Vrposten m -s, - вайск. фарпо́ст, перадавы́ пост; pl тс. вартава́я [вартаўні́чая] ахо́ва

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

ГЕ́РЦЫКЕ (Gercike),

Герсіке, Гарцыке, старажытны горад 11—13 ст. у Полацкай зямлі, на правым беразе Зах. Дзвіны. За 180 км ад Полацка, 2 км ад нас. пункта Ерсіка (Латвія). Паселішча Герцыке існавала з 10 ст. У 2-й пал. 11 — 1-й пал. 13 ст. горад належаў Полацкаму княству як фарпост і цэнтр феад. ўладання ў Ніжнім Падзвінні. Насельніцтва складалася з латгалаў і славян. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1209 упамінаецца як багатая княжацкая рэзідэнцыя з некалькімі правасл. цэрквамі і цэнтр удзела кн. Усевалада. У 1209, 1214 і 1215 на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 перайшоў пад уладу рыжскага епіскапа. Пасля 14 ст. ў пісьмовых крыніцах не ўпамінаецца.

Г.М.Семянчук.

т. 5, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,

бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛ Міндоўгам. У 2-й пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.

Г.М.Сагановіч.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬЦІ́НСКІ (Хаім Ізраілевіч) (7.8.1910. г. Паневяжыс, Літва — 8.2.1986),

яўрэйскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі (1932). Да 1946 працаваў у друку на Беларусі, потым у Бірабіджане. У 1948 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Жыў у Мінску, з 1975 у Ізраілі. Друкаваўся з 1929. Пісаў на ідыш. Першы зб. вершаў «Якое жыццё дарагое» (1931). Аўтар кніг апавяданняў і вершаў для дзяцей «Дзеці», «Наш хор» (абедзве 1933), «Бадзёрым крокам», «Без ценю», «Каб лёгка ісці» (усе 1936), «Брацікам і сястрычкам» (1939), п’ес «На вышцы» (1934), «Ёсць фарпост» (1935). У зб-ку паэзіі «Гады, гады мае...» (1973) філас. асэнсаванне грамадска-паліт. падзей у краіне. На бел. мове выйшлі зб-кі твораў М. «Навагодняя елка» (1939), «Поплеч з сынамі ўсімі» (1963), «Родны дом» (1965), «На сонечным баку» (1967) у перакладзе Э.Агняцвет, Д.Бічэль-Загнетавай, Г.Бураўкіна, З.Бядулі, А.Бялевіча, А.Вольскага, С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, П.Глебкі, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, Г.Кляўко, Е.Лось, П.Макаля, Я.Семяжона, М.Стральцова, П.Прыходзькі, В.Ціхановіча і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Мой добры голуб: Выбр. Мн., 1970.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Створана ў 1875 у Нясвіжы замест закрытага дамініканскага кляштара па ініцыятыве міністра асветы Расіі графа Дз.А.Талстога і папячыцеля Віленскай навуч. акругі М.А.Сергіеўскага як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму». У розны час у Н.н.с. выкладалі К.Ф.Шчансновіч, С.А.Кулагін, І.Ф.Нікалаеўскі, П.Р.Бывалькевіч, Л.К.Лычкоўскі, Ф.В.Лукашэвіч, С.А.Гурыновіч, Ф.А.Кудрынскі, ксёндз В.Гадлеўскі і інш. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Фінансавалася з дзярж. бюджэту. Мела фіз. і прыродазнаўчы кабінеты, хім. лабараторыю, актавую залу, клас для заняткаў ручной працай, інтэрнат для навучэнцаў. Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пач. вучылішча, метэаралаг. станцыя (з 1900), музей (з 1910). У 1914 у фундаментальнай б-цы 3630 тамоў, у вучнёўскай — 1710. У жн. 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Вязьма Смаленскай губ. У час бежанства на вучобу прымаліся пераважна выхадцы з Беларусі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Н.н.с. дазвалялася прымаць асоб неправасл. веравызнання і жан. полу; створаны бел. вучнёўскі культ.-асв. гурток «Прасвета». Летам 1917 семінарыя рээвакуіравана ў Нясвіж. У час польскай акупацыі 1919 падпарадкоўвалася Беларускай школьнай радзе Меншчыны. У розны час у семінарыі вучыліся А.Галіна, А.Багдановіч, П.Дземідовіч, К.Міцкевіч (Я.Колас), В.Камлюк, А.Сташэўскі, В.Сташэўскі, М.Раманоўскі (К.Чорны) і інш. Закрыта ў снеж. 1919.

У.В.Ляхоўскі.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКАЯ ВЕ́ЖА, Камянецкі стоўп, «Белая вежа»,

помнік абарончага дойлідства канца 13 ст. ў г. Камянец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1276 і 1288 дойлідам Алексам па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост. Размешчана на ўзгорку на левым беразе р. Лясная, унутры кальцавога вала, дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку р. Лясная да ўмацавання падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў яго акружаў роў. Вышыня 5-яруснай вежы каля 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вонкавы дыяметр 13,6 м, вышыня падмурка каля 2,3 м, дыяметр 16 м. Вежа змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў (26,5 × 13,5 × 8 см) з характэрнымі падоўжанымі паглыбленнямі ў ніжняй частцы. Муроўка «балтыйская — 2 «рубы» паслядоўна чаргуюцца з адным «старчаком»; звонку на сценах вежы захавалася шмат прамавугольных паглыбленняў ад рыштаванняў. Перакрыцці 2-га і 3-га ярусаў былі падвойныя. Паверхня сцен прарэзана байніцамі, паміж якімі размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невял. кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаюцца цагляныя ўсходы, якія вядуць наверх да баявой пляцоўкі. Яны праразаюць тоўшчу сцяны і асвятляюцца 2 вузкімі акенцамі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі. Аб’ём вежы звужаецца ўверсе, не мае ні верт., ні гарыз. чляненняў, аформлены стральчатымі вокнамі і праёмамі, паўцыркульнымі плоскімі нішамі і байніцамі. Вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае шмат агульнага з вежамі тыпу «данжон», пашыранымі ў 12—13 ст. ў краінах Зах. Еўропы. З 1960 будынак вежы выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

М.А.Ткачоў.

Камянецкая вежа.

т. 7, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)