СЕ́НСАРНЫ ПЕРАКЛЮЧА́ЛЬНІК,

бескантактны пераключальнік, які спрацоўвае пры датыканні аператара да спец. адчувальнай (сенсарнай; ад лац. sensus адчуванне) пляцоўкі. Вырабляецца на аснове паўправадніковых, оптаэлектронных і інш. прылад.

Найб. просты С.п. электраметрычнага тыпу, прынцып дзеяння якога грунтуецца на здольнасці скуры чалавека праводзіць эл. ток. Сенсарная пляцоўка пераключальніка мае 2 ізаляваныя адна ад адной палавінкі; пасля датыкання аператарам да гэтай пляцоўкі ланцуг замыкаецца і атрыманы эл. сігнал пасля ўзмацнення перадаецца на блок пераключэння. Выкарыстоўваецца ў прыладах уводу інфармацыі, радыёэлектроннай і інш. апаратуры.

т. 14, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСЕ́ЕЎ Герт Іванавіч (н. 17.3.1936, в. Усцеранка Ульянаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1989). Засл. вынаходнік Беларусі (1984). Скончыў мех. і радыётэхн. ф-ты Львоўскага політэхн. ін-та (1958, 1964). З 1968 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па функцыянальным пераўтварэнні інфармацыі, тэарэт. асновах і праектаванні эл.-магн. планшэтных сродкаў уводу графічнай інфармацыі, прыладах выліч. тэхнікі.

Тв.:

Воспроизведение функций средствами цифро-аналоговой вычислительной техники. Мн., 1976;

Электромагнитные планшетные устройства ввода. Мн., 1985.

т. 1, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТО́Ў Пётр Акіндзінавіч (1843—28.8.1894),

расійскі караблебудаўнік-самавук. З 1859 у караблебуд. майстэрні Неўскага суднабуд. з-да ў С.-Пецярбургу, дзе прайшоў шлях ад рабочага да карабельнага майстра. Кіраваў буд-вам фрэгата «Генерал-адмірал» (1873), кліпераў «Разбойнік» (1878), «Вяшчун» (1880) і інш. З 1882 гал. інжынер Франка-рус. з-да. Распрацаваў шэраг тэхнал. працэсаў: апрацоўку суднабуд. сталі, разметку і праколку адтулін у лістах, клёпку і інш.; вынайшаў кесон для рамонту падводнай часткі корпуса судна без уводу яго ў док. Аўтар праектаў браняносных караблёў.

Літ.:

Академик А.​Н.​Крылов: Воспоминания и очерки. М., 1956.

т. 17, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЦЭ́Л,

прылада і прыстасаванне для наводкі зброі ў цэль. Выкарыстоўваюцца таксама для назірання за полем бою і выбару цэлі. Бываюць: артыл. (мінамётныя, зенітныя), авіяц., стралковыя, танк., ракетных комплексаў (прыцэльныя сістэмы) і інш.; мех., оптыка-электронныя (аптычныя, інфрачырвоныя, лазерныя, тэлевізійныя), радыёлакацыйныя; аўтам., паўаўтам. і неаўтаматычныя.

Артыл. П. (мех. і аптычныя) забяспечваюць прыцэльванне гарматы ў гарыз. і верт. плоскасцях непасрэдным візіраваннем па цэлі, па мясц. аб’екце ці адлікам ад гарызонту гарматы; авіяц. П. — прыцэльванне пры бомба- і тарпедакіданні, выкарыстанне стралкова-гарматнай і ракетнай зброі па наземных, марскіх і паветраных цэлях; танкавыя (П.-дальнамеры, перыскапічныя і тэлескапічныя аптычныя П., вылічальныя прыстасаванні) — устанаўліваюць вугал прыцэльвання і робяць наводку танк. гарматы; прыцэльныя сістэмы ракетных комплексаў забяспечваюць прасторавую арыентацыю корпуса ракеты або вымяральных элементаў сістэмы кіравання перад пускам. Начныя (інфрачырвоныя) П. выкарыстоўваюцца для стральбы ноччу са стралк. зброі, процітанк. і танк. гармат; бываюць тэлескапічнай ці перыскапічнай канструкцыі; актыўныя (са спец. крыніцамі інфрачырвонага выпрамянення) і пасіўныя (успрымаюць інфрачырвонае выпрамяненне цэляў). Разнавіднасць актыўных начных П. — лазерныя П. (выкарыстоўваецца інфрачырвонае выпрамяненне лазера). Радыёлакацыйныя П. маюць візірнае прыстасаванне на базе радыёлакацыйнай станцыі; выкарыстоўваюцца ў любое надвор’е і любы час сутак (самалётныя ўваходзяць у прыцэльна-навігацыйную сістэму самалёта).

