Травя́нка ’качка-шыраканоска, Anas clypeata L.’ (Маш.; брагін., Федз.–Доўб.; Мат. Гом.), ’чырок-свістунок, Anas crecca L.’ (лельч., Нікан.). Да травяны́ < трава́ (гл.). Названа паводле месца знаходжання (у чаротах, берагах, пакрытых травой). Параўн. укр. дыял. травʼя́нка ’чакан лугавы, Saxicola rubetra L.’ польск. trzciniak, каш. strzimk, славін. střïnka ’чарацянка’, lozówka, rokitniczka і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Траску́н ‘жук сямейства лістаедаў, Chrysomelidae’ (ТСБМ). Сюды ж traskunczyk ‘сініца, Parus L.’ (Арх. Федар.), у спалучэнні чыро́к‑траскуно́к ‘птушка Anas guerguedula’ (Цярохін, Охота). Да трэск, трашчаць (гл.) паводле выдаваных гукаў, параўн. ЕСУМ, 5, 623, 645. Апошняя назва, відаць, запазычана з рус. чиро́к трескуно́к ‘тс’, параўн. таксама ўкр. чиро́к тріскуно́к пры дыял. тріскунка, трускуняць (ЕСУМ, 5, 659).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГУСЕПАДО́БНЫЯ,
пласціністадзюбыя (Anserformes), атрад вадаплаўных птушак. 2 сям.: паламедэі (Anhimidae, 2 роды, 3 віды; жывуць у Паўд. Амерыцы па ўзбярэжжах мелкаводных вадаёмаў) і качыныя (43 роды, 147 відаў, пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды). У сям. качыных 3 падсям.: паўлапчатыя гусі, гусіныя (лебедзі, казаркі, гусі, дрэвавыя качкі) і качыныя (крахалі, пяганкі, качкі). У Чырв. кнізе МСАП 15 відаў гусепадобных. На Беларусі 30 відаў з сям. качыных, з іх 14 відаў гняздуюцца, 11 пралётных, 5 выпадкова залётных. У Чырв. кнігу занесена 8 відаў: белавокі нырэц, свіязь, шылахвостка, вялікі і даўгадзюбы крахалі, звычайны гогаль (гл. Гогаль), лебедзь-шыпун, чырвонаваллёвая казарка.
Даўж. цела гусепадобных 38—180 см, маса ад 300 г (чырок-траскунок) да 13 і больш кг (лебедзь-шыпун). Цела ўкрыта густым пухам і пер’ем і змазваецца сакрэтам копчыкавай залозы. Афарбоўка разнастайная, розная ў самцоў і самак. Шыя доўгая, ногі кароткія, з плавальнай перапонкай. Дзюба падоўжаная, плоская. Большасць відаў — манагамы. Гняздуюцца парамі. Гнёзды каля вады на беразе або на вадзе сярод расліннасці, зрэдку ў дуплах дрэў і інш. Нясуць 2—15 яец. Вывадкавыя птушкі. Корм раслінны і жывёльны. Многія — аб’екты палявання, птушкагадоўлі. Гл. таксама Гусі свойскія.
Л.В.Кірыленка.
т. 5, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)