены ў шматлікіх манаграфіях, а таксама ў калектыўных працах «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 1—2, 1970—72), «Беларуская археалогія: Дасягненні археолагаў за гады Савецкай улады» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1—4, 1997—2001).

Літ.:

Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Вяргей В.С. Археалагічная навука ў БССР, 1919—1941 гг. Мн., 1992;

Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси, XVI в. — 30-е годы XX в. Мн., 1996;

Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыкл. Мн., 1993.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 18, кн. 2, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)