скалістая раўніна ў зах. пустыні насупраць г.Фівы на Ніле (Верхні Егіпет). У перыяд Новага царства тут размяшчаўся царскі некропаль (з 1580 да н.э.). Грабніцы фараонаў высякаліся ў вапняку, кожнай з іх на беразе Ніла адпавядаў храм, дзе здзяйсняліся абрады, неабходныя для замагільнага дабрабыту цароў. Адкрыццё ў 1922 неразрабаванай грабніцы Тутанхамона ўпершыню прадэманстравала раскошу абсталявання падобных грабніц.
Даліна цароў. Насценная размалёўка грабніцы фараона.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙР-ЭЛЬ-БА́ХРЫ,
мясцовасць на зах. беразе Ніла ў Верхнім Егіпце насупраць г.Фівы, дзе паміж скаламі ўзведзены 2 пахавальныя храмы. Храм Ментухатэпа I, цара XI дынастыі (2050 да н.э.), складаўся з камернай грабніцы і піраміды, размяшчаўся ў дакладна спланаваным ансамблі з каланад і тэрас. Храм царыцы Хатшэпсут, XVIII дынастыі (1480 да н.э.) аналагічнай планіроўкі, але без піраміды; знакаміты сваімі рэльефамі, адзін з якіх выяўляе гандл. экспедыцыю ў Пунт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАПІ́Д (Pelopidas; каля 410 да н.э., г.Фівы, Грэцыя — 364 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 379 адзін з арганізатараў антыспартанскага дэмакр. перавароту ў Фівах. З 378 шмат разоў выбіраўся ў калегію гал.дзярж. чыноўнікаў (беатархаў) Беатыйскага саюза. Пад яго кіраўніцтвам фіванцы перамаглі спартанцаў каля Танагры (377), Тэгіры (375), Леўктраў (371). З 369 кіраваў ваен. дзеяннямі фіванцаў супраць Македоніі і тырана г. Фер Аляксандра; загінуў у бітве з ім каля Кінаскефалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫГО́НА,
у грэчаскай міфалогіі дачка фіванскага цара Эдыпа. Не пакінула сляпога бацьку і ў выгнанні. Пасля яго смерці вярнулася ў Фівы і насуперак забароне дзядзькі — цара Крэонта, пахавала брата Палініка, які загінуў у барацьбе за ўладу ў Фівах. За гэта была жывая замуравана ў каменную пячору, дзе скончыла самагубствам. Міф пра Антыгону выкарысталі ў л-ры Сафокл, Ж.Расін, Б.Брэхт, у музыцы К.В.Глюк, Ф.Мендэльсон, К.Сен-Санс і інш.
Антыгона. Фрагмент размалёўкі апулійскай амфары. 4 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМЕ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
спаборніцтвы, якія адбываліся ў Стараж. Грэцыі ў Немейскай даліне (у Аргалідзе, Пелапанес) каля храма Зеўса. Паводле падання засн. Адрастам, які ўзначаліў паход семярых супраць г.Фівы, ці Гераклам. Вядомы з 573 да н.э. Праходзілі адзін раз у 2 гады ў маладзік чэрвеня. У праграму гульняў уваходзілі спарт. і муз. спаборніцтвы. Арганізатарамі Н.г. былі жыхары г. Клеон, з 460 да н.э. — г. Аргас. Пераможцы ўзнагароджваліся вянкамі з аліўкавых галін, пазней — з сельдэрэю. Н.г. спыніліся ў 4 ст.н.э. пасля ўсталявання хрысціянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́НФСКАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні паміж кааліцыяй стараж.-грэч. гарадоў-дзяржаў (Фівы, Аргас, Карынф, Эліда, Акарнанія і інш.) на чале з Афінамі супраць Пелапанескага саюза на чале са Спартаю ў 395—387 да н.э. Выклікана імкненнем грэч. дзяржаў вызваліцца ад гегемоніі Спарты. Антыспартанскую кааліцыю падтрымала Персія, якая з 399 вяла вайну супраць Спарты. Пабудаваны за грошы Персіі ваен. флот пад камандаваннем афіняніна Конана нанёс у 395 каля в-ва Кнід паражэнне спартанцам. Баючыся ўзмацнення Афін ва ўмовах перамог антыспартанскай кааліцыі, Персія перайшла на бок Спарты. Эканамічна спустошаныя Афіны вымушаны былі прыняць прадыктаваны Персіяй Анталкідаў мір (387 ці 386), паводле якога Персія стала гал. арбітрам грэч. спраў, большасць грэч. дзяржаў атрымала аўтаномію, абмяжоўваліся дзеянні Афін, забараняліся ўсялякія саюзы (акрамя Пелапанескага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНА́К (стараж.-егіп.Іпет-Ісут),
комплекс храмаў 20 ст. да н.э. — канца 1-га тыс. да н.э. на тэрыторыі стараж.г.Фівы і гал.дзярж. свяцілішча ў перыяд Новага царства ў Егіпце. Вылучаўся складанай планіроўкай гіганцкіх арх. мас, пышным убраннем. Храм бога Амона-Ра (16—12 ст. да н.э., дабудоўваўся ў эліністычны і рым. перыяды) — чаргаваныя па падоўжнай восі вял. і малыя залы, двары з рознымі па часе ўзвядзення капэламі і храмікамі. Гал. славутасць К. — грандыёзная шматкалонная гіпастыльная зала з каляровымі рэльефамі на сценах і калонах. Кожны вял.буд. перыяд завяршаўся ўзвядзеннем вакол храма сцяны з 2 пілонамі на фасадзе, фланкіраванымі статуямі і абеліскамі. У комплексе храмы бога Хансу (12 ст. да н.э.), багіні Мут (16—15 ст. да н.э.), алея сфінксаў. Сярод дойлідаў К. — Аменхатэп Малодшы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НДАР (Pindaros; каля 518 да н.э., Кінаскефалы, каля г.Фівы, Грэцыя — каля 442 ці 438 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт; буйнейшы прадстаўнік харавой мелікі (лірыкі). Праславіўся эпінікіямі — гімнамі (па памерах — лірычныя паэмы) у гонар пераможцаў агульнаэлінскіх спарт. гульняў. З 17 кніг яго твораў захаваліся 4, якія ўключаюць 45 эпінікіяў. У іх роздум пра магутнасць багоў, міфічных герояў, продкаў пераможцаў, заклік да ўсебаковага развіцця закладзеных у чалавеку магчымасцей. Эпінікіі П. адметныя надзвычай складанымі сінтаксісам, метафорыкай, непрадказальнай асацыятыўнасцю. Яго стыль паўплываў на фарміраванне т.зв. піндарычнай оды ў еўрап. л-ры, а таксама філас. і духоўнага гімна ў вольных рытмах.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Античная лирика. М., 1968;
У кн.: Пиндар. Вакхилид: Оды. Фрагменты. М., 1980.
