ГРАВЮ́РА (франц. gravure),

1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.

2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.

Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.

Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст. Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.​Дзюрэр, Ж.​Кало, Рэмбрант, Дж.​Піранезі, Ф.​Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.​Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.​Зубаў, М.​Махаеў, С.​Галакціёнаў, А.​Ухтомскі, В.​Матэ, Г.​Астравумава-Лебедзева, А.​Краўчанка, У.​Фаворскі і інш.

На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.​Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.​Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.​Ангілейка, В.​Вашчанка, П.​Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.​Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.​Азямблоўскага, Н.​Орды, Я.​Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г. найб. пашырана ксілаграфія (А.​Астаповіч, З.​Гарбавец, Я.​Мінін, А.​Тычына, С.​Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.​Гембіцкі, М.​Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.​Малкін, Х.​Тыбер, лінагравюры — Я.​Горыд, літаграфіі — А.​Малярэвіч, Ф.​Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.​Асецкі, І.​Вішнеўскі, А.​Кашкурэвіч, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч; літаграфіі — А.​Дзямарын, Г. і Н.​Паплаўскія, В.​Шаранговіч; лінагравюры — С.​Герус, А.​Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.​Зайцаў; розных тэхніках — У.​Савіч, М.​Купава, А.​Лапіцкая, М.​Селяшчук, В.​Славук, Л.​Марчанка, Ю.​Герасіменка, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.​М.​Пікулік, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Гравюра. А.​Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.​В.​Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.
Да арт. Гравюра. К.​Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.
Да арт. Гравюра. В.​Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.
Да арт. Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ (ад псіха... + ...логія),

навука аб заканамернасцях развіцця і функцыянавання псіхікі як асаблівай формы жыццядзейнасці. Узаемадзеянне жывых істот з прадметным светам рэалізуецца пры дапамозе якасна адметных ад фізіял., але неаддзельных ад іх псіхічных працэсаў, актаў, станаў. П. вывучае сутнасць гэтых з’яў, дадзеных чалавеку ў форме непасрэдных перажыванняў і даступных пазнанню, дзякуючы здольнасці чалавека да саманазірання. Ва ўзаемадзеянні з інш. навукамі П. раскрывае ролю псіхал. фактараў у развіцці грамадства, працэсах кіравання, вызначае шляхі рацыяналізацыі розных відаў дзейнасці, навучання, выхавання, камунікацыі. Сярод фундаментальных праблем П. псіхафізіялагічная (узаемадзеянне псіхікі і яе цялеснага субстрату), псіхасацыяльная (залежнасць псіхікі ад сац. працэсаў і яе актыўная роля ў іх рэалізацыі асобамі і групамі), псіхапраксічная (фарміраванне псіхікі ў працэсе рэальнай практычнай дзейнасці і залежнасць дзейнасці ад яе псіхічных рэгулятараў — вобразаў, аперацый, матываў, асобасных уласцівасцей і інш.), псіхагнастычная (суадносіны паміж пачуццёвымі ці разумовымі псіхічнымі вобразамі і рэальнасцю) і інш. Тэарэт. П. неаддзельная ад сац. і грамадскіх патрэбнасцей, звязаных з задачамі стымулявання дзейнасці асобы і калектыву, адбору кадраў і інш. У ходзе распрацоўкі асн. праблем П. сфарміраваўся катэгарыяльны апарат, у якім вылучаюцца катэгорыі вобраза, матыву, дзеяння, асобы і інш. Асн. метады ў П. — назіранне і эксперымент, дапаможныя — метад экспертных ацэнак, апытанне, саманазіранне, тэставанне і інш. П. дзейнічае на скрыжаванні шматлікіх навук і служыць фундаментам для псіхал. галін: інжынерная псіхалогія, педагагічная псіхалогія, псіхалогія кіравання, псіхалогія працы, псіхалогія сацыяльная, псіхалогія творчасці, авіяцыйная, ваенная, гістарычная, дыферэнцыянальная, зоапсіхалогія, мед., нейрапсіхалогія, эканам., этнічная, юрыд. П. і інш. Асобнае месца ў П. займаюць даследаванні па аўтаматызацыі і кібернетызацыі працы, перадачы некат. функцый галаўнога мозга чалавека электронным устройствам (гл. «Штучны інтэлект») і ўкараненні найноўшых тэхналогій у псіхал. практыцы.

