БРАНКО́ВІЧ (Ніна Несцераўна) (н. 18.11.1951, в. Хрыса Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. спявачка (альт). Засл. арт. Беларусі (1992). Скончыла Брэсцкае муз. вучылішча (1973). З 1974 у квартэце «Купалінка» (з 1976 у складзе фалькл.-харэагр. ансамбля «Харошкі»), у 1987—96 у Бел. філармоніі. Манеры выканання спявачкі найб. блізкія бел. нар. песні лірычнага плана («Каля майго церама», «Павей, ветрык», «Шумяць вербы», «Зялёны гай», «Купалялё»). У складзе квартэта зрабіла шмат запісаў на радыё і грампласцінкі, у т. л. кампакт-дыск (Парыж, 1995).

т. 3, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА,

вялікі выканальніцкі калектыў, які складаецца з харэагр. і аркестравай груп і мае на мэце прапаганду харэагр. фальклору, развіццё нар.-сцэнічнага танца. У рэпертуары танцы, тэматычныя харэагр. кампазіцыі, сюжэтныя пастаноўкі з элементамі тэатралізацыі. Першы прафес. ансамбль танца — Ансамбль народнага танца Расіі (1937). На Беларусі найб. вядомыя калектывы падобнага тыпу: Ансамбль танца Мінскага клуба КІМ пад кіраўніцтвам К.Алексютовіча (1926—30), танц. калектыў пад кіраўніцтвам А.Рыбальчанкі (з 1936), Дзяржаўны ансамбль танца Рэспублікі Беларусь (з 1959), харэагр. ансамблі «Харошкі», «Чараўніцы» і інш., шматлікія самадз. калектывы.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРУТУ́ХА»,

бел. нар. танец, разнавіднасць полькі. Муз. памер ​2/4. Тэмп хуткі. У працэсе танца 2 юнакі і 2 дзяўчыны бяруцца накрыж за рукі ці кладуць іх адзін аднаму на плечы і ідуць па крузе, падскокваючы, прытупваючы і прыпяваючы. Сцэн. варыянт «К.» ўвайшоў у рэпертуар харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У працы «Люд беларускі» М.​Федароўскага змешчаны запісы мелодыі танца «Круцёлка» і прыпеўка да яго, зробленыя ў канцы 19 ст. на Гродзеншчыне, аднак з-за адсутнасці харэаграфічнага апісання нельга меркаваць, ці быў ён ідэнтычны «К.».

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 8, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУПА́ЛІНКА»,

жаночы вакальны квартэт. Існаваў у 1966—87. Створаны пры Дзярж. нар. хоры Беларусі па ініцыятыве Г.​Цітовіча. З 1976 у складзе харэаграфічнага ансамбля «Харошкі». У розныя гады ў ім працавалі В.​Антонава, В.​Марозава, Н.​Баканава, Н.​Бранковіч, Н.​Гумянюк, А.​Цялькова. Рэпертуар «К.» ўключаў апрацоўкі бел. нар. песень (каляндарна-земляробчых, любоўна-лірычных, сямейна-быт., жартоўных), арыгінальныя творы бел. кампазітараў. Квартэт вылучаўся высокай вак. тэхнікай і выканальніцкай культурай, дакладнасцю ў перадачы стылявых асаблівасцей розных фалькл. жанраў. У 1983 на бел. тэлебачанні зняты фільм-канцэрт «Купалінка».

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТАЛА́ПАЎ (Анатоль Міхайлавіч) (н. 20.7.1948, г. Магілёў),

бел. танцоўшчык і музыкант. Засл. арт. Беларусі (1983). З 1970 артыст балета Дзярж. нар. хору Беларусі, з 1974 фальклорна-харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», з 1988 у Бел. дзярж. ансамблі нар. музыкі «Свята». Разнапланавы характарны танцоўшчык і музыкант. Тэмпераментна і маляўніча выконвае розныя сола ў пастаноўках калектыву, у т. л. сола на акарыне ў нар. песнях «Калі каліна не цвіла», «Пасею гурочкі», «Песні-баладзе» ў апрацоўках В.​Купрыяненкі, танец з гармонікам у сюжэтнай харэагр. кампазіцыі «Спаборніцтва музыкаў» і інш.

т. 8, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКІ (Леанід Віктаравіч) (н. 1.5.1943, в. Харошкі Магілёўскай вобл.),

бел. мастак, педагог. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Вучыўся ў А.​Бараноўскага, І.​Стасевіча. З 1978 выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы. Удзельнік маст. выставак з 1979. Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычнай карціны. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, каларыстычнай згарманізаванасцю, манументальнасцю. Аўтар карцін «Свежы вецер», «Нарачанскі краявід», «Вясковая дарога», «Ля мёртвага возера», «Стары парк», «Наваградак», «Свята», «Раўбічы», «Вечар», «Наваградскі краявід», «Успаміны», «Кветкі» і інш., напісаных у 1980—90-я г.