Прыцэлы: а — механічны кулямётны (1 — прыцэльная планка, 2 — хамуцік, 3 — цэлік); б — аптычны панарамны (1 — кольца з дакладнай шкалой вугламера, 2 — корпус адбівальнай прызмы і панарамы, 3 — шкала вугламера); в — аўтаматычны зенітнай пушкі (1 і 6 — каліматары, 2 — лічыльна-рашальная частка, 3 — механізм уводу вуглоў пікіравання цэлі, 4 — курсавая галоўка, 5 — механізм уводу скорасці цэлі і далёкасці да яе).

т. 13, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАГА КАНТРО́ЛЮ МАШЫ́НА,

разнавіднасць кіравальнага выліч. комплексу для атрымання і апрацоўкі вымяральнай, кантрольнай, дыягнастычнай інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў гібкіх аўтаматызаваных вытворчасцях, на заводах-аўтаматах, у сістэмах аўтам. кіравання тэхнал. працэсамі і абсталяваннем, станках з лічбавым кіраваннем і інш.

Звычайна ўбудоўваецца ў абсталяванне ў розным канструкцыйным выкананні, радзей як Л.к.м. выкарыстоўваюцца аўтаномныя міні- ці мікра-ЭВМ. Маюць абмежаваныя магчымасці апрацоўкі інфармацыі, спрошчаную арганізацыю прылад уводу-вываду (для сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі дадаткова забяспечваюцца стандартнымі блокамі ўводу-вываду) і невял. колькасць перыферыйных прылад. Пры выкарыстанні Л.к.м. працэс кантролю, рэгулявання і кіравання зводзіцца да выканання тыповых алгарытмаў першапачатковай апрацоўкі інфармацыі, праграмна-лагічнага кантролю і кіравання, ідэнтыфікацыі, аптымальнага і адаптыўнага кіравання і рэгулявання.

М.​П.​Савік.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧКО́Ў Уладзімір Пятровіч (н. 5.1.1938, г. Ахалцыхе, Грузія),

бел. вучоны ў галіне выліч. тэхнікі і інфарматыкі. Канд. тэхн. н. (1977). Ганаровы радыст СССР (1988). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у НДІ ЭВМ (з 1975 нач. аддзела). Гал. канструктар ЭВМ ЕС 1130, ЭВМ сям’і «Мінск-9000» (ЕС 1230, ВМ 2302). Адначасова ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па працэсарах, сістэмах уводу-вываду, элементнай базе, архітэктуры выліч. комплексаў. Адзін з распрацоўшчыкаў кластэрных суперкамп’ютэраў «СКІФ». Прэмія Ленінскага камсамола 1970.

Тв.:

Электронно-вычислительная машина ЕС-1020. М., 1975 (у сааўт.);

Процессор ЕС-1020. М., 1975 (у сааўт.);

Каналы ввода-вывода ЭВМ ЕС-1020. М., 1975 (у сааўт.);

Электронно-вычислительная машина ЕС-1022. М., 1979 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРАЦЫ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

комплекс праграм на ЭВМ, якія забяспечваюць усе працэсы пры выкананні любой праграмы карыстальніка. Пастаянна знаходзіцца ў памяці машыны, звязвае ўсе яе вузлы ў адзінае цэлае, забяспечвае эфектыўнае выкарыстанне выліч. сістэмы і шырокі набор паслуг. Складанасць і структура аперацыйнай сістэмы залежаць ад функцый і характарыстык працэсараў, сістэмы камандаў, спосабу размяшчэння праграм у памяці, прыстасаванняў уводу-вываду інфармацыі, метадаў доступу да выліч. сістэмы і інш. Тэарэт. аснову распрацоўкі аперацыйнай сістэмы складаюць графаў тэорыя, масавага абслугоўвання тэорыя і інш. Апаратныя сродкі і матэм. забеспячэнне ствараюцца для пэўнай аперацыйнай сістэмы, якая складаецца са стартавай праграмы (запуск ЭВМ і яе самакантроль; кантролеры знешніх прыстасаванняў), дыспетчара (устанаўлівае чарговасць выканання праграм), рэдактара (работа са структурнымі аб’ектамі), адміністратара (улік часу работы працэсара і выкарыстанне памяці) і інш.

М.​П.​Савік.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКАБСО́Н Еўна, гадзіннікавы майстар і механік 18 ст. Мяркуецца, што Я. быў адным з рамеснікаў, запрошаных у Нясвіж Міхалам Казімірам Радзівілам. У 1760-я г. вынайшаў і сканструяваў лічыльную машыну — першае з вядомых на тэр. б. СССР выліч. прыстасаванне Машына мела лічыльны механізм, прызначаны для складання і аднімання лікаў ад 1 да 10​9, прынцып дзеяння якога заснаваны на класічнай схеме зубчастых перадач, а таксама лічбавыя шкалы і надпісы на ням. і польскай мовах. Множанне ажыццяўлялася паслядоўнымі складаннямі лікаў, дзяленне (з астаткам ці без) — паслядоўнымі адніманнямі. Выкарыстоўваліся арыгінальныя спосабы набору (уводу) лікаў з дапамогай спец. ключоў і фіксацыі прамежкавых вынікаў вылічэнняў. Экзэмпляр машыны Я. захоўваецца ў калекцыі навук. інструментаў Музея імя М.​В.​Ламаносава ў С.-Пецярбургу.