Узнікла ў Стараж. Грэцыі як навука пра душу (Дэмакрыт, Платон, Арыстоцель). Доўгі час уваходзіла ў філасофію, ад яе пачала адасабляцца ў 18 ст. Як самаст. навука аформілася ў 19 ст. Пачынальнік рацыяналіст. П. — Р.​Дэкарт. Яго тэорыя псіхафіз. ўзаемадзеяння стала філас. асновай ідэаліст. П. (гл. Псіхафізічная праблема). Уведзенае ім паняцце рэфлексу паўплывала на тэорыю рэфлекторнай прыроды псіхічнай дзейнасці І.​М.​Сечанава і даследаванняў вышэйшай нерв. дзейнасці І.​П.​Паўлава. У 1879 ням. псіхолаг В.​Вунт стварыў псіхал. лабараторыю, што дало пачатак развіццю эксперыментальнай П. У 18—19 ст. была спроба растлумачыць псіхічную дзейнасць з пазіцый механістычнага матэрыялізму: псіхічныя з’явы зводзілі да фіз.-хім. працэсаў (П.​Гольбах, К.​Гельвецый, Д.​Дзідро) або атаясамлівалі іх з фізіял. працэсамі (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот). У 20 ст. сав. П. распрацоўвала тэорыю грамадска-гіст. развіцця псіхічнай дзейнасці чалавека (Л.С.Выгоцкі, А.​Р.​Лурыя, А.​М.​Лявонцьеў). У зах. П. 20 ст. вызначыліся 3 асн. кірункі: біхевіярызм, гештальт-псіхалогія і псіхааналіз.

На Беларусі П. развівалася ў рэчышчы філасофіі, потым як частка сав. П. Значную ролю ў яе развіцці адыграў Выгоцкі, які ў 1923 стварыў псіхолага-пед. лабараторыю і кабінет эксперым. П. пры Гомельскім пед. вучылішчы. У 1923 у БДУ прапанавана навуч. праграма па П. (У.М.Іваноўскі). У 1925 пры Наркамаце працы адкрыта псіхатэхн. лабараторыя, дзе даследаваліся праблемы прафес. арыентацыі і прафес. кансультацыі. У 1947 у БДУ створана аддзяленне логікі, П. і рускай мовы, у 1950 — кафедра П. ў Мінскім пед. ін-це. У БДУ, Бел. пед. ун-це і інш. даследуюцца праблемы псіхічнага развіцця дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту, міжасобасных адносін у групах і калектывах, П. пед. дзейнасці, навучання замежным мовам і інш. (Б.​А.​Бенядзіктаў, А.​П.​Ерась, В.​М.​Кавалгін, Ф.​І.​Івашчанка, Я.​Л.​Каламінскі).

Літ.:

Леонтьев А.Н. Философия психологии: Из науч. наследия. М., 1994;

Годфруа Жо. Что такое психология: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1996;

Майерс Д. Псіхалогія: Пер. з англ. Мн., 1997;

Платонов К.К. Занимательная психология. 4 изд. СПб. и др., 1997;

Рубинштейн С.Л. Основы общей психологии. [2 изд.] СПб. и др., 1999;

Выготский Л.С. Психология. М., 2000.

Л.​А.​Кандыбовіч.

т. 13, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 1920—30-х гадоў.

Яго развіццю ў БССР спрыяла дзейнасць нар. маст. школы ў Віцебску, маст. студый у Віцебску, Магілёве (кіраўнік Ф.​Пархоменка), Гомелі, Оршы і Мінску (пад кіраўніцтвам Я.​Кругера, Г.​Віеру, А.​Тычыны), а таксама майстэрні М.​Філіповіча, Ф.​Сяргеева. Адначасова мастакі атрымлівалі адукацыю ў Вільні, Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Варшаве, Кракаве. На развіццё выяўл. мастацтва значна паўплывалі створаныя ў 1927 Усебел. асацыяцыя мастакоў (з філіяламі ў Віцебску, Гомелі, Маскве і Ленінградзе; у 1928 рэарганізавана ў Рэвалюцыйную арганізацыю мастакоў Беларусі) і аб’яднанне «Прамень», у якое ўваходзілі мінскія мастакі.

У Зах. Беларусі цэнтрам маст. жыцця была Вільня, дзе ў 1919 быў адроджаны Віленскі ун-т, пры Віленскай бел. гімназіі ў 1926—27 дзейнічала маст. студыя-майстэрня Я.​Драздовіча. Пошукі нац. адметнасці, уласцівыя бел. мастакам, у значнай ступені абапіраліся на традыцыі віленскай школы. Творчасць Б.​Кубіцкага, Ф.​Рушчыца, Л.​Сляндзінскага і інш. развівалася пад уплывам агульнаеўрап. плыней.

