НАМІ́ТКА, павойнік, хуста, сярпанка,

даўні галаўны ўбор замужніх жанчын на Беларусі. Складаўся з уласна Н. — тонкага белага кужэльнага палатна (ручніка) 30—60 см шырынёй, ад 2,3—2,6 да 5 м даўжынёй, абматанага паверх чапца і тканкі (лямец, кібалка). Вядома каля 30 спосабаў абмотвання Н. Часам абодва яе канцы завязвалі ззаду (магілёўскі строй), над ілбом ці па баках (капыльска-клецкі строй); найчасцей адзін канец праходзіў пад барадой і драпіраваўся над плячом, а другі спадаў на спіну. Часта Н. замацоўвалі доўгімі шпількамі, тады яе можна было здымаць, як шапку. Канцы Н., іншы раз і край над ілбом аздаблялі арнаментам (вышыўка ці натыканне), карункамі, мохрыкамі (пухавіцкі строй, маларыцкі строй, кобрынскі строй). Святочную Н. аздаблялі зелянінай, букетам штучных ці жывых кветак, папяровым веерам (ляхавіцкі строй), кветкамі вяргіні (пінска-івацэвіцкі строй), пер’ем (кобрынскі строй), маляўнічай каробачкай з 2 «рожкамі» — пукамі фарбаванага пер’я (касцюм свацці ў маларыцкім строі). Першы раз у Н. ўбіралі нявесту на вяселлі (абрад «ачэпін»), пасля чаго жанчына не выходзіла на людзі без яе. Найдаўжэй бытавала на Палессі (да 1950-х г.). Іл. гл. таксама ў арт. Галаўныя ўборы.

М.​Ф.​Раманюк.

Жанчыны ў святочных уборах з наміткамі. Вёска Варатынічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скут ‘скрутак, кавалак палатна, прызначаны для бялення’ (Касп.; астрав., глыб., шуміл., калінк., Сл. ПЗБ; Уладз.; сен., Сл. нар. фраз.; ЛА, 4, Нік. Очерки), ‘кавалак, абрэзак палатна’ (Сл. рэг. лекс.), ску́так ‘акравак; скрутак палатна’ (глыб., Сл. ПЗБ), ‘палатно, якім кума пакрывала дзіця пры абрадзе хрышчэння’ (хойн., Арх. ГУ), скуто́к ‘скрутак палатна’ (Сцяшк. Сл.). Укр. дыял. скут ‘жаночае зімовае паліто на ваце’, ц.-слав. скутъ Бярында тлумачыць одѣ(н)е, а Зізаній ве(р)хнее одѣніе, рус. паўн.-усх. ску́ты ‘цёплыя анучы’, ст.-рус. скутъ ‘кавалак тканіны; верхняя вопратка’, старое н.-луж. skut ‘шматок, акравак’, серб.-ц.-слав. ску̑тъ ‘крысо адзежы’, серб.-харв. ску̑т ‘край, падол’, балг., макед. скут ‘крысо, шляк адзежы’. Прасл. *skutъ. Лічыцца запазычаннем з ст.-герм.; параўн. гоц. skaut(s) ‘край, вугал, шляк’, ст.-ісл. skauti м. ‘чатырохвугольны кавалак тканіны’, нарв. skaut ‘жаночая хустка’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 201; Праабражэнскі, 2, 316; Фасмер, 3, 663; Скок, 3, 275. Брукнер (186) супастаўляў славянскае слова з хуста (гл.) і літ. skíautė ‘аскравак, абрэзак’, Фасмер (там жа) лічыць гэта непрымальным, як і версію Даля і Кіпарскага (там жа) з хутаць (гл.), што вельмі верагодна, параўн. скутаць ‘ухутаць, уцяпліць’ (Нас.) пры сувой (да віць, гл.) ‘скрутак палатна’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 812–813. Лінгвагеаграфія і семантыка не даюць падстаў лічыць запазычаннем з літ. skùtas ‘кавалак палатна’, як гэта мяркуюць аўтары Сл. ПЗБ (4, 474).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)