Апа́чына ’прыстасаванне для кіравання плытом’ (Сцяшк.), пачы́н(а) ’вясло’ (Бяльк.). Ст.-бел., ст.-укр. опачина ’вясло’ (Сінаніма). Укр. опачина ’тс’, (о)пачина ’вязка галля, ламачча, лазы’. Ст.-польск. paczyna ’рулявое вясло’, чэш., славац. opačina ’вясло’, ст.-чэш. дыял. opačina ’руль’, ’доўгі брус у задняй частцы воза’, ’процівага’, паморск. pácəna ’руль’, макед. опачина ’зваротны бок’, серб.-харв. опа̀чина ’грубасць, жорсткасць, паскудства’, балг. опачина ’ўпартасць’, славен. opačina ’памылка’, балг. опашка хвост’, рус. дыял. опачина ’хара’. Паводле Міклашыча, Махэка, Брукнера, польскія, чэшскія, славацікія словы ўтвораны ад opak ’наадварот’, а першаснае значэнне іх ’руль’ (Брукнер, 380); лепш суаднесці гэтыя формы з дзеясловам тыпу ўкр. пачити ’паварачваць’. Значэнне ’вясло’ можа быць выведзена з ’руль, рулявое вясло’. Аднак на магчымасць сувязі з ст.-рус. опашь, балг. опашка ’хвост’ указвае фанетыка рус. сіб. опашня ’вялікае бакавое вясло на барках’; з чэшскім значэннем ’брус у возе’ параўн. рус. дыял. опашина ’бервяно паміж стойкамі ў штольні’. Укр. (о)пачина ’звязка’, згодна з Бялецкім-Насенкам, ад фашина, якое з ням. Faschine. Гл. фашына.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́зга1 ро́ска, ро́зґа, ро́зка, ро́жґа ’тонкая гнуткая галінка, дубчык, дубец’, (ТСБМ, Др.-Падб., Гарэц., Нас., Шат., Бяльк., Стан., Нар. Гом., ТС, ПСл; пін., Шатал.; Байк. і Некр., Мат. Гом., Жд. 1, Сл. ПЗБ), ро́ска, ро́скі ’вітка (на калках плота)’ (чэрв., ЛА, 4). Укр. рі́зка ’галінка’, ’дубец для пакарання’, рус. ро́зга ’тс’, ’парастак, атожылак’, стараж.-рус. розга, польск. rózga ’тс’, н.-луж. rozga ’сухая галіна’, палаб. rözgă, rözgo ’галіна’, ’сук’, ’шост, палка’, ’куст’; чэш. růzha, ст.-чэш. rózka ’аднагадовая галінка’, славац. rázga ’дубец’, славен. rọ̑zga ’малады парастак вярбы’, rọ̑zgva, ròzga ’тс’, серб. ро̏зга і харв. rȍzga ’малады парастак вінаграднай лазы’, ’калок, што падтрымлівае вінаградную лазу’, ’палка, дубіна; дубец, розга; вецце, сухое галлё’, балг. розга́ ’кол, палка, жэрдка’, ст.-слав. розга ’маладая галінка, парастак’, рождиѥ ’сухое галлё, фашына’. Этымалагічна няясна. Звычайна параўноўваюць з літ. règzti, rezgù ’плесці, вязаць’, rẽzgis ’кошык, пляцёнка’, ст.-інд. rájju‑ ’вяроўка, ліна’, лац. restis ’тс’ (Мее-Ваян, 131; Мікала, Berühr., 158; Шэфталявіц, IF, 33, 134; Вальдэ-Гофман, 2, 431). Не пераконвае супастаўленне лексемы розга з лат. razga, razda ’дзяркач, старая мятла’, літ. rãžas ’пень’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 492). Гл. таксама ESJSt, 13, 778 з аглядам версій і літ-рай.

Ро́зга2 ’сумнік звычайны, Solidago virga-aurea L.’ (Кіс.), польск. rózga złota ’тс’, славен. rọ̑zga ’тс’. Да розга1 (гл.) у выніку пераносу значэння паводле падабенства.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)