М.​М.​Купава.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́ВА (Антаніна Аляксееўна) (24.12.1924, г. Талдам Маскоўскай вобл. — 24.7.1993),

бел. мастак кіно, жывапісец. Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыла Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1951). Працавала ў Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы, Белдзяржкіно, на камбінаце Бел. тэатр. т-ва. Мастак фільмаў: «Чэмпіён свету», «Палеская легенда» і «Пасеялі дзяўчаты лён» (эскізы касцюмаў). У 1960—70-я г. распрацоўвала нац. сцэнічныя касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Харошкі», «Равеснік», «Раніца», «Нёман», «Палескія зоры», «Лявоніха», «Маладосць», для хору Цітовіча. Жывапісныя работы: «На рэпетыцыі» (1958), «Сябры» (1960), «Пачатак вясны» (1961), «Флёксы» (1962).

А.​М.​Замай.

А.Бялова. Сцэнічныя касцюмы для фальклорных калектываў. 1977.

т. 3, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗМІ́ТРЫЕВА-БА́ЛАШ (Ганна Яраславаўна) (н. 27.5.1964, Мінск),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вучылася ў творчай майстэрні В.​Ф.​Сумарава (1972—78), скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1987). Працуе ў галіне тэкстылю і мадэліравання. Стварае аб’ёмныя тэкст. кампазіцыі з выкарыстаннем тэхнік габелена, ціснення па скуры, вышыўкі, аплікацыі, калажу, жывапісу і інш.: «Цар-царыца» (1987), «Салавей і ружа» (1996), «Дзівосная краіна» (1997), «Раніца ў Венецыі», «Мурашыная каралева», «Развітанне славянкі» (усе 1990-я г.; з С.​Даманавай), пано «Мой горад» (1997). Мастак-пастаноўшчык тэлефільма «Пастка для зубра» (1992—94). Аформіла сцэн. касцюмы ансамблям «Харошкі», «Крупіцкія музыкі», «Камерата» і інш.

Г.Дзмітрыева-Балаш. Кампазіцыя «Развітанне славянкі». 1997.

т. 6, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЛІ́ШЫН (Юрый Васілевіч) (н. 23.2.1956, г.п. Валавец Закарпацкай вобл., Украіна),

бел. танцоўшчык, балетмайстар. Засл. арт. Беларусі (1995). Скончыў культасветвучылішча ў г. Хуст Закарпацкай вобл. (1974). Працаваў на Украіне: у 1974—77 у Закарпацкім нар. хоры, у ансамблі Закарпацкай ваен. акругі, у 1978 саліст балета Укр. нар. хору імя Р.​Вяроўкі. У 1977 у Дзярж. ансамблі танца Беларусі, ансамблі «Харошкі». З 1979 у Дзярж. акад. нар. хоры Рэсп. Беларусь імя Г.​Цітовіча, з 1996 балетмайстар. Выканаў сольныя партыі танцаў «Лявоніха», «Вілейскія кавалеры», «Дзяўчына з Палесся», «Таўкачы», «Прысюды», вак.-харэагр. кампазіцыі «На зямлі беларускай». Творчая манера адметная віртуознасцю, вытанчанай пластычнасцю, высокай культурай выканання, шырокім выкарыстаннем складаных танц. элементаў. Паставіў вакальна-харэаграфічную кампазіцыю «Жніўная» (1999).

т. 12, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЯВА́Я (Валянціна Іванаўна) (н. 22.7.1936, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія),

бел. балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1989). Скончыла Вышэйшую прафсаюзную школу ВЦСПС у Ленінградзе (1965). З 1967 кіраўнік дзіцячай харэагр. студыі ў Магілёве, з 1973 балетмайстар Бел. філармоніі. З 1974 маст. кіраўнік і гал. балетмайстар створанага ёю (з М.​Дудчанкам) бел. дзярж. харэагр. ансамбля «Харошкі». Пастаўленыя ёю бел. нар. танцы, вак.-харэагр. кампазіцыі, варыяцыі на тэмы гіст. абрадаў, гіст. балет «Па старонках «Полацкага сшытка», цыкл харэагр. мініяцюр «Бывай, 20 стагоддзе!», заснаваны на гар. фальклоры 19 ст., і інш. прывабліваюць спалучэннем нар. пластыкі з сучаснай экспрэсіяй; у іх адлюстраваны ўласныя назіранні балетмайстра над нар. абрадамі, танцамі, адзеннем у розных этнагр. рэгіёнах Беларусі. Паставіла танцы ў оперы «Новая зямля» Ю.​Семянякі (1982).

В.І.Гаявая.

т. 5, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)