choleryk

м. халерык

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

Прыпа́дак1, припа́док, прыпа́дък, пріпа́дък, пріпа́дык ’раптоўны прыступ якой-небудзь хваробы; падучая хвароба, эпілепсія’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.; мазыр., Нар. Гом.; брасл., шуміл., нараўл., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), прыпа́дык ’тс’, прапа́дак ’эпілепсія’, мн. л. прыпа́дкі, прыпа́ткі, прыпа́дкы, прыпа́ткы ’тс’ (Сл. ПЗБ, Мат. Маг., ЛА, 3), пріпа́дык ’прыпадак, прыступ эпілепсіі’ (Бяльк.), прыпа́дны ’хворы на эпілепсію; халерык, істэрык’ (Янк. 1), пры́падзь ’разнастайныя нервовыя прыпадкі, галоўнай прычынай якіх з’яўляецца спалох’ (Шат.). Рус., укр. припа́док ’раптоўны прыступ хваробы; рэзкае, моцнае праяўленне чаго-небудзь’, рус. дыял. ’істэрычная хвароба ў жанчын’, ’хвароба; бяда; няшчасце’. Да прыпада́ць, падаць (гл.); дэрыват з суф. ‑ак, да семантыкі параўн. падучая хвароба, падучка (гл.). Параўн. Мяркулава, Этимология–1967, 164.

Прыпа́дак2, прыпа́док ’выпадак; прыгода’ (Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мат. Гом., ТС), са звужэннем семантыкі прыпа́дак ’страта’ (шчуч., Сл. ПЗБ), прыпа́дкам ’выпадкова, нечакана’ (Нас., Байк. і Некр.), прыпа́дны ’які як раз падыходзіць, выгадны’ (Нас.), пріпа́дым ’выпадкам’ (Бяльк.), прыпа́дкамі ’прыхваткамі’ (паст., Сл. ПЗБ). Сюды ж рус. дыял. (у Літве і Латвіі) припа́док ’няўдалы выпадак, няшчасце’, укр. припа́док ’выпадак’, припа́дком ’выпадкова’, польск. przypadek ’выпадак; выпадковасць’, przypadkiem ’выпадкова’, чэш. případ ’выпадак’, славац. prípad ’выпадак, прыгода’, в.-луж. připad, н.-луж. pśipad ’тс’. Арэальнае ўтварэнне ад прыпасці, прыпадаць ’выпадаць, здарацца’, параўн. ст.-бел. припалый ’які здарыўся, адбыўся’ (Ст.-бел. лексікон), якое, паводле прышлай версіі (Шустар-Шэўц, 2, 1178; Банькоўскі, 2, 943), калькуе лац. casus, ням. Zufall ’тс’. Паводле Кюнэ (Poln., 90), беларускае слова запазычана з польскай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЫШЭ́ЙШАЯ НЕРВО́ВАЯ ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

сукупнасць складаных фізіял. працэсаў у вышэйшых аддзелах кары вял. паўшар’яў і падкоркавых утварэннях галаўнога мозга, што забяспечваюць аптымальнае індывід. прыстасаванне чалавека і жывёл да зменлівых умоў знешняга і ўнутр. асяроддзя. Падпарадкоўваецца прынцыпам дэтэрмінізму, узаемаабумоўленасці, узаемасувязі, структураванасці і адбываецца праз аналіз усёй інфармацыі, вычляненне асобных кампанентаў і аб’яднанне іх у камбінацыі, якія ўзгадняюцца з акцэнтнай матывацыяй паводзін. Тэрмін уведзены І.П.Паўлавым як эквівалент паняцця «псіхічная дзейнасць», каб падкрэсліць адрозненні вышэйшай нервовай дзейнасці ад «ніжэйшай нерв. дзейнасці», што аперыруе наборам спадчынных, пастаянных, уласцівых усім прадстаўнікам дадзенага віду безумоўных рэфлексаў на прамую актывацыю спецыялізаваных рэцэптараў, яны каардынуюць узаемаадносіны паміж рознымі функцыян. сістэмамі, падтрымліваюць стабільны ўнутраны стан арганізма (гамеастаз): узровень крывянога і асматычнага ціску, анкатычнага ціску, т-ры цела, колькасць глюкозы ў крыві і інш. Больш складаныя формы рэфлексаў — інстынкты — таксама з’яўляюцца выражэннем генетычна зафіксаванага вопыту папярэдніх пакаленняў.