Адно з вядучых месцаў у мастацтве пач. 1920-х г. займалі агітацыйнае і афармленчае мастацтва. Эскізы размалёвак афармлення Віцебска ў 1918—19 выконвалі А.​Бразер, М.​Шагал, С.​Юдовін, Д.​Якерсон, а ў 1920-я г. — К.​Малевіч і члены арганізацыі «УНОВИС» В.​Ермалаева, М.​Коган, Л.​Лісіцкі, М.​Суэцін, І.​Чашнік і інш. Афармленнем Гомеля займаліся мастакі студыі імя Урубеля, у Мінску — М.​Цэханоўскі і У.​Страмінскі. Развіваліся агітацыйныя графіка і плакат: А.​Быхоўскі, М.​Волк, А.​Гефтэр, Ф.​Іванчук, С.​Каўроўскі, Л.​Лісіцкі, Л.​Фрындлендэр, Я.​Целішэўскі, С.​Юдовін, для творчасці якіх характэрны метафарычныя элементы, графічны лаканізм і ўздзеянне авангардных плыней. Агітацыйны плакат сустракаўся ў творчасці А.​Ахола-Вало, А.​Быхоўскага, П.​Гуткоўскага, В.​Дваракоўскага, Я.​Драздовіча, Г.​Зархі, Ф.​Іванчука, В.​Карамышына, М.​Станюты, Б.​Ульпі. Лозунгавы характар агітац. графікі сярэдзіны 1920-х г. змяніўся сюжэтнымі кампазіцыямі. Значны ўплыў на развіццё скульптуры ў першыя паслярэв. гады зрабіў т.зв. ленінскі план манум. прапаганды. У адпаведнасці з ім у розных гарадах рэспублікі былі ўстаноўлены часовыя помнікі дзеячам міжнар. рэв. руху, выкананыя А.​Бразерам, К.​Елісеевым, В.​Мацвеевым, М.​Цэханоўскім, Д.​Якерсонам. Яркія нар. вобразы створаны З.​Азгурам, А.​Бразерам, А.​Грубэ. Развіццю бел. скульптуры садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме скульпт. аддзялення (1924), якое ўзначаліў М.​Керзін. Выпускнікі гэтага аддзялення (З.​Азгур, А.​Бембель, А.​Глебаў, А.​Арлоў, А.​Жораў, Г.​Ізмайлаў) разам з М.​Керзіным выканалі скульпт. афармленне Дома ўрада ў Мінску на тэмы рэв. барацьбы, гісторыі станаўлення сав. улады на Беларусі (1931—35). Адметнае месца ў жывапісе гэтага часу займае віцебскі перыяд творчасці М.​Шагала і К.​Малевіча, творчая практыка групы «УНОВИС». У выяўл. мастацтве 1920 — пач. 1930-х г. адлюстраваліся ідэі адраджэння нац. культуры, багатыя гіст. і культ. традыцыі народа і побыт беларусаў, вобразы славутых гіст. асоб Беларусі, помнікі архітэктуры ў творах Я.​Драздовіча, А.​Грубэ, У.​Кудрэвіча, П.​Сергіевіча, М.​Сеўрука, М.​Станюты, А.​Тычыны, М.​Філіповіча і інш. У пейзажах 1920-х г. пераважала адданасць рэаліст. кірунку, не пазбаўленаму ўплываў імпрэсіянізму (У.​Кудрэвіч, панарамныя пейзажы В.​Волкава). Сярод інш. пейзажыстаў П.​Мрачкоўская, Ф.​Пархоменка, Д.​Полазаў, Ю.​Пэн, М.​Сляпян, М.​Станюта. 1920-я г. былі пачаткам фарміравання маст. школы бел. сав. графікі; побач з агітацыйнай масавай графікай развівалася станковая, часопісна-газетная, прыкладная, тэатральны плакат: творы І.​Валадзько, П.​Гуткоўскага, П.​Мрачкоўскай, І.​Пляшчынскага, М.​Філіповіча і інш. У ліку найб. пашыраных былі пейзаж (малюнкі тушшу А.​Астаповіча), архітэктурныя матывы (ксілаграфіі З.​Гарбаўца, Я.​Мініна, С.​Юдовіна), індустрыяльныя замалёўкі (лінагравюры А.​Тычыны), нацюрморт (акварэлі М.​Тарасікава). З сярэдзіны 1920-х г. пачала развівацца кніжная графіка (П.​Гуткоўскі, В.​Дваракоўскі, Г.​Змудзінскі, М.​Лебедзева, В.​Літко, Б.​Малкін, А.​Тычына, М.​Філіповіч, М.​Эндэ і інш.). Графіка ў часопісах («Маладняк», «Світанак», «Наддзвінне» і інш.) набыла выразную сацыяльна-грамадскую накіраванасць у афармленні А.​Ахола-Вало, П.​Гуткоўскага, В.​Дваракоўскага, А.​Пузынкевіча, А.​Тычыны і інш. Развіваліся карыкатура, шарж. Важную ролю ў фарміраванні тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва адыграла творчасць мастакоў тэатра імя Я.​Купалы (БДТ, з 1926 БДТ-1). У бел. дэкарацыйным мастацтве найб. плённымі былі творчыя пошукі ў афармленні нац. твораў, дзе яскрава раскрываўся пафас барацьбы народа за лепшую будучыню: мастакі К.​Елісееў, А.​Марыкс.