Літ.:
Гринбаум Н.С. Язык древнегреческой хоровой лирики: (Пиндар). Кишинев, 1973;
Синило Г.В. Гёльдерлин и Пиндар // Весн. БДУ. Сер. 4. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́МФІ́С (грэч. Memphis, егіп. Менефер ад назвы паселішча каля піраміды фараона Піопі I),
старажытнаегіпецкі горад на левым беразе Ніла (каля сучасных пасёлкаў Бедрахейн і Міт-Рахіне на. ПдЗ ад Каіра). Засн. ў пач. 3-га тыс. да н.э.Менесам пад назвай Белыя сцены (ад аднайм. крэпасці). У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) рэзідэнцыя фараонаў, буйны рэліг., паліт., культ. і рамесніцкі цэнтр Егіпта; захаваў сваё эканам. значэнне і пасля пераносу сталіцы ў Фівы (перыяд Сярэдняга царства). Набыў важнае стратэг. значэнне ў перыяд Новага царства ў сувязі з паходамі егіп. цароў у Сірыю і Палесціну. У перыяд элінізму з узнікненнем г.Александрыя (4 ст. да н.э.) страціў былое значэнне. Захаваліся руіны храма бога Пта (3-е тыс. да н.э.), сфінкс эпохі Новага царства, Серапеум (эліністычны час), 2 калосы Рамсеса II (13 ст. да н.э.). Некропалі М. з пірамідамі і грабніцамі цароў і знаці знаходзяцца паблізу сучасных Гізы, Сакары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІФАГАРЭІ́ЗМ,
філасофская плынь у ант. філасофіі 6—4 ст. да н.э., якая прызнавала лік як формаўтваральны прынцып усяго існага. Паўплывала на погляды Платона і неаплатанізм. Умоўна вылучаюць ранні П. (апошняя трэць 6—1-я пал. 5 ст. да н.э.), сярэдні П. (сярэдзіна — 2-я пал. 5 ст. да н.э.) і позні П. (1-я пал. 4 ст. да н.э.). Ранні П. звязваюць з арганізаваным Піфагорам у г. Кратоне піфагарэйскім «агульным таварыствам» (саюзам — навук,філас. згуртаваннем аднадумцаў (Парменікс, Перкопс, Алкмеон, Гіпас і інш.). Ранні П. зрабіў значны ўклад у распрацоўку прыродазнаўчанавуковых, матэматычных ведаў і пераадоленне міфалагічных поглядаў на Сусвет. У філас. плане ён зыходзіў з уяўлення аб ліку як «самым мудрым» і пануючым над усімі рэчамі. Быў выпрацаваны цэласны комплекс маральных норм, прынцыпаў узаемаадносін людзей у суполках. Піфагарэйцы распрацоўвалі тэорыю музыкі, праблемы матэматыкі і астраноміі, выводзілі сістэму ведаў пра свет як сукупнасць разгорнутых лікавых вызначэнняў (1 — абсалютнае, 2 — яго неаформленае, патэнцыяльнае раздзяленне, 3 — абстрактная і 4 — канкрэтная аформленасць абсалютнага і г.д.). У іерархіі каштоўнасцей на 1-е месца пастаўлена прыгожае і добрапрыстойнае; потым ішло выгаднае і карыснае, прыемнае. На рубяжы 6—5 ст. да н.э. адбыліся антыпіфагарэйскія паўстанні, а ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. Італійскі цэнтр П. разгромлены, яго прыхільнікі перасяліліся ў Тарэнт, Фівы, Фліунт і інш. Сярэдні П. звязаны з імёнамі Філалая (ведаў геаметрыю, астраномію, музыку, пакінуў шмат вынаходстваў), Эўрыта, батаніка Менестара, матэматыка Феадора, касмолагаў Экфанта і Гікета, скульптараў Паліклета і Гіпадама з Мілета У познім П. навук. веды канчаткова аддзяляліся ад філасофіі. Найб. вядомы яго прадстаўнік Архіт Тарэнцкі, матэматык і механік. У 4 ст. да н.э. П. як самастойная філас. плынь перастаў існаваць, але яго ідэі працягвалі ўплываць на грамадскую думку і светапогляд многіх мысліцеляў. У 1—3 ст.н.э. ідэі П. адрадзіліся ў выглядзе неапіфагарэізму.
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики (ранняя классика). М., 1963;
Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;
Чанышев АН. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.