мінерал, аксід крэмнію, SiO2; адзін з самых пашыраных пародаўтваральных мінералаў зямной кары. Крышт. мадыфікацыі: трыганальная (α-К., устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-К., устойлівы вышэй 573 °C). Крышталі прызматычныя ці дыпірамідальныя, часта ўтвараюць зросткі.Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Колер разнастайны: бясколерны К. — горны хрусталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Празрысты. Цв. 7. Крохкі. Шчыльн. 2,65 г/см³. П’езаэлектрычны. Паходжанне пераважна эндагеннае. Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прам-сці, монакрышталі К. — у оптыцы і як п’езаэлектрычны матэрыял, афарбаваныя разнавіднасці К. — у ювелірнай справе. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НТЭЗ МІНЕРА́ЛАЎ,
штучнае атрыманне мінералаў і монакрышталёў; адзін з раздзелаў эксперымент. мінералогіі. Ажыццяўляецца рознымі метадамі з аднакампанентных і многакампанентных сістэм.Крышталізацыя з расплаву — найб. пашыраны працэс прамысл. вырошчвання крышталёў і мінер. злучэнняў: карунд і яго разнавіднасці, рутыл, фабуліт, шпінэлі, флюарыт, александрыт, гранаты і інш.Крышталізацыя з насычаных раствораў адбываецца пры т-рах 30—600 °C — з водных раствораў (гідратэрмальны метад), 600—1400 °C — з солевых і інш. раствораў-расплаваў пры розных цісках (напр., пры сінтэзе алмазаў некалькі гігапаскаляў). Гэтым метадам атрымліваюць кварц (зялёныя і блакітныя крышталі, аметыст, цытрын), кальцыт, берлініт, цынкіт, карунд і яго разнавіднасці, сфалерыт, садаліт, кінавар і інш.Крышталізацыя з паравой (газавай) фазы адбываецца праз кандэнсацыю з малекулярных або плазменных пучкоў, катоднае або высокачастотнае распыленне, сінтэз у замкнёных аб’ёмах або ў патоку інертных газаў. Гэтым метадам вырабляюць галеніт, паратэлурыд і інш. Існуюць таксама метады хім. асаджэння з раствораў (напр., сінтэз апалу), цвердафазных рэакцый з прасаваннем пры высокіх цісках (напр., атрыманне бірузы, жадэіту). Гл. таксама Мінералы штучныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТО́ЎНЫЯ КАМЯНІ́,
бясколерныя або прыгожа афарбаваныя мінералы (пераважна крышталі), якія маюць яркі бляск, вял. святлорассеянне, празрыстасць, высокую цвёрдасць (6—7 і больш па шкале Моаса) і хім. інертнасць, чысціню тону афарбоўкі, аднароднасць колеру ці арыгінальныя светлавыя эфекты, здольныя прымаць агранку. Умоўна падзяляюцца на 4 парадкі (класы); I — алмаз, ізумруд, рубін, сапфір сіні; II — александрыт, чорны апал, сапфіры зялёны, фіялетавы, аранжавы, высакародны жадэіт; III — аквамарын, тапаз, турмалін, дэмантоід, шпінель, апалы белы і вогненны; IV — біруза, хрызаліт, аметыст, цыркон, кунцыт, берылы жоўты, зялёны, ружовы, піроп, альмандзін, цытрын, хрызапраз. Да К.к. адносяць таксама мінер. ўтварэнні арган. паходжання — жэмчуг, бурштын. Маса К.к. вымяраецца ў каратах (0,2 г), жэмчугу — у гранах (0,25 карата). Паходжанне К.к. звязана з эндагеннымі і эказагеннымі працэсамі. Радовішчы ёсць у многіх краінах свету. Акрамя прыродных вырабляюць сінт. К.к. (алмаз, рубін, сапфір і інш.). Выкарыстоўваюцца ў дарагіх ювелірных вырабах. К.к. 1-га парадку ўваходзяць у актывы нац. банкаў дзяржаў свету.
У.Я.Бардон.
Да арт.Каштоўныя камяні. Вогненны апал.Да арт.Каштоўныя камяні. Чэхія. Святавацлаўская карона (аздабляюць сапфіры, чырвоныя шпінэлі, рубін, жэмчуг і дробныя ізумруды).