Вышэйшая нервовая дзейнасць узнікае ў ходзе эвалюцыі на аснове «ніжэйшай нерв. дзейнасці», кантралюе яе і будуецца на аснове ўмоўных рэфлексаў, якія выпрацоўваюцца на працягу жыцця асобіны. З яе развіццём набываецца здольнасць адказваць на непасрэдныя дзеянні стымулаў (болевых, харчовых, палавых і інш.), на аддаленыя іх прадвеснікі, выдзяляць фармальную суадноснасць паміж патрэбнасцю і абставінамі, якія заканамерна папярэднічаюць яе рэалізацыі. Раздражняльнікі становяцца ўмоўнымі або сігналамі, якія ўключаюць адаптыўныя паводзіны праз сувязь паміж нейронамі, што ўспрымаюць умоўны раздражняльнік і ўваходзяць у дугу безумоўнага рэфлексу. У процілегласць безумоўным умоўныя рэфлексы зменлівыя, часовыя, утвараюцца і знікаюць з дапамогай розных відаў прыроджанага і набытага тармажэння. Яны пастаянна ўскладняюцца і ўдасканальваюцца, што пашырае адаптыўныя магчымасці індывіда да падзей знешняга асяроддзя.

Матэрыяліст. ідэя аб рэфлекторнай прыродзе псіхічных працэсаў выказана І.М.Сечанавым у кн. «Рэфлексы галаўнога мозга» (1863). Далейшая яе распрацоўка належыць Паўлаву, які стварыў метад вывучэння вышэйшай нервовай дзейнасці ў хранічным эксперыменце і выявіў прынцыповыя яе заканамернасці. Значнасць прыроджаных і набытых формаў паводзін у працэсе анта- і філагенезу зменьваецца на карысць перавагі ўмоўных рэфлексаў. У чалавека ў дадатак да першай сігнальнай сістэмы ўзнікае другая сігнальная сістэма ў выглядзе мовы. Па суадносінах гэтых сістэм адрозніваюць 3 тыпы людзей: мысліцельны, мастацкі і сярэдні. Слова надзяляе вышэйшую нервовую дзейнасць здольнасцю да абстрагавання, абагульнення, мыслення, творчасці. Сіла, ураўнаважанасць і рухомасць працэсаў узбуджэння і тармажэння ляжаць у аснове асаблівасцей вышэйшай нервовай дзейнасці. Паўлаў вылучыў 4 варыянты яе: моцны, ураўнаважаны, рухомы (сангвінік); моцны, неўраўнаважаны, узбудлівы (халерык); моцны, ураўнаважаны, інертны (флегматык); слабы (меланхолік). Адно са складаных праяўленняў — дынамічны стэрэатып.

Вучэнне аб вышэйшай нервовай дзейнасці мае тэарэт. і шырокае прыкладное значэнне ў медыцыне, псіхалогіі, педагогіцы, кібернетыцы, арганізацыі працы і інш. сферах чалавечай дзейнасці. Сав. вучонымі распрацаваны тэорыі функцыян. сістэм (П.К.Анохін), паглыблены ўяўленні пра механізмы памяці і цэнтр. тармажэння (І.С.Берыташвілі), самарэгуляцыі мозга праз сімпатычную сістэму (Л.А.Арбелі), пра ўзаемаадносіны кары і ўнутр. органаў (К.М.Быкаў), кампенсацыі парушаных яе функцый (Э.А.Асрацян), выяўлены асаблівасці вышэйшай нервовай дзейнасці ў дзяцей у норме і паталогіі (А.Г.Іваноў-Смаленскі, М.І.Краснагорскі) і інш.

Літ.:

Орбели Л.А. Вопросы высшей нервной деятельности. М.; Л., 1949;

Павлов И.П. Полн. собр. соч. Т. 1—6. 2 изд. М., 1951—52;

Сеченов И.М. Рефлексы головного мозга. М., 1961;

Беленков Н.Ю. Условный рефлекс и подкорковые образования. М., 1965;

Физиология высшей нервной деятельности. Ч. 1—2. М., 1970—71;

Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975.

У.М.Калюноў.

т. 4, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)