Пераважная большасць твораў мастакоў Сав. Беларусі экспанавалася на маст. выстаўках (1-я адбылася ў ліст. 1919 у Віцебску, пазней у Бабруйску), а таксама на 1—4-й Усебел. выстаўках (1925, 1927, 1929 і 1931). Значная роля ў вызначэнні шляхоў развіцця мастацтва ў 1930-я г. належыць Усебел. канферэнцыі мастакоў (1931) і 1-му з’езду мастакоў (1938). Гал. рысай мастацтва 1930-х г. з’яўлялася прапагандысцкая функцыя, уплыў на масавую свядомасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічала зацвярджэнне адзінага творчага метаду — сацрэалізму. У жывапісе асаблівая папулярнасць належала сюжэтна-тэматычнай карціне, у аснову якой былі пакладзены традыцыі рус. рэалістычнага мастацтва 19 ст. Разам з тым творы вылучаліся больш складанай кампазіцыйнай пабудовай, выразнай дынамікай рытмаў, шматпланавым сюжэтным дзеяннем, разгорнутай апавядальнасцю. Сярод найб. значных тэм — героіка-рэвалюцыйная, вытв., калгасная, ваенная, спарт., святочна-трыумфальная, а таксама пейзаж, нацюрморт і партрэт. Гіст. тэма займала важнае месца ў творчасці С.​Андруховіча, І.​Ахрэмчыка, Г.​Бржазоўскага, Г.​Віеру, В.​Волкава, П.​Гаўрыленкі, М.​Гусева, І.​Давідовіча, В.​Дзежыца, Я.​Зайцава, Г.​Змудзінскага, К.​Касмачова, А.​Кроля, Я.​Кругера, М.​Манасзона, Л.​Рана, В.​Руцая, Ф.​Фогта, У.​Хрусталёва, Я.​Ціхановіча, М.​Эндэ.

У 1930-я г. тэматычныя карціны, скіраваныя на адлюстраванне вытв. працэсаў у прамысловасці і сельскай гаспадарцы, займалі дамінуючае месца ў творчасці І.​Ахрэмчыка, Г.​Віера, В.​Волкава, П.​Гаўрыленкі, М.​Даўгялы, А.​Заборава, Дз.​Камарова, А.​Каржанеўскага, Я.​Красоўскага, Я.​Кругера, С.​Лі, А.​Шаўчэнкі, М.​Філіповіча. Паэтычныя і рамантычныя сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя жыццю і побыту людзей, пераважалі ў творах А.​Волкава, Я.​Красоўскага, Л.​Лейтмана, У.​Хрусталёва, Я.​Ціхановіча. Сярод твораў манум. жывапісу кампазіцыі І.​Ахрэмчыка, В.​Волкава. Цэнтр. вобразы ў партрэтах — рабочы, селянін і салдат, ударнікі працы, калгаснікі, лётчыкі, камандзіры, камсамольцы, піянеры (творы А.​Волкава, Дз.​Камарова, Н.​Тарасікава, Я.​Ціхановіча). Вобразы сав. правадыроў, зведзеныя да некалькіх кампазіцыйных схем, пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкі (творы В.​Волкава, М.​Гусева, І.​Давідовіча, Я.​Ціхановіча). Псіхалагізм вобразаў, дасканала адлюстраваная індывідуальнасць уласцівы партрэтам І.​Ахрэмчыка, В.​Волкава, М.​Гусева, Я.​Кругера, У.​Кудрэвіча, Д.​Полазава, М.​Станюты, М.​Тарасікава, Р.​Семашкевіча, М.​Філіповіча, групавым партрэтам У.​Руцая. Сярод нешматлікай колькасці камерных партрэтаў творы П.​Явіча, жанравыя — Ю.​Пэна. У пейзажы важным вобразным элементам стала адлюстраванне працы сав. чалавека, бурных працэсаў сацыяліст. будаўніцтва: У.​Кудрэвіч, М.​Дучыц, А.​Шаўчэнка, Б.​Звінагродскі, С.​Лі, Г.​Ізергіна. Паступова больш урачыста пафасны характар набыла сав. быт. карціна: А.​Волкаў, І.​Давідовіч, Я.​Красоўскі, У.​Хрусталёў. Пашырылася таксама тэма спорту.

