СВАБО́ДНЫ ВЕРШ, верлібр (франц. vers libre),
дысметрычны верш, рытм якога ўтвараецца чаргаваннем вершаваных радкоў аднатыпнай інтанацыйна-сінтакс. структуры. Рытмічная мернасць размяшчэння радкоў падкрэсліваецца паўзамі, паўторам стылістычных фігур, аднолькавых слоў ці іх форм, асобных радкоў. У С.в. адсутнічае адзіная скразная мера паўтораў, яна ўвесь час мяняецца, захоўваючы інтанацыйна-сэнсавае і стылявое адзінства верша:
Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?
Я чую. Чаму ж ты не чуеш?
Мне весела. А табе сумна?
Мне горка. А табе соладка?
Якой жа мы ніткаю сшыты,
Што і маладымі зубамі
Ніяк яе не перакусім.
(М.Танк. «Ты бачыш. Чаму ж я не бачу?»)
С.в. узнік у амер. і еўрап. л-рах у сярэдзіне 19 ст. (У.Уітмен, У.Блейк, Г.Гейнэ), сустракаўся ў класічнай рус. паэзіі (А.Фет, Я.Палонскі). Тэрмін «верлібр» увёў ва ўжытак франц. пісьменнік Г.Кан у 1884. Вял. пашырэнне атрымаў у 20 ст. (А.Блок, В.Брусаў, У.Маякоўскі, у замежнай л-ры П.Нэруда, Назым Хікмет Ран і інш.).
У бел. паэзію С.в. увёў М.Багдановіч («Двайняткі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»; пераклад верша Э.Верхарна «Паўстанне»). Пашыраны ў сучаснай бел. паэзіі (Р.Барадулін, А.Вярцінскі, А.Грачанікаў, С.Дзяргай, В.Зуёнак, А.Лойка, П.Макаль, Н.Мацяш, А.Наўроцкі, П.Панчанка, А.Разанаў, Я.Сіпакоў, М.Танк). У большасці вершы, напісаныя С.в., адносяцца да філасофскай ці медытатыўнай лірыкі.
А.А.Майсейчык.
т. 14, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЫ́КВІН Ян Арцёмавіч (н. 18.5.1940, в. Дубічы Царкоўныя Падляскага ваяв., Польшча),
бел. паэт, літаратуразнавец. Д-р габілітаваны гуманіт. н. (1984), праф. (1993), праф. тытулярны (1998). Скончыў Варшаўскі ун-т (1964). З 1964 настаўнічаў у Беластоку. З 1969 навук. супрацоўнік філіяла Варшаўскага ун-та ў Беластоку, з 1985 — Варшаўскага ун-та, з 1997 — Ун-та ў Беластоку. З 1989 старшыня Бел. літ. аб’яднання «Белавежа», з 1990 рэдактар выдавецкай серыі «Бібліятэка Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», з 1998 — літ.-маст. і беларусазнаўчага час. «Тэрмапілы». Друкуецца з 1957. Даследуе бел. і рус. паэзію 19 і 20 ст., л-ру бел. эміграцыі, тэорыю л-ры: манаграфіі «Афанасій Фет: гістарычна-літаратурнае даследаванне» (1984, на польскай мове), «Далёкія і блізкія: Беларускія пісьменнікі замежжа» (1997). Аўтар бібліягр. даведнікаў «Беларуская літаратура Польшчы, 1957—1998» (1998), «Польская беларуская беларутэніка, 1945—1998» (1998, з Г.Харытанюк). У кн. паэзіі «Іду» (1969), «Святая студня» (1970), «Неспакой» (1977), «Светлы міг» (1989), «Кругавая чара» (1992), «Свет першы і апошні» (1997), «Крэйдавае кола» (2002) філас. праблемы быцця, хараство роднай прыроды, тэма кахання, тонкія зрухі чалавечай душы. Піша апавяданні, п’есы. Выступае як перакладчык з польскай і бел. моў.
Літ.:
Сляза пякучая Айчыны: Творчы партрэт Яна Чыквіна. Беласток, 2000, Раманчук А. Гарыць мая свяча: Творчая індывідуальнасць Яна Чыквіна. Беласток, 2000;
Zaniewska T.Podróż daremna: Krajobraż w poezji Jana Czykwina // Zaniewska T.Podróż daremna: Szkice o poezji białoniskojęzycznej w Polsce. Białystok, 1992;
McMillin A. Jan Čykvin: A sensitive intellect // McMillin A. Belarusian literature of the diaspora. Birmingham, 2002.
т. 17, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)