ФЕ́РМІ ЭНЕ́РГІЯ,
значэнне энергіі сістэмы ферміёнаў, ніжэй якога пры абсалютным нулі т-ры ўсе энергет. станы сістэмы занятыя. Існаванне Ф.э. вынікае з Паўлі прынцыпу, паводле якога ў адным стане не можа знаходзіцца больш за 1 ферміён.
Значэнне Ф.э. істотна залежыць ад уласцівасцей сістэмы. Для выраджанага фермі-газу Ф.э. супадае са значэннем хімічнага патэнцыялу, ферміёны ў імпульснай прасторы займаюць станы ўнутры сферы. Газ электронаў праводнасці ў металах і выраджаных паўправадніках запаўняе паверхню больш складанай формы (гл. Фермі паверхня). Паняццем Ф.э. карыстаюцца ў фізіцы цвёрдага цела, ядз. фізіцы, астрафізіцы і інш. Гл. таксама Фермі ўзровень.
т. 16, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ-ВА́ДКАСЦЬ,
вадкасць, у якой элементарныя ўзбурэнні (квазічасціцы) маюць паўцэлы спін і падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы (адсюль назва). Гл. таксама Квантавая вадкасць.
т. 16, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ ПАВЕ́РХНЯ,
ізаэнергетычная паверхня ў прасторы імпульсаў квазічасціцы, што адпавядае пэўнаму значэнню Фермі энергіі. Аддзяляе вобласць занятых электронных станаў, энергет. спектр якіх вызначаецца Фермі—Дзірака размеркаваннем (адсюль назва), ад вобласці, дзе пры абсалютным нулі т-ры электронаў няма. Бывае адкрытая (неперарыўна праходзіць праз усю прастору квазіімпульсаў) і замкнутая (распадаецца на поласці, кожная з якіх размяшчаецца ў элементарнай ячэйцы гэтай прасторы). Тапалагічная структура Ф.п. абумоўлівае асаблівасці электронных характарыстык металаў (цеплаёмістасці, электраправоднасці, магн. успрымальнасці і інш.).
т. 16, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ ЎЗРО́ВЕНЬ у цвёрдым целе,
умоўны ўзровень энергіі сістэмы ферміёнаў (электронаў), імавернасць запаўнення якога роўная 1/2 пры абсалютным нулі т-ры. Часам наз. Фермі энергіяй, аднак мае іншы фіз. сэнс. Ва ўласных паўправадніках Ф.ў. супадае са значэннем хімічнага патэнцыялу і размяшчаецца пасярэдзіне забароненай зоны (гл. Зонная тэорыя), у электронных — бліжэй да зоны праводнасці, у дзірачных — бліжэй да валентнай зоны, у выраджаных — у зоне праводнасці або ў валентнай зоне.
т. 16, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Фермі—Дзірака статыстыка 8/25; 11/437, гл. Квантавая статыстыка
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА РАЗМЕРКАВА́ННЕ, размеркаванне Фермі,
функцыя размеркавання па ўзроўнях энергіі тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж імі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу (гл. Фермі-газ), які падпарадкоўваецца Фермі—Дзірака статыстыцы.
Паводле Ф.—Дз.р. сярэдняя колькасць ni = 1/(e(Ei−μ)/kT + 1), дзе i — набор квантавых лікаў, што характарызуюць стан часціцы, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра газу, μ — хімічны патэнцыял. Гл. таксама Бозе—Эйнштэйна размеркаванне.
т. 16, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА СТАТЫ́СТЫКА,
фізічная статыстыка, якая апісвае ўласцівасці сістэм тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), адна з квантавых статыстык. Прапанавана Э.Фермі (1926), у там жа годзе П.Дзірак высветліў яе квантавамех. сэнс.
Аснова статыстыкі — Фермі—Дзірака размеркаванне. Квантавы стан сістэмы характарызуецца хвалевай функцыяй, антысіметрычнай адносна перастановак каардынат і імпульсаў кожнай пары тоесных часціц. Паводле Ф.—Дз.с. ў кожным квантавым стане не можа быць больш за 1 часціцу (гл. Паўлі прынцып). З Ф.—Дз.с. вынікае магчымасць існавання квантавага выраджэння фермі-газу (гл. Выраджаны газ), аднак у адрозненне ад бозе-газу гэтая з’ява не звязана з фазавым пераходам. На падставе Ф.—Дз.с. тлумачацца фіз. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, а таксама з’явы звышправоднасці і звышцякучасці (гл. Купера эфект). Гл. таксама Бозе-Эйнштэйна статыстыка.
А.І.Болсун.
т. 16, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛЯВЫ́ ГУК,
асаблівага роду ваганні, якія могуць распаўсюджвацца ў квантавых фермі-вадкасцях (напр., у вадкім геліі-3) пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Абумоўлены адхіленнем ад раўнаважнага значэння функцыі размеркавання элементарных узбурэнняў (квазічасціц), якія існуюць у фермі-вадкасці. Скорасць распаўсюджвання Н.г. адрозніваецца ад скорасці звычайнага гуку. Прадказаны Л.Д.Ландау (1957), эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі (1966). Н.г. можа існаваць таксама ў металах, электроны якіх утвараюць зараджаную фермі-вадкасць.
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРМІЁНЫ, фермі-часціцы,
часціцы або квазічасціцы з паўцэлым спінам. Да Ф. адносяць элементарныя часціцы (барыёны, лептоны і кваркі), квазічасціцы (дзіркі і паляроны), атамныя ядры з няцотным атамным лікам, а таксама атамы (іоны) з няцотнай сумай іх масавага ліку і ліку электронаў. Ф. падпарадкоўваюцца Фермі—Дзірака статыстыцы.
т. 16, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)