ІНІЦЫЯ́ЦЫІ (ад лац. initiatio выкананне таінства, пасвячэнне),
пасвячальныя абрады ў родавым грамадстве, звязаныя з пераводам моладзі ва ўзроставы клас дарослых мужчын і жанчын. Вядомы з глыбокай старажытнасці, мелі на мэце падрыхтоўку юнакоў і дзяўчат да вытв., грамадскага і сямейнага жыцця. Звычайна суправаджаліся трэніроўкамі, рознымі выпрабаваннямі, часам нанясеннем цялесных пашкоджанняў. Некат. з абрадаў І., якія страцілі першапачатковае значэнне, учыняліся над асобамі больш маладога ўзросту, напр., абразанне ў дзяцей у рэліг. рытуале іудаізму і ісламу. Да І. належаць хрышчэнне ў хрысціян, ускладанне свяшчэннага шнура ў індуістаў. і інш.
т. 7, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГА́Т (ад лац. legatus пасол),
1) у Старажытным Рыме прызначаны сенатам пасол ці ўпаўнаважаны, які выконваў паліт. даручэнне. У перыяд позняй рэспублікі Л. наз. памочнікаў палкаводцаў і намеснікаў у правінцыях. Пры Юлію Цэзару Л. камандавалі легіёнамі. У час імперыі Л. — намеснікі ў імператарскіх правінцыях, валодалі консульскай уладай.
2) Л. папскі — тытул вышэйшага дыпламат. прадстаўніка папы рымскага. Упершыню сталі прызначацца ў 6 ст. У каталіцкай царкве існуе некалькі відаў Л.
3) У грамадз. праве Л. — завяшчальная адмова (лац. legatum), ускладанне на спадчынніка паводле завяшчання выканання якіх-н. абавязацельстваў на карысць якіх-н. асоб.
т. 9, с. 182
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАКАМЯНЁВАЯ ХВАРО́БА,
хранічная хвароба мачавой сістэмы чалавека і жывёл, якая характарызуецца парушэннем абмену рэчываў з утварэннем у нырках і мачавых шляхах камянёў з солей мачы ці бялковых. Найб. частая форма М.х. — нырачнакамянёвая хвароба. У чалавека камяні часцей бываюць у правай нырцы, у 15—20% хворых на М.х. — у абедзвюх нырках. Прыкметы залежаць ад месца знаходжання камянёў, напр., камяні нырак выклікаюць тупы ныючы боль у паяснічнай вобласці ці нырачнае калаццё, моташнасць, ірвоту, павышэнне т-ры; камяні мачавога пузыра — раздражненне і запаленне мачавога пузыра, рэзі пры мочаспусканні, дамешкі крыві ў мачы. Ускладанне М.х. — анурыя, пры якой у арганізме назапашваюцца ядавітыя прадукты абмену рэчываў, што вядзе да развіцця урэміі. Лячэнне: тэрапеўтычнае, комплекснае, санаторна-курортнае, хірургічнае, дыета. У жывёл на М.х. хварэюць коні, буйн. раг. жывёла, авечкі, радзей сабакі, пушныя звяры і птушкі.
т. 10, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)