У творчасці шэрагу мастакоў Зах. Беларусі (М.​Сеўрук, П.​Сергіевіч) у 1930-я г. цэнтральнае месца занялі рамантычнага характару жанравыя кампазіцыі, партрэты і пейзажы, у якіх адлюстраваны падкрэслена нац. вобразы, паэтычныя эпізоды сялянскага жыцця і побыту, эмацыянальна выразныя вобразы роднай прыроды.

Росту майстэрства мастакоў-графікаў садзейнічала адкрыццё ў Віцебскім маст. тэхнікуме графічнага аддзялення (1930). У розных тэхніках працавалі Ф.​Фогт (літаграфія), Л.​Лейтман (акварэль), М.​Тарасікаў і А.​Бразер (малюнак тушшу), Б.​Малкін (афорт). Тэматыка іх твораў самая разнастайная: сатыр. малюнкі, водгук на паліт. падзеі, ілюстрацыі да літ. твораў, плакаты. У афармленні кніг, сярод якіх вырасла колькасць твораў рус. класікаў, прымалі удзел Б.​Басаў, А.​Волкаў, М.​Гусеў, М.​Карпенка, М.​Лебедзева, М.​Малевіч, Б.​Малкін, І.​Мільчын, Я.​Мінін, А.​Тычына, М.​Эндэ і інш. Вытв. тэма дамінавала ў творах А.​Астаповіча, А.​Волкава, І.​Гембіцкага, Л.​Лейтмана, Б.​Малкіна, Л.​Рана, М.​Тарасікава, А.​Тычыны, В.​Ціхановіча і інш. У галіне манум. скульптуры створаны помнікі У.​І.​Леніну ў Полацку (1936) і ў Слуцку (1938) А.​Бембелем, у Барысаве (1935) А.​Грубэ, помнік Ф.​Э.​Дзяржынскаму ў Дзяржынску (1933) — А.​Грубэ. У станковай скульптуры працавалі таксама А.​Арлоў, А.​Жораў, А.​Глебаў, А.​Грубэ і інш., у галіне скульптурнага партрэта — М.​Керзін, А.​Бразер, З.​Азгур. Скульптары спрабавалі выйсці за межы аднафігурнай кампазіцыі (творы Л.​Карпенкі, А.​Арлова, А.​Глебава, С.​Селіханава). Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва 1-й пал. 1930-х г. характарызавалася эксперыментамі, пэўным адыходам ад рэалізму (М.​Аксельрод, С.​Тоўбін), захапленнем кубафутурызмам, экспрэсіянізмам, канструктывізмам. Але гэтыя пошукі ў хуткім часе закончыліся вяртаннем на рэаліст. пазіцыі. Гэтаму садзейнічаў і рэпертуар бел. тэатраў, які папоўніўся новымі сучаснымі творамі. Сярод дэкарацыйных вырашэнняў вылучалася сцэнаграфія Я.​Нікалаева, Дз.​Уласюка, І.​Ушакова. У сярэдзіне 1930-х г. прыйшло новае пакаленне мастакоў-дэкаратараў: М.​Блішч, У.​Кульваноўскі, П.​Масленікаў, І.​Пешкур, І.​Санін. У канцы 1930 — пач. 1940-х г. выкарыстоўваліся пераважна рэаліст. сродкі выразнасці, традыцыі рус. сцэнаграфіі (дэкарацыі А.​Басулаева, А.​Марыкса, Я.​Нікалаева, З.​Сірвінта, І.​Ушакова, К.​Ціханава і інш.).

А.​Бембель. Гарэльеф у Доме ўрада ў Мінску. 1936.
М.​Філіповіч. Казачны сюжэт. 1920-я г.
Я.​Драздовіч. Сустрэча вясны на Сатурне. 1932.

т. 18, кн. 2, с. 655

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)