Літ.:

Майстров Л.Е., Ченакал В.Л. Старейшая счетная машина // Вопр. истории естествознания и техники. 1969. Вып. 1 (26);

Апокин И.А., Майстров Л.Е. Развитие вычислительных машин. М., 1974;

Гутер Р.С., Полунов Ю.П. От абака до компьютера. М., 1975.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАМІНА́ЛЬНАЕ ПРЫСТАСАВА́ННЕ,

сукупнасць тэхн. сродкаў для запісу, захоўвання і ўзнаўлення інфармацыі. Выкарыстоўваюцца ў выліч. тэхніцы, сувязі, аўтаматыцы, станках з лікава-праграмным кіраваннем, вымяральных прыладах і інш. Асн. параметры: ёмістасць (найб. колькасць інфармацыі, якую можна адначасова захоўваць), хуткадзеянне (характарызуе скорасць уводу-вываду інфармацыі і інш.) і энергаспажыванне.

Паводле функцыянальнага прызначэння адрозніваюць З.п. звышаператыўныя (ЗАЗП), аператыўныя (АЗП), пастаянныя (ПЗП, у т. л. перапраграмавальныя) і знешнія (ЗЗП); паводле характару звароту — адрасныя, бязадрасныя, асацыятыўныя (пошук і выбарка інфармацыі па пэўных прыкметах); паводле спосабу выбаркі інфармацыі — з паслядоўным (цыклічным) зваротам, з паралельным зваротам (адвольнай выбаркай). Запіс інфармацыі ў З.п. ажыццяўляецца пераўтварэннем яе ў эл., аптычныя, акустычныя ці інш. сігналы для змены стану, формы або цэласнасці пэўнага фіз. асяроддзя (гл. Накапляльнік, Носьбіт інфармацыі). ЗАЗП і АЗП прызначаны для захоўвання інфармацыі, неабходнай для аперацый, якія выконвае працэсар ЭВМ; у ПЗП захоўваюцца пастаянныя каэфіцыенты, даведачныя табліцы, падпраграмы, мікрапраграмы, знакагенератары і інш. ЗЗП і архіўная памяць прызначаны для захоўвання вял. масіваў інфармацыі для наступнай перадачы іх у АЗП; маюць накапляльнікі на магнітных дысках, барабанах, стужках, а таксама на магн.-аптычных і аптычных дысках. Гл. таксама Памяць ЭВМ.

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБАВАЯ АПРАЦО́ЎКА ВІДАРЫ́САЎ,

сукупнасць метадаў і сродкаў (тэхн. і праграмных) уводу і апрацоўкі відарысаў у аўтам. і аўтаматызаваных сістэмах. Выкарыстоўваюць у картаграфіі, метэаралогіі, крыміналістыцы, настольных рэд.-выдавецкіх сістэмах і апрацоўцы дакументаў, сістэмах машыннага зроку, пры апрацоўцы касм. відарысаў і аэрафотаздымкаў, даследаванні фіз.-мед. працэсаў і інш.

Зыходны відарыс дыскрэтызуюць і квантуюць з дапамогай прылад сканіравання (гл. Дыгітайзер, Сканер) і атрымліваюць лічбавы відарыс у выглядзе матрыцы асобных элементаў (пікселаў). Пры Л.а.в. выконваюць лінейную фільтрацыю відарысаў і іх «згладжванне», выдзяляюць контуры, выдаляюць выпадковыя скажэнні і інш. Больш складаныя метады выкарыстоўваюць для ўзнаўлення 3-мернай структуры аб’екта па яго праекцыях, нярэзкага ці «змазанага» відарыса. Напр., у выліч. тамаграфіі такімі метадамі атрымліваюць відарысы папярочнага сячэння цела чалавека, з вял. дакладнасцю выяўляюць пухліны, анамаліі.

На Беларусі даследаванні па праблемах Л.а.в. праводзяцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі і Ін-це фізікі, Магілёўскім ін-це прыкладной оптыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Прэтт У. Цифровая обработка изображений: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1982;

Старовойтов В.В. Локальные геометрические методы цифровой обработки и анализа изображений. Мн., 1997;

Абламейко С.В., Лагуновский Д.М. Обработка изображений: технология, методы, применение. Мн., 1999.

С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў.

т. 9, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)