тані́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Спец.

1. Надаць (надаваць) поўнае гучанне музычнаму або маўленчаму тэксту (пры спяванні, чытанні і пад.).

2. што. Давесці (даводзіць) афарбоўку прадмета да патрэбнага тону. // Зрабіць (рабіць) дэкаратыўную апрацоўку скульптуры для ўстаранення дэфектаў матэрыялу, з мэтай імітацыі і пад. Таніраваць мармуровую статую. // Афарбаваць (афарбоўваць) фатаграфічныя відарысы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АЭРАКАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ, дыстанцыйныя метады,

метады вывучэння наземных аб’ектаў і касм. целаў на значнай адлегласці (з ніжняй атмасферы ці космасу). Уключаюць здымку зямной паверхні і касм. аб’ектаў, фотаграмметрычную (гл. Фотаграмметрыя) апрацоўку здымкаў, агульнае і спец. дэшыфраванне аэрафотаздымкаў. Залежна ад тыпу носьбіта апаратуры адрозніваюць аэракасмічныя метады самалётныя, верталётныя, аэрастатныя, ракетныя, спадарожнікавыя, паводле тыпу прыёмніка выпрамянення — візуальныя, фатаграфічныя, радыеметрычныя і радыёлакацыйныя. У геолага-геафіз. даследаваннях выкарыстоўваюцца аэрафотаздымка, аэрафізічная разведка (здымка), касмічная здымка. Аэракасмічныя метады бываюць актыўныя (вывучаецца адбітае аб’ектамі выпрамяненне пасля іх штучнага апрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваецца ўласнае выпрамяненне целаў або адбітае сонечнае). Па спектральных характарыстыках розных дыяпазонаў эл.-магн. спектра распазнаюцца аб’екты, вызначаецца іх памер, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Найб. поўныя і дакладныя звесткі дае адначасовае выкарыстанне некалькіх дыяпазонаў спектра.

т. 2, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛКІ,

драўляныя палачкі (саломка) з галоўкамі з запальнай масы, якія выкарыстоўваюцца для здабывання агню. Па прызначэнні адрозніваюць запалкі бытавыя, падарункавыя і спецыяльныя. Бытавыя і падарункавыя падзяляюцца на бяспечныя (загараюцца ад спец. намазкі) і сесквісульфідныя (загараюцца ад любой паверхні, не вырабляюцца з прычыны самаўзгаральнасці). Спецыяльныя падзяляюцца на сігнальныя (рознакаляровае полымя), паляўнічыя, ветравыя, тэрмічныя, водаўстойлівыя, фатаграфічныя (замяняюць магній пры фатаграфаванні).

Асн. сыравіна для запалак — драўніна асіны, вольхі і інш. На галоўкі запалак ідуць (запальная маса): берталетава соль — 53%, шкло молатае — 13,3, клей касцявы — 12, сурык жалезны — 7, сера — 5,5, бялілы цынкавыя — 6, піралюзіт — 1,5, хромпік каліевы — 1,4, гумітрагант — 0,3%. Матэрыялы для намазкі карабка (фосфарная маса): фосфар чырвоны — 42%, антыманіт — 30, дэкстрын — 5, піралюзіт — 2, шкло молатае — 2, мел — 3%. Гл. таксама Запалкавая вытворчасць.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭТЭ́КТАРЫ Я́ДЗЕРНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

прылады для рэгістрацыі элементарных часціц, рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення і інш. Бываюць электронныя і трэкавыя. Выкарыстоўваюцца ў апаратуры для дэфектаскапіі, мед. дыягностыкі, структурных даследаванняў, спектральнага аналізу, мікраскапіі і інш. Канструктыўнае выкананне Д.я.в. і іх параметры вызначаюцца прызначэннем і асаблівасцямі гэтай апаратуры.

Прынцып дзеяння Д.я.в. заснаваны на іанізацыі або ўзбуджэнні зараджанымі часціцамі атамаў рабочага рэчыва дэтэктара; у выпадку рэгістрацыі нейтральных часціц (напр., гамаквантаў, нейтронаў) іанізацыя і ўзбуджэнне адбываюцца за кошт другасных зараджаных часціц. Электронныя Д.я.в. выпрацоўваюць эл. імпульс, калі ў іх аб’ём трапляе часціца ці квант выпрамянення; эл. сігналы звычайна невялікія і патрабуюць узмацнення (гл. Ядзерная электроніка). Да іх адносяць Гейгераўскі лічыльнік, іанізацыйную камеру, крышталічны лічыльнік, сцынтыляцыйны лічыльнік, паўправадніковы дэтэктар і інш. Трэкавыя Д.я.в. дазваляюць узнавіць траекторыю руху часціцы; да іх адносяць Вільсана камеру, іскравую камеру, тэлескоп лічыльнікаў, ядзерныя фатаграфічныя эмульсіі і інш.

А.​В.​Берастаў.

т. 6, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́Ў,

аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.

Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам. аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл. Прасвятленне оптыкі).

В.​В.​Валяўка.

Лінзавыя фатаграфічныя аб’ектывы: 1 — «Трыплет»; 2 — «Індустар»; 3 — «Гіпергон»; 4 — «Арыён»; 5 — «Юпітэр»; б — шырокавугольны аб’ектыў Гіля.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)