БЕРАСЦЕ́НЕЎСКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ Дзейнічаў у 1900—14 у Беларусі, у маёнтку Берасценева Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Вырабляў воцатны парашок, драўняны і метылавы спірт, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, драўняны воцат, ацэтон. Працавала да 160 рабочых (1900), вырабляў прадукцыі на 150—300 тыс. руб. за год.
т. 3, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТА́Р ВЕ́РХНІХ ДЫ́ХАЛЬНЫХ ШЛЯХО́Ў,
вострае запаленне з пашкоджаннем слізістых абалонак дыхальнага тракту (бранхіт, ларынгіт, рыніт, трахеіт, фарынгіт). Іншы раз спалучаецца з запаленнем слізістай абалонкі вока (кан’юнктывіт) і запаленнем лёгкіх. Прычыны: вірусы, адэнавірусы, бактэрыі, патагенныя грыбы, алергены, уздзеянне хім. фактараў (хлор, фармалін і інш.), пыл, злоўжыванне алкаголем, курэннем і інш. Ускладненні: запаленні прыдаткавых пазух носа (гаймарыт, франтыт і інш.), сярэдняга вуха (атыт), хранічныя формы хваробы. Лячэнне тэрапеўтычнае.
т. 8, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс. руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.
т. 4, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБЛЕ́ННЕ,
1) адзін з асн. працэсаў пры вырабе скуры і футра. У гарбарнай прамысловасці — для надання паўфабрыкату скуры з дапамогай дубільных рэчываў пластычнасці, трываласці, устойлівасці да зносу і інш.; пры вырабе футра — для замацавання стану скур пасля пікелявання. Пры Д. ўтвараюцца хім. сувязі паміж бялком (калагенам) дэрмы або валасоў і малекуламі дубільнага рэчыва. У выніку адбываюцца неабарачальныя змены якасцей дэрмы або валасоў. Д. садзейнічае павышэнню тэмпературы зварвання паўфабрыкату, памяншэнню ўсадкі аб’ёму пры высушванні, набракання ў вадзе, павелічэнню порыстасці пасля сушкі, трываласці скуры на разрыў у набраклым стане і ўстойлівасці да ўздзеяння ферментаў і розных гідралізуючых агентаў. Д. паляпшае якасць валасоў (пругкасць, змочвальнасць і інш.).
2) У фатаграфіі — хім. апрацоўка святлоадчувальных жэлацінавых слаёў фотаматэрыялаў з мэтай павелічэння іх мех. трываласці, тэрмаўстойлівасці і памяншэння ступені іх набракання ў вадзе і водных растворах. Для гэтага ў эмульсію дадаюць неарганічныя (хрома- ці алюмакаліевыя галыны, воцатнакіслы хром) і арган. (фармалін, гліаксаль і інш.) рэчывы.
т. 6, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)