ЛІ́ПЕЦК,

горад у Расіі, цэнтр Ліпецкай вобл., на р. Варонеж. 477 тыс. ж. (1997). Вядомы з 13 ст.; у 1284 разбураны татарамі; з 1779 губернскі горад (адбудаваны на месцы с. Ліпецкія Заводы). Чыг. станцыя. Вузел аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія (найбуйнейшы ў Расіі Наваліпецкі металургічны камбінат, трубны з-д), машынабудаванне і металаапрацоўка (трактары, станкі, пускавыя рухавікі і інш.), буд. матэрыялаў, хім. (з-ды азотна-тукавы, гумава-пластмасавых вырабаў), харчасмакавая, швейная, мэблевая. 2 ВНУ. 2 тэатры. Краязнаўчы музей і Дом-музей Г.В.Пляханава. Сабор Раства Хрыстова (18—19 ст.). Бальнеалагічны і гразевы курорт.

Літ.:

Колтаков В.М.Памятные места Липецка: Справ.-путеводитель. Воронеж, 1980;

Липецк: (Справ.-путеводитель). [Воронеж], 1967.

т. 9, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́ТНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя і арган. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для забеспячэння раслін азотам. Падзяляюцца на арганічныя ўгнаенні (гной, торф, кампост), якія акрамя азоту маюць у сабе інш. элементы, мінеральныя ўгнаенні (выпускаюцца прам-сцю ў цвёрдым ці вадкім стане) і зялёныя ўгнаенні (гл. Сідэрацыя). У мінеральных азот можа быць у аміячнай (NH3), аміячна-нітратнай (NH3 і NO3), нітратнай (NO3) і аміднай (NH2) формах. Асн. віды мінер. азотных угнаенняў: аміячныя, аманійныя, нітратныя, аманійна-нітратныя, амідныя, аманійна-нітратна-амідныя.

Аміячныя і аманійныя ўгнаенні: вадкі аміяк, аміячная вада, сульфаты амонію, амонію-натрыю. Раствараюцца ў глебавай вадзе, значная частка іонаў амонію звязваецца ў маларухомую форму, якая пад уздзеяннем спецыфічных бактэрый глебы пераходзіць у больш рухомую нітратную форму і засвойваецца раслінамі. Выкарыстоўваюцца для ўсіх с.-г. культур на някіслых глебах і кіслых пры іх вапнаванні. Нітратныя ўгнаенні: натрыевая і кальцыевая салетры. Іоны натрыю і кальцыю паглынаюцца цвёрдай фазай глебы і раслінамі спажываюцца менш, чым нітратны азот, што прыводзіць да падшчалочвання глебы. Выкарыстоўваюцца на ўсіх глебах для ўнясення перад сяўбой і для ўсіх відаў раслін у перыяд вегетацыі. Аманійна-нітратныя ўгнаенні: аміячная салетра, сумесі сульфат-нітрат амонію, вапнава-аміячная салетра. Выкарыстоўваюцца ў розных кліматычных зонах для розных глебаў. Амідныя ўгнаенні бываюць хутка дзейныя (карбамід) і павольна дзейныя (урэаформ—карбаміда-фармальдэгідныя ўгнаенні). Аманійна-нітратна-амідныя ўгнаенні — канцэнтраваныя растворы карбаміду, нітрату амонію і іх растворы ў аміячнай вадзе (аміякаты). Эфектыўныя пры ўнясенні ў глебу для падкормкі раслін, аміякаты — для невегетуючых с.-г. культур. На Беларусі (Гродзенскі азотна-тукавы завод) вырабляюць аміячную салетру, карбамід, вадкія ўгнаенні і сульфат амонію.

Літ.:

Агрохимия. М., 1982;

Баранов П.А., Алейнов Д.П., Олевский В.М. Азотные растворы... // Химия в сельском хозяйстве. 1983. № 5.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)